3. Стадыі прымянення права
^ Вверх

3. Стадыі прымянення права

 

Прымяненне права з’яўляецца самастойнай прававой з’явай, уяўляе сабой сацыяльна-прававы працэс, які ажыццяўляецца на працягу пэўнага часу і ўмоўна распадаецца на некалькі самастойных этапаў (стадый), якія паслядоўна змяняюць адна другую і прыводзяць да ўвасаблення права ў паводзіны ўдзельнікаў грамадскіх адносін. Выдзеленая частка вельмі важная, таму што дае ўяўленне аб тым, калі заканчваецца працэс прымянення права.

А калі пачынаецца працэс прымянення права? У самым агульным плане можна сцвярджаць, што неабходнасць у прымяненні права ўзнікае ў выпадках, калі норма права без актыўнага, уладанага прымусу з боку ўпаўнаважаных структур не можа быць рэа­лізавана. Але паколькі ў сферы дзеяння права, як, дарэчы, і ўвогуле ў сацыяльным жыцці, нішто не адбываецца без волі чалавека, то можна сцвярджаць, што працэс прымянення права пачынаецца з рашэння ўпаўнаважанай структуры аб неабходнасці прымянення права. Прычым не абавязкова той структурай, якая і будзе прымяняць права. Працэс прымянення права можа быць пачаты і па ініцыятыве іншых структур, якія не ўпаўнаважаны прымяняць канкрэтныя нормы права, а таксама па ініцыятыве органаў, арганізацый, грамадзян, службовых асоб і г. д. Ініцыятарамі прымянення права могуць быць як упаўнаважаныя, так і не ўпаўнаважаныя на тое структуры, але пачатак прымянення права заўсёды звязваецца з рашэннем упаўнаважанай структуры аб неабходнасці прымянення права.

1. Рашэнне кампетэнтнай і ўпаўнаважанай структуры аб прымяненні права можна лічыць пачаткам працэсу прымянення права і яго першай стадыяй (этапам). Дадзеная стадыя (этап) можа быць адносна простай і непрацяглай па часу, а можа быць складанай і даволі працяглай. Яна можа ўключаць у сябе дзеянні адной упаўнаважанай структуры ці некалькіх структур. На гэтай стадыі павін­на быць высветлена, усебакова абгрунтавана законнае рашэнне аб неабходнасці прымянення права, яго норм.

2. Аналіз фактычных абставін справы. На дадзенай стадыі орган, установа, службовая асоба дзяржавы, іншая сацыяльная структура абавязаны ўсебакова прааналізаваць пэўную жыццёвую сітуацыю, да якой павінна быць прыменена норма права, і адказаць на шэраг абавязковых пытанняў: хто? што? калі? пры якіх абставінах? як? з якімі мэтамі? На гэтай стадыі правапрымяняльнік абавязаны сабраць у законным парадку ўсе неабходныя па справе доказы, тыя доказы, якія маюць юрыдычную значнасць, г. зн. неабходныя для таго, каб можна было прымяніць нормы права.

3. Выбар нормы (ці норм) права, якая павінна быць прыменена да канкрэтнай жыццёвай сітуацыі. Дадзеную стадыю прымянення права ў юрыдычнай навуцы называюць стадыяй юрыдычнай кваліфікацыі. Пасля таго, як быў здзейснены выбар неабходнай для прымянення нормы (ці норм) права, можа спатрэбіцца ўдакладніць сабраныя па справе доказы, даследаваць іншыя фактычныя абставіны, а затым удакладніць і юрыдычную кваліфікацыю. Дадзеныя абставіны даюць падставы для высноў аб тым, што другая і трэцяя стадыі прымянення права могуць мяняцца месцамі і, хутчэй за ўсё, у залежнасці ад характару справы альбо выбар нормы, альбо аналіз фактычных абставін справы будуць з’яўляцца другой па часе і паслядоўнасці стадыяй прымянення права.

4. Праверка сапраўднасці зместу выбранай для прымянення нормы права. На гэтай стадыі правапрымяняльнік абавязаны азнаёміцца са зместам нормы права ў афіцыйных крыніцах апублікавання права. Ён павінен высветліць шэраг пытанняў: ці мае норма права дачыненне да разглядаемага выпадку, ці распаўсюджвае яна сваё дзеянне на пэўную сітуацыю, ці дзейнічае яна на дадзенай тэрыторыі, мяняўся ці не мяняўся змест нормы права і г. д. Іншымі словамі, на дадзенай стадыі прымянення павінна быць выбрана бездакорная юрыдычная падстава для прымянення права.

5. Тлумачэнне права выходзіць за межы канкрэтнага працэсу прымянення канкрэтнай нормы права, але заўсёды прысутнічае ў працэсе прымянення права незалежна ад яго віду ў той ці іншай форме. Змест тлумачэння права пры рэалізацыі права ў форме прымянення права зводзіцца да высвятлення сапраўднага і поўнага зместу нормы (норм) права, якая павінна быць прыменена, пры­кладзена да даследаваных фактычных абставін справы.

6. Вынясенне акта (рашэння) аб прымяненні права. Акт прымянення права – вузлавая стадыя прымянення права, таму што менавіта на дадзеным этапе робіцца выснова аб тым, што нейкая канкрэтная жыццёвая сітуацыя адпавядае пэўным нормам права. Усе папярэднія дзеянні правапрымяняльных структур ствараюць своеасаблівую базу для таго, каб было вынесена рашэнне (акт) прымянення права. На гэтым этапе прымянення права норма права (правіла паводзін агульнага характару) канчаткова канкрэтызуецца. Менавіта тут прымаецца асобны від прававых актаў – індывідуальныя прававыя акты, якія маюць абавязковае значэнне для ўсіх удзельнікаў працэсу прымянення права і найперш адносна тых фізічных і юрыдычных асоб, адносна якіх адбылося прымяненне права.

7. Давядзенне зместу прынятага акта (рашэння) да ведама зацікаўленых суб’ектаў і ажыццяўленне неабходных юрыдычных і фактычных учынкаў і дзеянняў для выканання акта прымянення права.

Далёка не заўсёды ў юрыдычнай навуцы сярод этапаў прымянення права называецца дадзеная яго стадыя. Але зыходзячы з таго азначэння прымянення права, якое было дадзена спачатку і сэнс якога заключаецца ў тым, што прымяненне права ажыццяўляецца дзеля ўвасаблення прадпісанняў норм права ў паводзінах удзель­нікаў грамадскіх адносін, неабходнасць выдзялення дадзенай стадыі прымянення права відавочная. Без адпаведных дзеянняў па ўвасабленню зместу норм права ў паводзінах удзельнікаў грамадскіх адносін губляецца сэнс усяго працэсу прымянення права. А такія дзеянні могуць і павінны быць здзейснены толькі пасля таго, як рашэнне (акт) прымянення права будзе даведзена да ведама зацікаўленых суб’ектаў.

Адзначаныя стадыі прымянення права можна разгледзець больш падрабязна і амаль у кожнай выдзеліць больш дробныя, больш дэталёвыя і канкрэтныя этапы. Напрыклад, на стадыі вынясення акта прымянення права і выдання індывідуальнага прававога акта можна ў якасці самастойнай стадыі разглядаць працэс падрыхтоўкі праекта акта прымянення права. Таму адзначаныя стадыі прымянення права можна называць асноўнымі стадыямі прымянення права.

Рэалізацыя права ў форме прымянення завяршаецца ў паводзі­нах удзельнікаў рэальных грамадскіх адносін, але развіццё права, дзеянне права на гэтым не спыняюцца. З увасаблення ў паводзінах суб’ектаў грамадскіх адносін нарматыўных патрабаванняў можа пачынацца якасна новы цыкл стварэння права, асобных яго норм, цыкл змянення і дапаўнення існуючых норм права. Аналіз вынікаў рэалізацыі права, у тым ліку і прымянення права, дае падставы для высноў аб эфектыўнасці норм права, аб адпаведнасці зместу і формы норм права грамадскім адносінам, мэтам і задачам прававога рэгулявання.

І нават пры ўмове, што такія вынікі ніхто не падводзіць і высноў аб выніковасці права не робіцца, тым не менш завершаны цыкл рэалізацыі і прымянення права аказвае ўплыў на паводзіны ўдзельнікаў грамадскіх адносін, на змест і структуру чалавечай дзейнасці і, адпаведна, на грамадскія адносіны. Змены ў характары і змесце прававых па сваёй прыродзе грамадскіх адносін прыводзяць да фармавання ў рэальных адносінах новых прававых эквівалентаў, да зменаў ва ўжо існуючых стандартах і правілах, да з’яўлення па­трэбаў у карэкціроўцы прававога рэгулявання грамадскіх адносін. Усё гэта асэнсоўваецца ў форме правасвядомасці. І далей... адбываецца рух права ў нарматыўную частку яго існавання. А ад яе – да рэальных грамадскіх адносін.