5. Мэты і функцыі юрыдычнай адказнасці
^ Вверх

5. Мэты і функцыі юрыдычнай адказнасці

 

Пад мэтамі юрыдычнай адказнасці разумеюць той стан у грамадскіх адносінах, той стан правапарадку, той стан забеспячэння інтарэсаў асобы і чалавека, да якога імкнуцца пры ўсталяванні і замацаванні інстытута юрыдычнай адказнасці і асобных іх відаў юрыдычнай адказнасці. Функцыя (функцыі) юрыдычнай адказнасці – гэта місія, гэта роля інстытута юрыдычнай адказнасці ў жыцці грамадства і дзяржавы. Да ліку функцый юрыдычнай адказнасці адносяцца: пакаральная, прэвентыўная, кампенсацыйная, сігнальная.

Пакаральная функцыя зводзіцца да ўскладання разнастайных мер дзяржаўна-прававога ўздзеяння на асобу, арганізацыю, іншых суб’ектаў прававых адносін з тым, каб аказаць «эквівалентнае» ўздзеянне на іх, якое адэкватна той шкодзе, што нанесена грамадскім адносінам, інтарэсам дзяржавы і грамадства.

Прэвентыўная (альбо папераджальная) функцыя юрыдычнай адказнасці зводзіцца да таго, каб папярэдзіць здзяйсненне правапарушэнняў з боку той асобы, якая ўчыніла правапарушэнне, а таксама з боку іншых суб’ектаў (удзельнікаў) грамадскіх адносін. У першым выпадку размова ідзе аб прыватным папярэджанні (прыватнай прэвенцыі), а ў другім выпадку – аб агульнай прэвенцыі (агульным папярэджанні).

Кампенсацыйная функцыя юрыдычнай адказнасці характарызуецца тым, што правапарушальнік пад пагрозай дзяржаўнага прымусу ці непасрэдна пад прымусам кампенсуе тыя страты, тую шкоду, якія былі прынесены грамадству, дзяржаве, інтарэсам асобы, супольнасці, безумоўна, калі гэтыя страты магчыма кампенсаваць.

Сігнальная функцыя – гэта сродак (сведчанне), з дапамогай якога дзяржава і супольнасць могуць меркаваць аб стане законнасці і правапарадку ў грамадстве і дзяржаве, гэта сродак, з дапамогай якога можна рабіць высновы аб мерах па паляпшэнню і ўзмацненню законнасці і правапарадку ў дзяржаве і супольнасці.

Юрыдычная адказнасць у якасці самастойнага прававога інстытута, які прадугледжвае ўжыванне даволі жорсткіх сродкаў і прыёмаў уздзеяння на правапарушальнікаў, заўсёды ажыццяўляецца ў адпаведнасці з матэрыяльнымі нормамі і працэсуальнымі патрабаваннямі, на падставе пэўных прынцыпаў.

Прынцып законнасці азначае, што юрыдычная адказнасць павінна быць ускладзена на падставе норм права і ў поўнай адпаведнасці з нормамі права, гэта значыць, з захаваннем усталяваных правіл і працэдур ускладання юрыдычнай адказнасці.

Прынцып неадваротнасці юрыдычнай адказнасці азначае, што юрыдычная адказнасць павінна быць прыменена ў кожным выпадку, калі здзейснена правапарушэнне. Для рэалізацыі прэвентыўнай функцыі юрыдычнай адказнасці важным з’яўляецца не цяжар пакарання, а неадваротнасць пакарання.

Прынцып індывідуалізацыі юрыдычнай адказнасці азначае, што меры дзяржаўнага і прававога ўздзеяння на асобу павінны быць адэкватнымі, дакладна суразмернымі здзейсненаму правапарушэнню і пры іх ускладанні заўсёды павінна прысутнічаць мэта вы­праўлення правапарушальніка і аказанне выхаваўчага ўплыву на іншых удзельнікаў грамадскіх адносін.

Прынцып справядлівасці юрыдычнай адказнасці ўлічвае не толькі індывідуальныя асаблівасці правапарушальніка, але і інтарэсы дзяржавы і грамадства, інтарэсы іншых асоб, якія зацікаўлены ў тым, каб меры юрыдычнай адказнасці былі адэкватнымі характару правапарушэння, садзейнічалі папярэджванню правапарушэнняў, умацаванню законнасці і правапарадку.