2. Паняцце, прыметы і віды правапарушэння
^ Вверх

2. Паняцце, прыметы і віды правапарушэння

 

Правапарушэнне – адна з распаўсюджаных форм паводзін фізічных і юрыдычных асоб, органаў, арганізацый і службовых асоб у сферы дзеяння права. Пад правапарушэннем у самым агульным плане можна разумець супрацьпраўнае, свядомае (асэнсаванае), грамадска-шкоднае дзеянне.

Правапарушэнне – гэта заўсёды дзеянне. Дзеянне характарызуецца як нейкімі актыўнымі дзеяннямі з боку правапарушальніка, так і пасіўнымі дзеяннямі, але пры гэтым права якраз патрабуе актыўнасці з боку суб’ектаў грамадскіх адносін. Прыкладам пасіўных дзеянняў, якія лічацца правапарушэннем, можа быць астаўленне чалавека ў небяспецы асобай, якая павінна і магла аказаць чалавеку неабходную дапамогу.

Правапарушэннем не лічацца светапогляды асобы, яе перакананні і думкі, усё тое, што звязана з унутраным мірам асобы. Да таго часу, пакуль унутраны светапогляд асобы не выказаны, не праяўлены праз знешне актыўныя ці знешне пасіўныя паводзіны асобы, яны застаюцца за межамі прававога рэгулявання і не ацэньваюцца як правамерныя ці неправамерныя. Безумоўна, калі ўнутраныя перакананні абумовілі здзяйсненне правапарушэння, яны ўключаюцца ў аналіз і структуру правапарушэння ў якасці пабу­джальных прычын, матываў неправамерных паводзін, якія падлягаюць прававой ацэнцы.

Правапарушэннем лічыцца толькі ўсвядомленае, асэнсаванае дзеянне. Асоба поўнасцю кантралюе свае дзеянні, мае волю на іх здзяйсненне, кіруецца пэўнымі матывамі, яна цалкам ахоплівае свядомасцю свае ўчынкі і дзеянні. Нельга лічыць правапарушэннем неправамерныя дзеянні асобы, якія здзейснены пад фізічнай і псіхічнай пагрозай. Напрыклад, пад пагрозай жыццю асобы яе прымушаюць здзейсніць адміністрацыйнае ці службовае правапарушэнне. Не з’яўляюцца правапарушэннямі дзеянні душэўна хворых асоб, асоб, якія не дасягнулі пэўнага ўзросту, які звычайна лічыцца неабходным дзеля таго, каб асоба асэнсоўвала і ўсведамляла грамадскую шкоднасць, супрацьпраўнасць сваіх дзеянняў.

У сітуацыях, калі па нейкіх прычынах асоба не ў стане кантраляваць свае дзеянні і здзяйсняе ўчынкі, знаходзячыся ў непрытомным стане, нельга адносіць яе дзеянні да ліку правапарушэнняў. Праўда, непрытомны стан – гэта такі стан, які не залежыць ад волевых высілкаў самой асобы. Калі ж асоба сама сябе давяла да непрытомнага стану і ўчыніла дзеянне неправамернага характару, то дадзеная абставіна не вызваляе асобу ад юрыдычнай адказнасці. Такім чынам, непрытомны стан, у якім знаходзіцца асоба і пры якім яе дзеянні не лічацца правапарушэннем, – гэта такі стан, які выкліканы прычынамі, якія не залежаць ад волевых высілкаў самой асобы. Існуюць такія псіхічныя захворванні, пры якіх асоба ажыццяўляе пэўныя дзеянні, але пры гэтым не кантралюе іх сваёй воляй, не можа ўплываць на іх, і таму такія дзеянні не лічацца правапарушэннямі. Натуральна, што правапарушэнні, якія ажыццяўляюцца юрыдычнымі асобамі, арганізацыямі, органамі і ўстановамі, заўсёды адносяцца да ліку кантралюемых воляй і заўсёды здзяйсняюцца ў прытомным стане.

Правапарушэннем лічыцца такое асэнсаванае і ўсвядомленае дзеянне, якое прычыняе шкоду грамадскім адносінам, правам і інтарэсам грамадства і дзяржавы, іншым людзям. Шкода праяўляецца ў розных формах, але ў самым агульным плане грамадская шкоднасць усіх і кожнага правапарушэння зводзіцца ў рэшце рэшт да таго, што парушаецца нармальны рытм існавання і развіцця прававых адносін і грамадскіх адносін увогуле. Грамадская шкоднасць можа выражацца ў пашкоджанні рэчаў, іншай маёмасці, крадзяжах і рабаўніцтвах, прычыненні шкоды жыццю і здароўю асобы, гвалце і незаконным пазбаўленні волі. Шкода павінна быць усвядомленай і асэнсаванай. Толькі такая шкода можа лічыцца прыметай правапарушэння. Звычайна ўсведамленне і асэнсаванне шкоды звязваецца з дасягненнем асобай пэўнага ўзросту. Лічыцца, што асоба да пэўнага ўзросту не ў стане поўнасцю ўсведамляць свае ўчынкі, ацэньваць іх значнасць і шкоднасць. Узроставая мяжа для кожнага віду правапарушэнняў і нават у межах аднаго і таго ж віду правапарушэнняў можа быць рознай. Шкода грамадскім адносінам можа быць прычынена толькі ўдзельнікамі грамадскага жыцця, толькі суб’ектамі грамадскіх адносін. Шкода, якая прычынена іншымі жывымі істотамі, а не фізічнымі асобамі, не ўваходзіць у пералік прымет правапарушэнняў. За шкоду, якая прычынена жывымі істотамі, адказваюць уладальнікі (уласнікі) жывых істот.

Шкоду грамадскім адносінам, нармальнаму рытму іх развіцця і функцыянаванню наносіць не нейкае адно правапарушэнне, нават самае цяжкае, а іх сістэма, іх колькасць, распаўсюджанасць у грамадстве. Напрыклад, распаўсюджанасць адміністрацыйных правапарушэнняў ці дысцыплінарных праступкаў ў стане прычыніць вялікую грамадскую шкоду нават тады, калі кожны паасобку дысцыплінарны праступак, напрыклад, спазненне на працу, на першы погляд не ўяўляе вялікай грамадскай шкоды. Грамадская шкоднасць характарызуе сацыяльную значнасць правапарушэння, а супрацьпраўнасць – юрыдычную скіраванасць.

Правапарушэннем лічыцца такое ўсвядомленае, асэнсаванае, грамадска шкоднае дзеянне, якое парушае дзеючае права. Менавіта права, а не толькі нормы пазітыўнага права. Таму і разглядаемая прымета правапарушэння фармулюецца не як парушэнне норм права, не як нормапарушэнне, а як правапарушэнне. Для рамана-германскай прававой сям’і, у якой права існуе ў трох сваіх праявах (іпастасях), а асноўнай крыніцай права з’яўляецца нарматыўны прававы акт, правапарушэннем лічыцца грамадска-шкоднае ўсвядомленае дзеянне, якое парушае тыя нормы дзеючага права, якія дакладна замацаваны ў такіх афіцыйных крыніцах права, як нарматыўны прававы акт. Прычым гэтае правіла ўдакладняецца вядомай з часоў рымскага права аксіёмай аб тым, што не існуе правапарушэння і пакарання, калі гэта не прадугледжана ў законе (нарматыўным прававым акце). Натуральна, у тых прававых сем’ях і сістэмах, дзе асноўнымі крыніцамі права з’яўляюцца іншыя кры­ніцы права, напрыклад, прававыя прэцэдэнты, правапарушэнні прадугледжаны пераважна ў гэтай крыніцы права, а для прававых сем’яў звычаёвага характару ўласціва замацаванне правапарушэнняў і іх відаў у такой крыніцы права, як прававы звычай.

З дапамогай адзначаных прымет дзеянні, якія з’яўляюцца правапарушэннямі, адрозніваюцца ад дзеянняў, учынкаў, якія цалкам адпавядаюць дзеючаму праву і ўваходзяць у склад тых прававых дзеянняў, якія называюцца правамернымі паводзінамі.

З мэтай больш падрабязнага і грунтоўнага вывучэння правапарушэнняў у юрыдычнай навуцы праводзяць іх класіфікацыю. Сярод падстаў класіфікацыі часцей за ўсё выкарыстоўваюцца прыметы, уласцівыя правапарушэнням.

Па форме дзеяння правапарушэнні падзяляюцца на правапарушэнні актыўнага і пасіўнага характару, на правапарушэнні, якія суправаджаюцца актыўнымі знешнімі дзеяннямі, вынікамі якіх з’яўляецца шкода грамадскім адносінам. Пасіўнымі лічацца правапарушэнні, пры якіх асоба не здзяйсняе неабходных дзеянняў, іншымі словамі, бяздзейнічае ў той час, як яна абавязана гэта зрабіць.

Па ступені шкоднасці грамадскім адносінам правапарушэнні падзяляюцца на злачынствы і праступкі. Лічыцца, што самымі шкоднымі правапарушэннямі з’яўляюцца злачынствы.У рамана-германскай прававой сям’і ўсе правапарушэнні, якія адносяцца да злачынстваў, звычайна замацоўваюцца ў Крымінальным кодэксу. У сваю чаргу, праступкі таксама падзяляюцца на асобныя групы: на грамадзянскія, адміністрацыйныя, дысцыплінарныя і г. д.

У залежнасці ад характару тых норм права, якія парушаюцца і адначасова ўваходзяць у склад пэўных структур права, правапарушэнні падзяляюцца на матэрыяльныя і працэсуальныя, публічныя і прыватныя, канстытуцыйныя, грамадзянскія, сямейныя, фінансавыя і г. д.

Прыметы правапарушэння, якія былі разгледжаны вышэй, даюць магчымасць правесці дакладныя межы паміж правамернымі і неправамернымі паводзінамі. Правесці такія межы вельмі важна, бо аднясенне тых ці іншых дзеянняў і ўчынкаў да складу правапарушэнняў заўсёды прыводзіць у рух дзяржаву, якая павінна адрэагаваць на неправамерныя дзеянні, правапарушэнні з тым, каб выканаць сваю місію ў грамадстве па абароне права, яго ўзнаўленню і захаванню.