1. Правамерныя паводзіны і іх віды
У паўсядзённым жыцці ўдзельнікі грамадскіх адносін здзяйсняюць самыя розныя ўчынкі і ажыццяўляюць розныя дзеянні. Адны з іх адбываюцца ў сферы дзеяння права і таму маюць прававую прыроду, а іншыя – за межамі дзеяння права. Адносна апошняй групы можна зрабіць выснову, што гэта ўчынкі і паводзіны, якія з’яўляюцца юрыдычна (у прававых адносінах) нейтральнымі. Змест гэтых паводзін не заснаваны на абмене каштоўнасцей на суразмерных пачатках, іх узнікненне не абумоўлена з’яўленнем у грамадстве рэгулярнага тавараабмену, і ў сваім развіцці гэтыя сацыяльныя адносіны не абумоўлены таварна-грашовымі сувязямі, а заснаваны зусім на іншых, неэквівалентных пачатках. Напрыклад, учынкі і дзеянні, якія здзяйсняюцца пад уплывам маральных імператываў і норм, можна аднесці да ліку юрыдычна нейтральных. Міласэрныя ўчынкі, напрыклад, па сваёй сутнасці могуць быць спалучаны з размеркаваннем і пераразмеркаваннем каштоўнасцей, але гэта адбываецца на неэквівалентнай аснове, і таму міласэрныя ўчынкі з’яўляюцца юрыдычна нейтральнымі.
Тыя самыя ўчынкі і дзеянні, якія ажыццяўляюцца фізічнымі і юрыдычнымі асобамі, органамі і арганізацыямі ў сферы дзеяння права, з’яўляюцца прававымі і падзяляюцца на дзве вялікія групы (формы). Першую з іх складаюць тыя ўчынкі і дзеянні, якія цалкам адпавядаюць прававым прадпісанням, знаходзяцца ў русле дзеючага права. Іх называюць правамернымі. А тыя ўчынкі і дзеянні, якія не адпавядаюць прававым прадпісанням, а, наадварот, разыходзяцца з імі, парушаюць дзеючае права, яго нормы складаюць самастойную групу (форму) прававых паводзін (паводзін у сферы дзеяння права) – правапарушэнні.
Правамерныя паводзіны, учынкі, дзеянні звычайна падзяляюцца на самыя розныя групы і віды – правамерныя паводзіны юрыдычных і фізічных асоб, арганізацый, органаў і ўстаноў; правамерныя паводзіны ў розных структурах права – грамадзянскія, сямейныя, публічныя, прыватныя, матэрыяльныя, працэсуальныя, рэгулятыўныя, ахоўчыя і г. д. Найбольш прадуктыўнай у навуковых і практычных адносінах з’яўляецца класіфікацыя правамерных паводзін, дзеянняў і ўчынкаў у залежнасці ад тых матываў, якімі кіруюцца суб’екты грамадскіх адносін, ажыццяўляючы разнастайныя дзеянні ў сферы дзеяння права. Па дадзенай прымеце правамерныя паводзіны падзяляюцца на:
1) звычайныя, у нейкіх адносінах «аўтаматычныя» правамерныя паводзіны, учынкі, дзеянні, якія здзяйсняюцца ў сферы дзеяння права шматлікімі суб’ектамі права, прычым яны не задумваюцца над правамернасцю ці неправамернасцю такіх дзеянняў;
2) правамерныя ўчынкі (дзеянні), якія можна назваць тэрмінам «законапаслухмяныя». Законапаслухмянымі лічацца тыя правамерныя ўчынкі, якія здзяйсняюцца суб’ектамі права ў адпаведнасці з яго прадпісаннямі і патрабаваннямі таму, што яны асцерагаюцца пакарання за іншыя неправамерныя паводзіны;
3) правамерныя дзеянні і ўчынкі, якія здзяйсняюцца ў адпаведнасці з нормамі права таму, што такія паводзіны характэрны для бліжэйшага атачэння ўдзельнікаў грамадскіх адносін, напрыклад, у сям’і, у працоўным калектыве, сярод сяброў і г. д., гэта канфармісцкія правамерныя ўчынкі;
4) учынкі і дзеянні правамернага характару, якія ажыццяўляюцца ў адапаведнасці з нормамі права таму, што суб’екты права цалкам згодныя з прадпісаннямі норм права, салідарныя з прававымі патрабаваннямі. Гэтыя правамерныя ўчынкі называюцца салідарнымі (альбо салідарысцкімі);
5) правамерныя ўчынкі і дзеянні, якія здзяйсняюцца фізічнымі асобамі з перакананнямі ў тым, што толькі з дапамогай правамерных паводзін, толькі з дапамогай права чалавек можа дасягнуць сваіх мэт, – гэта сацыяльна-актыўныя правамерныя ўчынкі і паводзіны.
Кожная з адзначаных груп (відаў) правамерных паводзін перасякаецца з астатнімі відамі і групамі, мае нейкае падабенства з імі. Так, звычайныя правамерныя паводзіны шчыльна звязаны з законапаслухмянымі. Але ў першым выпадку размова ідзе аб «звычайна» правамерных паводзінах, а ў другім – аб правамерных паводзінах, якія ажыццяўляюцца таму, што суб’екты ўсведамляюць магчымыя пагрозы з боку дзяржавы і грамадства. Здымаюцца такія пагрозы, адсутнічае належны кантроль за такімі паводзінамі і тыя самыя суб’екты могуць здзейсніць неправамерныя ўчынкі і дзеянні. Таму законапаслухмяныя правамерныя паводзіны – не самы лепшы від правамерных паводзін.
Канфармісцкія паводзіны ў нейкіх адносінах нагадваюць салідарысцкія правамерныя паводзіны. Але ў першым выпадку правамернасць учынкаў і дзеянняў абумоўлена як бы знешнімі прычынамі. Суб’екты не ўсведамляюць (могуць не ўсведамляць) сваю згоду (салідарнасць) з дзеючым правам, бліжэйшае атачэнне ў сваіх паводзінах выпрацоўвае нейкі стэрэатып правамернасці, і асоба прытрымліваецца гэтага стэрэатыпу, не пранікаючы ў змест дзеючага права і не атасамляючы свае інтарэсы і каштоўнасці з каштоўнасцямі, якія замацаваны ў дзеючым праве.
Салідарысцкія правамерныя паводзіны можна лічыць адной з самых дасканалых форм (відаў) правамерных паводзін, таму што асоба паводзіць у адпаведнасці з духам і зместам права, бо яе інтарэсы і яе каштоўнасці цалкам адпавядаюць зместу дзеючага права. У дзеючым праве асоба знаходзіць патрымку і надзею пры ажыццяўленні сваіх інтарэсаў, пры набыцці, размеркаванні і пераразмеркаванні каштоўнасцей.
Сацыяльна-прававая актыўнасць заснавана на салідарысцкіх правамерных паводзінах, перасякаецца з імі. Цяжка ўявіць сацыяльна-прававую актыўнасць, якая б была абумоўлена прычынамі, далёкімі ад салідарнасці са зместам, духам права. Разам з тым сацыяльна-прававая актыўнасць, якая не заснавана на разуменні магчымасцей права, на рэальным усведамленні таго, што можа быць зроблена з дапамогай права ў сацыяльным жыцці, прыводзіць да так званага «злоўжывання правам». Выкарыстоўваючы магчымасці прававой формы, асоба можа бясконца звяртацца да службовых асоб, дзяржаўных органаў, устаноў і арганізацый з разнастайнымі зваротамі, скаргамі, прапановамі, у якіх не ўтрымліваецца змястоўных высноў, неабходнай інфармацыі і г. д.
Адзначаная форма празмернай сацыяльна-прававой актыўнасці, як правіла, распаўсюджана сярод тых суб’ектаў права, для якіх уласцівы прававы ідэалізм (фетышызм). Такім чынам, сацыяльна-прававая актыўнасць асобнымі сваімі праявамі і момантамі можа судакранацца з дэфармаванай прававой свядомасцю. У гэтых выпадках сацыяльна-прававая актыўнасць пераўтвараецца ў сваю супрацьлегласць па выніках і скіраванасці.
Вучэнне аб правамерных паводзінах наўпрост сутыкаецца з прававой свядомасцю, прававой культурай і прававым выхаваннем. Прававое выхаванне адной са сваіх мэт мае выпрацоўку салідарысцкіх правамерных паводзін, паводзін, якія былі бы абумоўлены перакананасцю ў справядлівасці права і неабходнасці захавання і выканання яго патрабаванняў. Распаўсюджанасць салідарысцкіх правамерных паводзін у грамадства сведчыць аб узроўні прававой культуры і характарызуе прававую культуру асобы ў якасці асобы з высокай прававой культурай.