4. Паняцце, азначэнне і віды юрыдычнай адказнасці
^ Вверх

4. Паняцце, азначэнне і віды юрыдычнай адказнасці

 

Пад юрыдычнай адказнасцю можна разумець асобны від прававых адносін, якія ўзнікаюць (складваюцца) паміж правапарушальнікамі і дзяржавай альбо іншым афіцыйным прадстаўніком супольнасці.

Гэтыя адносіны маюць свой адметны змест. Правапарушальнікі абавязаны перанесці меры ўздзеяння, але пры гэтым маюць права на тое, каб меры ўздзеяння адпавядалі зместу і характару правапарушэння і былі ўскладзены ў адпаведнасці з дзеючым правам. У сваю чаргу, дзяржава мае права прымяніць меры ўздзеяння да правапарушальніка, але пры гэтым абавязана прымяніць меры ўздзеяння ў адпаведнасці з законам з улікам характару праванарушэння.

Юрыдычная адказнасць з’яўляецца адным з праяўленняў дзяржаўнага прымусу, але выдзяляецца ў якасна асобны від дзяржаўнага прымусу, таму што заўсёды ўзнікае толькі на падставе правапарушэння. Іншыя меры дзяржаўнага прымусу таксама ажыццяўляюцца на падставе дзеючых норм права, але іх прымяненне не абумоўлена, не вынікае непасрэдна з правапарушэння. Іншыя меры дзяржаўнага прымусу, напрыклад, прымусовы прывод у міліцыю, могуць быць спалучаны з правапарушэннем. Але такая сувязь існуе далёка не заўсёды. Дагляд асоб і рэчаў пры паветраных перавозках, пры перасячэнні дзяржаўнай мяжы і г. д. часта суправаджаецца мерамі дзяржаўнага ўздзеяння і дзяржаўнага прымусу, але гэта не вынікае з правапарушэнняў. Юрыдычная адказнасць заўсёды суправаджаецца не толькі мерамі дзяржаўнага прымусу, але і асу­джэннем правапарушальнікаў з боку дзяржавы, супольнасці і іх аб’яднанняў.

Юрыдычная адказнасць у якасці самастойнага, асобнага віду прававых адносін заўсёды ўзнікае на пэўных падставах. Да ліку падстаў юрыдычнай адказнасці адносяцца найперш нормы права, у якіх прадугледжваецца юрыдычная адказнасць (юрыдычныя падставы правапарушэння), само правапарушэнне (фактычныя падставы правапарушэння) і рашэнне кампетэнтнага органа дзяржавы, установы аб прымяненні мер дзяржаўнага прымусу да правапарушальніка.

Звычайна юрыдычная адказнасць падзяляецца (класіфікуецца) на пэўныя віды па нейкіх крытэрыях у залежнасці ад характару і віду правапарушэння. Па дадзенай падставе звычайна выдзяляюць крымінальную, адміністратыўную, грамадзянскую, матэрыяльную і дысцыплінарную адказнасць. У юрыдычнай літаратуры, акрамя вышэйакрэсленых відаў юрыдычнай адказнасці, у якасці самастойных відаў разглядаюць таксама публічна-прававую, прыватна-прававую, матэрыяльна-прававую, працэсуальна-прававую, канстытуцыйную, экалагічную і г. д. юрыдычную адказнасць.

Юрыдычная адказнасць, якая ўзнікае з правапарушэння, называецца негатыўнай юрыдычнай адказнасцю, адказнасцю за тыя адмоўныя, негатыўныя дзеянні, якія ўжо былі ўчынены суб’ектамі грамадскіх адносін. Але ў юрыдычнай навуцы распрацоўваецца і іншы аспект паняцця юрыдычнай адказнасці – паняцце пазітыўнай (ці перспектыўнай) юрыдычнай адказнасці. Адказнае стаўленне асобы да выканання сваіх абавязкаў, актыўнае выкарыстанне прававых магчымасцей для выканання ўскладзеных абавязкаў, імкненне найлепшым чынам ажыццяўляць свае абавязкі і рэалізаваць правы таксама ўяўляюць юрыдычную адказнасць, характарызуюць юрыдычна адказнае стаўленне суб’ектаў грамадскіх, пераважна прававых адносін да выканання сваіх абавязкаў, да інтарэсаў грамадства і дзяржавы.

Праўда, адносна перспектыўнай (пазітыўнай) юрыдычнай адказнасці можна выказаць і іншыя меркаванні. Можна лічыць, што гэта праява, разнавіднасць маральнай адказнасці, адказнасці, якая ажыццяўляецца ў сферы дзеяння права. Пры ўскладанні юрыдычнай адказнасці, а таксама пры прыняцці іншых мер юрыдычнага ўздзеяння на правапарушальнікаў правапрымяняльнікі кіруюцца прэзумпцыяй невінаватасці. Мяркуецца, што асоба фізічная і асоба юрыдычная з’яўляюцца добрасумленнымі, невінаватымі. Іх віна павінна быць даказана ва ўстаноўленым парадку і ў адпаведнасці з нормамі дзеючага права.