4. Кадры апарату дзяржавы. Бюракратыя і бюракратызм, дэмакратыя і дысцыпліна ў дзейнасці апарату дзяржавы
^ Вверх

4. Кадры апарату дзяржавы. Бюракратыя і бюракратызм, дэмакратыя і дысцыпліна ў дзейнасці апарату дзяржавы

 

Як вядома, рухаючай сілай апарату дзяржавы з’яўляюцца прафесійныя кіраўнікі, чыноўнікі, дзяржаўныя служачыя. Без гэтай групы людзей, якія ажыццяўляюць асобны від грамадска-карыснай працы, немагчыма выкананне дзяржаўнай уладай ніводнай са сваіх задач і функцый. Грамадства і дзяржава зацікаўлены ў тым, каб дзяржаўную ўладу ажыццяўлялі адмыслова падрыхтаваныя людзі – кадры апарату дзяржавы.

Практыка дзяржаўна-прававога будаўніцтва абумовіла з’яўленне самастойнага сацыяльнага інстытута дзяржаўнай службы, які арганічна ўключае ў сябе прафесійную дзейнасць асобнай групы людзей, якія ажыццяўляюць асобны від грамадска-карыснай працы шляхам ажыццяўлення паўнамоцтваў органаў дзяржавы. Інстытут дзяржаўнай службы ў якасці самастойнага дзяржаўна-прававога інстытута складаецца з прынцыпаў падбору, падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі, матэрыяльна-фінансавага (у тым ліку пенсіённага) забеспячэння гэтай групы людзей, сукупнасці (сістэмы) норм права, якія рэгламентуюць усе бакі функцыянавання дадзенага сацыяльнага інстытута.

Належная арганізацыя дзяржаўнай службы – першапачатковы клопат дзяржавы, таму важнейшыя яе параметры ў сучасных краінах замацоўваюцца на ўзроўні Асноўнага закону краіны, а затым дэталізуюцца і канкрэтызуюцца ў іншых крыніцах права і найперш у законах, напрыклад, у Законе аб дзяржаўнай службе. Вялікай перашкодай належнаму выкананню дзяржаўнай службай свайго прызначэння з’яўляецца бюракратызм. Барацьбе з ім і пераадоленню яго праяў найлепшым чынам спрыяюць дэмакратызацыя апарату дзяржавы, умацаванне дысцыпліны сярод служачых, галоснасць у дзейнасці апарату дзяржавы і кантроль за дзейнасцю апарату дзяржавы як з боку грамадства, так і з боку спецыяльна створаных у гэтых мэтах органаў дзяржаўнага кантролю.

Маладая беларуская дзяржава, сутыкнуўшыяся з бюракратызмам, адразу ж адрэагавала на яго непажаданыя праявы спецыяльнай дырэктывай Прэзідэнта краіны, у якой была замацавана сістэма мер па пераадоленню бюракратызма ў арганізацыі і асабліва ў дзейнасці апарата дзяржавы.