1. Паняцце, прыметы і азначэнне апарату дзяржавы
^ Вверх

1. Паняцце, прыметы і азначэнне апарату дзяржавы

 

Дзяржаўна-арганізаванае грамадства, ці грамадства, якое арганізавана як дзяржава, мае сваё адметнае функцыянальнае выражэнне – дзяржаўную ўладу і матэрыяльнае ўвасабленне, «матэрыялізаваную частку» – апарат дзяржавы, які знешне існуе, назіраецца ў якасці сістэмы (сукупнасці) органаў і ўстаноў, праз якія і з дапамогай якіх прафесійнымі кіраўнікамі (службовымі асобамі, чыноўнікамі) ажыццяўляецца дзяржаўная ўлада. Можна сказать, што апарат дзяржавы – гэта той сродак, той інструмент, з дапамогай якога дзяржаўная ўлада (дзяржава) ажыццяўляе сваю місію ў жыцці грамадства. Апарат дзяржавы характарызуецца шэрагам прымет.

Па-першае, апарат дзяржавы складаецца з сістэмы (сукупнасці) дзяржаўных органаў, устаноў і арганізацый, якія дзейнічаюць ад імя дзяржавы і грамадства і створаны для належнага і эфектыўнага выканання дзяржаўнай улады, яе місіі ў жыцці грамадства. У дзяржаве не павінна існаваць «сінекур», такіх органаў, устаноў і арганізацый, якія не патрэбны грамадству і дзяржаве і якія дзейнічаюць самі па сабе і ў інтарэсах тых асоб, якія заняты працай у гэтых дзяржаўных структурах.

Па-другое, усе органы і ўстановы дзяржавы згодна са сваім прызначэннем маюць уладныя паўнамоцтвы, г. зн. магчымасці ўплываць на паводзіны ўдзельнікаў грамадскіх адносін, службовых асоб, дзеянні іншых органаў і ўстаноў дзяржавы, дзяржаўных арганізацый шляхам фармулявання агульнаабавязковых вяленняў у форме загадаў, распараджэнняў і іншых формах. Аб’ём уладных паўнамоцтваў, тых прававых магчымасцей, якімі валодаюць дзяржаўныя структуры, вызначаецца дзяржавай.

Па-трэцяе, апарат дзяржавы будуецца і функцыянуе на падставе прынцыпаў строгай іерархіі і субардынацыі паміж органамі і ўстановамі дзяржавы. Уладныя распараджэнні вышэйстаячых у «пірамідзе» органаў і ўстаноў абавязковыя для ніжэйстаячых органаў і ўстаноў, а органы і ўстановы, якія знаходзяцца на адной прыступцы «піраміды», знаходзяцца ў субардынацыйнай залежнасці ад вышэйстаячых органаў і ўстаноў.

Па-чацвёртае, апарат дзяржавы можа належным чынам выканаць сваю місію па ажыццяўленню дзяржаўнай улады пры ўмове, калі сістэмай органаў і ўстаноў дзяржавы, дзяржаўных арганізацый ахоплена ўся тэрыторыя краіны. А дзяржава ўвогуле можа выступаць ад імя ўсяго насельніцтва, эфектыўна выяўляць і прадстаўляць яго інтарэсы пры ўмове, калі насельніцтва нават у самых аддаленых частках тэрыторыі дзяржавы мае доступ да органаў, устаноў і арганізацый дзяржавы.

Па-пятае, дзяржаўны апарат функцыянуе належным чынам пры ўмове, калі ўладныя паўнамоцтвы органаў і ўстаноў дзяржавы выконваюцца асобным корпусам прафесіяналаў – дзяржаўнымі служачымі, чыноўнікамі, службовымі асобамі. Асобная група лю­дзей, якая выконвае ўсе ўладныя паўнамоцтвы дзяржавы, выступае рухаючай сілай апарату дзяржавы.

Такім чынам, пад апаратам дзяржавы можна разумець сістэму надзеленых уладнымі паўнамоцтвамі органаў і ўстаноў дзяржавы, якія дзейнічаюць ад імя дзяржавы на ўсёй яе тэрыторыі і ажыццяўляюць свае паўнамоцтвы праз асобную групу людзей – прафесіянальных кіраўнікоў.

У юрыдычнай навуцы ўжываюцца два тоесныя па аб’ёму паняцці, якія пры аналізе дзяржавы выконваюць рознае прызначэнне – паняцце «апарат дзяржавы» і паняцце «механізм дзяржавы». Паняцці «апарат дзяржавы» і «механізм дзяржавы»абазначаюць адную і тую ж рэальнасць – матэрыялізаваную частку дзяржаўнай улады і ўключаюць у сябе па аб’ёму ўсе органы, установы і арга­нізацыі, з дапамогай якіх ажыццяўляецца ўлада, а таксама ўсю сукупнасць прафесійных кіраўнікоў, якія прыводзяць у рух апарат дзяржавы. Разам з тым паняцце «апарат дзяржавы» выкарыстоўваецца пераважна для абазначэння будовы дзяржаўнай улады, а паняцце «механізм дзяржавы» дапамагае вывучыць працэсы функцыянавання дзяржаўнай улады.

Разам з тым існуе паняцце дзяржаўнага апарату, якое па свайму аб’ёму ахоплівае паняцце апарату дзяржавы і перасякаецца з паняццем «механізм дзяржавы». У склад паняцця дзяржаўнага апарату, акрамя надзеленых уладнымі паўнамоцтвамі органаў і ўстаноў дзяржавы, уключаюцца і разнастайныя дзяржаўныя арганізацыі. Пад дзяржаўнымі арганізацыямі можна разумець створаныя для належнага выканання органамі і ўстановамі дзяржавы сваіх паўнамоцтваў дзяржаўныя структуры, якія існуюць у шчыльнай узаемасувязі з апаратам дзяржавы і без апарату дзяржавы іх існаванне і функцыянаванне з’яўляецца бессэнсоўным. Самая істотная рыса дзяржаўных арганізацый заключана ў тым, што яны не маюць уладных паўнамоцтваў адносна насельніцтва, іншых органаў і ўстаноў дзяржавы.

Часта паняцці дзяржаўнага апарату і апарату дзяржавы ўжываюцца як сінонімы, што нельга лічыць карэктным у навуковых адносінах. А вось калі выкарыстоўваецца выраз, згодна з якім дзяржаўны апарат уяўляе сабой апарат дзяржавы ў шырокім сэнсе слова, то з такім падыходам пагадзіцца можна.

Збор і апрацоўка разнастайнай інфармацыі, падрыхтоўка неабходных даведак, падрыхтоўка і перападрыхтоўка кадраў для апарату дзяржавы, а таксама шэраг падобных спраў выконваецца дзяржаўнымі арганізацыямі. У сучасных цывілізаваных дзяржавах гэта частка дзяржаўнага апарату вельмі ўнушальная. Ад якасці яе працы шмат у чым залежаць паспяховасць і эфектыўнасць дзейнасці апарату дзяржавы.

Апарат дзяржавы не заставаўся нязменным. На самых першасных этапах функцыянавання дзяржаўна-арганізаванага грамадства апарат дзяржавы быў простым, можна сказаць, «прымітыўным». Аб’ём спраў, якія выконваў апарат дзяржавы, быў невялікі, а таму і колькасць органаў, якія ўваходзілі ў яго склад, была нязначнай, адпаведна, невялікай была і колькасць прафесійных кіраўнікоў. Па меры ўскладнення кіраўнічай працы адбывалася яе спецыялізацыя. І калі першапачаткова ўвесь аб’ём уладных паўнамоцтваў (стварэнне норм права, правядзенне іх у жыццё, правасуддзе, кантроль і г. д.) мог быць паспяхова выкананы адной структурай, адным органам улады, пазней стала зразумела, што патрэбна спецыялізацыя органаў апарату дзяржавы на выкананні асобных кіраўнічых функцый. Спецыялізацыя органаў і ўстаноў дзяржавы на выкананні пэўных функцый абумоўлівала наступную іх інтэграцыю пры вырашэнні агульных для дзяржаўнай улады задач і функцый. Так адбывалася ўскладненне апарату дзяржавы, яго развіццё. А з павелічэннем аб’ёму кіраўнічай дзейнасці павялічвалася і колькасць прафесійных кіраўнікоў.

На развіццё і функцыянаванне апарату дзяржавы ўплываюць розныя фактары, памер уздзеяння якіх на апарат дзяржавы розны, часта нават супрацьлеглы.

Паняцце апарату дзяржавы з’яўляецца другой парнай катэгорыяй да паняцця «функцыі дзяржавы». Функцыянальны стан дзяржавы наўпрост уздзейнічае на будову апарату дзяржавы і парадак яго функцыянавання. Вылучэнне нейкай функцыі дзяржавы ў якасці галоўнай сярод унутраных ці знешніх функцый практычна азначае, што дзяржава канцэнтруе на пэўным кірунку развіцця сваю ўвагу, стварае там, як правіла, дадатковыя структуры органаў і ўстаноў дзяржавы і выдаткоўвае на вырашэнне задач значныя матэрыяльна-фінансавыя сродкі. Усе астатнія функцыі і органы дзяржавы дапаўняюць галоўную функцыю, скіроўваюцца на яе паспяховае выкананне. У сваю чаргу будова апарату дзяржавы, яго якасць шмат у чым прадвызначаюць паспяховае выкананне дзяржавай яе функцый. Але ў звязцы «функцыі – апарат дзяржавы» вызначальнай з’яўляецца функцыя дзяржавы, бо яе змест вызначаецца ўнутранымі і знешнімі праблемамі існавання грамадства. Структура і змест дзейнасці апарату дзяржавы, такім чынам, вызначаюцца зместам функцый дзяржавы.

Будова апарату дзяржавы залежыць ад унутранага станові­шча таго грамадства, ад імя якога выступае дзяржава. У грамадстве, дзе перманентна існуе сацыяльная напружанасць, як правіла, ствараецца і моцны апарат прымусу, а ў дзяржаве, якая эфектыўна ажыццяўляе сацыяльную функцыю, перавагу атрымліваюць органы сацыяльнай падтрымкі насельніцтва і сацыяльнага развіцця грамадства – органы адукацыі, навуковыя арганізацыі, арганізацыі аховы здароўя і г. д.

Значны ўплыў на будову апарату дзяржавы аказваюць знешнія абставіны дзяржавы, яе геапалітычнае становішча. Вызначэнне вектараў знешняй палітыкі, яе характар, аб’ём знешнепалітычных і знешнеэканамічных спраў уплываюць на склад зарыентаваных на вырашэнне знешнепалітычных і знешнеэканамічных праблем і задач органаў і ўстаноў дзяржавы.

На структуру апарату дзяржавы значны ўплыў аказвае форма дзяржавы, асабліва форма дзяржаўна-тэрытарыяльнага ўладкавання. Федэратыўная дзяржава, як правіла, мае больш складаны апарат дзяржавы, дадатковыя ў параўнанні з унітарнай дзяржавай органы і ўстаноў дзяржавы і структурныя часткі.

Нават прыродны фактар (геаграфічныя і кліматычныя) умовы існавання дзяржаўна-арганізаванага грамадства аказвае значны ўплыў на асаблівасці будовы апарату дзяржавы. Для вялікіх па памерах дзяржаўных утварэнняў характэрным з’яўляецца і вялікі па памерах апарат дзяржавы. У ім існуе добра разгалінаваная структура органаў і ўстаноў дзяржавы, значны па аб’ёму корпус дзяржаўных служачых. Калі дзяржава існуе ў складаных кліматычных умовах, то яе эканамічная сістэма не ў стане эфектыўна працаваць без значнай падтрымкі з боку дзяржавы. А гэта азначае, што ў апараце дзяржавы існуе вялікі блок органаў, якія адказваюць за належнае ажыццяўленне эканамічнай функцыі дзяржавы.