3. Прынцыпы арганізацыі і дзейнасці апарату дзяржавы
^ Вверх

3. Прынцыпы арганізацыі і дзейнасці апарату дзяржавы

 

Абагульненне багатага і разнастайнага шматвекавога вопыту арганізацыі і дзейнасці апарату дзяржавы дазволіла выпрацаваць імператывы і патрабаванні да арганізацыі і дзейнасці апарату дзяржавы, увасабленне якіх у практыку пабудовы і функцыянавання дзяржаўнага апарату дазваляе забяспечыць эфектыўнае выкананне дзяржаўнай уладай свайго прызначэння ў жыцці грамадства. Імператывы і патрабаванні да арганізацыі і дзейнасці апарату дзяржавы былі паслядоўна выкладзены ў навуковай форме і існуюць у форме фундаментальных ідэй аб тым, якім павінен быць апарат дзяржавы, каб дзяржава найлепшым чынам выконвала сваю місію ў жыцці грамадства. Разам з тым ідэй аб належнай арганізацыі і адмысловым функцыянаванні апарату дзяржавы многа, але далёка не кожная з іх увасабляецца ў практыку дзяржаўна-прававога будаўніцтва. Асобныя з іх хаця і маюць карыснае значэнне, але не заўсёды выкарыстоўваюцца ў дзейнасці апарату дзяржавы.

Толькі тыя фундаментальныя ідэі, якія знайшлі сваё належнае замацаванне ў дзеючым пазітыўным праве ў якасці арганізацыйна-прававых патрабаванняў, імператываў да арганізацыі і дзейнасці апарату дзяржавы, адносяцца да прынцыпаў арганізацыі і дзейнасці апарату дзяржавы. Акрамя таго, патрабаванні, імператывы, якія можна лічыць прынцыпамі арганізацыі і дзейнасці апарату дзяржавы, заўсёды існуюць у якасці асобных арганізацыйна-прававых форм, якія дазваляюць у межах дзеючага права належным чынам арганізаваць апарат дзяржавы і забяспечыць яго адмысловае функцыянаванне.

Існуюць агульныя, універсальныя прынцыпы арганізацыі і дзейнасці апарату дзяржавы, але існуюць і асобныя прынцыпы арганізацыі і дзейнасці асобных структурных частак апарату дзяржавы, якія маюць значэнне пераважна для арганізацыі і функцыянавання асобных відаў органаў і ўстаноў дзяржавы.Да агульных прынцыпаў арганізацыі і дзейнасці апарату дзяржавы адносяцца прынцып легальнасці і легітымнасці, прынцып дэмакратызму, прынцып прафесіяналізму і кампетэнтнасці, прынцып прагназавання і планавасці, прынцып галоснасці.

Прынцып легальнасці і легітымнасці азначае, што апарат дзяржавы, усе яго органы, установы і арганізацыі ствараліся і дзейнічалі на падставе і ў межах дзеючага пазітыўнага права, каб апарат дзяржавы карыстаўся даверам і падтрымкай з боку шырокіх колаў насельніцтва. Такім чынам, прынцып легальнасці і легітымнасці арганізацыі і дзейнасці апарату дзяржавы ўключае ў сябе патрабаванне законнасці, але з’яўляецца больш шырокім. У адзначанай фармулёўцы прынцып патрабуе захавання не толькі патрабаванняў закону, але і ўвогуле права, а таксама і патрабаванняў іншых сацыяльных рэгулятараў, таму што ад гэтага залежыць падтрымка апарату дзяржавы з боку шырокіх колаў насельніцтва і, адпаведна, яго легітымнасць.

Прынцып дэмакратызму патрабуе, каб арганізацыя і функцыянаванне апарату дзяржавы ажыццяўляліся з захаваннем дэмакратычных працэдур і норм, каб да арганізацыі і працы апарату дзяржавы былі прыцягнуты самыя шырокія колы насельніцтва. Прынцып дэмакратызму найбольшае дачыненне мае да ўтварэння тых структур дзяржавы, якія перыядычна абіраюцца насельніцтвам, але ён не можа быць абмежаваны толькі такімі відамі органаў дзяржавы. Захаванне дэмакратычных працэдур і іх карыснасць для належнай арганізацыі і дзейнасці абсалютна ўсіх відаў органаў дзяржавы былі пацверджаны вопытам арганізацыі і дзейнасці апарату ўсіх сучасных цывілізаваных дзяржаў.

Прынцып прафесіяналізму і кампетэнтнасці азначае, што функцыі і кампетэнцыю органаў дзяржавы належным чынам могуць ажыццявіць прафесіянальна падрыхтаваныя дзяржаўныя служачыя і службовыя асобы, якія валодаюць належнай адукацыяй, пэўнымі навыкамі, здольнасцямі. Гэты прынцып таксама патрабуе, каб паўнамоцтвы, уладныя магчымасці, якімі валодаюць органы дзяржавы, былі дакладна і аднастайна размеркаваны паміж асобнымі звёнамі і асобнымі органамі. Не павінна быць двухсэнсоўнасці ў тым, да ведама якога органа адносіцца тое ці іншае пытанне.

Прынцып прагназавання і планавасці азначае неабходнасць пабудовы апарату дзяржавы, вызначэння яго структуры, колькаснага складу на падставе доўгатэрміновых сацыяльна-эканамічных прагнозаў развіцця грамадства. Ён патрабуе таксама, каб дзейнасць дзяржаўных служачых, усіх службовых асоб была дакладна арганізавана на падставе планаў арганізацыі і дзейнасці апарату дзяржавы.

Прынцып галоснасці ў арганізацыі і дзейнасці апарату дзяржавы патрабуе, каб грамадства ведала аб тым, якім чынам арганізаваны і як дзейнічае апарат дзяржавы, якія пытанні вырашае і якія праблемы збіраецца вырашаць. Грамадства павінна мець магчымасць выказваць сваё меркаванне і сваё стаўленне да арганізацыі і дзейнасці апаратё дзяржавы, у тым ліку і праз сродкі масавай інфармацыі. Разам з тым прынцып галоснасці не можа быць зведзены толькі да магчымасцей насельніцтва, грамадства ведаць аб арганізацыі і дзейнасці апарату дзяржавы, але ён патрабуе, каб апарат дзяржавы быў абавязаны рэагаваць на заўвагі, прапановы і пажаданні з боку грамадства.