4. Формы і метады ажыццяўлення функцый дзяржавы
Дзяржава ажыццяўляе ўздзеянне на грамадства выключна праз права, выкарыстоўваючы прававыя механізмы, прыёмы і метады. Усё, што робіць дзяржава адносна грамадства, павінна быць найперш прадугледжана ў дзеючым пазітыўным праве. Такім чынам, любой дзейнасці дзяржавы ў грамадстве павінна папярэднічаць прававое афармленне гэтай дзейнасці. Іншымі словамі, дзяржава павінна стварыць для самой сябе належную прававую аснову выканання кожнай функцыі як унутры, так і за яе межамі. Унутры краіны дзяржава робіць гэта самастойна і суверэнна, а ў стасунках з іншымі дзяржавамі – шляхам міжнародных пагадненняў з дзяржавамі. Абапіраючыся на створаную прававую аснову, дзяржава праводзіць разнастайныя мерапрыемствы па ажыццяўленню ўнутранай і знешняй палітыкі дзяржавы і выкананню пастаўленых задач. І, нарэшце, у выпадках, калі дзейнасць па ажыццяўленню функцый дзяржавы выходзіць за межы прававога поля, праводзяцца мерапрыемствы праваахоўнага характару.
Сказанае дазваляе зрабіць выснову аб тым, што кожная з функцый дзяржавы выконваецца ў трох універсальных прававых формах шляхам ажыццяўлення разнастайных мерапрыемстваў арганізацыйнага характару, якія ажыццяўляюцца толькі на падставе права. Гэта нормаствараючая, прававыканальная і праваахоўная формы. Гэтыя формы выкарыстоўваюцца дзяржавай як пры ажыццяўленні ўнутраных, так і пры ажыццяўленні знешніх функцый і таму з’яўляюцца універсальнымі. Унутры дзяржавы пры ажыццяўленні функцый выкарыстоўваюцца судовая форма і кантрольная форма. Не можа існаваць проста арганізацыйных форм ажыццяўлення функцый дзяржавы. Усе гэтыя формы павінны быць абавязкова замацаваны ў дзеючым пазітыўным праве. Іншая сітуацыя азначае, што дзяржава выходзіць за межы прававога поля, страчвае легальнасць і легітымнасць і перастае быць дзяржавай.
Дзяржава валодае двума універсальнымі прававымі метадамі ўздзеяння на паводзіны ўдзельнікаў грамадскіх адносін – метадам прымусу і метадам заахвочвання. Дадзеныя метады, як і вышэйадзначаныя формы ажыццяўлення функцый, таксама зафіксаваны і адлюстраваны ў дзеючым пазітыўным праве і маюць прававую прыроду.