3. Характарыстыка знешніх функцый дзяржавы
^ Вверх

3. Характарыстыка знешніх функцый дзяржавы

 

Тры асноўныя задачы вырашае дзяржава ў стасунках з іншымі дзяржаўнымі ўтварэннямі. Па-першае, дзяржава павінна забяспечыць сваю самастойнасць і незалежнасць, а таксама незалежнасць і самастойнасць прадстаўляемага ёй грамадства. Па-другое, дзяржава павінна садзейнічаць забеспячэнню сваіх «нацыянальных інтарэсаў» на тэрыторыі іншых дзяржаўных утварэнняў. Па-трэцяе, дзяржава павінна падтрымліваць раўнапраўныя і добразычлівыя адносіны з іншымі дзяржавамі праз узаемаабмен рознымі каштоўнасцямі на эквівалентнай аснове. Дадзеныя задачы вырашаюцца шляхам ажыццяўлення трох знешніх функцый: функцыі абароны грамадства і дзяржавы ад знешніх пагроз, функцыі экспансіі (пра­нікнення) на тэрыторыю іншых дзяржаўных утварэнняў і функцыю падтрымання нармальных узаемаадносін з іншымі дзяржавамі.

Функцыя абароны ад знешніх пагроз. Дзяржава – афіцыйны прадстаўнік грамадства, яна абавязана забяспечыць незалежнасць, цэласнасць і самаразвіццё грамадства, гарантаваць усе магчымасці для самазахавання грамадствам сваёй тоеснасці, сваёй адметнасці і права выбару ўласнага шляху самаразвіцця, які найбольш адпавядае прыродзе грамадства, яго жаданням і мэтам. Уздзеянне на грамадства і на дзяржаву фактараў, якія прычыняюць шкоду інтарэсам грамадства, асобы, органаў і арганізацый, ставіць разнастайныя перашкоды на шляху самастойнага развіцця грамадства – гэта знешнія пагрозы для грамадства і дзяржавы. Пагрозы маюць самую розную форму і змест. Гэта могуць быць пагрозы ваенныя і эканамічныя, экалагічныя, энергетычныя, інфармацыйныя, ідэалагічныя, культурныя, маральныя і г. д. Функцыя абароны ажыццяўляецца праз распрацоўку задач і ажыццяўленне такіх мерапрыемстваў, якія ставяць надзейныя бар’еры для адзначаных пагроз.

Магчыма, што ў сучасным свеце ваенныя пагрозы і не з’яўляюцца для многіх суверэнных краін самымі небяспечнымі. Грамадства і дзяржава могуць быць разбураны і падначалены волі іншых якраз праз пагрозы іншага кшталту. Тым больш, што ваенная па­гроза ва ўмовах валодання ядзернай зброяй многімі краінамі пагра­жае самазнішчэннем грамадства ўвогуле, таму і верагоднасць прывядзення яе ў дзеянне памяншаецца. А таму на першы план вылучаюцца іншыя віды і праявы пагроз. Кожная дзяржава выбудоўвае ўласна для сябе шкалу знешніх пагроз і выпрацоўвае адэкватныя ім перашкоды, якія адпавядаюць мэтам і задачам забеспячэння бяспекі дзяржавы і грамадства, іх цэласнасці, самастойнасці і незалежнасці.

Пад функцыяй экспансіі, якую ажыццяўляюць сучасныя дзяржавы, можна разумець дзейнасць дзяржавы на падставе прынцыпаў і норм міжнароднага права, а таксама дзеючага нацыянальнага права на тэрыторыі іншых дзяржаўных утварэнняў дзеля забеспячэння інтарэсаў прадстаўляемай гэтай дзяржавай супольнасці, асобных грамадзян, а таксама іх эканамічных, грамадскіх і палітычных аб’яднанняў. Усе гэтыя інтарэсы можна абазначыць тэрмінам «нацыянальныя інтарэсы». Формы, метады і сродкі ажыццяўлення гэтай функцыі маюць выключна прававую форму, а памер вырашаемых задач пры ажыццяўленні дадзенай функцыі вызначаецца ­аб’ёмам міжнароднай дзейнасці грамадства, яго прадстаўнікоў, арганізацый і самой дзяржавы. Функцыя экспансіі не з’яўляецца самамэтай і не можа быць галоўнай функцыяй дзяржавы. Функцыя экспансіі павінна спрыяць эфектыўнаму выкананню дзяржавай свайго прызначэння ўнутры грамадства, самаразвіццю грамадства, асобы і чалавека.

Функцыя падтрымання нармальных эканамічных, палітычных і іншых адносін з іншымі дзяржаўнымі ўтварэннямі – гэта дзейнасць дзяржавы, якая скіравана на тое, каб шляхам разнастайных кампрамісаў і заключэння міжнародных пагадненняў усталяваць фармальна роўныя стасункі з іншымі дзяржавамі і тым самым забяспечыць эквівалентнасць (суразмернасць) ва ўзаемадачыненнях самой дзяржавы, яе фізічных і юрыдычных асоб з іншымі дзяржавамі, фізічнымі і юрыдычнымі асобамі, якія звязаны з іншымі дзяржавамі. Дадзеная функцыя мае інтэгратыўны характар для ажыццяўлення разнапланавай дзейнасці (эканамічнай, сацыяльнай, культурнай) за межамі краіны і скіравана на забеспячэнне ўнутраных праблем грамадства і дзяржавы.

Дыпламатычныя прадстаўніцтвы і консульствы дзяржавы – гэта тыя дзяржаўныя ўстановы, сродкі, інструменты, з дапамогай якіх ажыццяўляюцца ўсе тры знешнія функцыі краіны.