2. Характарыстыка ўнутраных функцый дзяржавы
Эканамічная функцыя дзяржавы з’яўляецца пастаяннай функцыяй дзяржавы ва ўсе часы яе існавання. Дзяржава вымушана ўздзейнічаць на эканамічную сістэму грамадства, таму што яе стан прадвызначае не толькі дабрабыт людзей, але і матэрыяльна-фінансавыя ўмовы існавання і развіцця самой дзяржавы, таго слою людзей, які прафесійна забяспечвае функцыянаванне дзяржаўнай улады. Дзве галоўныя задачы вырашае дзяржава адносна эканамічнай сістэмы. Па-першае, дзяржава спрыяе ўзнікненню і развіццю тых відаў гаспадарчай, эканамічнай дзейнасці, якія з’яўляюцца перспектыўнымі, значнымі для эканомікі і аказваюць значны ўплыў на развіццё эканамічнай сістэмы. Па-другое, дзяржава стварае перашкоды для састарэлых і грамадска-шкодных відаў эканамічнай і гаспадарчай дзейнасці. Першы від эканамічнай дзейнасці ўсяляк стымулюецца і заахвочваецца, а другі – забараняецца, выцясняецца з экнамічнай сферы жыцця грамадства. Крэдытаванне (асабліва льготнае), даціраванне, прэферэнцыі і г. д. – сродкі вырашэння першай задачы. Павелічэнне падатковага цяжару, разнастайныя адміністрацыйна-прававыя перашкоды – сродкі вырашэння другой задачы.
Па самых розных прычынах уздзеянне дзяржавы на эканамічныя адносіны можа быць розным па аб’ёму, пры гэтым, як сведчыць гісторыя, найбольш актыўна дзяржава ўмешваецца ў эканамічныя працэсы ў пераломныя, крызісныя моманты развіцця эканомікі, калі патрабуюцца неадкладныя і эфектыўныя захады з тым, каб адладзіць эканамічную сістэму, зрабіць яе функцыянаванне выніковым.
Пры стабільным і прагрэсіўным развіцці эканомікі ўздзеянне дзяржавы на эканамічныя працэсы адбываецца пераважна на макраўзроўні шляхам распрацоўкі і ажыццяўлення эканамічнай палітыкі, праграм, праектаў і планаў эканамічнага развіцця і іх фінансавання, у тым ліку і праз бюджэт. Да макраэканамічнага ўздзеяння дзяржавы на эканамічную сістэму грамадства можна аднесці і механізмы прававога рэгулявання эканамічных працэсаў. Але змест і характар прававых механізмаў вызначаецца зместам і станам эканамічнай сістэмы грамадства і задачамі, якія вырашаюць грамадства і дзяржава ў эканамічнай сферы свайго існавання.
Важнымі механізмамі, якія выкарыстоўвае дзяржава пры ўздзеянні на эканамічную сістэму, з’яўляюцца нацыяналізацыя і дэнацыяналізацыя, раздзяржаўленне ўласнасці. Нацыяналізуюцца звычайна тыя сектары эканамічнай сістэмы, якія патрабуюць пільнага ўмяшальніцтва з боку дзяржавы і якія без матэрыяльна-фінансавай дапамогі з боку дзяржавы існаваць самастойна ва ўмовах рыначнай эканомікі не ў стане.
У любой дзяржаве існуе так званая дзяржаўная ўласнасць. Мінімальнай праявай існавання дзяржаўнай уласнасці з’яўляецца наяўнасць «дзяржаўнай казны», у тым ліку дзяржаўнага бюджэту, якія служаць, па-першае, сродкам забеспячэння дзейнасці самой дзяржавы як самастойнай арганізацыі і якасна самастойнага віду грамадска-карыснай працы, а таксама для вырашэння дзяржавай самых розных задач і ажыццяўлення функцый. Але сучасная дзяржава, акрамя «класічных» праяў дзяржаўнай уласнасці, валодае і іншымі значнымі матэрыяльнымі сродкамі, сярод якіх вылучаецца дзяржаўная ўласнасць на сродкі вытворчасці і матэрыяльныя каштоўнасці.
Сацыяльная (або сацыялізатарская) функцыя сучаснай дзяржавы лічыцца прыярытэтнай дзейнасцю, бо дзяржава, з’яўляючыся адзіным афіцыйным прадстаўніком усёй супольнасці, абавязана выконваць галоўны імператыў цывілізацыі, які зводзіцца да ўсебаковага развіцця асобы і тых сацыяльных структур, якія складваюцца ў пэўнай супольнасці. Галоўная мэта дзяржавы ў сацыяльнай сферы грамадства – захаваць сацыяльны мір і спакой у грамадстве. У сацыяльна неаднародным грамадстве, ад імя якога дзейнічае дзяржава, яна павінна стварыць цывілізаваныя формы вырашэння сацыяльных супярэчнасцей, а таксама знайсці і афіцыйна замацаваць метады і сродкі вырашэння сацыяльных праблем. Асноўныя накірункі ўздзеяння дзяржавы на сацыяльныя супярэчнасці ў грамадстве звязаны з размеркаваннем і пераразмеркаваннем матэрыяльна-фінансавых сродкаў і каштоўнасцей з тым, каб папярэдзіць сацыяльныя канфлікты ў грамадстве. Не вырашыць гэтыя канфлікты, а менавіта папярэдзіць.
Сацыяльныя канфлікты параджаюцца ў рэшце рэшт у эканамічнай сістэме грамадства, якая функцыянуе на аб’ектыўных пачатках. Але дзяржава, стымулюючы адны віды эканамічнай дзейнасці і забараняючы іншыя праявы эканамічнай актыўнасці ў грамадстве, сама ж і стымулюе сацыяльныя зрухі і сацыяльную напружанасць у грамадстве. Іншая справа, што дзяржава адначасова з уздзеяннем на эканамічную сістэму займаецца і сацыяльнымі пытаннямі, згладжвае сацыяльныя супярэчнасці ў грамадстве. У сучасных эканамічна развітых дзяржавах ажыццяўляецца і моцная сацыяльная палітыка, рознабаковая сацыяльная функцыя. Пры ажыццяўленні сацыяльнай функцыі дзяржава падтрымлівае маламаёмасныя слаі насельніцтва, уздзейнічае на дэмаграфічныя працэсы, фінансуе адукацыйныя праекты і праграмы, ахову здароўя і праводзіць мерапрыемствы, якія скіраваны на захаванне сацыяльнага міра і спакою ў грамадстве. Дзяржава не можа і не павінна забяспечваць і гарантаваць вырашэнне ўсіх сацыяльных праблем і супярэчнасцей. Дзяржава – з’ява палітычная, і таму яна заўсёды аддае перавагу сацыяльным праблемам, якія адпавядаюць інтарэсам тых груп насельніцтва, якія ажыццяўляюць дзяржаўную ўладу.
Палітычная функцыя дзяржавы скіравана найперш на забеспячэнне палітычнай стабільнасці ў грамадстве, на ахову правапарадку, на забеспячэнне правоў і свабод асобы, а таксама на гарантаванне развіцця цывільнай супольнасці і разнастайных палітычных інстытутаў. Дзяржава – асноўны і галоўны палітычны інстытут грамадства. Яна адказвае перад усёй супольнасцю за захаванне цэласнасці і бяспекі грамадства, а таму і павінна забяспечыць і гарантаваць цывілізаваныя формы палітычнага жыцця і палітычнай барацьбы за дзяржаўную ўладу.
Ідэалагічная (культурна-выхаваўчая) функцыя дзяржавы. Любая дзяржава, з’яўляючыся афіцыйным прадстаўніком супольнасці, абавязана сфармуляваць і абараніць усімі магчымымі сродкамі агульныя для ўсёй супольнасці ідэалагічныя і маральныя каштоўнасці, бо дзяржава абавязана гарантаваць самаразвіццё супольнасці, якое немагчыма без адзіных для ўсёй супольнасці ідэалагічных і маральных каштоўнасцей. У сучасных дзяржавах азначаныя каштоўнасці замацоўваюцца, як правіла, у асноўных законах (канстытуцыях), выкладаюцца ў агульнадзяржаўных праграмах альбо ўтрымліваюцца ў свяшчэнных кнігах, калі дзяржава прымае нейкую рэлігію ў якасці дзяржаўнай. Наяўнасць агульнадзяржаўнай ідэалогіі не азначае, што іншыя формы ідэалогіі павінны быць забаронены. Дзяржава абавязана забараніць тыя формы ідэалогіі, якія скіраваны на разбурэнне цэласнасці супольнасці, наўпрост супярэчаць яе ідэалагічным, культурным і маральным каштоўнасцям.
Дзяржава не ў стане ўздзейнічаць на прыроду, на прыроднае асяроддзе, у якім яна дзейнічае і якое стварае неабходныя перадумовы існавання чалавечай супольнасці і дзяржавы. Дзяржава ажыццяўляе ўздзеянне на грамадства з тым, каб забяспечыць належныя і спрыяльныя прыродныя ўмовы для яго самаразвіцця. Прыродарэсурсавая функцыя дзяржавы складаецца з трох асноўных кірункаў уздзеяння дзяржавы на «ўзаемаадносіны» грамадства і навакольнага асяроддзя:
1) з мераў дзяржаўнага ўздзеяння, якія скіраваны на ахову прыроды і якія рэалізуюцца шляхам разнастайных забарон;
2) з дзеянняў дзяржавы, якія зводзяцца да ўсталявання прававых і тэхнічна-прававых стандартаў, правілаў і нормаў па выкарыстанню прыродных рэсурсаў;
3) з дзеянняў дзяржавы, якія скіраваны на ўзнаўленне тых прыродных рэсурсаў, якія можна ўзнавіць.
Для сучаснай беларускай дзяржавы ўласцівы дзве часовыя функцыі – беларускай дзяржавы ў сусветную і еўрапейскую супольнасць, а таксама функцыя пераадолення наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Функцыя інтэграцыі беларускай дзяржавы ў еўрапейскую і сусветную супольнасць сфармавалася таму, што сама сучасная беларуская дзяржава ўзнікла адносна нядаўна ў выніку разбуральных працэсаў, якія напаткалі былы Савецкі Саюз, федэратыўнай часткай якога і была доўгі час Беларуская ССР. Атрымаўшы поўны дзяржаўны суверэнітэт, беларуская дзяржава вымушана была дакладна вызначыць і акрэсліць сваё месца сярод іншых дзяржаўных утварэнняў. Вырашэнне дадзенай задачы стала магчымым толькі пасля таго, як былі дакладна вызначаны асноўныя кірункі развіцця беларускай дзяржавы ўнутры краіны – у эканамічнай сістэме, сацыяльнай і палітычнай сферах існавання беларускага грамадства.
Інтэграцыя дзяржавы ў супольнасць роўных, суверэнных і незалежных дзяржаў патрабуе вызначэння асноўных вектараў знешняй палітыкі і, адпаведна, іх скіраванасці. Мэтай дадзенай функцыі дзяржавы з’яўляецца дакладнае вызначэнне месца і ролі беларускай дзяржавы сярод еўрапейскіх і сусветных дзяржаўных утварэнняў, у сістэме геапалітычных каардынат. Задачы, якія вырашае дзяржава, – наладжванне рознабаковых стасункаў з іншымі дзяржавамі сусветнай і еўрапейскай супольнасці праз механізмы міжнароднага супрацоўніцтва.
Функцыя інтэграцыі, хаця і мае як бы знешнюю скіраванасць, бо патрабуе вызначэння знешнепалітычных вектараў развіцця беларускай дзяржавы, разам з тым праводзіцца шляхам пераўтварэнняў унутры грамадства. І менавіта ўнутраныя пераўтварэнні, якія ажыццяўляюцца ў сучаснай беларускай дзяржаве, вызначаюць прыярытэты яе знешняга развіцця.
Пераадоленне наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Буйнейшая тэхнагенная катастрофа чалавецтва абумовіла з’яўленне ў супольнасці і дзяржаве важнейшай праблемы, якая пагражае існаванню чалавечага роду. Мэта, якую імкнецца дасягнуць дзяржава ў справе прадухілення непажаданых наступстваў, зводзіцца першапачаткова да лакалізацыі і прадухілення небяспекі, якая склалася для грамадства і дзяржавы, а затым і да наступнай ліквідацыі непажаданых вынікаў тэхнагеннай катастрофы. Дадзеная ўнутраная функцыя сучаснай беларускай дзяржавы з’яўляецца часовай, хаця яе ажыццяўленне і будзе адбывацца на працягу некалькіх пакаленняў людзей. Выкананне дадзенай функцыі патрабуе значных матэрыяльна-фінансавых рэсурсаў, аб чым яскрава сведчыць штогадовая структура бюджэту беларускай дзяржавы на працягу апошніх двух дзесяцігоддзяў. Значная частка бюджэтных рэсурсаў выдаткоўваецца дзяржавай на ажыццяўленне дадзенай функцыі.