4. Дзяржаўна-прававы рэжым
Паняцце дзяржаўна-прававога рэжыму скіравана на характарыстыку ўзаемаадносін паміж дзяржаўнай уладай і насельніцтвам, а таксама паміж дзяржаўнай уладай і іншымі ўдзельнікамі грамадскіх адносін. Дзяржаўна-прававы рэжым характарызуе механізм уплыву дзяржаўнай улады на грамадства і механізм уздзеяння грамадства на дзяржаўную ўладу. Вузлавы момант у разуменні дзяржаўна-прававога рэжыму – тыя механізмы, сродкі і прыёмы, праз якія і з дапамогай якіх функцыянуе дзяржаўная ўлада і адбываецца ўздзеянне насельніцтва на дзяржаўную ўладу, як вярхоўную дзяржаўную ўладу, так і мясцовую ўладу. Для дзяржаўна-прававога рэжыму характэрна, што дзяржаўная ўлада пры ўздзеянні на грамадства выкарыстоўвае выключна прававыя сродкі і прыёмы.
У сваю чаргу ўплыў грамадства і асобы на дзяржаўную ўладу можа адбывацца не толькі праз права, яго механізмы, метады і прыёмы. Удзельнікі грамадскіх адносін маюць магчымасць уздзейнічаць на дзяржаўную ўладу такімі прыёмамі і сродкамі палітычнага, маральнага, ідэалагічнага характару, якія не замацаваны ў праве, але якія не супярэчаць дзеючаму праву і закону. Іншымі словамі, тут мы сустракаемся з дзеяннем адной з прававых аксіём, згодна з якой «дазволена ўсё, што наўпрост не забаронена». У сваю чаргу, «прававое становішча» дзяржаўнай улады ва ўзаемадачыненнях з насельніцтвам і іншымі ўдзельнікамі грамадскіх адносін дакладна і аднастайна акрэслена дзеючым правам і законам. Дзяржаўная ўлада мае права выкарыстоўваць толькі такія механізмы, метады і прыёмы, якія дакладна замацаваны ў дзеючым праве. Тут дзейнічае прававая аксіёма іншага зместу – «дазволена толькі тое, што наўпрост дазволена».
Такая «асіметрыя» ў змесце і характары механізмаў, метадаў і прыёмаў узаемадзеяння і ўзаемаўплыву дзяржаўнай улады і насельніцтва, іншых удзельнікаў грамадскіх адносін скіравана на забеспячэнне цывілізаваных форм развіцця і функцыянавання дзяржавы і грамадства. Яна забяспечвае ініцыятыву людзей, пашырае іх прававое поле дазволенага. Дзяржаўная ўлада, як мы ведаем, валодае моцнымі сродкамі ўздзеяння на грамадства, спецыяльным апаратам прымусу, і таму яна вымушана «самаабмежавацца» такімі механізмамі, метадамі і прыёмамі, якія наўпрост прадугледжаны ў дзеючым праве. Выхад дзяржавы за межы прававога поля азначае, што дзяржаўная ўлада страчвае легальнасць (законнасць існавання) і легітымнасць (падтрымку насельніцтва) і пераўтвараецца ў нейкую іншую рэальнасць.
Такім чынам, дзяржаўна-прававы рэжым умоўна складваецца з дзвюх адносна адасобленых груп механізмаў, сродкаў і прыёмаў. Адна з іх характарызуе ўздзеянне дзяржаўнай улады на грамадства, а другая – уздзеянне грамадства на дзяржаву. Перамены сістэмнага характару ў гэтых групах прыёмаў і сродкаў прыводзяць да трансфармацыі дзяржаўна-прававых рэжымаў. Звужэнне прававога поля для грамадства па ўздзеянню на дзяржаўную ўладу, як правіла, прыводзіць да пераменаў і ў сістэме механізмаў уплыву дзяржаўнай улады на грамадства. І, наадварот, усталяванне жорсткіх абмежаванняў для дзейнасці дзяржаўнай улады прыводзіць да яе перараджэння ў аўтакратыю.
Дзяржаўна-прававы рэжым існуе ў дзвюх формах (відах): у форме дэмакратычнага і ў форме аўтарытарнага рэжымаў. У адрозненне ад дэмакратычнага рэжыму, які характарызуецца шырокімі прававымі магчымасцямі асобы ў яе ўзаемадачыненнях з дзяржавай і іншымі ўдзельнікамі грамадскіх адносін, аўтарытарны рэжым характарызуецца звужэннем прававых магчымасцей асобы. Такое звужэнне адбываецца на прававых падставах і можа быць выклікана шэрагам вельмі важных фактараў: ваеннай пагрозай, неабходнасцю ўвядзення ваеннага і надзвычайнага становішча і
г. д. Зразумела, што ў гэтых варунках прававое поле для дзейнасці не толькі асобы, але і для самой дзяржаўнай улады, іншых суб’ектаў грамадскіх адносін значна звужаецца.
Дзяржаўна-прававы рэжым пры пэўных умовах можа набыць форму таталітарнага рэжыму. Таталітарны рэжым характарызуецца тым, што дзяржава абмяжоўвае грамадзян і іншых удзельнікаў грамадскіх адносін і дазваляе ім ва ўзаемадачыненнях з дзяржаўнай уладай і паміж сабой выкарыстоўваць такія прававыя механізмы, метады і прыёмы, якія толькі наўпрост замацаваны і дазволены. Імкненне паставіць усё пад кантроль, жорстка адрэгламентаваць усе праявы жыццядзейнасці грамадства якраз адметным чынам і характарызуе таталітарызм.
Дзяржаўная ўлада – толькі адзін з удзельнікаў (суб’ектаў) палітычнага жыцця. Удзельнікамі палітычных адносін з’яўляюцца палітычныя партыі, працоўныя калектывы, іншыя грамадскія аб’яднанні. Паміж імі ўсталёўваюцца разнастайныя палітычныя механізмы, метады і прыёмы ўзаемадачыненняў. Частка гэтых механізмаў, метадаў і прыёмаў мае прававую, законную прыроду, астатнія ж не знайшлі па самых розных прычынах адлюстравання і замацавання ў дзеючым праве. Для абазначэння механізмаў, метадаў і прыёмаў функцыянавання ўсіх відаў палітычнай улады ў навуцы выкарыстоўваецца паняцце палітыка-прававога рэжыму.
Палітыка-прававы і дзяржаўна-прававы рэжым – два паняцці, якія перасякаюцца паміж сабой. Справа ў тым, што дзяржаўная ўлада – асобны від палітычнай улады, які валодае такімі механізмамі, метадамі, сродкамі і прыёмамі ўздзеяння на грамадства, якімі не валодае ніводзін іншы суб’ект (від) палітычнай улады. У гэтай сваёй частцы дзяржаўна-прававы рэжым, безумоўна, выходзіць за межы палітыка-прававога рэжыму. Акрамя гэтага, у сваіх узаемадачыненнях іншыя віды (суб’екты) палітычнай улады ўжываюць такія механізмы, метады і прыёмы ўзаемаадносін і ўзаемаўздзеяння, якія нельга выкарыстоўваць ва ўзаемадачыненнях з дзяржаўнай уладай.
Такім чынам, паняцце палітыка-прававога рэжыму – паняцце, якое арганічна ўпісваецца ў катэгарыяльна-паняційны апарат паліталогіі, у той час, як паняцце дзяржаўна-прававога рэжыму – арганічная складаная частка навукі агульнай тэорыі права.
Усе тры формы, з дапамогай якіх вызначаецца парадак арганізацыі дзяржаўнай улады, маюць важнае значэнне, аднак сярод іх дамінуе форма праўлення. Арганізацыя вярхоўнай дзяржаўнай улады шмат у чым прадвызначае змест дзяржаўна-прававога рэжыму і аказвае вырашальнае ўздзеянне на характар ажыццяўлення ўлады на тэрыторыі краіны. Памылкова лічыць вядучай формай дзяржавы дзяржаўна-прававы рэжым, бо ён не ўсталёўваецца сам па сабе. Яго змест, набор прававых механізмаў, метадаў і прыёмаў таксама знаходзяцца пад моцным уздзеяннем з боку вярхоўнай дзяржаўнай улады.