1. Паняцце і азначэнне формы дзяржавы
^ Вверх

1. Паняцце і азначэнне формы дзяржавы

 

Дзяржаўная ўлада (альбо дзяржава), як мы ведаем, уяўляе сабой самастойную функцыю грамадства, якое заснавана на маёмаснай няроўнасці. Дадзеная функцыя ўяўляе сабой якасна самастойны від грамадска-карыснай працы. Вынікамі гэтай грамадска-карыснай працы з’яўляюцца разнастайныя паслугі грамадству ў выглядзе (у форме) рашэнняў і вяленняў, адрасаваных грамадству, удзельнікам грамадскіх адносін, з дапамогай якіх грамадства захоў­вае сваю цэласнасць і здольнасць да самаразвіцця. Дадзеная фун­кцыя (дзяржаўная ўлада) знаходзіць сваё знешняе ўвасабленне, ­«матэрыялізацыю», па-першае, у тых людзях, якія ажыццяўляюць дзяржаўную ўладу. Прырода дзяржаўнай улады патрабуе выдзялення са складу супольнасці асобнай групы людзей, якія б займа­ліся выключна выкананнем спраў па кіраўніцтву супольнасцю. Па-другое, дзяржаўную ўладу ажыццяўляюць створаныя ў грамадстве спецыяльныя органы, арганізацыі і ўстановы, якія надзяляюцца ўладнымі паўнамоцтвамі дзеля належнага і эфектыўнага выканання дзяржаўнай уладай свайго прызначэння ў жыцці грамадства.

Грамадства заўсёды было зацікаўлена ў тым, каб дзяржаўная ўлада была арганізавана належным чынам, бо толькі пры гэтай умове яна ў стане аказваць выніковае ўздзеянне на грамадства. Эфектыўнае ўздзеянне дзяржаўнай улады на грамадства прадвызначаецца шматлікімі фактарамі: станам эканамічнага жыцця і дабрабытам насельніцтва, прыроднымі (кліматычнымі і геаграфічнымі) умовамі, у якіх функцыянуе дзяржаўная ўлада, узроўнем разумення прыроды і магчымасцей дзяржаўнай улады, узроўнем падрыхтаванасці да кіраўнічай працы асобнай групы людзей і г. д. Але найперш эфектыўнасць функцыянавання дзяржаўнай улады вы­значаецца тым, як арганізавана сама дзяржаўная ўлада, наколькі эфектыўнымі і выніковымі з’яўляюцца шматлікія сувязі, што складваюцца паміж органамі, арганізацыямі і ўстановамі дзяржавы, паміж гэтымі матэрыяльнымі ўвасабленнямі дзяржаўнай улады і насельніцтвам, ад імя якога дзейнічае дзяржаўная ўлада і дзеля задавальнення інтарэсаў якога яна функцыянуе. Дзяржаўная ўлада ўжывае ў ходзе свайго функцыянавання сістэму прыёмаў і метадаў уздзеяння на грамадства, якія таксама шмат у чым прадвызначаюць эфектыўнае дзеянне дзяржаўнай улады.

У юрыдычнай навуцы дзеля раскрыцця заканамернасцей арганізацыі дзяржаўнай улады выкарыстоўваецца шлях, пры якім трэба адказаць на тры наступныя групы пытанняў:

1) як, у якім парадку арганізавана вярхоўная дзяржаўная ўлада; як ствараюцца органы, якія ажыццяўляюць вярхоўную дзяржаўную ўладу; якім чынам органы, што ажыццяўляюць вярхоўную дзяржаўную ўладу, суадносяцца між сабой; які ўплыў аказвае насельніцтва на фармаванне гэтых органаў;

2) як, якім чынам і ў якім парадку рашэнні (вяленні) вярхоўнай дзяржаўнай улады даводзяцца да насельніцтва; якія органы ўлады на тэрыторыі дзяржавы, на месцах рэалізуюць рашэнні вярхоўнай улады; валодаюць ці не валодаюць мясцовыя органы ўлады нейкімі суверэннымі паўнамоцтвамі;

3) якія сродкі і прыёмы выкарыстоўвае вярхоўная дзяржаўная ўлада і, адпаведна, дзяржаўная ўлада на месцах пры прыняцці нейкіх рашэнняў і правядзенні гэтых рашэнняў у жыццё.

Для адказу на гэтыя пытанні ў юрыдычнай навуцы была распрацавана катэгорыя формы дзяржавы, якая ўключае ў сябе тры шчыльна ўзаемазвязаныя паняцці – «форма праўлення», «форма дзяржаўна-тэрытарыяльнага ўладкавання», «дзяржаўна-прававы рэжым». Кожнае з адзначаных паняццяў характарызуе тыя ці іншыя ўласцівасці, якасці, заканамернасці ў арганізацыі дзяржаўнай улады. Паняцце формы праўлення скіравана галоўным чынам на характарыстыку арганізацыі вярхоўнай дзяржаўнай улады, на тое, каб ахарактарызаваць структуру вышэйшых органаў улады, іх узаема­дзеянне паміж сабой і высветліць характар сувязей вярхоўнай дзяржаўнай улады з насельніцтвам.

Паняцце формы дзяржаўна-тэрытарыяльнага ўладкавання галоўным чынам скіравана на тое, каб паказаць характар арганізацыі і працэс ажыццяўлення дзяржаўнай улады на тэрыторыі краіны праз высвятленне парадку арганізацыі мясцовых органаў улады і кіравання ў адміністрацыйна- тэрытарыяльных адзінках, праз характарыстыку ўзаемасувязей паміж вярхоўнай уладай і органамі мясцовай улады. Паняцце дзяржаўна-прававога рэжыму галоўным чынам скіравана на тое, каб вывучыць узаемаадносіны паміж дзяржаўнай уладай і насельніцтвам, ад імя якога дзяржаўная ўлада дзейнічае і адносна якога прымае шматлікія рашэнні і вяленні. Прычым пры характарыстыцы дзяржаўна-прававога рэжыму размова ідзе аб узаемаадносінах паміж усёй дзяржаўнай уладай і насельніцтвам, а не толькі ўзаемаадносінах паміж вярхоўнай дзяржаўнай уладай і насельніцтвам, як гэта мае месца пры даследаванні формы праўлення.

Такім чынам, сутнасць дзяржавы (асобнай публічнай улады) зводзіцца да прызначэння дзяржаўнай улады ў жыцці грамадства. Сутнасць дзяржавы ў тым, што ва ўмовах сацыяльна неаднароднага грамадства дзяржава з’яўляецца адзіна магчымай сілай (арганізацыяй, інстытутам), якая вырастае з супярэчнасцей грамадства, знаходзіцца над імі, утрымлівае іх і гарантуе (забяспечвае) вырашэнне ў цывілізаваных формах. Форма ж дзяржавы паказвае, як арганізавана гэтая адзіна магчымая сіла ў сацыяльна неаднародным грамадстве, як яна ўздзейнічае на грамадства, як выконвае сваё прызначэнне на тэрыторыі грамадства ў адносінах да ўсіх удзель­нікаў грамадскіх адносін.