2. Форма праўлення
У юрыдычнай навуцы лічыцца, што першыя спробы сістэматычнага, паслядоўнага фармулявання эфектыўных і разумных спосабаў арганізацыі вярхоўнай улады (форм праўлення) былі зроблены Арыстоцелем і Палібіем. Абапіраючыся на дасканала вывучаны вопыт арганізацыі ўлады ў шматлікіх грэчаскіх дзяржавах-полісах, знакаміты грэчаскі вучоны прыйшоў да высновы аб тым, што вярхоўная дзяржаўная ўлада можа ажыццяўляцца трыма спосабамі. Увесь аб’ём уладных паўнамоцтваў, якія належаць вярхоўнай дзяржаўнай уладзе, можа быць сканцэнтраваны ў руках адной асобы і ажыццяўляцца адной асобай, ён можа быць засяроджаны, сканцэнтраваны ў руках некалькіх асоб і ажыццяўляцца імі, і, нарэшце, увесь аб’ём вярхоўнай дзяржаўнай улады можа быць сканцэнтраваны ў руках палітычна актыўнай, свядомай часткі насельніцтва і ажыццяўляцца ёю.
Першы способ ажыццяўлення вярхоўнай дзяржаўнай улады называецца манархіяй, другі – арыстакратыяй, трэці – паліцыяй. Кожны з гэтых спосабаў з’яўляецца правільным спосабам. Але пры пэўных умовах правільныя спосабы ажыццяўлення вярхоўнай дзяржаўнай улады трансфармуюцца ў няправільныя. Да няправільных спосабаў ажыццяўлення вярхоўнай дзяржаўнай улады адносяцца тыранія, алігархія, дэмакратыя. Пры гэтым манархія трансфармуецца ў тыранію, арыстакратыя – у алігархію, а паліцыя – у дэмакратыю. Перараджэнне правільных форм праўлення ў няправільныя адбываецца пасля таго, як вярхоўная дзяржаўная ўлада пачынае выкарыстоўвацца не па свайму прызначэнню, а ў асабістых мэтах тых, хто яе ажыццяўляе.
Прыкладна да ХІХ ст. вучэнне аб спосабах (формах) арганізацыі вярхоўнай дзяржаўнай улады заставалася практычна нязменным. І.-К. Блюнчлі, адзін з распрацоўшчыкаў арганічнай тэорыі паходжання дзяржавы і права, прапанаваў выдзеліць у якасці самастойнай формы праўлення тэакратыю, пад якой можна разумець такую форму арганізацыі вярхоўнай дзяржаўнай улады, якая заўсёды абапіраецца на нейкае свяшчэннае пісанне. Прычым тэакратычнымі могуць быць і манархія, і арыстакратыя, і паліцыя. Р. Фон Моль у першай трэці ХIХ ст. прапанаваў дапоўніць вышэйазначаную класіфікацыю форм праўлення такой формай, як прававая дзяржава.
Сучасная юрыдычная навука пры характарыстыцы вярхоўнай дзяржаўнай улады і форм яе ажыццяўлення звяртае ўвагу не толькі на колькасць асоб, якія ажыццяўляюць вярхоўную дзяржаўную ўладу, але і на структуру органаў вярхоўнай дзяржаўнай улады, іх узаемаадносіны паміж сабой і з насельніцтвам. Часцей за ўсё выдзяляюць дзве формы праўлення – манархію і рэспубліку. Манархія пры гэтым уяўляе сабой такую форму арганізацыі вярхоўнай дзяржаўнай улады, пры якой, па-першае, увесь аб’ём вярхоўнай дзяржаўнай улады, як правіла, сканцэнтраваны ў руках адной асобы, і, па-другое, вярхоўная дзяржаўная ўлада, як правіла, перадаецца спадчынным шляхам. Пад рэспублікай разумеецца, па-першае, такая форма праўлення, такі способ арганізацыі вярхоўнай дзяржаўнай улады, пры якім яна ажыццяўляецца, як правіла, некалькімі органамі ўлады, пры гэтым адзін з іх абавязкова з’яўляецца прадстаўнічым, і, па-другое, органы вярхоўнай дзяржаўнай улады, як правіла, перыядычна пераабіраюцца насельніцтвам.
Як бачна, манархія і рэспубліка розняцца паміж сабой не толькі па колькасці асоб, якія ажыццяўляюць вярхоўную дзяржаўную ўладу, не толькі па колькасці органаў, якія ажыццяўляюць вярхоўную дзяржаўную ўладу, і не толькі па ўзаемаадносінах органаў вярхоўнай дзяржаўнай улады, якія «падзяляюць» паміж сабой увесь аб’ём вярхоўнай дзяржаўнай улады. Яны розняцца паміж сабой і па ўплыву насельніцтва на фармаванне вярхоўнай дзяржаўнай улады. Пры манархічнай форме праўлення ўплыў насельніцтва на фармаванне вярхоўнай дзяржаўнай улады, на вызначэнне складу органаў вярхоўнай дзяржаўнай улады, паўнаты і аб’ёму іх паўнамоцтваў, вызначэнне асноўных накірункаў унутранай і знешняй палітыкі невялікі ў параўнанні з рэспубліканскай формай праўлення. Сказанае не азначае, што па ступені ўплыву насельніцтва на вярхоўную дзяржаўную ўладу можна беспамылкова рабіць выснову аб сутнасці дзяржаўнай улады, аб тым, наколькі вярхоўная дзяржаўная ўлада адпавядае свайму прызначэнню.
Як манархічная, так і рэспубліканская формы праўлення не застаюцца нязменнымі. Гісторыі развіцця дзяржавы і права вядомы абсалютная і абмежаваная манархіі, канстытуцыйная манархія і саслоўна-прадстаўнічая. Па грамадска-эканамічных фармацыях выдзяляюць манархію рабаўладальніцкую, феадальную і буржуазную. У сваю чаргу існавалі рэспубліканская форма праўлення ва ўмовах рабаўладальніцкай грамадска-эканамічнай фармацыі, пры феадалізме і, безумоўна, пры капіталістычным ладзе.
У сучасным свеце вярхоўная дзяржаўная ўлада арганізуецца пераважна як рэспубліка, але не страціла свайго значэння і манархічная форма арганізацыі вярхоўнай дзяржаўнай улады. Праўда, абсалютная манархія ў якасці формы праўлення выкарыстоўваецца ў сучасным свеце як выключэнне, а вось парламентарная манархія (манархія, якая абмежавана прадстаўнічым органам – парламентам) не такая і экзатычная з’ява. Рэспубліка ў якасці формы праўлення ў сучасным свеце – найбольш распаўсюджаная з’ява. Рэспубліка падзяляецца на парламентарную, прэзідэнцкую і змешаную. Асноўны фактар, які размяжоўвае парламентарную і прэзідэнцкую рэспубліку – парадак фармавання выканаўчай улады і найперш органа, які ўзначальвае ўсю вертыкаль выканаўчай улады – урада. Калі ўрад краіны фармуецца парламентам, то мы маем справу з парламентарнай рэспублікай. Калі ж урад краіны ствараецца прэзідэнтам краіны, то мы маем справу з прэзідэнцкай рэспублікай. Змешаная рэспубліка ўяўляе сабой такую мадэль фармавання ўрада краіны, калі ён ствараецца «на парытэтных» пачатках і парламентам, і прэзідэнтам краіны.
Рэспубліка Беларусь па форме праўлення згодна з адзначанай класіфікацыяй адносіцца да прэзідэнцкай рэспублікі. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь валодае рашаючымі паўнамоцтвамі па фармаванню выканаўчай улады ў краіне, моцнымі рычагамі ўздзеяння на ўсе самастойныя галіны ўлады і шырокімі паўнамоцтвамі кіраўніка краіны, якія дазваляюць каардынаваць дзейнасць усіх самастойных галін улады.