§ 3. Малюнак дэталяў твару і гіпсавай мадэлі абрубоўкі галавы
^ Вверх

§ 3. Малюнак дэталяў твару і гіпсавай мадэлі абрубоўкі галавы

 

У малюнках галавы, як і ў малюнках чэрапа, трэба захоўваць сваю паслядоўнасць, якая залежыць ад пастаўленых задач. Задачы ў першых малюнках павінны ставіцца на выяўленне канструктыўнай будовы галавы (глава_2_31 - глава_2_35). Для гэтага пажадана мець адпаведны наглядны дапаможнік, на якім выразна прагледжваліся б шырыня і глыбіня галавы і яе дэталей. Як пры маляванні чэрапа, так і пря маляванні галавы для перадачы аб’ёму трэба спачатку карыстацца лініяй. Для лепшага разумення формы галавы ў першых малюнках побач з галавой можна ставіць чэрап. Лінейна-канструктыўных малюнкаў патрэбна зрабіць некалькі і ў розных паваротах і ракурсах. Пажадана іх весці адначасова. Можна на адным лісце паперы, а можна і на розных. Гэта не прынцыпова. Прынцыпова тое, што трэба ўважліва сачыць і аналізаваць, як адна форма спалучаецца з другой, як вялікая форма ўплывае на малую, як уплывае будова чэрапа на будову галавы і гэтак далей.

На першых этапах малюнка не трэба звяртаць увагу на дробныя дэталі. Трэба спачатку вызначыць суадносіны вышыні галавы да шырыні. Затым лёгкімі лініямі, праведзенымі па абрысу галавы, знайсці частковае падабенства натуры. Калі мы закрываем вочы, нос, рот чалавеку, то мы яго ўсё роўна пазнаем. А па адных вачах ці носе пазнаць чалавека вельмі цяжка, а то і наогул немагчыма. Таму, пакуль у вялікім аб’ёме не ўгадваецца чалавек, то толькі вачыма і носам дабіцца падабенства немагчыма.

Далей трэба вызначыць, дзе будзе праходзіць сярэдзінная лінія. Такая лінія пры павернутай галаве да гледача пройдзе па вертыкалі і раздзеліць галаву на дзве роўныя часткі. Пры павароце галавы, каб вызначыць, дзе будзе праходзіць сярэдзінная лінія, трэба спачатку абавязкова знайсці шырыню твару. У такім выпадку сярэдзінная лінія раздзеліць галаву на дзве няроўныя часткі. І чым большы паварот, тым большая будзе тая частка, якая бліжэй да нас (глава_2_31).

Акрамя сярэдзіннай лініі, трэба правесці папярэчную. Папярэчная лінія вызначае месцазнаходжанне вачніц і звычайна дзеліць галаву на дзве роўныя часткі, і ў залежнасці ад таго, прамая яна ці выгнутая, паказвае ступень наклона галавы і ракурсу.

Ад правільнасці ўзятых сярэдзіннай і папярочнай ліній залежыць далейшая работа над малюнкам. Сярэдзінная лінія дапамагае ставіць на месца ўсе парныя формы галавы і, праходзячы па сярэдзіне пераносіцы, асновы носа, вуснаў і падбародка, дакладна вызначае іх месцазнаходжанне (глава_2_31). Паралельна папярочнай можна правесці ўсе астатнія дапаможныя лініі, якія вызначаць месцазнаходжанне парных формаў. Усе гэтыя лініі, паралельныя паміж сабой, падпарадкоўваюцца законам перспектывы і пры павароце галавы зыходзяцца ў адну кропку на лініі далягляду.

Калі на вялікай форме знойдзена месцазнаходжанне яе дэталей, можна непасрэдна прыступаць да выяўлення іх формы. У канструктыўнай галаве, з якой мы малюем, гэтыя формы абагульненыя і выразна прачытваюцца. Іх трэба не змалёўваць, а імкнуцца зразумець, таму што гэта аснова, па якой утвараецца жывая форма. Трэба абавязкова такія дэталі, як вочы, нос, вусны, вушы маляваць адначасова з жывой галавы. Для гэтага лепш за ўсё самому сесці перад люстэркам. Маляваць іх спачатку па-асобку і вельмі ўважліва. Трэба паспрабаваць на аснове канструктыўнай намаляваць жывую форму (глава_2_27 - глава_2_30). Больш выразна зразумець, чым абумоўліваецца будова як галавы, так і яе дэталей, дапаможа пластычная анатомія.

Пры маляванні дэталей трэба не забываць пра вялікую форму. Неабходна сачыць, каб яны ўтваралі  адзінае цэлае і не глядзеліся асобна, каб малыя формы не разбуралі вялікай формы. Гэтага можна дасягнуць дакладна ўзятымі танавымі адносінамі і перспектывай. Наогул, канструктыўную будову галавы заўжды трэба ўвязваць з перспектывай. Ігнараванне перспектывы прыводзіць да грубых памылак у малюнку.

Каб галава «жыла» ў асяроддзі і не здавалася выразанай на лісце паперы, трэба не забываць звяртаць асаблівую ўвагу на сувязь яе з фонам. Патрэбна ў малюнку ўважліва сачыць за характарам дотыку знешніх краёў галавы з фонам. Яны могуць то ўзмацняцца, то аслабляцца, то наогул знікаць, пры гэтым яшчэ больш вызначаць характар форм і іх сувязь з асяроддзем (глава_2_31, глава_2_32). Для сувязі з асяроддзем можна працаваць з фонам (глава_2_33, глава_2_35; глава_1_2, глава_1_3).

Яшчэ раз належыць звярнуцца да тону і танавых адносін у малюнку галавы. Каб хапіла сілы тону для вытрымання ўсіх танавых адносін у малюнку, трэба вельмі эканомна адносіцца да тона. Неабходна разлічыць так, каб яго хапіла ў канцы малюнка на тое, каб выдзяліць самае галоўнае і характэрнае. Трэба прывучаць сябе не карыстацца ў малюнку гумкай. Пры яе выкарыстанні губляецца свежасць малюнка. Неабходна ўлічваць, што многія мяккія матэрыялы пакідаюць цікавую фактуру, і выкарыстанне гумкі тут будзе наогул недарэчы. Падчас жывапісу звычка працаваць з гумкай таксама нічога добрага не дае. Прыйдзецца губляць шмат часу і фарбаў, неапраўдана перагружаць і замучваць палатно.

Калі разуменне канструктыўнай будовы галавы складзецца дастаткова, трэба самастойна выявіць канструкцыю ў малюнку іншай галавы. Для гэтага лепш за ўсё ўзяць гіпсавыя злепкі з грэчаскай скульптуры, абагульненага, манументальнага характару. Такую галаву трэба маляваць у некалькіх паваротах і ракурсах з легкай танавой прапрацоўкай. Прычым больш увагі неабходна звяртаць на месцы пераходу шырыні галавы на яе глыбіню. Штрых класці па форме аб’ёму (глава_2_36 - глава_2_37). Адзін малюнак зрабіць з той жа галавы з дакладнай перадачай танавых адносін. Для гэтай мэты можна выкарыстаць галаву або маску галавы Давіда работы Мікеланджала (глава_2_40). У гэты ж час варта зрабіць некалькі розных па характару копій  з малюнкаў старых майстроў. Пры гэтым звярнуць асаблівую ўвагу, як лаканічна і проста перадаецца аб’ём галавы, фактура, матэрыяльнасць, як арганічна ўжываюцца лінія і пляма, які вялікі танавы дыяпазон, наколькі дакладна пасажана кожная дэталь, так, што не ўзнікае сумнення ў падабенстве з натурай. У кожнага мастака свая манера ў выкананні малюнка, але няма манернасці і нічым не апраўданага эфекту. Усё разлічана і накіравана на перадачу характару і ўнутранага стану чалавека.

У кожным малюнку выразна прачытваецца задача, якую мастак ставіў перад сабой. І ўжо ў адпаведнасці з пастаўленай задачай шукаў сродкі для яе выканання.

Напрыклад, Дзюрэр, калі малюе апостала, каб перадаць яго мудрасць, не здарма выбірае старога чалавека і пры гэтым звяртае ўвагу на яго лоб (глава_1_2). Для гэтага ён выкарыстоўвае таніраваную паперу. А размяшчэннем галавы ў фармаце яшчэ больш выразна перадае сваю ідэю. Адначасова малюнак так па-майстэрску выкананы, што спачатку звяртаеш увагу на ідэю, толькі потым на тое, як гэта ідэя ўвасоблена.

Тую ж мудрасць, але іншымі сродкамі, перадае ў аўтапартрэце Леанарда да Вінчы. Ён акцэнтуе ўвагу на вочы. Усё іншае ў малюнку малазначнае. Маршчыны на пераносіцы і на лобе больш сведчаць аб глыбокіх думках, чым аб старасці (глава_1_1).

Калі паглядзець на малюнкі Верроккьо (глава_1_8 - глава_1_11), то па характару выканання адразу відаць, што гэта эскіз альбо падмалёвак для будучай работы. Па кропках малюнка можна дакладна сказаць, што гэта кардон. Для вучэбнай мэты гэтыя малюнкі маюць сваю каштоўнасць. На іх відаць, як майстар дастаткова прынцыпова лепіць аб’ём. А тыя месцы, дзе форма будзе перадавацца тонкімі танавымі адносінамі, абазначаюцца кропкамі па абрысу гэтых формаў. У павароце галавы і вачах адчуваецца, што гэты малюнак выкананы для работы на рэлігійную тэматыку (глава_1_9). Пра гэты малюнак, як і пра малюнак (глава_1_8), нельга сказаць, што гэта партрэт. Тут мы бачым проста абагульненую схему галавы юнака.

Нельга гаварыць як аб партрэце і пра малюнак Рубенса (глава_1_6). Тут хочацца звярнуць увагу, як мастак для перадачы тонкіх духоўных пачуццяў выкарыстоўвае кантраст паміж магутным насычаным ценем і чула, на адным дыханні, намаляванымі вачыма.

Нельга ні з кім паблытаць малюнкі Ганса Гальбейна-малодшага (глава_1_12 - глава_1_18). Ён у сваіх работах вельмі дэлікатна і тактоўна выкарыстоўвае лінію. Лінія ў яго малюнках ажывае, матэрыялізуецца. Не менш тактоўна выкарыстоўвае ён і тон у сваіх малюнках. Дзякуючы чаму яны лёгкія і, на першы погляд, вельмі простыя ў выкананні. Але гэта можа падацца толькі тым, хто недастаткова адчувае малюнак.

Робіць ухіл на лінію ў сваіх малюнках і Лукас Кранах-старэйшы. Але для яго характэрна тое, што малюнкі па свайму фізічнаму ўспрыманню больш важкія, прыземленыя (глава_1_20, глава_1_21). Ёсць у яго і вельмі тонкія танавыя малюнкі (глава_1_22, глава_1_23).

У малюнках Фешына адчуваецца майстэрскае валоданне вуглём (глава_1_24 - глава_1_31). Гэтыя творы з’яўляюцца ўзорам харошай акадэмічнай школы. Яны могуць служыць добрым прыкладам малявання вуглём.

 

Заданне

 

На аснове аналізу прац старых майстроў паспрабуйце прааналізаваць малюнкі ў дапаможніку (глава_2_16, глава_2_33, глава_2_35). Зрабіце іх крытычны аналіз, вызначце станоўчыя і адмоўныя бакі, знайдзіце памылкі.