§ 1. Малюнак чэрапа
^ Вверх

§ 1. Малюнак чэрапа

 

Каб дасягнуць значных поспехаў у малюнку галавы чалавека, патрэбна пэўная паслядоўнасць. Адразу прыступаць да малюнка жывой галавы – дарэмная трата часу. Галава чалавека мае складаную будову. І каб лягчэй зразумець гэтую будову, трэба спалучаць тэарэтычныя веды з практычнымі заняткамі. Асновай будовы галавы з’яўляецца чэрап. Таму перш чым прыступаць да малюнка галавы, трэба дасканала ведаць анатамічную будову чэрапа. Для гэтага спачатку неабходна вывучыць назву тых частак чэрапа, з якіх ствараецца яго аб’ём і якія маюць пластычнае значэнне ў малюнку. А калі будзеш ведаць назвы частак аб’ёму, будзеш ведаць, што яны існуюць, і тады ўсвядомлена будзеш весці малюнак.

Перш чым пачаць маляваць, трэба ўсвядоміць, што чэрап – гэта аб’ёмная форма. А любая аб’ёмная форма мае сваю вышыню, шырыню і глыбіню. Для таго каб перадаць глыбіню на лісце паперы, трэба ведаць законы лінейнай і паветранай перспектывы. І хаця заняткі па малюнку заўжды пачынаюцца адначасова з вывучэннем перспектывы, ёсць сэнс яшчэ раз нагадаць некаторыя яе моманты, таму што пачынаючыя мастакі не заўжды могуць прымяняць свае веды ў кожным новым і канкрэтным выпадку. Для гэтага звернемся да малюнка 1. На што тут трэба звярнуць увагу? Усе паралельныя прамыя на ўдаленні зыходзяцца ў адну кропку на лініі далягляду. Гэта адно з важных правіл, якое дапаможа правільна размяшчаць парныя формы аб’ёма. Другое, на што трэба звярнуць увагу, гэта тое, што ўсе лініі на ўдаленні высвятляюцца ў тоне, становяцца менш кантраснымі. На малюнку добра відаць, што тонам лініі можна перадаць прастору. І калі не вытрымліваецца тон лініі, тады разбураецца аб’ём, на якім яна знаходзіцца. Гэты закон паветранай перспектывы спатрэбіцца пры лінейна- канструктыўным малюнку.

Трэба адзначыць, што не толькі перспектывай можна перадаць прастору. Звернем увагу на малюнак 2. На ім размешчана некалькі прамавугольных плоскасцей, якія ўтвараюць зрокавую прастору на плоскім лісце паперы. Уражанне прасторы атрымліваецца шляхам перакрывання адной плоскасці другую. Пры гэтым відаць, што не залежна ад памераў бліжэй да нас будзе тая плоскасць, якая перакрывае папярэднюю. На гэты прыём таксама трэба абавязкова звярнуць увагу і выкарыстоўваць пры неабходнасці ў малюнку. Трэба заўжды памятаць, што любая лінія ў малюнку не можа існаваць сама па сабе. Яна з’яўляецца часткай якой-небудзь плоскасці ці аб’ёму і, перакрываючы адной лініяй другую, яна перакрывае адной плоскасцей ці аб’ёмам другую плоскасць ці аб’ём. У выніку чаго адзін аб’ём будзе да нас бліжэй, а другі – далей. На малюнках вопытных мастакоў можна заўважыць, што яны выкарыстоўваюць гэты прыём.

Добра асэнсаваўшы ўсё вышэйсказанае, можна прыступаць непасрэдна да малюнка чэрапа. Тут таксама трэба захоўваць паслядоўнасць у пастаўленых задачах. Задача ў першых малюнках – выя’ўленне канструктыўнай будовы чэрапа. Для гэтага іх лепш выконваць лінейна-канструктыўна  без прымянення тону. Хаця для меншай блытаніны ў лініях можна прымяніць лёгкі ўмоўны тон, які выявіць святло і цень. Пры выяўленні аб’ёму толькі лініяй можна зберагчы шмат часу, які губляецца на штрыхоўку. Гэта па-першае.  Па-другое – многія нявопытныя малявальшчыкі хаваюцца за тонам. Яны заштрыхоўваюць цёмненькія і светленькія плямкі і пры гэтым не бачаць і не аналізуюць, што абазначаюць гэтыя плямкі. Такі малюнак карысці ніколі не прынясе. І, па трэцяе, – лінія больш дысцыплінуе. Дакладна праведзеная лінія на мяжы святла і цені перадае поўнае ўяўленне аб аб’ёме.

Тут трэба адзначыць, што лініі, у залежнасці ад функцыі, якую яны выконваюць, бываюць дапаможныя, восевыя і канструктыўныя. Пры дапамозе канструктыўных ліній можна перадаваць аб’ём. Толькі трэба добра ведаць, што канструктыўныя лініі, якія знаходзяцца ў зоне ценю і зоне святла, не павінны блытацца ў тоне. Канструктыўныя лініі, якія знаходзяцца ў зоне ценю, на аддаленні становяцца больш светлыя, а тыя, што ў зоне святла, на аддаленні больш цёмныя. Але ў зоне святла яны заўжды павінны быць больш светлымі, чым у зоне ценю. Гэтае простае правіла трэба запомніць. Захоўваць дакладныя танавыя адносіны прынцыпова важна. Пры іх парушэнні парушаецца і аб’ём. Прыгадаем малюнак 1. Калі дакладна знойдзены танавыя адносіны канструктыўных ліній, лёгка нанесці тон у малюнку. Канструктыўныя лініі тут з’яўляюцца  камертонам. На пошук тону ў малюнку пры дапамозе штрыха патрэбна значна больш часу.

Варта звярнуць увагу на характар лініі. Трэба імкнуцца, каб яна была лаканічная, жывая. Лінія трэніруе руку, фарміруе густ. У першых малюнках дасягнуць гэтага цяжка, але пры старанні паступова атрымаецца. Мастацтвам можа займацца амаль што кожны, але без густу стаць мастаком немагчыма.

Трэба адзначыць, што пачынаючыя рысавальшчыкі не зусім усведамляюць, што такое канструкцыя, і таму не разумеюць, як яе перадаць у малюнку. Таму звычайна імкнуцца схавацца за тонам. Не дай такому мастаку карыстацца тонам у малюнку, і ён не будзе ведаць, як перадаць аб’ём. Таму, для больш поўнага разумення канструкцыі, яе трэба паказаць на канкрэтным прыкладзе. Для гэтага можна зрабіць чэрап, у якім добра прачытвалася б яго канструктыўная будова. Але маляваць такі чэрап насколькі карысна, настолькі і небяспечна. Небяспека заключаецца ў тым, што не прымушае думаць. Яго можна проста змаляваць. На гэта часта звяртаў увагу сваіх вучняў Врубель. Тут дарэчы згадваюцца словы Мікеланджала, што трэба маляваць не рукамі, а галавой. А каб прымусіць студэнта маляваць «галавой», неабходна ствараць адпаведныя ўмовы пад час малюнка. Напрыклад, для выяўлення канструкцыі трэба маляваць звычайны чэрап,  а за плячамі паставіць канструктыўны і пры неабходнасці адварочвацца. Можна паставіць два чэрапы побач, але па-рознаму іх павярнуць, пры розных асвятленнях. Такіх умоў можна стварыць шмат, але лепш не дапускаць патрэбы ў іх стварэнні. З гэтай мэтай можна звярнуцца да ілюстрацый малюнкаў, размешчаных у гэтым дапаможніку, што дапаможа прымяняць набытыя тэарэтычныя веды з дапаможніка на практыцы.

Перш чым прыступіць да малюнка чэрапа, трэба яго аглядзець з усіх бакоў. Пры гэтым варта паспрабаваць зразумець, як адна форма спалучаецца з другой. Карысна зрабіць некалькі накідаў з розных пунктаў (глава_2_3). Пачынаць работу можна толькі пасля таго, як зразумееш і адчуеш будову чэрапа. У  першых малюнках трэба імкнуцца як мага больш спрасціць яго канструктыўную будову, выявіць у ім самае галоўнае (глава_2_4 - глава_2_7). Для больш поўнага ўяўлення аб аб’ёме першыя малюнкі трэба рабіць празрыстымі. Маляваць тыя парныя формы, якіх не відаць. «Празрыстыя» малюнкі трэба маляваць у розных паваротах і ракурсах (глава_2_8 - глава_2_11). Такія малюнкі дапамогуць больш дасканала зразумець аб’ём.

Разабраўшыся ў вялікім аб’ёме, можна прыступаць да больш дэтальнай прапрацоўкі чэрапа (глава_2_12 - глава_2_14).Тут трэба звярнуць увагу на тое, што гэтыя дэталі паміж сабой узаемазвязаны і не могуць існаваць асобна ад вялікай формы, на якой яны размешчаныя. Пры павароце вялікай формы мяняюцца адначасова і ўсе малыя формы. На гэтай стадыі  малявання належыць сачыць за прапорцыямі. А менавіта – за суадносінамі велічынь асобных частак паміж сабой і да ўсяго цэлага. Адначасова трэба сачыць за перспектыўным скарачэннем парных форм і за танавымі адносінамі канструктыўных ліній. Для больш поўнага разумення будовы чэрапа можна паставіць побач любы прадмет – больш выразны па сваёй будове. Напрыклад, як на малюнку 13. На што тут трэба звярнуць увагу? Як капітэль, так і чэрап складаюцца з розных па форме аб’ёмаў. Але аб’ём капітэлі лягчэй прачытваецца за лік таго, што на ёй больш выразна відаць, дзе пераламляецца форма. Таму ў малюнку чэрапа трэба выкарыстаць гэты прынцып, і больш выразна выдзяляць месцы стыкоўкі і ломкі формы.

Карысна маляваць адначасова на адным лісце чэрап з розных пунктаў. Гэта дазваляе весці малюнак больш асэнсавана. Так хутчэй і больш дасканала вывучаецца будова чэрапа (глава_2_14).

Пасля таго, як дастаткова грунтоўна засвоена канструктыўная будова чэрапа, можна пераходзіць да танавога малюнка (глава_2_14 - глава_2_19). Тут можна карыстацца звычайным чэрапам. Спачатку для больш выразнага выяўлення аб’ёму можна выкарыстоўваць штучнае асвятленне, затым карыстацца дзённым святлом. Пры пераходзе да танавога малюнка трэба ўважліва сачыць за танавымі адносінамі. Пачынаючыя рысавальшчыкі дастаткова часта не заўважаюць розніцы паміж тонам рэфлекса і тонам святла. Гэта прыводзіць да танавой блытаніны. Малюнак губляе сваю выразнасць, цяжка прачытваецца аб’ём. У танавым малюнку патрэбна больш дасканала прапрацоўваць першы план, перадаваць рэльеф і фактуру матэрыялу. А па меры ўдалення формы ў глыбіню малюнка прапрацоўка і лепка формы паступова становіцца менш актыўнай. Паверхня, на якую трапляе святло, прапрацоўваецца больш дасканала, а ценевая больш абагульнена.

Карысна адначасова з малюнкам чэрапа паспрабаваць праляпіць яго. Лепка дасць большае фізічнае адчуванне аб’ёму і прасторы. Каб праверыць сябе ў малюнку, можна паспрабаваць праляпіць чэрап па сваім малюнку. І тады, які вузел не зразумелы і па ім нельга ляпіць, трэба спрабаваць давесці малюнак да большай выразнасці. Так можна правяраць узровень свайго малюнка. Можна ўяўляць сабе, што з малюнка прыйдзецца ляпіць. Такі падыход звычайна прыносіць добрыя вынікі.

Важна адзначыць, што прызначэнне малюнка заключаецца не толькі ў перадачы аб’ёму, яно значна шырэйшае. Пры маляванні чэрапа можна вучыцца спалучаць вучэбныя і творчыя задачы. Гэтыя задачы заключаюцца ў мастацкім адборы, ва ўменні выбраць галоўнае і характэрнае, знайсці выяўленчыя сродкі для іх выявы.

Да творчых задач у малюнку адносіцца кампазіцыя. Варта адзначыць, што кампазіцыя ў станаўленні мастака занімае значнае места. Таму да кампазіцыі варта адносіцца сур’ёзна не толькі ў малюнку, але і ва ўсіх відах мастацтва. Трэба ў кожнай кампазіцыі шукаць штосьці цікавае, новае, імкнуцца раскрыць сябе. Напрыклад, можна паспрабаваць закампанаваць малюнак вельмі шчыльна ў край паперы, і каб ён пры гэтым не выпадаў з фармата (глава_2_17). Можна зрабіць малюнак малых памераў і перадаць уражанне яго важкасці. Можна ў кампазіцыі ісці ад лініі, а можна ад плямы. Можна спрабаваць выкарыстоўваць розныя тэхнікі і матэрыялы (глава_2_15, глава_2_17, глава_2_18).

Перш чым прыступіць да наступнага этапа малюнка галавы, трэба выканаць па ўяўленню некалькі малюнкаў чэрапа ў розных паваротах і ракурсах. Гэта дасць магчымасць праверыць свае веды ў разуменні будовы чэрапа. У гэтых малюнках не трэба звяртаць увагу на дробныя дэталі мадэлі, а выяўляць абагульненую вялікую форму (глава_2_20, глава_2_21).