ПРАДМОВА
^ Вверх

ПРАДМОВА

 

Малюнак галавы чалавека – гэта важны і складаны этап у навучальным працэсе. У чым жа заключаецца яго складанасць? Ва ўсіх школах рэалістычнага мастацтва заняткі па малюнку пачынаюцца пастаноўкамі з простых па форме геаметрычных рэчаў. На іх аснове даюцца амаль усе законы пабудовы рэалістычнай формы аб’ектыўна існуючага асяроддзя. Але ў тым і заключаецца праблема пры пераходзе да малюнка галавы чалавека, што яна мае складаную будову. І тут узнікае шмат пытанняў. На сённяшні дзень напісана шмат падручнікаў па малюнку наогул і па малюнку галавы ў прыватнасці. Але ў іх раскрываюцца ў асноўным пытанні больш тэарэтычнага характару. Вопыт працы са студэнтамі паказвае, што ім не хапае практычных ведаў. Тэарэтычна як маляваць яны ведаюць, а на практыцы ўзнікае многа пытанняў. Гэта і паслужыла асновай для напісання  дапаможніка.

Дапаможнік складзены ў адпаведнасці з праграмай па малюнку для студэнтаў спецыяльнасці 1-03 01 01 «Выяўленчае мастацтва».

Мэта дапаможніка – праз шматразовыя малюнкі галавы спрыяць выхаванню ў студэнтаў пачуцця павагі да Чалавека, прывіць прафесійныя навыкі і тонкі мастацкі густ, які вельмі спатрэбіцца ў выкладчыцкай дзейнасці, асабліва з дзецьмі малодшага школьнага ўзросту.

Задача дапаможніка – даць студэнтам грунтоўныя веды па малюнку галавы чалавека. Навучыць у складаным бачыць простае, а ў простым умець вырашаць складанае.

У дапаможніку змяшчаецца шмат ілюстратыўнага матэрыялу. На яго аснове даюцца метадычныя парады: як і ў якой паслядоўнасці весці працу над малюнкам галавы чалавека, дасканала разглядаюцца пытанні канструктыўнай будовы чэрапа і галавы чалавека, кранаюцца пытанні кампазіцыі ў малюнку. Як вынік і канчатковая мэта канструктыўнага малюнка змешчаны рэпрадукцыі студэнцкіх прац жывой галавы чалавека, дзе перадаецца матэрыяльнасць, характар і падабенства натуры.

А паколькі студэнты спецыяльнасці 1-03 01 01 –  будучыя настаўнікі выяўленчага мастацтва ў школе, ім даецца спецыяльнае заданне, у якім патрэбна зрабіць крытычны аналіз студэнцкіх малюнкаў, вызначыць станоўчыя і адмоўныя бакі ў гэтых малюнках.

У канцы дапаможніка змешчаны рэпрадукцыі малюнкаў старых майстроў, якія сваім узроўнем і майстэрствам, думаецца, будуць натхняць студэнтаў як на творчую, так і педагагічную дзейнасць.