Лекцыя 3
1. Асноўныя рысы шляхецкай дэмакратыі і правасвядомасці.
2. Палітыка-прававая думка Беларусі аб прынцыпах дзяржаўнай уніі Вялікага княства Літоўскага з Польшчай.
3. Палітыка-прававыя погляды і ідэі Мікалая Радзівіла Чорнага, Астафія Валовіча, Льва Сапегі, Андрэя Волана.
4. Развіццё прававой думкі ў Статутах Вялікага княства Літоўскага.
1. Асноўныя рысы шляхецкай дэмакратыі і правасвядомасці
Шляхта напрыканцы ХV – ХVІ стст. са стану ваеннаабавязаных землеўладальнікаў пераўтварылася ў стан «народ шляхту», які ў Вялікім княстве Літоўскім заняў пануючае становішча. Разам са зменамі ў сацыяльным і прававым становішчы шляхты адбыліся змены ў яе правасвядомасці.
Каб усвядоміць гэтыя змены, звернемся да дакументаў таго часу, і, найперш да прывілея Аляксандра 1492 года. Гэты прывілей М.В. Доўнар-Запольскі называў Канстытуцый 1492 года, «першай агульнадзяржаўнай хартыяй вольнасцей». «Шляхецкаму класу ўсёй дзяржавы, – адзначаў М.В. Доўнар-Запольскі, – яна давала такія правы і прывілеі, якія рабілі для яго непатрэбнымі мясцовыя канстытуцыйныя акты» [12, с.80]. Прывілей 1492 года ўвёў значныя абмежаванні ўлады вялікага князя. Так, вялікі князь прыняў на сябе абавязкі, не параіўшыся з панамі-радай, не пасылаць паслоў у іншыя дзяржавы, не заключаць саюзных дагавораў з замежнымі краінамі. Падаткі, што збіраліся ў казну, маглі расходавацца на земскія патрэбы толькі паводля рашэння паноў-рады. Вялікі князь абяцаў «все должности и держания, без совета с нашими панами радными никому нами не будут раздаваться» (арт. 17). Вялікаму князю не дазвалялася «изменять, исправлять или переделывать» усе ранейшыя пастановы і судовыя справы (арт. 14). Прывілей (арт. 9) вызваляў прыватнаўласніцкіх сялян ад дзяржаўных падаткаў і павіннасцяў. Справа даходзіла нават да прыніжэння годнасці вялікага князя. У артыкуле 15 Прывілея 1492 года чытаем: «Также, если бы какие-либо постановления и дела были переданы для обсуждения в раду с нашими панами и самим панам не понравились, то за это мы не должны на них сердиться, но будем выполнять то, что они советовали нам для нашей общей пользы».
Такім чынам, вялікі князь абавязваўся выконваць усе парады паноў-рады нават і ў тым выпадку, калі гэтыя парады не будуць адпавядаць яго поглядам; пры гэтым князь не павінен гневацца на паноў-рады, а толькі пакорліва як інструмент шляхты выконваць яе волю.
Разам з істотнымі абмежаваннямі ўлады вялікага князя значна пашыраліся правы і вольнасці шляхты. Юрыдычна пануючае становішча шляхты ў Вялікім княстве Літоўскім было замацавана Статутам Вялікага княства 1588 года (раздзел 3: «О волностях шляхетских и о размноженью Великого князства Литовского») і іншымі актамі таго часу. У тэксце Статута 1588 года мы знаходзім тэрмін «народ-шляхта» (раздз. 3, арт. 41), якому заканадаўча надаюцца самыя шырокія правы і льготы.
З другой паловы ХVІІ ст. у Рэчы Паспалітай пачала ажыццяўляцца ідэя непасрэднай шляхецкай дэмакратыі (без выбару паслоў). Паспалітае рушэнне ў некаторых выпадках стала пераўтварацца ў абозны сойм (пад Віцебскам у 1562 г., у Мінску ў 1564 г.), за якім затым замацавалася назва коннага сойма. Конны сойм з’яўляўся канфедэратыўным (рашэнні прымаліся большасцю галасоў). Нават была зроблена спроба (1733 г.) увесці палажэнне, каб кожны трэці сойм быў конным, але на практыцы гэтае палажэнне не выконвалася.
У ХVІ – ХVІІІ стст. у Рэчы Паспалітай усталяваліся так званыя «Кардынальныя правы» (Leges cardinales), сістэма фундаментальных прававых нормаў дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай, замацаваных у якасці абавязковых і непарушных прынцыпаў. Кардынальныя правы паходзяць з дактрыны аб дасканаласці існуючай будовы дзяржавы і недапушчальнасці ніякіх прынцыповых яе змен дзеля захаванасці сацыяльнай гармоніі. Кардынальныя правы рабілі шляхту пануючым саслоўем: давалі ёй права асабістай недатыкальнасці, дазвалялі свабодна ўдзельнічаць у выбарах соймавых паслоў з абмежаваннем іх паўнамоцтваў дэпутацкімі наказамі, вызвалялі шляхту ад падаткаў, а яе ўладанні – ад пазасудовай канфіскацыі і ваеннага пастою.
Прафесар С.Ф. Сокал абгрунтавана лічыць, што змяненні ў сацыяльным і прававым статусе шляхты Вялікага княства выклікалі істотныя змены ў яе палітычнай ідэалогіі і правасвядомасці. Калі раней дзяржава разумелася як пэўная тэрыторыя з адносна аднародным па статусе насельніцтвам, то напрыканцы ХV – ХVІ ст. дзяржава ўсё больш разумеецца як палітычны орган шляхецкага саслоўя. Да ХVІ ст. вялікі князь уяўляўся як носьбіт вышэйшай улады, кіраўнік, суддзя, абаронца ўсяго насельніцтва, і найперш удоў, сірот, г.зн. людзей бедных, то з ХVІ ст. вялікі князь уяўляецца толькі як першы сярод шляхты, як інструмент яе ўлады, выразнік яе волі [10, с.38, 39].
Новыя тэндэнцыі адбываюцца і ў праваразуменні. У ХІV – ХV ст. яшчэ захаваліся тлумачэнні прыняцця законаў воляй насельніцтва пэўнай зямлі ці дзяржавы. Прыкладам могуць служыць дагаворы, прывілеі, якія былі выдадзены Полацкай, Віцебскай, Смаленскай землям, асобным валасцям, дзе ў якасці асобай умовы іх прыняцця называецца воля «людзей» ці «мужей» полацкіх, віцебскіх, смаленскіх і інш. У прывілеі Полацкай зямлі 1511 года запісана: «Также нам господару давати воеводу нашога Полочаном по их воли; а который будет воевода наш нелюб им, ино нам им воеводу иншого дати по их воли» (арт. 55). У Статуце 1566 года адзначалася, што ні асабіста вялікі князь, ні сумесна з Радай, не быў правамоцны вырашаць пытанні аб вайне і падатках. Гэтыя пытанні мог вырашаць выключна толькі сойм Вялікага княства Літоўскага (раздз. 2, арт. 2).
Агульназемскія прывілеі ў Вялікім княстве тлумачыліся часцей за ўсё як выражэнне волі вялікага князя і паноў-рады.
З пачатку ХVІ ст. у азначанае праваразуменне прыходзяць змены, сутнасць якіх – закон стаў тлумачыцца як выражэнне волі «народа-шляхты». Гэта стала магчымым з прычыны, што шляхта дамаглася ўзвышэння сваёй палітычнай ролі ў дзяржаве: узмацнілася роля вальных соймаў, павятовых шляхецкіх соймікаў, былі створаны саслоўныя шляхецкія павятовыя суды і інш.
Каб апраўдаць сваё пануючае становішча, шляхце патрэбна была палітычная ідэалогія. Такой ідэалогіяй стала летапіснае сцвярджэнне «Хронікі Быхаўца» аб быццам рымскім паходжанні беларуска-літоўскай шляхты, гэта надавала ёй быццам права займаць пануючае становішчы ў грамадстве. Таму заканадаўца таго часу імкнуўся не да сцвярджэння ўсеагульнай роўнасці перад законам, а ствараў шляхце значныя льготы і перавагі. У Статуце 1588 года было ўсталявана, што толькі шляхта карысталася правам ўласнасці на зямлю, магла служыць у дзяржаўным апараце, без пошліны вывозіць прадукцыю сваёй гаспадаркі за мяжу і інш.
Ідэолагамі шляхты была распрацавана спецыяльная палітыка-прававая праграма, якая атрымала назву экзекуцыйнай. У аснову гэтай праграмы былі пакладзены патрабаванні вяртання шляхце тых правоў, якія быццам адабрала ў яе калісьці каралеўская ўлада. У свядомасці тагачаснай шляхты экзекуцыйная праграма ўяўлялася як праграма выпраўлення Рэчы Паспалітай, перабудовы яе палітычнага ладу ў накірунку шырокай шляхецкай дэмакратыі. (Больш падрабязна аб экзекуцыйнай праграме гл.: Грабеньский, В. История польского народа / В. Грабеньский. – Минск, 2006. – С. 157–158, 165–170. Грабеньскі Уладзіслаў (1851 –1926 – польскі гісторык, акадэмік, прадстаўнік ліберальна-патрыятычнага напрамку). На самой справе, аб’ектыўна, экзекуцыйная праграма вяла да палітычнай анархіі, аслабляла цэнтральную ўладу, стварыла падмурак для ўвядзення ліберум вета, шляхецкіх канфедэрацый і рокаша, рэляцыйных шляхецкіх соймікаў і іншых разбуральных элементаў Рэчы Паспалітай.
Супярэчліва ў ХVІ ст. вырашалася праблема роўнасці правоў шляхты. Ідэалагічна ў асяродку шляхты ідэя роўнасці лічылася агульнапрызнанай каштоўнасцю. Рашэннямі соймаў Рэчы Паспалітай 1638, 1641 гг. і інш., забаранялася надзяляць шляхту тытуламі і званнямі. Выключэннем былі толькі тыя княжацкія роды Вялікага княства Літоўскага, якія мелі старажытнабеларускае паходжанне і былі ўказаны ў акце Люблінскай уніі. Адметнае і тое, што Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 года пачынаўся з артыкула, які ўстанаўліваў роўнасць людзей перад законам: «Вси обыватели Великого князства Литовского тым одным правам писаным и от нас даным сужоны быти мають» (раздз.1, арт. 1).
Але сапраўдны статус феадалаў Вялікага княства не быў роўным. Пры паслабленні цэнтральнай улады Рэчы Паспалітай магнаты станавіліся ўсё больш незалежнымі і недасягальнымі ў адносна сярэдняй і дробнай шляхты, канфлікты сярод магнатаў перараслі ў сапраўдную грамадзянскую вайну. Аслабленая «залатой шляхецкай свабодай» цэнтральная каралеўская ўлада Рэчы Паспалітай не мела ні сіл, ні магчымасцей, каб пакласці канец гэтай крывапралітнай вайне.
Сярод пануючага класа склалася ўяўленне аб дасканаласці дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай, які быццам гарантуе сапраўдны росквіт шляхецкай свабоды і можа параўноўвацца толькі са старажытнай рымскай рэспублікай. Адсюль вынікала, што Рэчы Паспалітай не патрэбны рэформы, бо яе дзяржаўны лад з’яўляецца вынікам вышэйшай палітычнай мудрасці.
Усё гэта аслабляла і развальвала Рэч Паспалітую, прывяло да яе трох падзелаў паміж Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй. Рэч Паспалітая як самастойная дзяржава больш як на стагоддзе знікла з палітычнай карты свету.
2. Палітыка-прававая думка Беларусі аб прынцыпах дзяржаўнай
уніі Вялікага княства Літоўскага з Польшчай
Перыяд уній Вялікага княства Літоўскага з Польшчай заняў больш за 400 гадоў (1385 – 1795 гг.). Саюзы (уніі) з Польшчай хвалявалі перадавых людзей таго часу, таму пытанне аб іх неабходнасці, сутнасці і прынцыпах неаднаразова абмяркоўваліся ў Вялікім княстве. Асабліва значная дыскусія адбылася ў 60-я гг. ХVІ стагоддзя, напярэдадні Люблінскай уніі. І.У. Вішнеўская слушна адзначае, што падчас дыскусіі выразна выявіліся два супрацьлеглыя напрамкі – прапольскі і патрыятычны [4, с.58].
Прапольскі напрамак найбольш яскрава быў прадстаўлены беларускім шляхціцам Станіславам Ажахоўскім у творы «Піраміды». Ажахоўскі зрабіў спробу распрацаваць тэорыю «вольнага каралеўства і нявольнага княства». У яе аснову ім былі пакладзены факты адноснай роўнасці польскай шляхты і права яе удзелу ў палітычным жыцці дзяржавы і адсутнасць такой роўнасці паміж магнатамі і простай шляхтай у Вялікім княстве Літоўскім.
Ажахоўскі адзначаў, быццам усе дзяржавы-княствы – гэта дэспатыі, дзе жыхары жывуць у няволі і жабрацтве. «Кожны чалавек у княстве – гэта толькі цень чалавека, а не сапраўдны чалавек», – пісаў ён [4, с.59]. Таму ўсе літвіны – нявольнікі – над якімі пануе вялікі князь. Адзіны сродак выратавання з няволі, на думку Ажахоўскага, гэта унія Літвы з Польшчай на любых умовах. Аўтар «Пірамід» прапаноўваў наступны механізм інкарпаравання ВКЛ у склад Польшчы: вялікі князь, без усякай рады з народам, павінен далучыць Княства да Польскага Каралеўства, скасаваць усе атрыбуты незалежнасці Літоўскай дзяржавы – органы ўлады і кіравання, заканадаўства, войска [4, с.59].
Ажахоўскі не звяртаў увагі на Статут ВКЛ 1566 года, які абавязваў вялікага князя не толькі захоўваць тэрытарыяльную цэласнасць Вялікага княства Літоўскага, але і дамагацца звароту зямель, раней далучаных да Польшчы (раздз. 3, арт. 3).
Другі напрамак – патрыятычны. Найбольш значным яго прадстаўніком быў Аўгусцін Ратондус (? – 1582 г.). Вядомыя толькі асобныя факты з яго біяграфіі. У 1536 годзе ён займаў пасаду віленскага войта, у 1538 годзе ўпамінаецца ў ліку студэнтаў Вітэнбергскага ўніверсітэта, у 1542 годзе – як доктар «обоега» (кананічнага і свецкага) права. Пры Жыгімонце І Старым ён займаў пасаду сакратара. Удзельнічаў ў рабоце дзвюх статутных камісій (Статутаў 1566 і 1588 гг.), адзін з аўтараў канцэпцыі дзяржаўнай незалежнасці Вялікага княства Літоўскага. Некаторыя даследчыкі (А. Брукнер, Г. Каржанеўскі) лічаць яго аўтарам твораў: «Размова паляка з літвінам» (1564 г.) і «Думка аб выбранні новага караля» (1573 г.). Акадэмік І.І. Лапо лічыў гэтыя работы калектыўнай працай, але дапускаў у іх сааўтарства А. Ратондуса.
У працы «Размова паляка з літвінам» Ратондус крытыкаваў Ажахоўскага, які вызначаў ВКЛ як «дзяржаву нявольнікаў». Ратондус адзначаў, што ў Вялікім княстве знаходзіліся «такія мужы, такія годныя дзеячы, якіх няволя не родзіць... Даказаў жа Канстанцін, князь Астрожскі, чаго ён варты! Ці тыя «нявольнікі» па Вісле не выпальвалі зямеляў... а вас да Літвы ў няволю не заганялі?» [4, с.59, 60].
У адказ на сцвярджэнне С.Ажахоўскага, быццам усе жыхары ВКЛ – бяспраўныя нявольнікі вялікіх князёў, А.Ратондус падкрэслівае вялікую павагу і пашану з боку падданых да сваіх гаспадароў, якія самааддана служылі Айчыне. На думку Ратондуса, спадчынная манархія з’яўляецца найлепшай формай кіравання для Вялікага княства Літоўскага, бо яна закрывае шлях да пасады (да трона) выпадковым асобам і авантурыстам, зніжае вастрыню барацьбы паміж палітычнымі групоўкамі магнатаў.
Ратондус разглядае пытанне і аб прынцыпах заключэння уніі з Польшчай. На яго погляд, такі саюз павінен быць раўнапраўным і ўзаемакарысным. «З вамі быць, але не страціць сваю вольнасць», – пісаў ён [4, с.60]. Ратондус папярэджваў літвінаў, што унія нясе ў сабе небяспеку для Вялікага княства Літоўскага захварэць тымі хваробамі, якія паслабляюць дзяржаўны арганізм Польшчы: маральнае разлажэнне шляхты («залатыя шляхецкія вольнасці»), абыякавасць урадцаў да сваіх абавязкаў, нежаданне сумленна служыць Айчыне і свайму манарху, невыкананне законаў, здрада і адступніцтва.
Ідэйная барацьба паклала свой адбітак і на практыку дзяржаўна-прававых сувязей Вялікага княства Літоўскага з Польшчай. Перыяд уній ВКЛ з Польшчай падзяляўся на два адметныя этапы. Першы этап (ад Крэўскай да Люблінскай уніі) атрымаў назву персанальных, дынастыйных уній, калі дзве дзяржавы мелі агульнага манарха, а ў астатнім і Літва, і Польшча заставаліся самастойнымі дзяржавамі. Другі этап пачаўся з Люблінскай уніі, згодна з якой Вялікае княства і Карона ўз’ядналіся ў адну дзяржаву – Рэч Паспалітую, хаця ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай захавала сваю палітычную адасобленасць.
Такім чынам, палітыка-прававая думка Беларусі аб прынцыпах дзяржаўнай уніі Вялікага княства Літоўскага з Польскім Каралеўствам адлюстроўвала ўвесь спектр тагачасных уяўленнях і ідэй правячых колаў княства аб магчымым саюзе дзвюх дзяржаў. Пры гэтым сярод беларускай шляхты выразна выявіліся два супрацьлеглыя напрамкі – прапольскі і патрыятычны, якія мелі як прыхільнікаў, так і праціўнікаў. Азначаныя напрамкі знайшлі сваё адлюстраванне і ў практыцы дзяржаўна-прававых сувязей Вялікага княства і Польшчы: спярша ўсталяваліся персанальныя, дынастыйныя уніі, а затым, паводле ўмоваў Люблінскай уніі, была створана адзіная дзяржава – Рэч Паспалітая, у складзе якой Вялікае княства захавала сваю палітычную адасобленасць.
3. Палітыка-прававыя погляды і ідэі Мікалая Радзівіла Чорнага,
Астафія Валовіча, Льва Сапегі, Андрэя Волана
Мысліцелі сярэднявечча свае палітычныя і прававыя ідэі і падыходы грунтавалі ў асноўным на Святым Пісанні. З сярэдзіны ХVІ ст. у Беларусі сфарміравалася плынь, прадстаўнікі якой спрабавалі вырашыць сацыяльна-палітычныя і прававыя праблемы праз свецкія тэорыі і ідэі, у аснову якіх былі пакладзены тэорыі натуральнага права і грамадскага дагавору. Прадстаўнікоў свецкага напрамку можна падзяліць на некалькі груп, сярод іх – група магнатаў-асветнікаў, у якую ўваходзілі Мікалай Радзівіл Чорны, Астафій Валовіч, Леў Сапега і інш.
Мікалай Радзівіл Чорны(1515 – 1565). Магнат, нарадзіўся ў Нясвіжы. Дзяржаўны дзеяч ВКЛ, займаў пасады маршалка земскага, канцлера Вялікага княства, віленскага ваяводы. Прафесар В.Ф. Шалькевіч называе яго «галоўным ініцыятарам распаўсюджвання кальвінізму на Беларусі» [8, с.76]. Не прызнаваў верхавенства і боскага паходжання ўлады рымскага папы, крытыкаваў каталіцкія царкоўныя парадкі. Яму належала ідэя секулярызацыі маёмасці каталіцкай царквы. Радзівіл на тэрыторыі сваіх маёнткаў закрыў 187 каталіцкіх касцёлаў, а іх зямельны фонд экспрапрыіраваў [8, с.77]. Кальвінізм Мікалай Радзівіл разглядаў як сродак, які дазволіць аслабіць польскі ўплыў на Вялікае княства Літоўскае. Пры Радзівілу Нясвіж, яго радавое гняздо, стаў цэнтрам Рэфармацыі на Беларусі. Некаторы час Радзівіл быў прыхільнікам стварэння Народнага сабора – свайго роду дзяржаўнай царквы, якая б аб’ядноўвала ўсіх хрысціян Вялікага княства Літоўскага і Польшчы і была б незалежнай ад Ватыкана. Для прапаганды рэфармацыйных ідэй у 1533 годзе ў Брэсце ён заснаваў першую на тэрыторыі Беларусі друкарню, у якой друкавалася рэлігійная і свецкая літаратура. У 1563 годзе на сродкі Радзівіла на польскай мове была выдадзена Біблія (атрымала назву «Брэсцкая, ці Радзівілаўская, Біблія»), па мастацкіх і паліграфічных якасцях была адной з лепшых выданняў таго часу. Радзівіл апекаваў (у тым ліку і матэрыяльна) Сымона Буднага, Марціна Чаховіца і інш.
Шмат зрабіў карыснага Мікалай Радзівіл і для ўмацавання дзяржаўнага ладу Вялікага княства Літоўскага. У 1555 – 1556 гг. ён удзельнічаў у падрыхтоўцы і правядзенні «валочнай» (аграрнай) рэформы. Быў прыхільнікам незалежнасці Вялікага княства Літоўскага ад Польшчы. На сеймах, якія абмяркоўвалі праекты уній ВКЛ і Польшчы, ён выступаў за суверэннасць Вялікага княства ў складзе Рэчы Паспалітай. Яго пазіцыю падтрымлівалі многія магнаты, што мела для княства важнае значэнне.
Памёр Мікалай Радзівіл ва ўзросце 50 гадоў. Яго погляды і дзейнасць аказалі значны ўплыў на палітычную і прававую думку Беларусі.
Астафій Валовіч (каля 1520 – 1587). Нарадзіўся на Гродзеншчыне, займаў пасады маршалка дворнага, падскарбія земскага, падканцлера, быў паслом у Маскве. На Люблінскім сойме 1569 года Валовіч разам з іншымі членамі дэлегацыі ВКЛ (Радзівіл Руды, Ян Хадкевіч і інш.) прапанавалі «Праект уніі» з 15 артыкулаў, якія гарантавалі адносную незалежнасць Вялікага княства Літоўскага. Аднак «Праект уніі» быў заблакіраваны палякамі і прыняты не быў.
Валовіч прымаў ўдзел у аграрнай (валочнай), судова-адміністрацыйнай і іншых рэформах 1550 – 60-х гг. Пры падрыхтоўцы Статута ВКЛ 1566 года па яго прапанове ў тэкст дакумента быў уключаны артыкул, якім «загранічнікам» (палякам) забаранялася набываць землі і займаць дзяржаўныя пасады ў Вялікім княстве Літоўскім (раздз. 3, арт. 4). Удзельнічаў у стварэнні Трыбунала ВКЛ – вышэйшага апеляцыйнага суда Вялікага княства.
Быў кальвіністам, прыхільнікам верацярпімасці, яго подпіс стаіць пад вядомай Варшаўскай канфедэрацыяй, паводле якой прадстаўнікі ўсіх веравызнанняў атрымлівалі роўныя правы ў Вялікім княстве Літоўскім і Кароне. Выступаў супраць імперскіх прэтэнзій Івана ІV Грознага называцца «царом усея Русі», што азначала не толькі рускіх, але беларускіх і украінскіх зямель. Будучы паслом у Маскве, адстойваў «вечны мір» паміж Расіяй і Вялікім княствам Літоўскім.
Валовіч зарэкамендаваў сябе і як мецэнат-асветнік, ён ахвяраваў значныя сродкі на развіццё навукі, на будаўніцтва школ і шпіталяў, матэрыяльна падтрымліваў вучоных, быў апекуном рэфармацыйнага руху.
Перад смерцю Валовіч выдаў тэстамент (завяшчанне), якім даў волю ўсім нявольнікам сваіх маёнткаў, яны атрымалі права вольна служыць альбо пайсці туды, куды пажадаюць.
Такім чынам, Астафій Валовіч унёс значны ўклад ва ўмацаванне дзяржаўнага ладу і самастойнасці Вялікага княства Літоўскага, у развіццё судовага ладу, права, навукі і культуры.
Сапега Леў Іванавіч(1557 – 1633). Паходзіў са старажытнага роду аршанскіх баяр. Магнат, займаў высокія дзяржаўныя пасады ў Вялікім княстве: канцлера ВКЛ, гетмана ВКЛ, віленскага ваяводы. Веравызнанне змяняў двойчы: з праваслаўя перайшоў у пратэстанты, а затым стаў каталіком.
Значны ўклад унёс у распрацоўку і распаўсюджванне Статута ВКЛ 1588 года. Дзякуючы намаганням Сапегі ў Статуце захаваліся артыкулы, якія абвяшчалі аўтаномны палітыка-прававы статус Вялікага княства Літоўскага ў складзе Рэчы Паспалітай, забаранялі польскім феадалам набываць землі і атрымліваць пасады ў Вялікім княстве. За свой кошт Сапега выдаў Статут у Віленскай друкарні, што садзейнічала яго актыўнаму і працягламу ўжыванню. Сапега напісаў і разам са Статутам 1588 года выдаў два сваіх звароты: да вялікага князя Жыгімонта ІІІ і да грамадзян Вялікага княства.
У звароце да вялікага князя Жыгімонта ІІІ Сапега адзначыў значэнне пісанага права. «Гаспадары і каралі гэтага свету, – пісаў Сапега, – ажыццяўлялі ўладу над людзьмі не паводле якога-небудзь пісанага права або статута, а толькі паводле сваіх уяўленняў і меркаванняў» [11, с.249], а таму «ад годнага свайго абавязку адступалі і толькі на сваю карысць справы наварочвалі, пра агульнае дабро для ўсіх мала дбавалі» [11, с.249, 250]. Гэтая несправядлівасць стала асноўнай прычынай, «што ў людзей з’явілася агіда да іх улады і кіравання» [11, с.250].
Выправіць становішча, на думку Сапегі, шмат у чым можа пісанае права, бо яно вырашае дзве важныя задачы. Па-першае, права, на думку Сапегі, павінна ахоўваць «абывацеляў» дзяржавы ад злоўжыванняў з боку манарха (ад тыраніі). Тыранію як форму дзяржаўнай улады Сапега лічыў несумяшчальнай с патрабаваннямі справядлівасці і чалавечага розуму. Таму ён сцвярджаў, што «сам господар пан наш жадное звирхности над нами заживати не можеть, одно только, колько ему право допущаеть» [13, с.47]. Па-другое, закон павінен забяспечваць дзяржаве ўнутраны парадак, быць скіраваны супраць усякага свавольства і самаўпраўства. Сапега ў звароце да Жыгімонта ІІІ адзначаў: «Дикое звера, пануеть, где чоловек водлуг уподобанья своего владность свою ростегаеть. А где опять право або статут гору маеть, там сам Бог всим владнеть» [13, с.44]. Сапега роль права ў грамадстве і дзяржаве вызначае такімі словамі: «Для того права суть пастановлены, абы можному и потужному (богатому и сильному – І.Б.) не всё было вольно чынити» [13, с.47].
Цікавыя разважанні Сапегі і аб цэнтральнай катэгорыі філасофіі права – катэгорыі свабоды. Сутнасць свабоды, на думку Сапегі, гэта права чалавека на ўласнасць і асабістую недатыкальнасць. Але кожны чалавек павінен ведаць межы сваёй свабоды, якія вызначаны законамі. Закон, паводля вызначэння Сапегі, гэта «аброць» і «цуглі», каб стрымаць злачынцаў ад гвалту і свавольства. «Удило або монштук на зуфальцы пан Бог и право его светое вложило, – адзначаў Сапега, – абы тые за неучстивые справы свои слушное каранье, а цнотливые пристойную заплату относили» [13, с.44].
У адносінах да ўніяцкай царквы погляды Сапегі выразна адлюстраваны ў пасланні ад 22.3.1621 года да ўніяцкага святара І. Кунцэвіча, у якім ён адзначаў: «Я сам прыкладаў намаганні па ўвядзенню уніі... Аднак ніколі мне не прыходзіла думка, каб Ваша міласць вырашыла прыводзіць людзей да яе гэткімі гвалтоўнымі спосабамі. Вы Вашымі неразважнымі гвалтамі ўзбурылі і, дадам, прымусілі народ рускі да адпору... Што тычыццца небяспекі, якая пагражае Вашаму жыццю, то можна сказаць: «Кожны сам прычына свае бяды…». Калі гвалціце людскія сумленні, калі замыкаеце цэрквы, калі людзі без набажэнства, абрадаў хрысціянскіх павінны гінуць, яе няверуючыя, калі самавольна дамагаецеся любові і павагі да гаспадара, тады абыходзіцеся без нас (г.зн. свецкай улады – І.Б.). ...Калі Вы пры гэтым маім напамінанні не распячатаеце і не адчыніце цэрквы, тады я сам загадаю іх распячатаць і праваслаўным аддаць» [14, с.121, 122]. З паслання відаць, што Сапега падтрымліваў утварэнне ўніяцкай царквы на Беларусі, лічыў, што рэлігійнае адзінства спрыяла б умацаванню дзяржавы і пазбавіла б яе ад многіх унутраных канфліктаў. Але ён быў катэгарычным праціўнікам гвалту і насілля з боку ўніяцкіх святароў у адносінах да праваслаўных.
Кунцэвіч не прыслухаўся да папярэджванняў Сапегі і, як вынік, адбылося паўстанне віцебскіх гараджан і забойства імі ўніяцкага святара (1623 г.). Расследаванне забойства Кунцэвіча праводзіў Сапега. Удзельнікі паўстання былі сурова пакараны: 19 жыхарам Віцебска былі адсечаны галовы, каля 100 з тых, хто паспелі збегчы, былі завочна прыгавораны да пакарання смерцю, а іх маёмасць канфіскавана. Віцебск быў пазбаўлены Магдэбургскага права, яго ратуша разбурана, з цэркваў зняты званы [14, с.243]. У тых складаных сацыяльна-палітычных умовах, як бачым, Сапега адмовіўся ад некаторых сваіх асветніцка-гуманістычных ідэалаў, ён дзейнічаў як жорсткі і суровы суддзя.
Сапега паказаў сябе і як таленавіты палітык. Расійскі гісторык М. Кастамараў адзначаў: «Многие зрелые умы… предвидели…, что история так поставила отношения между Польшей и Московским государством, что если первая не уничтожит последнее, так последнее уничтожит первую» [15]. Сапега падтрымліваў ідэю аб’яднання Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай спярша мірным шляхам – праз выбары рускага цара каралём Рэчы Паспалітай ці караля Рэчы Паспалітай царом Маскоўскай дзяржавы. Калі выбары адзінага гасудара не атрымаліся, тады Сапега падтрымаў спробу ваенным шляхам аб’яднаць Рэч Паспалітую з Маскоўскім царствам. Сапега падтрымліваў і матэрыяльна, і асабістым удзелам са сваім войскам паходы на Маскву вядомых авантурыстаў Лжэдзімітрыя І і Лжэдзімітрыя ІІ. Гэтыя паходы спярша мелі некаторыя поспехі, але затым, не маючы грунту ў Расіі, праваліліся.
Такім чынам, Сапега зарэкамендаваў сябе як палітычны, грамадскі і ваенны дзеяч, мысліцель і правазнаўца, які зрабіў істотны ўклад ва ўмацаванне дзяржаўнага ладу і самастойнасці Вялікага княства Літоўскага, у развіццё яе палітычнай і прававой думкі.
Андрэй Волан(пасля 1530 – 1610). Нарадзіўся ў Польшчы, адзін з заснавальнікаў свецкага напрамку ў сацыяльна-палітычнай думцы Беларусі. Вучыўся ва універсітэтах Германіі, выбіраўся паслом у сойм Рэчы Паспалітай ад шляхты Ашмянскага павету, дзе меў радавы маёнтак. Служыў сакратаром у трох каралёў Рэчы Паспалітай: у Жыгімонта ІІ Аўгуста, Стэфана Баторыя і Жыгімонта ІІІ Вазы. Аўтар каля 30 прац (палеміка-тэалагічныя творы, палітыка-прававыя і этычныя трактаты, прамовы). Пісаў на лацінскай мове. З пазіцый кальвінізму крытыкаваў асноўныя дагматы каталіцкай царквы і папскую ўладу, адстойваў прынцып верацярпімасці. Яго творы каталіцкім духавенствам былі занесены ў «Індэкс забароненых кніг».
Палітычныя і прававыя погляды Волана найбольш поўна выкладзены ў яго працах: «Пра палітычную або грамадзянскую свабоду»; «Прамовы да сената...»; «Пра гасудара і ўласцівыя яму дабрачыннасці» і інш.
Грунтуючыся на вучэннях Арыстоцеля і Цыцырона, Волан вызначаў дзяржаву як злучэнне людзей дзеля дасягнення агульнай карысці ўсіх яе членаў. На яго думку, дзяржава павінна забяспечыць ахову маёмасці людзей, парушэнне цэласнасці дзяржавы вядзе да парушэння і маёмасных правоў. «Ведь только целостность государства, – пісаў Волан, – обеспечивает целостность всего частного имущества. И если ты предал государственное, то ты ничего не сохранишь и своего» [16, с.122].
У сваёй працы «Пра гасудара і ўласцівыя яму дабрачыннасці» Волан шмат увагі ўдзяліў абавязкам гасудара, раскрыццю дабрачыннасцей, якім ён павінен служыць. «Гасудару больш за ўсё патрэбна справядлівасць – самая прыгожая з усіх дабрачыннасцей», – адзначае ў сваім творы Волан [14, с.620]. Далей у сваёй працы Волан выказаў погляды на сутнасць паняцця справядлівасці. «Справядлівасць зводзіцца галоўным чынам да таго, – адзначае Волан, – каб ніхто не цярпеў шкоды, а, наадварот, той, хто мае патрэбу ў дапамозе, хутка атрымаў яе... Гэта чалавечая супольнасць, мір і спакой паміж людзьмі будуць захаваны максімальна, калі кожны атрымае магчымасць быць цэлым і здаровым, і шчасце адных не будзе будавацца на няшчасці другіх» [14, с.620].
Асноўную прычыну несправядлівасці Волан бачыў у прагнасці людзей да багацця, у імкненні захапіць чужую маёмасць. «Прагнасць, што імкнецца атрымаць як мага больш, цягне сляпыя чалавечыя розумы на чужое дабро і ператварае тое, што набыта працай іншых, у сваю ўласнасць, – адзначае Волан. – Урэшце чалавек, забыўшыся пра ўсякую чалавечнасць, выраджаецца ў дзікага звера і люта рве чалавечую супольнасць, у якой усе ўзаемазвязаны» [14, с.620]. На думку Волана, усе, хто мае адпаведную ўладу, павінны стрымліваць несправядлівасць. «Той, хто можа, але не перашкаджае здзяйсненню несправядлівасці, – адзначае Волан, – ён вінаваты ў такой жа ступені, як бы сам рабаваў маёмасць грамадзян і спусташаў іх багацце» [14, с.620, 621].
Гасудар, на думку Волана, не павінен імкнуцца для асабістага ўзбагачэння, багацце ён павінен выкарыстоўваць для агульнай карысці. Гасудар «павінен усведамляць, – піша Волан, – што народжаны не для ўласнага ўзбагачэння. Усе багацця, якімі ён распараджаецца, яму належыць накіроўваць на карысць грамадства і дзяржавы» [14, с.621].
Волан падзяляў грамадства на тры саслоўі: шляхту, мяшчан і сялян. Саслоўі павінны быць роўнымі перад законам. «Свабоднай можна назваць тую дзяржаву, – адзначаў Волан, – дзе права ў роўнай ступені служыць усім» [8, с.80]. На яго думку, грамадскія адносіны толькі тады будуць справядлівымі, калі людзі будуць кіравацца прынцыпам: «Кожнаму аддаць тое, што яму належыць».
Волан адстойваў прынцып: «Шляхтай не нараджаюцца, а становяцца», гэта азначала, што месца ў грамадстве чалавек павінны займаць не па спадчыне, а па сваіх здольнасцях і заслугах. Такім чынам, ён прапаноўваў па сутнасці буржуазны прынцып безсаслоўнага грамадства.
Волан лічыў, што ўсякае права, якое супярэчыць чалавечаму розуму, наносіць шкоду чалавеку і грамадству, таму яно павінна альбо адмяняцца вярхоўнай уладай, альбо будзе адменена бунтам простага люду. Такім чынам, Волан адстойваў канцэпцыю дваякіх рэформаў: рэформаў зверху (урадавыя рэформы) ці рэформаў знізу (бунт простых людзей).
Волан адзначаў, што дзяржава павінна клапаціцца аб тым, каб панавалі права і законы, да злачынцаў павінны прымацца меры стрымання ці пакарання. «Большай пахвалы ў справядлівасці годны той, хто захоўвае непарушнасць ўстанаўленняў і законаў краіны, і, паколькі ў іх закладзены даброты дзяржавы, не дазваляе ніякаму ліхадзею парушаць іх.., – адзначаў Волан. – Але перш за ўсё трэба ахоўваць тыя законы, якія забяспечваюць у дзяржаве ўсеагульны спакой..., каб кожны жыў ціха і мірна, без усялякага страху перад небяспекай. Бо там, дзе адпушчаны цуглі для нястрыманых людзей настолькі, што адны беспакарана ўчыняюць над другімі ўсё, што ім уздумаецца, – то гэта ўжо не дзяржава, не грамадства, а зграя разбойнікаў, ці нейкая жывадзёрня, дзе кожны грызе кожнага» [14, с.621].
Волан заклікае гасудара клапаціцца аб даверу сярод людзей, які называе «падмуркам справядлівасці». На яго погляд, «ніколі не зможа ўсталявацца трывалы мір і трывалае грамадства сярод тых людзей, якія не прытрымліваюцца пастаянства ў сваіх словах і правах і, старанна працуючы языком, зусім не клапоцяцца, што да яго патрэбна далучыць яшчэ і давер» [14, с.621].
Такім чынам, Андрэй Волан зарэкамендаваў сябе як ідэолаг рэфармацыйнага руху на Беларусі і Літве, палітычны дзеяч, правазнаўца, адзін з заснавальнікаў свецкага кірунку ў сацыяльна-палітычнай думцы.
4. Развіццё прававой думкі ў Статутах Вялікага княства Літоўскага
Статутам Вялікага княства Літоўскага прысвечана значная колькасць навуковых даследаванняў. Разам з тым некаторыя праблемы Статутаў адлюстраваны ў літаратуры неадназначна і супярэчліва. Да такіх праблем адносіцца пытанне аб зацвярджэнні Статута 1588 года соймам Рэчы Паспалітай.
У літаратуры па гэтым пытанні склаліся два асноўных падыходы.
Частка навукоўцаў лічаць, што Статут Вялікага княства Літоўскага прайшоў усе неабходныя для таго часу этапы разгляду і заканадаўчага зацвярджэння. Прафесар В.Ф. Шалькевіч адзначае: «У 1587 годзе праект Статута Вялікага княства Літоўскага разглядаўся на элекцыйным сойме ў Варшаве, а на пачатку наступнага 1588 года быў зацверджаны на каранацыйным сойме ў Кракаве. Пасля гэтага 28 студзеня 1588 года Статут быў канфірмаваны прывілеям новаабранага караля Рэчы Паспалітай – Жыгімонта ІІІ Вазы. Пра ўсё гэта сказана ў прывілеі караля, які надрукаваны разам са Статутам 1588 года» [17].
Некаторыя даследчыкі прытрымліваюцца пазіцыі, што Статут Вялікага княства быў зацверджаны толькі каралём Рэчы Паспалітай. Прафесар Я.А. Юхо піша: «Да канца 1584 года работа над Статутам была закончана, але паколькі новы кодэкс ігнараваў акт Люблінскай уніі 1569, Польшча не згаджалася, каб Статут быў зацверджаны на агульным сейме Рэчы Паспалітай. Каб захаваць велікакняжацкі трон, Жыгімонт ІІІ зацвердзіў Статут прывілеям 28.1.1588» [13, с. 28]. Гэты запіс аб зацвярджэнні Статута толькі каралём даслоўна паўтораны ў «Юрыдычным энцыклапедычным слоўніку», які быў апублікаваны ў Мінску ў 1992 годзе, і ў «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі».
Сапраўды, трон караля Рэчы Паспалітай Жыгімонту Ваза, шведскаму каралевічу, дастаўся ў выніку жорсткай выбарчай барацьбы. 12 снежня 1586 года памёр кароль Стэфан Баторый. Прастол караля Рэчы Паспалітай дамагаліся заняць рускі цар Фёдар Іванавіч, якога падтрымлівала праваслаўная шляхта Беларусі і Украіны, шведскі каралевіч Жыгімонт Ваза, які меў за сабою каталіцкае духавенства і значную частку феадалаў-каталікоў, і аўстрыйскі эрцгерцаг Максіміліян. Паводле дадзеных М.І. Ермаловіча, за маскоўскага цара Фёдара Іванавіча было пададзена больш галасоў, чым за іншых прэтэндэнтаў. Аднак палякі патрабавалі, каб Фёдар Іванавіч пасля яго абрання каралём Рэчы Паспалітай прыняў каталіцкую веру, у тытуле сваім на першае месца ставіў Польшчу, каранавацца павінен быў у Кракаве, а таксама выплаціць 100 тысяч рублёў сойму і інш. Праваслаўная Масква такія патрабаванні прыняць не магла, таму кандыдатура Фёдара Іванавіча адпала [18, с. 353].
Барацьба за каралеўскі трон разгарнулася паміж прыхільнікамі Жыгімонта Вазы і Максіміліяна. Прадстаўнікі Вялікага княства скарысталі гэтую барацьбу і прапанавалі Жыгімонту сваю падтрымку, калі ён зацвердзіць Статут. Прафесар Я.А. Юхо адзначае, што «28 студзеня 1588 года, не ведаючы яшчэ аб перамозе сваіх прыхільнікаў, Жыгімонт сваёй граматай зацвердзіў Статут» [19, с.173].
Але прафесар Я.А. Юхо не тлумачыць, аб якой перамозе не ведаў Жыгімонт, зацвярджаючы Статут Вялікага княства. Аб гэтых патаемных абставінах каралеўскіх выбараў мы знаходзім сведчанні ў працах расійскага гісторыка М.А. Стэльмашэнка. Ён сцвярджае, што на Варшаўскім сойме 1587 года каралямі Рэчы Паспалітай былі выбраны Жыгімонт і Максіміліян, паміж прыхільнікамі якіх адразу пачалася ўзброеная барацьба. Нейкі Замойскі, прыхільнік Жыгімонта, сабраў войска і ў Селезіі, пад Бычынай, нанёс паражэнне Максіміліяну і нават захапіў яго ў палон [7, с.105]. З двоеўладдзем было пакончана, Жыгімонт стаў каралём Рэчы Паспалітай.
Такім чынам, спрэчкі аб зацвярджэнні соймам Рэчы Паспалітай Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 года зводзяцца да двух супрацьлеглых меркаванняў: частка навукоўцаў лічаць, што Статут зацвердзіў толькі кароль, некаторыя навукоўцы сцвярджаюць, што Статут быў разгледжаны і прыняты соймам, а затым ужо канфірмаваны (зацверджаны) каралём.
Чым выкліканы гэтыя супрацьлеглыя меркаванні навукоўцаў? На наш погляд, яны выкліканы розным разуменнем і тлумачэннем асноўнай першакрыніцы – тэксту прывілея караля Жыгімонта, якім ён зацвердзіў Статут. У тэксце прывілея мы чытаем, што кароль «намовившисе в том с панами радами нашими и зо всими станы обоего народу на сойме вальном, коронацыи нашое будучими, тот статут права Великого князьства Литовского новопоправленый сим прывильем нашим ствержаем и всим станом Великого князьства Литовского ку уживанью на вси потомные часы выдаем» [13, с.43].
Праблема ў тым, як разумець і тлумачыць ключавое слова «намовившисе»: магчыма, кароль у ходзе элекцыйнага сойма «праглядзеў» (азнаёміўся) з «новопоправленым» тэкстам Статута; магчыма, з тэкстам Статута былі азнаёмлены некаторыя прадстаўнікі элекцыйнага сойма і г.д.
Пры такім тлумачэнні слова «намовившисе» правільным будзе другі падыход – на сойме Рэчы Паспалітай Статут не зацвярджаўся; Статут быў зацверджаны, пасля кансультацый з панамі рады і прадстаўнікамі княства і Польшчы, толькі асабіста каралём Жыгімонтам.
Але ключавое слова «намовившисе» разумець можна і ў сэнсе атрымаць згоду паноў рады, прадстаўнікоў Вялікага княства і Польшчы на каранацыйным сойме. У такім выпадку можна лічыць, што Статут абмярковаўся і быў зацверджаны на каранацыйным сойме 1588 года, як гэта сцвярджае прафесар В.Ф. Шалькевіч.
Такім чынам, два падыходы ў літаратуры аб зацвярджэнні соймам Рэчы Паспалітай Статута 1588 года маюць рацыю, бо яны грунтуюцца на розным разуменні і тлумачэнні ключавога слова «намовившисе» асноўнай дакументальнай крыніцы аб зацвярджэнні Статута Вялікага княства – прывілея караля Жыгімонта ад 28 студзеня 1588 года.
Выкажам і ўласную пазіцыю па спрэчнай праблеме. На наш погляд, патрэбна звярнуць увагу на палажэнне прывілея Жыгімонта ад 28 студзеня 1588 года, у якім сказана, што тэкст Статута папярэдне абмяркоўваўся на «сеймикох повятовых на то обраных і высажоных поправленный» [13, с.42]. З тэксту прывілея вынікае, што Статут абмяркоўваўся шляхтай Вялікага княства Літоўскага на спецыяльна скліканых павятовых сойміках, на якіх у тэкст Статута былі ўнесены змены, удакладненні і праўкі, бо Статут у прывілеі характарызуецца як «поправленный».
Такім чынам, працэс абмяркавання і прыняцця Статута шмат у чым нагадваў сучасны рэферэндум – народнае апытанне па такой адказнай і важнай праблеме. Спярша Статут быў прыняты на спецыяльна скліканых павятовых сойміках народам-шляхтай, а затым яго тэкст «через депутатов от стану Великого князьства Литовского» [13, с.42] быў пераданы каралю, які і зацвердзіў яго «ку уживанью на вси потомные часы» [13, с.43]. Выкажам меркаванне, што пасля прыняцця Статута народам-шляхтай (народным рэферэндумам) як вышэйшай уладай разгляд і зацвярджэнне Статута соймам былі не патрэбнымі, таму на сойме Статут не разглядаўся, а быў адразу канфірмаваны (зацверджаны) каралём Рэчы Паспалітай.
Абмяркаванне праекта Статута народам-шляхтай дазволіла распрацаваць дасканалую кнігу законаў, што і забяспечыла ёй доўгае жыццё. Асобныя нормы Статута 1588 года дзейнічалі на беларускіх землях і пасля ўключэння іх у склад Расійскай імперыі. Афіцыйна дзеянне Статута было адменена ў Віцебскай і Магілёўскай губернях у 1831 годзе, а ў Мінскай, Гродзенскай і Віленскай губернях толькі ў 1840 годзе, амаль праз палову стагоддзя пасля знікнення з палітычнай карты свету Рэчы Паспалітай, а заадно і Вялікага княства Літоўскага.
Узнікае яшчэ адна праблема – як кароль у сваім прывілеі змог абыйсці вельмі адчувальнае для Польшчы пытанне – ці адпавядаў Статут духу і літары Люблінскай уніі. У тэксце прывілея часта паўтараецца, што тэкст Статута «новопоправленый» (тэрмін «новопоправленый» у тэксце прывілея ўжываецца ажно шэсць разоў). Пасля такога быццам «пераканаўчага» сцвярджэння прывілей караля заканчваецца словамі: «Ведь же тот статут новопоправленый звязком и списом унии (Люблінскай – І.Б.) ни в чом противен быти и ничего шкодити и уближати не маеть» [13, с. 43].
На самой справе, Статут 1588 года быў «противен» і літары і духу Люблінскай уніі. Прафесар Я.А. Юхо справядліва адзначаў, што «Вялікае княства павінна было перастаць існаваць адразу пасля падпісання акта (Люблінскай – І.Б.) уніі» [19, с.135,]. Аднак гэтага не адбылося, больш таго, «не толькі фактычна, але і юрыдычна было прызнана захаванне адасобленасці Вялікага княства Літоўскага. Найболей поўна гэтая адасобленасць была замацавана ў зборы законаў Вялікага княства, які атрымаў назву Статута 1588 года» [19, с. 135].
Сапраўды, аналіз тэксту Статута паказвае, што ён прызнаваў толькі дзве нормы Люблінскай уніі – агульны з Польшчай сойм і агульнага гасудара (караля), ва ўсім астатнім Вялікае княства захавала сваю дзяржаўную самастойнасць (мела ўласнае войска, тэрыторыю, граніцу, мытні на мяжы з Польшчай (да 1775 г.), свае заканадаўства, суд, казну, дзяржаўнай мовай была беларуская мова (да 1696 г.). Статут 1588 года, насуперак Люблінскай уніі, утрымліваў норму «достойностей духовных и светских городов, дворов, грунтов, староств, держав, врядов земских и дворных посесый або в держанье и поживанье и вечностей жадным чужоземцом и заграничником, ани суседом того паньства давати не маем» (раздз. 3, арт. 12). Такім чынам, Статут забараняў «жадным чужоземцом и заграничником, ани суседом того паньства» набываць у Вялікім княстве маёмасць, землі, займаць свецкія і духоўныя пасады, што ў прамым сэнсе супярэчыла ўмовам Люблінскай уніі.
Чаму ж, у такім разе, кароль зацвердзіў Статут, які быў «противен» нормам Люблінскай уніі? У літаратуры маюцца некалькі тлумачэнняў гэтага факта. Вядомы польскі гісторык, акадэмік Уладзіслаў Грабеньскі ў сваёй фундаментальнай працы «Гісторыя польскага народу» адзначае, што «некаторыя часткі Рэчы Паспалітай мелі асобныя законы. У Літве меў абавязковую сілу Статут 1529 года, зацверджаны Жыгімонтам 1 у 1530 годзе, выпраўлены і дапоўнены ў 1566 і 1588 гг. Ён быў складзены на рускай мове, трэцяя рэдакцыя (Статут 1588 г. – І.Б.), дзякуючы вялікаму літоўскаму канцлеру Льву Сапега, быў перакладзены на польскую мову. Акрамя літоўскай правінцыі, ён меў сілу для часткі Малой Польшчы, Украіны і Валыні» [20]. Акадэмік Грабеньскі сцвярджае, што падобная практыка ў тыя часы не была чымсьці незвычайным, яна мела месца і ў іншых землях Рэчы Паспалітай. Так, пруская шляхта ўжывала так званую «прусскую корректуру», што была зацверджана соймам 1598 года; Мазовія, якая ў 1576 годзе прыняла каронныя законы, але захавала ад ранейшых сваіх статутаў «отрывки, называвшиеся мозовецкими эксцептами» [21].
З другога боку, патрэбна ўлічваць асобу караля Жыгімонта ІІІ. Ён быў шведскім прынцам, абраны каралём Рэчы Паспалітай вельмі маладым – у дваццацігадовым узросце. Беларускі гісторык М.І. Ермаловіч дае яму такую характарыстыку: «У адрозненне ад С. Баторыя Жыгімонт ІІІ не вызначаўся ні розумам, ні здольнасцямі дзяржаўнага дзеяча. Як лічаць некаторыя гісторыкі, з яго і пачаўся заняпад Рэчы Паспалітай» [18, с. 353, 354]. Можна меркаваць, што пры зацвярджэнні Статута Вялікага княства 1588 года шведскі прынц шмат у чым кіраваўся пачуццямі сваёй маладосці і гарачым жаданнем перамагчы на выбарах і атрымаць пасаду караля Рэчы Паспалітай.
Нашы продкі, у дадзеным выпадку, правільна ацанілі гістарычную сітуацыю, яны з вялікай выгадай для княства выкарысталі выбары караля і асобу прэтэндэнта на каралеўскі трон. У выніку паспяховых дыпламатычных захадаў нашы суайчыннікі атрымалі Статут, які фактычна меў статус канстытуцыйнага закона.
Прыняцце Статута 1588 года з’явілася адметнай міжнароднай гістарычнай падзеяй. Статут высока ацанілі навукоўцы і прагрэсіўныя палітычныя дзеячы Расіі і Рэчы Паспалітай. Расійскі гісторык, акадэмік Пецярбургскай акадэміі навук І.І. Лапо пісаў, што Статут 1588 года «ўяўляе сабой помнік нацыянальнага права Вялікага княства Літоўскага як дзяржавы, у нацыі якой уз’ядналіся літоўскі народ і частка рускага» [13, с.40]. Даследчыкі адзначалі, што Статут Вялікага княства аказаў значны ўплыў на развіццё права Расіі, Польшчы, Украіны, Латвіі і Эстоніі. Вядомы даследчык гісторыі дзяржаўных устаноў і права старажытнай Русі і Вялікага княства Літоўскага Ф.І. Леантовіч адносіў літоўскі Статут да ліку «важнейшых помнікаў старажытнейшага рускага права» [13, с. 40]. Статут 1588 года лічыўся адным з самых выдатных збораў законаў свайго часу ў Еўропе.
У Статутах Вялікага княства Літоўскага знайшлі сваё развіццё і замацаванне важныя палітыка-прававыя ідэі свайго часу. Усе тры Статуты пранікнуты ідэяй прававога суверэнітэту дзяржавы, сутнасць якога – патрабаванні Статутаў, каб дзейнасць усіх дзяржаўных органаў і службовых асобаў княства адпавядалі праву.
Статутам 1588 года замацавана ідэя абмежавання ўлады князя і падзелу функцый улады паміж соймам (заканадаўчая ўлада), князем і радай (выканаўчая ўлада) і судовымі органамі. Так, Статут 1566 года ўстанаўліваў, што толькі сойм Вялікага княства мог пачынаць вайну ці ўводзіць новыя падаткі на ваенныя патрэбы (раздз.2, арт.2), вялікаму князю забаранялася даваць пасады, маёнткі чужаземцам (раздз. 3, арт.9) і інш.
Статуты прытрымліваліся прынцыпаў законнасці і справядлівасці. У Статуце 1588 года запісана: «Уставуем и вечными часы то ховати и держати обецуем… бояр, шляхты и их именей, грунтов и всякое маетности и иных свобод и волностей, и прав в них отбирати и отводити... и некоторым способом отдаляти не маем. А где бы што одержано и вышло и яким же век обычаем против сему статуту, то с права и з суду справедливого через нас и потомки наши, за радаю рад наших Великого князства, на сторону отложено и в нивошто обернено быти маеть» (раздз. 3, арт. 5).
Прыведзеная норма Статута 1588 года сведчыць, што князю забаранялася самавольна, без суда, насупярак Статута, «отбирати и некоторым способом отдаляти» ў шляхты маёнткі, землі і іншую маёмасць. Калі ж падобнае супраціўнае дзеянне ўсё ж адбылося, тады яно «в нивошто обернено быти маеть», гэта азначае, пазбаўлена юрыдычнай сілы.
У Статуце 1588 г. замацавана ідэя вяршэнства статутных нормаў ў праве Вялікага княства Літоўскага. «А прото привильев так в посполитости, яко и каждому зособно, не маем ани будем мочи давати против сего статуту и артыкулов, а нем описанных…», – гаворыцца ў Статуце 1588 г. (раздз. 3, арт. 5). Калі выявіцца, што нормы якога-небудзь прывілея будуць супярэчыць нормам Статута, у такім выпадку Статут патрабаваў супярэчлівыя нормы прывілея «с права и з суду косовати и в нивошто оборочати» (раздз. 3, арт. 5), гэта азначала супярэчлівыя нормы прывілеяў адмяняць на карысць Статута.
У Статутах вялікага Княства знайшла замацаванне ідэя незалежнасці судоў ад адміністрацыі, якая замацоўвалася Статутамі за земскімі павятовымі і падкаморскімі судамі княства шляхам выбарнасці суддзяў і іх нязменнасці.
Была рэалізавана ідэя апеляцыйнага суда княства. У 1582 годзе быў створаны Трыбунал Вялікага княства Літоўскага, кампетэнцыя якога як вышэйшага апеляцыйнага суда дзяржавы была замацавана Статутам 1588 года.
Статут 1588 года абмежаваў крыніцы нявольніцтва. Статут 1529 года прадугледжваў чатыры крыніцы нявольніцтва: асобы, якія ад нявольнікаў-бацькоў нарадзіліся, палон, асуджаныя на смерць, але ўзамен перададзеныя ў няволю і закупы – асобы, якія бралі грашовую пазыку («купу») і за гэта прадавалі сябе ў няволю да крэдытора на час, пакуль яны не адпрацуюць ці не вернуць доўг (раздз. 9, арт. 12). У Статуце 1588 года запісана, што «челядь, которые перед тым невольниками были званы, отменено назвиско и поменено, а написано их челедью дворною отчизною, материстою и купленою, або полонениками» (раздз. 14, арт. 36).
Такім чынам, Статут 1588 года не абмежаваўся толькі зменай назвы нявольнікаў. Статут не ўпамінае дзве з чатырох крыніц нявольніцтва: закупаў, а таксама злачынцаў, асуджаных на смяротную кару і перададзеных ў нявольніцтва. Гэта азначае, што Статут забараніў аддаваць у няволю свабодных людзей, нават калі хто з іх здзейсніў злачынства.
У ходзе правядзення валочнай памеры ў дзяржаўных і прыватных маёнтках Вялікага княства чэлядзь нявольная, як правіла, была надзелена зямельнымі ўчасткамі і атрымала статус прыгонных сялян-агароднікаў.
Статуты 1566 і 1588 гг. утрымліваюць прынцып прэзумпцыі невінаватасці, які ў Статуце 1588 г. сфармуліраваны наступным чынам: «Суд… в речах вонтпливых склоннейший маеть быти ку вызволенью, нижли ку каранью» (раздз. 14, арт. 3). Гэта азначала, што пры няўпэўненасці суда ў вінаватасці чалавека Статут патрабаваў ад суддзяў схіляцца да вызвалення падсуднага, чым да яго пакарання.
Статуты Вялікага Княства прасякнуты гуманізмам, што найбольш яскрава праяўлялася ў стаўленні да жанчын. Статут замацаваў права жанчын свабодна выходзіць замуж, распараджацца сваёй маёмасцю, забаранялася караць цяжарную жанчыну смяротнай карай.
Вядомы палітычны дзеяч, доктар філасофіі і тэалогіі Гуга Калантай на сойме 1791 года Рэчы Паспалітай так ахарактарызаваў Статут 1588 года: «Статут робіць павагу чалавечаму розуму..., складзены так разумна, асабліва ў адносінах відаў пакарання, што яго можна лічыць самай дасканалай кнігай законаў ва ўсёй Еўропе» [13, с.38].
Такім чынам, Адраджэнне і Рэфармацыя на беларускіх землях паслабілі пазіцыі каталіцкага касцёла ў грамадстве і дзяржаве, адыгралі значную ролю ў развіцці нацыянальнай культуры, грамадска-палітычнай і прававой думкі, у абуджэнні нацыянальнай свядомасці насельніцтва.
Развіццё палітычнай і прававой думкі на Беларусі праходзіла ў кантэксце яе еўрапейскіх напрамкаў, пры гэтым заўсёды захоўвалася наша нацыянальная адметнасць. Палітычная і прававая думка аказала значны ўплыў на заканадаўства Вялікага княства Літоўскага, многія палітычныя і прававыя ідэі беларускіх мысліцеляў знайшлі заканадаўчае замацаванне ў Статутах княства.
Спіс літаратуры
1. Франциск Скорина и его время: энцикл. справочник. – Минск, 1990. – 631 с.
2. Гусоўскі, М. Песня пра зубра / М. Гусоўскі. – Мінск, 1994. – 48 с.
3. Литвин, М. О нравах татар, литовцев и московитян / М. Литвин // Козел, А.А. Философская мысль Беларуси: учеб. пособие / А.А. Козел. – Минск, 2004. – С. 117–120.
4. Вішнеўская, І.У. Гісторыя палітычнай і прававой думкі Беларусі: дапам. для студэнтаў ВНУ / І.У. Вішнеўская. – Мінск, 2004. – 272 с.
5. Ігнатоўскі, У.М. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі /У.М. Ігнатоўскі. – 5-е выд. – Мінск, 1992. – С. 116.
6. Мартос, А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни / А. Мартос. – Минск, 1990. – С. 146.
7. Стельмашенко, М.А. Политическая деятельность Петра Скарги / М.А. Стельмашенко. – Киев, 1902. – С. 40, 77, 105.
8. Шалькевіч, В.Ф. Гісторыя палітычнай і прававой думкі Беларусі / В.Ф. Шалькевич. – Мінск, 2002. – 247 с.
9. Из истории философской и политической мысли Белоруссии: избр. произвед. ХVI – начала ХIХ в. – Минск, 1962. – С. 78, 79.
10. Сокал, С.Ф. Кароткі агляд гісторыі палітычнай і прававой думкі Беларусі / С.Ф. Сокал. – Магілёў, 1999. – 142 с.
11. Старажытная беларуская літаратура (ХІІ – ХVІІ cтст.). – Мінск, 2007. – 603 с.
12. Доўнар-Запольскі, М.В. Гісторыя Беларусі / М.В. Доўнар-Запольскі. – Мінск, 1994. – 509 с.
13. Статут Вялікага княства Літоўскага 1588: Тэксты. Давед. Камент. – Мінск, 1989. – 573 с.
14. Мысліцелі і асветнікі Беларусі: энцыкл. даведнік. – Мінск, 1995. – 671 с.
15. Костомаров, Н.И. Смутное время Московского государства в начале ХVII столетия. 1604 – 1613 / Н.И. Костомаров. – Москва, 1994. – С. 579.
16. Волан, А. О государе и его личных добродетелях / А. Волан // Козел, А.А. Философская мысль Беларуси: учеб. пособие / А.А. Козел. – Минск, 2004. – С. 122.
17. Шалькевіч, В.Ф. Гісторыя палітычнай і прававой думкі Беларусі / В.Ф. Шалькевич. – Мінск, 1999. – С.110.
18. Ермаловіч, М. Беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае / М. Ермаловіч. – Мінск, 2000. – 448 с.
19. Юхо, Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі: вучэб. дапаможнік / Я.А. Юхо. – Мінск, 1992. – 269 с.
20. Грабеньский, В. История польского народа / В. Грабеньский. – Минск, 2006. – С. 225.
Пытанні для самаправеркі
1. Ахарактарызуйце асаблівасці эпохі Адраджэння на Беларусі.
2. Выкажыце сваё меркаванне: з якіх прычын доктар медыцыны і філасофіі Францыск Скарына пасвяціў сваё жыццё перакладу на беларускую мову і выданню Бібліі?
3. У чым сутнасць канцэпцыі Скарыны аб суаадносінах паміж маральнымі (боскімі) і юрыдычнымі законамі?
4. Растлумачце вызначэнне натуральнага права, дадзенага Скарынай («закона прироженого»).
5. На чым заснавана класіфікацыя Скарынай земскага права?
6. Ахарактарызуйце палітычны ідэал Францыска Скарыны.
7. Якія грамадска-палітычныя ідэі свайго часу адлюстраваў Мікола Гусоўскі ў творы «Песня пра зубра»?
8. Што карыснага з вопыту іншых народаў Міхалон Літвін лічыў магчымым выкарыстаць у Вялікім княстве Літоўскім?
9. Раскрыйце сутнасць Рэфармацыі і яе асаблівасці на Беларусі.
10. Якія прычыны абумовілі распаўсюджванне на Беларусі арыянства?
11. Параўнайце погляды на дзяржаву левых і правых арыян.
12. Якія змены і з якіх прычын адбыліся ў правасвядомасці шляхты Вялікага княства Літоўскага ў ХVІ ст.?
13. Параўнайце прапольскі і патрыятычны напрамкі ў дыскусіі 60-х гг. ХVІ ст. у Вялікім княстве Літоўскім аб прынцыпах уніі Літвы і Польшчы?
14. Параўнайце грамадска-палітычныя погляды Мікалая Радзівіла Чорнага і Астафія Валовіча?
15. Які ўклад у распрацоўку і распаўсюджванне Статута 1588 года ўнёс Леў Сапега?
16. Якія задачы, на погляд Льва Сапегі, павінна вырашаць у дзяржаве пісанае права?
17. Растлумачце стаўленне Льва Сапегі да ўніяцкай царквы?
18. Раскрыйце асноўныя ідэі твора Андрэя Волана «Пра гасудара і ўласцівыя яму дабрачыннасці»?
19. У чым актуальнасць для сучаснасці канцэпцыі Андрэя Волана аб дваякіх рэформах: рэформах зверху (урадавыя рэформы) і рэформах знізу (бунт простых людзей)?
20. Выкажыце сваё стаўленне да меркавання, што Статут 1588 года быў прыняты рэферэндумам (апытаннем) народа-шляхты Вялікага княства Літоўскага?
21. З якіх прычын Жыгімонт ІІІ Ваза зацвердзіў Статут 1588 года, які супярэчыў Люблінскай уніі?
22. Адшукайце нормы Статута 1588 года, якія замацавалі ідэі прававога суверэнітэту дзяржавы?
23. Абгрунтуйце, як у Статуце 1588 года замацавана ідэя падзелу ўлады паміж соймам, князем з радай і судамі?
24. Як у Статуце 1588 года замацавана ідэя вяршэнства статутных нормаў у праве Вялікага княства Літоўскага?
25. З якіх прычын Статут 1588 года абмяжаваў у Вялікім княстве Літоўскім крыніцы нявольніцтва?
26. Сфармуліруйце прынцып Статута 1588 года аб прэзумпцыі невінаватасці, растлумачце яго значэнне.
27. Абгрунтуйце роль трох Статутаў Вялікага княства Літоўскага ў развіцці палітычнай і прававой думкі Беларусі?