Лекцыя 1
1. Асаблівасці эпохі Адраджэння на Беларусі.
2. Палітычныя і прававыя погляды Францыска Скарыны, Міколы Гусоўскага, Міхалона Літвіна.
1. Асаблівасці эпохі Адраджэння на Беларусі
Адраджэнне (Рэнесанс), эпоха станаўлення ў Еўропе духоўнай культуры Новага часу (ХIV ст. – 1-я палова ХVІІ ст). Абумовіла прагрэсіўныя змены ў эканамічным і сацыяльна-палітычным жыцці еўрапейскіх краін: развіццё гарадоў, зараджэнне буржуазных адносін і таварна-грашовай гаспадаркі, фарміраванне нацыянальных дзяржаў, секулярызацыя духоўнага жыцця грамадства (секулярызацыя – ад лац. saecularis – свецкі, мірскі, у дадзеным выпадку – вызваленне грамадскай і індывідуальнай свядомасці ад уплыву рэлігіі). У розных краінах Адраджэнне не супадала храналагічна і тыпалагічна. У адрозненне ад класічнага італьянскага Адраджэння, рэнесансавую культуру ў некаторых краінах Заходняй і Цэнтральнай Еўропы (Германія, Скандынаўскія краіны, Англія і інш.) называюць Паўночным Адраджэннем, асаблівасці якога – кампраміс з сярэднявечнымі традыцыямі, сувязь з рэлігійнымі і нацыянальна-культурнымі рухамі, з Рэфармацыяй і інш. Да такога тыпу належыць і ўсходнееўрапейскае Адраджэнне (Беларусь, Украіна, Літва).
Беларускія даследчыкі абгрунтавалі наяўнасць на Беларусі ў ХVI ст. – пачатку ХV1І ст. рэнесансавага гуманізму і адпаведнай культуры. Спрэчкі вядуцца толькі наконт таго, наколькі глыбока пранікла Адраджэнне ў тагачаснае беларускае жыццё народа, яно было эпохай у станаўленні нацыянальнай культуры ці толькі плынню ў сярэднявечнай культуры?
Акрамя ўжо адзначаных, Адраджэнне мела на Беларусі яшчэ шэраг адметных асаблівасцяў. З ХVІ ст. у сельскай гаспадарцы Беларусі пачала развівацца фальварковая сістэма, якая была арыентавана на вытворчасць збожжа як тавара, на продаж. У гэты час на Беларусі пачало развівацца Магдэбургскае права, якое было скіравана на развіццё гарадоў, гандлю і рамёслаў. У ХІV – ХVI стст. сфарміравалася старабеларуская мова, якая да 1696 года была дзяржаўнай мовай Вялікага княства Літоўскага, на гэтай мове пісаліся прывілеі, Статуты Вялікага княства, вялося судаводства. У 1517 годзе Францыск Скарына выдаў першую друкаваную кнігу на старабеларускай мове – «Псалтыр». Параўнаем: Іван Фёдараў у Маскве першую друкаваную кнігу «Апостала» выдаў толькі ў 1564 годзе, на 47 гадоў пазней за Скарыну.
Асаблівасць Адраджэння і ў тым, што на беларускіх землях перакрыжоўваліся, як мы ўжо адзначалі, два магутныя рэлігійныя патокі – праваслаўнага Усходу і каталіцкага Захаду, што накладвала свой адбітак на культуру, у тым ліку і на развіццё палітычнай і прававой думкі. Прафесар У.М. Конан адзначыў, што базавай ідэйнай асновай палітыка-прававой думкі ХVІ ст. на Беларусі можа служыць тэрмін «хрысціянска-рэнесансавы гуманізм». Сутнасць тэрміна ў тым, што ў адрозненне ад Захаду на Беларусі ў палітыка-прававой думцы не атрымаў усебаковага развіцця прынцып індывідуальнай свабоды чалавека. На Беларусі панавала ідэя «агульнага дабра», самаахвярнага служэння асобы на карысць айчыны, дзяржавы. На падставе хрысціянскіх каштоўнасцяў у беларускай адраджэнскай думцы ХVІ ст. панавалі такія адметныя рысы, як чалавекалюбства, аптымізм, вера ў канчатковую перамогу дабра над злом.
Такім чынам, мы можам зрабіць вывад аб тым, што Адраджэнне дало магутны штуршок не толькі для эканомікі і культуры, але і для развіцця палітычнай і прававой думкі, з’явілася тым фундаментальным падмуркам, на якім былі створаны Статуты Вялікага княства і іншыя выдатныя помнікі прававой думкі ХVІ ст.
2. Палітычныя і прававыя погляды Францыска Скарыны, Міколы
Гусоўскага, Міхалона Літвіна
Даследчыкі лічаць, што светапогляднай базай ідэй беларускіх мысліцеляў эпохі Адраджэння была натуралістычна-тэалагічная канцэпцыя гісторыі, сутнасць якой у тым, што ў гісторыі грамадства вызначальнай прызнавалася боская воля, але не адмаўлялася і роля чалавека. Боская воля замацоўвала стабільныя і нязменныя грамадскія формы, нават вялікія князі літоўскія пры ўзыходжанні на прастол, як правіла, у сваіх прывілеях абяцалі «навізны не ўводзіць, старыны не рухаць». Зыходзячы з такіх падыходаў, беларускія мысліцелі эпохі Адраджэння выступалі не за змену сацыяльна-палітычных інстытутаў грамадства і дзяржавы, а за ўдасканаленне маральных і прававых норм. Яны імкнуліся прывесці грамадскія адносіны ў адпаведнасць з прынцыпамі гармоніі і згоды, пераадолець грамадскія супярэчнасці шляхам рацыянальных рэформаў і змен.
Адным з найбольш знакамітых прадстаўнікоў эпохі Адраджэння з’яўляецца Францыск Скарына (1490 (?) – 1551 (?) гг.). Даты нараджэння і смерці мысліцеля дакладна невядомы. Дакладна не ўстаноўлена і рэлігійная прыналежнасць Ф. Скарыны. Некаторыя даследчыкі лічаць яго каталіком, у пацвярджэнне прыводзяць наступныя сведчанні: імя Францыск – каталіцкае, ён служыў сакратаром і лекарам у каталіцкага епіскапа Яна. Акадэмік АН БССР У.М. Перцаў у сваіх працах называў Скарыну праваслаўным імем Георгія (Перцаў, У.М. Грамадская дзейнасць і светапогляд Г. Скарыны / У.М. Перцаў // Весці АН БССР. – 1948. – № 6).
На думку А.Агіевіч, пры хрышчэнні Скарына атрымаў імя Георгій, бо быў з праваслаўнай сям’і. Імя Францыск – гэта літаратурны псеўданім, які Скарына атрымаў пры паступленні ў гільдыю друкароў (Агіевіч, А. Імя і справа Скарыны / А. Агіевіч. – Мінск, 2002). Нарадзіўся ў Полацку, у сям’і купца Лукі Скарыны. Адукацыю атрымаў у Полацку (магчыма ў Вільні), вучыўся ў Ягелонскім універсітэце ў Кракаве. У актавым запісу Падуанскага ўніверсітэта (Італія) ад 9 лістапада 1512 года запісана, што Францыск Скарына «был экзаменован в особом строгом порядке…, он проявил себя столь славно и достойно во время этого своего строгого экзамена…, что получил единодушное одобрение всех присутствующих учёных без исключения и было признано, что он имеет достаточные знания в области медицины» [1, с.586]. Скарына атрымаў вучоную ступень доктара медыцыны і адпаведныя доктарскай ступені знакі (у той час такімі знакамі з’яўляліся: чырвоны круглы берэт, пярсцёнак, кніга афарызмаў Гіпакрата ці Біблія [1, с.602]). Даследчыкі лічаць, што ў 1512 годзе Скарына быў і доктарам свабодных мастацтваў (вольных навук), але дзе ён атрымаў гэтую ступень, невядома [1, с.602].
У Празе Скарына ў 1517 – 1519 гг. выдаў 23 кнігі Бібліі на старабеларускай мове. (Біблія, кананічныя тэксты: Ветхі (Стары) запавет – 39 кніг, Новы запавет – 27 кніг). Першую кнігу «Псалтыр» Скарына надрукаваў у Празе 6 жніўня 1517 года, гэтая дата лічыцца пачаткам беларускага кнігадрукавання.
У 1520 годзе Скарына вярнуўся ў Вільню, дзе каля 1522 года выдаў «Малую падарожную кніжку», якая складалася з 23 частак; у 1525 годзе ён выдаў Апостала. З сярэдзіны 1520-х гадоў Скарына служыў сакратаром віленскага біскупа Яна і займаўся медыцынскай дзейнасцю. У канцы 1520 – пачатку 1530-х гг. Скарына наведаў Маскву з мэтай распаўсюджвання сваіх кнігаў. Паездка была няўдалай, кнігі былі спалены. Гэтае рашэнне маскоўскага князя ў дакуменце 1522 года тлумачыцца так: Скарына кіраваўся «набожным желанием и решившись напечатать и издать на русском языке святое писание, прибыл к москвитянам, эти книги были публично по приказу князя сожжены, потому что были изданы подданным римской церкви и в местах, подлежащих ее власти» [1, с.599].
Маецца меркаванне, што ў 1525 годзе, Скарына сустракаўся ў Віттэнбергу з Марцінам Лютэрам, які «настолько был увлечён талантами иностранного доктора, что пригласил его на завтрак и для игры в шахматы» [1, с.601]. Але далей у дакуменце 1839 года сцвярджаецца, што «для превращения этой гипотезы в исторический факт, не хватает самого малого: чтобы кто-нибудь обнаружил в архивах Виттенберга остатки [документов], которые бы точно давали хоть бы имя Скорины» [1, с.601].
Спалучэнні розных жыццёвых абставін прымусілі Скарыну пакінуць Вільню і ад’ехаць у канцы 1530-х г., а магчыма, і ў 1540-х г., у Прагу, дзе ён працаваў садоўнікам каралеўскага парку на Градчанах. Паводле дакументаў, у якіх апошні раз упаміналася прозвішча Ф. Скарыны, даследчыкі мяркуюць, што ён памёр у 1551 ці ў пачатку 1552 года. Месца пахавання Скарыны невядома.
Вызначальны ўплыў на светапогляд Скарыны мела Біблія. «В сей книзе, – пісаў Скарына аб Бібліі, – вси законы и права, ими же люде на земли справоватися имають, нописаны суть. В сей книзе лекарства душевные и телесные зуполне знайдете» [1, с.9].
Скарына да кожнай выдадзенай ім кнігі Бібліі склаў прадмоў’е ці пасляслоў’е, у якіх выклаў свае погляды на нормы боскіх запаветаў. Палітыка-прававыя погляды Скарыны атрымалі найбольшае абагульненне ў яго прадмове да пятай кнігі Маісеева «Второзаконие».
У сваіх прадмовах і пасляслоў’ях да выдадзеных ім кніг Бібліі Скарына выклаў сваю канцэпцыю суадносін паміж маральнымі (боскімі) і юрыдычнымі законамі. Асновай маральных законаў Скарына лічыў 10 боскіх запаветаў, якія Бог праз прарока Маісея перадаў народам. Кожны народ, на падставе гэтых запаветаў, прымае юрыдычныя законы сваёй дзяржавы. Адыход заканадаўства дзяржаў ад боскіх запаветаў нясе пакаранні: войны, грамадскія хваляванні, бунты, эпідэміі і іншыя няшчасці.
Скарына адзначаў, што «людьское естество двояким законом бываеть справовано от господа бога , то ест прироженым, а написаным» [1, с.136]. Такім чынам, Скарына падзяляў права на закон «прироженый»– натуральнае права – і закон «написаный»– пісанае права.
«Закон прироженый в том наболей соблюдаем бываеть:, – адзначаў Скарына, – то чинити иным всем, что самому любо ест от иных всех, и того не чинити иным, чего сам не хощеши от иных имети» [1, с.136]. На думку Скарыны, натуральнае права (закон «прироженый»), гэта закон божы, сфармуляваны Ісусам Хрыстом у Нагорнай Пропаведзі: «Итак во всем, как хотите, чтобы с вами поступали люди, так и поступайте вы с ними; ибо в этом закон и пророки» (Евангелие от Матфея, 7; 12). На погляд Скарыны, калі закон «прироженый»– закон божы, у такім выпадку ён павінен мець вяршэнства над «пісаным»правам, выступаць зыходным для яго.
Пісанае права (законы) Скарына падзяляў:
– на боскае («от бога ест даный, яко суть книги Моисеовы и светое Евангелие, или от людей уставленый, яко суть правила святых отець на сборех пописаные» [1, с.137];
– права земскае («еже единый народ с своими старейшинами ухвалили» [1, с.137] (існуючае пазітыўнае права).
Скарына даў сваю класіфікацыю земскага права, якое складалася з нормаў:
– грамадзянскага і сямейнага права («яко мужа и жены почтивое случение, детей пилное выхование, близко живущих схожение, речи позыченое навращение, насилию силою отпрение, ровная свобода всем, общее имение всех» [1, с.139]);
– міжнароднага («языческого») права («другое право – языческое, от многих убо языков ухвалено ест, яко земель чужих мечем доставание, градов и мест утвержение, послов без переказы отпущение, миру до часу прирченого выполнение, войны неприятелем своим оповедание» [1, с.139]);
– дзяржаўнага права («Иное – царское. О нем пишеть Самуил, глаголя: «Тое будет право царево – побереть сыны ваша и наделаеть с них езцев и гонъцев, и встановить собе воеводы и сотники, и ратае поль своих, и коваче зброй своих»« [1, с.139]);
– вайсковага права («Некое же право – рицерское или военное, еже на войне соблюдаемо бываеть. Яко справовати полки, знати своя места, разумети глас труб, делити користи, давати оброки…» [1, с.140]);
– крымінальнага, мясцовага, гандлёвага, марскога і іншага права («Иное пак право местъское, иное морское, а иное купецькое...») [1, с.140]).
Скарына у прамоў’і да кнігі Бібліі «Второзаконие» вызначыў прававыя прынцыпы, якім павінен адпавядаць закон. Ён пісаў: «Закон почтивый, справедливый, можный, потребный, пожиточный, подле прирожения, подлуг обычаев земли, часу и месту пригожий, явный, не имея в собе закритости, не к пожитку единого человека, но к посполитому доброму написаный» [1, с.138].
Такім чынам, на думку Скарыны, закон павінен адпавядаць прынцыпам справядлівасці, звычаям, часу і месцу, не мець закрытасці, служыць не карысці аднаго чалавека, а для карысці ўсіх людзей, дзяржавы.
Скарына сцвярджаў, што «яко праведнаму закон не ест положен» [1, с.138], ці, іншымі словамі, – чалавек добры можа жыць і без прававых прадпісанняў, бо ён жыве па боскіх (маральных) запаветах і нормах. «И вчинены суть права, или закон, – адзначаў Скарына, – для людей злых, абы боячися казни, усмирили смеллсть свою и моци не мели иным ушкодити» [1, с.138].
Некаторыя даследчыкі сцвярджаюць, што Скарына выказаў геніяльную здагадку аб супадзенні закона і права. Вядома, што ўспрыманне права як інстытута, прызначанага да рэгулявання найбольш значных грамадскіх адносін, звязваецца з усеагульнымі каштоўнасцямі – справядлівасцю, гуманнасцю, маральнасцю і інш. Менавіта гэтыя каштоўнасці павінны выступаць крытэрыем ацэнкі заканадаўчых актаў з пункту погляду іх адпаведнасці праву.
На думку Скарыны, супадзенне права і закона адлюстроўвацца на судавытворчасці, у аснове якой павінны быць пакладзены прынцып справядлівасці. Скарына цытуе «Второзаконие», дзе сказана, што суды «да судять людей судом справедливым, и да уклонятся ни на жадную сторону, и да не зрять на лица, и не принимають даров, понеже дарове ослепляють очи мудрых людей и зменяють слова справедливых» [1, с.100].
Мэта дзяржавы, на думку Скарыны, – дасягненне ўсеагульнай карысці, лепшага жыцця. Палітычны ідэал Скарыны – асветная, гуманная і моцная манархія. Манарх павінен быць набожным, мудрым, справядлівым, кіраваць дзяржавай у адпаведнасці з законамі. Разам з тым гасудар павінен быць моцным і грозным, каб бараніць свой народ ад ворагаў і злачынцаў. У прадмоў’і да «Второзакония» Скарына цытуе апостала Пятра: «Повинитеся убо всякому созданию человечию господа ради, аще царю, яко преобладающему, или князем, яко от него посланым на отмщение злодейцем, божий убо слуга ест к доброму твоему» [1, с.140].
Супастаўленне прававых ідэй Скарыны са зместам Статута ВКЛ 1529 года дазволіла некаторым даследчыкам (прафесар Я.А. Юхо) выказаць меркаванне, што Францыск Скарына мог удзельнічаць у складанні гэтага Статута Вялікага княства.
Мікола Гусоўскі(1470-я гг. – пасля 1533 г.). Пра жыццё Гусоўскага захавалася мала дакладных звестак. Найбольш верагодна ён паходзіў з сям’і селяніна-паляўнічага з вёскі Уса (Усава, Гусава – адсюль, як мяркуюць даследчыкі, і прозвішча Гусоўскі). Служыў пры двары плоцкага (Польшча) біскупа Эразма Вітэлія. У 1520 – 1522 гг. пабываў у Рыме, у складзе пасольства ВКЛ да папы Льва Х, якое ўзначальваў Эразм Вітэлій. У Рыме назіраў бой быкоў, па просьбе папы рымскага ў 1522 годзе напісаў твор: «Песня пра выгляд, лютасць зубра і паляванне на яго», ці скарочаная назва –»Песня пра зубра», які быў напісаны на лацінскай мове.
«Песня пра зубра» з’яўляецца літаратурным шэдэўрам, імя Міколы Гусоўскага ўключана ЮНЭСКА, побач з прозвішчам Францыска Скарыны, ў спіс найвыдатнейшых дзеячаў славянскага свету.
Для нас гэты твор цікавы тым, што тут Мікола Гусоўскі ў паэтычнай форме выказаў свае погляды і стаўленне да дзяржавы, права, маралі.
Гусоўскі ў сваім творы заклікаў хрысціянскія народы да яднання перад турэцкай пагрозай.
Турак вунь рэжа людзей, паўсюдна вунь паліць, рабуе
Замкі, святыя дамы, селішчы і гарады.
Порты заняў, мацаванні паклаў і войска падводзіць
Столькі, каб можна было знішчыць астатняга з нас [2, с. 46].
Гусоўскі асуджаў братазабойчыя войны, феадальную анархію:
Бо захацелі князі ўладу найбольшую мець.
Творачы глум і разбой, забаўляюцца нашаю кроўю [2, с. 46].
Аўтар «Песні пра зубра» звяртаецца да прачыстай дзевы Марыі з малітвай:
Нашым князям, каралям прыдай ты разважную кемнасць,
Дапамажы зразумець, дзе яны здрадзілі нам.
Ёсць абавязак. Яны ж уладай сваёй злоўжываюць,
Стражы па назве, а так, сутнасць іх – зграя ваўкоў [2, с.47].
Гусоўскі хваліць вялікага князя Вітаўта за правапарадак у Вялікім княстве.
Шчодра адорваў князь вояў, дастойных пахвал.
Пудкасць, няхай і паноў, знявагу ў яго выклікала,
Строга й сурова караў звычкі дурныя людзей.
Ён справядлівасць любіў, шанаваў яе нормы святыя,
Не дазваляў, каб махляр дзесьці абходзіў закон [2, с. 36].
Князь Вітаўт, паводле сведчання Гусоўскага, прымяняў вельмі жорсткія пакаранні да злачынцаў:
Рэшткі знявечаны цел, абгорнутых звярынаю шкурай,
Кідалі вучаным псам, каб разарвалі нашчэнт [2, с.37].
Вітаўт быў патрабавальным і да суддзяў, строга караў іх за хабар:
Вітаўт без жалю караў і суддзяў, да хабару ласых,
Скора, як некага з іх ён выкрыў хоць бы раз.
Кажуць, суддзю аднаго раздзёрлі на часткі, бо хцівец
Права за тым прызнаваў, хто яму хабары нёс.
Той легкадум пагарджаў суровым эдыктам для суддзяў,
Вось і расцялі яго дзеля навукі другім [2, с.37].
Гусоўскі ў сваёй «Песні пра зубра» даў апісанне старажытнага суда – выпрабаванне агнём і вадою за вядзьмарства:
Кара насцігне й таго, хто аднойчы ў штуках вядзьмарства
Трохі замешаны быў, ды аб хаўрусе маўчаў.
Вось неяк плёткі людзей кагось незнарок зачапілі,
Самыя ж факты віны трэба яшчэ высвятляць:
Схопяць адразу яго, павяжуць і рукі і ногі,
Дзе паглыбей, у ваду кідаюць, быццам чурбак.
Бачаць, што цягне на дно, то, значыцца, невінаваты;
Плавае, лічаць, што ён звязан з нячысцікам нейк [2, с. 20].
Вызначалі віну за вядзьмарства, паводле слоў Гусоўскага, і агнём:
Болей сумленны агонь, каб судзіць за вядзьмацкія справы:
Дзе зашугае, дык там зло вынішчае да тла.
Можа не верыце мне? Тады самі ў Літве пабывайце,
Зведаўшы наша быццё, сцвердзіце словы мае [2, с. 20].
Мы адзначылі толькі некаторыя палітычныя і прававыя погляды Міколы Гусоўскага. Было б карысным кожнаму студэнту самастойна прачытаць «Песню пра зубра»; гэты выдатны твор дазволіць скласці ўяўленні аб правапарадку ў Вялікім княстве Літоўскім напачатку ХVІ ст., аб судовай сістэме княства, ролі вялікага князя, іншых грамадска-палітычных з’явах і ідэях таго часу.
Міхалон (Міхаіл) Літвін.Пра Літвіна захавалася няшмат звестак. Даследчыкі мяркуюць, што прозвішча Літвін не сапраўднае. Некаторыя навукоўцы лічаць, быццам гэта быў дзеяч ВКЛ Міхайла Цішкевіч; іншыя выказваюць меркаванне, быццам гэта Венцаслаў Міколаевіч, сакратар Вялікага княства. Дакладных звестак пра час, месца нараджэння і смерці Літвіна не захавалася. Вядома, што ён паходзіў са збяднелай беларускай шляхты. У 1553 годзе ажаніўся з князёўнай Глінскай, у пасаг за якой атрымаў некалькі маёнткаў у Ваўкавыскім павеце. У 1538 – 1540 гг. Літвін быў паслом Вялікага княства пры двары крымскага хана (паводле іншых дадзеных, у 1536 – 1540 гг.). Каля 1550 года Літвін напісаў трактат «Аб норавах татараў, літоўцаў і масквіцян», які быў выдадзены ў 1613 г. у Базелі на лацінскай мове. Трактат некалькі разоў перавыдаваўся, апублікаваны на рускай мове ў Маскве ў 1994 г.
У сваім трактаце Літвін зрабіў спробу параўнаць дзяржаўныя і судовыя парадкі ў татар, маскоўцаў і ў Вялікім княстве; вызначыць, што карыснага з вопыту іншых народаў магчыма выкарыстаць для ўдасканалення грамадскага і дзяржаўнага ладу Вялікага княства Літоўскага.
У трактаце Літвін ухваляе татар, якія не клапоцяцца аб набыцці нерухомасці, таму яны жывуць без крайняй галечы; усе татары носяць аднолькавую вопратку і вядуць аднолькавы вобраз жыцця, які дыктуе качавая жывёлагадоўля. Літвін асуджае імкненні да багацця, ухваляе самаабмежаванне, памяркоўнасць, устрыманне, каб ні адзін бедны не паміраў з голаду або з холаду.
Літвін закранаў праблемы роўнасці людзей перад законам, аднолькавага абкладання падаткамі простага чалавека і шляхціца. На погляд Літвіна, чым большую чалавек меў маёмасць, тым большым павінен быць яго падатак.
У сваім трактаце Літвін значную ўвагу надаваў пытанням правасуддзя. На яго думку, правасуддзе павінна быць скіравана на ахову жыцця чалавека; прынцып «кроў за кроў» (права таліёна) павінен быць аднолькавым для ўсіх злачынцаў, незалежна ад іх сацыяльнага становішча. Літвін лічыў неабходным вызваліць працоўнае насельніцтва з-пад юрысдыкцыі феадалаў, а права на вынясенне смяротнай кары дазволіць толькі вышэйшым судам. Прапаноўваў у Вялікім княстве Літоўскім увесці агульнасаслоўныя суды, лічыў недахопам адсутнасць апеляцыйных судоў і галоснасці у судаводстве, што, на яго погляд, вяло да свавольства суддзяў, псавала норавы грамадства. Літвін крытыкаваў карысліваць і распусту духавенства, падтрымліваў ідэю верацярпімасці, рэлігійнай талерантнасці, выступаў супраць умяшання каталіцкай царквы ў свецкія справы.
Літвін у трактаце асуджаў практыку, калі у ВКЛ магнаты займалі некалькі дзяржаўных пасад, чаго, паводле яго назіранняў, не было ў Маскоўскім княстве.
Значнае месца ў трактаце адведзена асуджэнню п’янства. Літвін пісаў: «Татары и турки, хотя и владеют землями, родящими виноград, однако вина не пьют» [3, с.118]. У Вялікім княстве Літоўскім «крестьяне, забросив сельские работы, сходятся в кабаках. Там они кутят дни и ночи… Прокутив имущество, люди начинают голодать, то вступают на путь грабежа и разбоя, так что в любой литовской земле за один месяц за это преступление платят головой больше людей, чем за сто или двести лет во всех землях татар и москвитян, где пьянство запрещено» [3, с.118]. У многіх ліцвінаў, на назіранням Літвіна, «день для них начинается с питья огненной воды. «Вина, вина!» – кричат они еще в постели. Пьется потом эта отрава мужчинами, женщинами, юношами…, они ничего после этого не могут делать, кроме как спать» [3, с.118, 119]. Паводле сведчання Літвіна, у татар няма п’янства, бо там за гэта ўстаноўлены жорсткія пакаранні. «У татар тот, кто лишь попробует вино, – адзначае у сваім трактаце Літвін, – получает восемьдесят ударов палками и платит штраф таким же количеством монет» [3, с.118].
Даследчыкі лічаць, што некаторыя прававыя ідэі Літвіна знайшлі сваё заканадаўчае замацаванне ў Статуце Вялікага княства Літоўскага 1588 года. Статут забараніў адной асобе сумяшчаць ў Вялікім княстве некалькі дзяржаўных пасад (раздз. 1, арт. 34); за забойства простага чалавека для шляхты была ўстаноўлена крымінальная адказнасць (раздз. 12, арт. 1); замацавана прэзумпцыя невінаватасці, якую Статут 1588 года распаўсюдзіў і на простых людзей (раздз. 14, арт. 3). Была ўдасканалена працэдура судовага разбору, удакладнена кампетэнцыя суддзяў, створаны Трыбунал (Галоўны Літоўскі суд) – вышэйшая апеляцыйная інстанцыя Вялікага княства, з’явіліся судовыя ўстановы, незалежныя ад мясцовай адміністрацыі (земскі павятовы суд, падкаморскі суд, Трыбунал ВКЛ).
Такім чынам, эпоха Адраджэння аказала станоўчы ўплыў на развіццё на Беларусі палітычнай і прававой думкі. Мысліцелі той эпохі Францыск Скарына, Мікола Гусоўскі, Міхалон Літвін у сваіх творах выказалі ідэі, якія ўнеслі значны ўклад не толькіў беларускую, але і ў еўрапейскую і сусветную культуру.