Лекцыя 2
1. Асаблівасці Рэфармацыі на Беларусі.
2. Арыяне. Палітычныя і прававыя погляды левых арыян.
3. Палітычныя і прававыя погляды правых арыян.
1. Асаблівасці Рэфармацыі на Беларусі
Рэфармацыя (ад лац. reformatio – пераўтварэнне) – сацыяльна-палітычны і ідэалагічны рух у Еўропе, накіраваны супраць рымска-каталіцкай царквы і яе ролі ў палітычнай сістэме грамадства. Асноўнымі ідэйнымі крыніцамі Рэфармацыі былі гуманізм эпохі Адраджэння і сярэднявечныя ерасі. Рэфармацыя была выклікана засіллем каталіцкага духавенства ў духоўным жыцці грамадства, гандлем індульгенцыямі, паперамі, якія за грошы можна набыць у касцёле і якімі быццам адпускаюцца людскія грахі. У ХVІ ст., калі ў Заходняй Еўропе пачалі інтэнсіўна развівацца буржуазныя адносіны, засілле ў грамадскім і дзяржаўным жыцці касцёла стала істотнай перашкодай для развіцця еўрапейскіх краін. Гэта разумелі перадавыя людзі таго часу, сярод якіх быў і Марцін Лютэр (1483 – 1546 гг), прафесар, доктар тэалогіі. Пачаткам Рэфармацыі лічыцца яго выступленне 31 кастрычніка 1517 года, у якім ён асудзіў гандаль папскімі індульгенцыямі.
Асноўныя ідэі Рэфармацыі запазычаны са Святога Пісання, у прыватнасці, з Нагорнай Пропаведзі Хрыста, у якой Ісус Хрыстос вучыў вернікаў: «И когда молишься, не будь как лицемеры, которые любят в синогогах и на углах улиц останавливаться и молиться, чтобы показаться перед людьми… Ты же, когда молишься, войди в комнату твою и, затворив дверь твою, помолись Отцу твоему, Который втайне; и Отец твой, видящий тайное, воздаст тебе явно…» [Матф., 6; 5–6].
Спасылаючыся на Святое Пісанне, ідэолагі Рэфармацыі абгрунтавалі вучэнне, згодна з якім для выратавання душы кожны чалавек можа звярнуцца з малітвай непасрэдна да Бога, без пасярэдніцтва касцёла. Таму, на думку Лютэра, няма неабходнасці ў існаванні ўсёй царкоўнай іерархіі на чале з папай рымскім. Разам з тым Лютэр не адмаўляў існавання царквы, разглядаў царкву як сход вернікаў для агульнай малітвы, чытання Святога Пісання і пропаведзі. Святаром можа быць любы вернік, якога запрасіла абшчына, бо ніякай «благодати» на святарах няма, як гэта сцвярджаў касцёл. Адзінай крыніцай веры было абвешчана Святое Пісанне – Біблія, якую кожны вернік можа вывучаць самастойна. Святое Паданне (заканадаўчыя акты, прынятыя на царкоўных саборах, папскія пасланні, дэкрэты і інш.) не лічыліся крыніцай веры. У кірхах (храмах) пратэстантаў няма абразоў. Ідэолагі Рэфармацыі патрабавалі адмены пышнага каталіцкага культу, секулярызацыі (адчужэння) царкоўнай маёмасці (найперш зямельнай), стварэння самастойных дэмакратычных, танных і самакіравальных нацыянальных цэркваў.
Ідэі Лютэра знайшлі шырокую падтрымку ў Заходняй Еўропе. Склаліся розныя напрамкі Рэфармацыі (кальвінізм у Францыі, паводле прозвішча прапаведніка Жан Кальвіна; у Швейцарыі заваяваў вялікі аўтарытэт У. Цвінглі; у Германіі – Т. Мюнцер і інш). Усе гэтыя напрамкі Рэфармацыі пазней атрымалі агульную назву «пратэстанты» (пратэстантызм). Назва «пратэстанты» зышла з такой падзеі ў Германіі. Сойм гэтай дзяржавы пастанавіў не пачынаць рэформы царквы да 8-га Усяленскага сабору (які не адбыўся па сённяшні дзень). Тады прыхільнікі Лютэра падалі пратэст на гэтае рашэнне сойма, таму атрымалі назву «пратэстанты», якая затым пашырылася на ўсіх прыхільнікаў Рэфармацыі (гл. больш падрабязна: Смирнов, П. История христианской православной церкви / П. Смирнов. – М., 1998. – С. 122).
На тэрыторыі Беларусі першыя пратэстанцкія абшчыны ўзніклі да сярэдзіны ХVІ ст. У 1535 годзе слуцкі князь Юрый Алелькавіч выдзеліў зямельны ўчастак для лютэранскай царквы ў Слуцку. Прафесар В.Ф. Шалькевіч лічыць, што першым значным прадстаўніком лютэранства на Беларусі быў Аўраам Кульва (каля 1510 – 1545 гг.) [8, с.75]. Ураджэнец Вялікага княства Літоўскага, ён атрымаў ступень доктара тэалогіі ў Германіі. У 1539 г. Кульва прыехаў у Вільню і пачаў выкладаць там вучэнне Лютэра, але з-за пагрозы арышту з’ехаў у Крулевец (Кенігсберг, сучасны Калінінград), дзе атрымаў месца прафесара тэалогіі ў Кенігсбергскім універсітэце, які быў створаны ў 1544 годзе для распаўсюджвання лютэранства на землях ВКЛ. Аднак лютэранства на Беларусі не атрымала такога вялікага пашырэння, як кальвінізм. І.У. Вішнеўская слушна адзначае, што лютэранства адстойвала ідэю моцнай свецкай улады (абсалютызму), яно кіравалася прынцыпам: «Cujus reqio, ejus reliqio (Чыя дзяржава, таго і вера)»[4, с.49]. Вярхі беларуска-літоўскага грамадства былі прыхільнікамі прынцыпаў шляхецкай дэмакратыі, таму яны недаверліва ставіліся да ідэалагічнага абгрунтавання бязмежнай улады гасудара. Кальвінізм нёс дэмакратычныя і рэспубліканскія ідэі. Асабліва да спадобы магнатам і шляхце была кальвінісцкая ідэя, што кожная дзяржава магла мець сваю незалежную рэспубліканскую царкву.
Дэмакратычныя ідэі абумовілі пераход значнай часткі магнатаў і шляхты ВКЛ у кальвінізм. Прафесар В.Ф. Шалькевіч сцвярджае, што да 60-х гг. ХVІ ст. у кальвінізм перайшлі большая частка магнатаў: Радзівілы, Кішкі, Сапегі, Хадкевічы, Тышкевічы і інш. [8, с.77]. За магнатамі ў кальвінізм перайшла большая частка шляхты Вялікага княства. У.М. Ігнатоўскі адзначае, што «ў Наваградзкім ваяводстве з 600 фамілій праваслаўнае шляхты асталося ў старой сваёй веры ўсяго толькі шаснаццаць» [5]. У 1550-я гады ў духу кальвінізму былі рэфармаваны цэрквы ў Нясвіжы, Брэсце, Клецку, Ляхавічах, Кайданаве, Навагрудку, пазней у Віцебску, Мінску, Полацку, Оршы, Смаргоні і інш. На погляд прафесара В.Ф. Шалькевіча, каля 1560-х гг. кальвінісцкі рух у Беларусі аформіўся ў стройную арганізацыю, заснаваную на дэмакратычных прынцыпах. Усе пасады былі выбарныя. На чале абшчыны стаяў прапаведнік (міністр). Кантроль за жыццём абшчыны ажыццяўлялі сеньёры, якія таксама выбіраліся з ліку веруючых – магнатаў, шляхты, гараджан [8, с.77]. Пры пратэстанцкіх абшчынах адкрываліся школы, шпіталі, друкарні (друкарні: Брэсцкая, Лоская, Нясвіжская і інш.)
Рэфармацыйны рух адбіўся і на праваслаўнай царкве Вялікага княства Літоўскага. Царкоўны гісторык А. Мартас адзначае, што на Русі існаваў патранат – вялікія князі апякалі цэрквы і манастыры. Але у Вялікім княстве патранат (апека) вырадзіўся «в безграничный произвол польских королей» [6]. У 1548 годзе Варшаўскі сойм надаў каралю Польшчы і вялікаму князю літоўскаму права прызначаць на пасады вышэйшых духоўных асоб праваслаўнай царквы [6]. А. Мартас адзначае, што каралі Рэчы Паспалітай раздавалі пасады праваслаўных епіскапаў і мітрапалітаў свецкім людзям як узнагароду ці за грошы. Такая практыка раздачы епіскапскіх кафедр называлася «подаваньем хлебов духовных», а свецкі чалавек, які такім чынам атрымаў праваслаўную кафедру, называўся «нареченным епископом»ці«нареченным митрополитом» [6].
Так, у 1558 годзе кароль Жыгімонт ІІ за верную службу аддаў шляхціцу Глебу Корсаку Полацкую архіепіскапію. Затым кароль, после смерці Корсака, перадаў Полацкую архіепіскапію свайму ротмістру шляхціцу Богушу Сніцкаму. У 1568 годзе кароль Рэчы Паспалітай «пожаловал» Пінска-Тураўскую епархію пану Андрэю Русіну-Берастецкаму, які кіраваў епархіей у свецкім званні чатыры гады (да смерці), маючы тытул: «нареченный владыко пинский и туровский» [6].
Правам патраната карысталіся не толькі каралі Рэчы Паспалітай, але і мясцовыя феадалы Вялікага княства. М.А. Стэльмашэнка адшукаў у дакументах ХVІ ст. такі факт: князь Чартарыйскі, па праву патраната, у 1580 годзе заклаў некаму пану Іваніцкаму за 400 коп грошай манастыр «Чэсны крыж» [7, с.77].
Праваслаўная царква мела яшчэ адзін значны недахоп – «стяжательство» багацця – цэрквы і манастыры мелі свае зямлі, вёскі і сялян. Так, той жа М.А. Стэльмашэнка падлічыў па дакументах, што Кіева-Пячэрскі праваслаўны манастыр у ХVІ ст. меў 28 вёсак [7, с.40]. «Церковное нестроение» выклікала «ереси». У сярэдзіне ХVІ ст. маскоўскія дзеячы «ерасі» Мацвей Башкін і Феадосій Касы з-за рэпрэсій уцяклі на Беларусь, дзе прапагандавалі свае ідэі і погляды. Фёдар Касы лічыў, што ў людзей адзін Бог («и у татарове, и немцы и прочие языцы»), ён адмаўляў афіцыйную царкву, якая, на яго погляд, больш клапацілася аб багацці, чым аб веры. Фёдар Касы выказваў ідэю, што калі адзіны на свеце Бог, то і людзі павінны жыць адной супольнасцю, у якой будуць роўнасць, братэрства і чалавекалюбства.
Такія асаблівасці мелі рэфармацыйныя рухі на Беларусі.
2. Арыяне. Палітычныя і прававыя погляды левых арыян
Прадстаўнікі рэфармацыйных рухаў на Беларусі шукалі ўзор грамадства, у якім панавалі б справядлівасць і роўнасць людзей. Яны звярнуліся да ідэй ранняга хрысціянства апостальскіх часоў, нормы жыцця першых хрысціян яны разглядалі як эталон, узор справядлівага грамадства. Аб укладзе жыцця першых хрысціян і хрысціянскіх абшчын мы ведаем з кнігі Новага Запавету «Деяния святых Апостолов» (Апостала). Раннія хрысціяне прадавалі сваю ўласнасць, грошы перадавалі на патрэбы сваёй абшчыны, таму, як сказана ў «Деянии святых Апостолов», у першых хрысціян «было одно сердце и одна душа: и никто ничего из имения своего не называл своим, но все у них было общее» [ Деяния, 4; 32].
Але ранняе хрысціянства было пад уплывам вучэння арыян, ці антытрынітарыяў, якое засвоілі і прадстаўнікі рэфармацыйных рухаў на Беларусі.
Арыянства мае даўнюю гісторыю, гэта плынь хрысціянства, якая ўзнікла ў чацвёртым стагоддзі ва Усходняй Рымскай імперыі. Пачатак вучэнню паклаў александрыйскі прэсвітэр Арый (каля 256 – 336). Прыхільнікаў Арыя яшчэ называюць антытрынітарыямі (ад грэч. anti (супраць) + лац. trinitas – тройца). Сутнасць вучэнняў арыян (антытрынітарыяў) у тым, што яны адмаўлялі адзін з асноўных догматаў хрысціянства – догмат пра тройцу – «трыадзінства божае» (Бог-айцец, Бог-сын, Бог-Дух Святы. Догмат ад грэч. dogma – меркаванне, вучэнне, якое прымаецца на веру і не падвяргаецца крытыцы). Арыяне (антытрынітарыі) прызнавалі Богам толькі «Бога-айца», а Ісуса Хрыста лічылі не Богам, а толькі вялікім чалавекам, якому Бог адкрыў ісціны. Арыяне (антытрынітарыі) выступалі супраць царкоўнай іерархіі, манаства, адмаўлялі большасць царкоўнай абраднасці, клапаціліся пра сацыяльныя і маральныя змены ў жыцці людзей. У ХVІ ст. арыян ў Польшчы і Беларусі называлі яшчэ сацыніянамі, па прозвішчу італьянскага мысліцеля Фауста Соцыяна (1539 – 1604), які перасяліўся ў Польшчу і прапагандаваў там вучэнне Арыя. У пачатку ХVІІ ст. у Польшчы і Вялікім княстве Літоўскім існавала каля 150 сацыніянскіх суполак.
Каб пазбегнуць тэрміналагічнай блытаніны, прымем за зыходнае палажэнне, якое выказана прафесарам В.Ф. Шалькевічам аб тым, што «усе тры паняцці – арыяне, антытрынітарыі, соцыніяне – падобныя» [8, с.81], бо ў іх быў агульным тэарэтычны падмурак – вучэнне Арыя.
У IV – VIII cтст. (325 – 787 гг.) прайшлі сем Усяленскіх сабораў, якія асудзілі Арыя, выпрацавалі Сімвал веры, у якім сказана: «Верую во единаго Бога Отца, Вседержителя, Творца небу и земли, видимым же всем и невидимым. И во единого Господа Иисуса Христа, Сына Божия... И в Духа Святаго, Господа, Животворящего, Иже от Отца исходящего...» (Молитвослов. – М., 2000. – С.7, 8]. Такім чынам, у Сімвале веры, насуперак вучэнню Арыя, знайшоў замацаванне важнейшы догмат хрысціянства – догмат пра тройцу – «трыадзінства божае» (Бог-айцец, Бог-сын, Бог-Дух Святы); сімвал веры і зараз з’яўляецца кананічнай малітвай.
Погляды арыян нам вядомы з кнігі Сымона Буднага «Аб свецкай уладзе», якая змяшчае раздзел «Аб сінодзіку ў Іўі». У гэтым раздзеле Будны пісаў: «Чтобы тебя, милый читатель, не занимать пустыми страницами, я здесь напечатал диспут, или разговор, который произошел у нас (пятнадцать лет тому назад) с несколькими министрами (кіраўнікамі абшчын – І.Б.) на синодике в Ивье» [9, с.78]. Будны ў сваёй кнізе адзначыў, што сінодзік ў Іўі адбыўся ў 1568 годзе. На сінодзіку, акрамя тэалагічных пытанняў, дыспут вёўся па дзвюх асноўных праблемах: «следует ли христианину иметь подданых и подневольную челядь или нет» [9, с.78] і стаўленне арыян да свецкай і царкоўнай улады, да правоў і абавязкаў людзей. У адпаведнасці з адказамі на гэтыя пытанні арыяне падзяліліся на дзве плыні (напрамкі): на радыкальную плынь (левых арыян) і на памяркоўную плынь (правых арыян).
Разгледзім погляды левых арыян (радыкальнай плыні)
На сінодзіку ў Іўі Павел з Візны заявіў: «Бог из одной крови сотворил род человеческий, и поэтому все мы равны между собой; но если мы одной крови, то все мы братья; а если братья, то как же может один брат господствовать над другим? Как же может пользоваться его потом? Я с удовольствием выслушаю, если кто-нибудь докажет иное» [9, с.79].
Паўла з Візны на сінодзіку падтрымаў Якуб з Калінаўкі, які выказаў думку, што «ученикам Господа Христа не следует занимать должности, владеть поддаными и подневольной челядью» [9, с.78].
Акрамя матэрыялаў сінодзіка, да нас дайшлі сведчанні і аб іншых працах мысліцеляў таго часу. Цікавыя думкі выказаў Пётр з Ганёндза, творы якога не захаваліся, яны нам вядомыя толькі з пераказаў іншых людзей. Так, прафесар В.Ф. Шалькевіч спасылаецца на віленскага войта Аўгусціна, які ў лісце да кардынала Станіслава Гозія ў 1567 годзе пісаў аб працы Пётра з Ганёндзы «Аб раннехрысціянскай царкве». «Сам я бачыў і чытаў надрукаваную ў Гародні кнігу, – пісаў войт Аўгусцін, – у якой адмаўляецца дзяржаўная ўлада і дзяржаўныя пасады, услаўляюцца хрысціянскія свабоды, агульнасць маёмасці, ліквідуецца розніца паміж саслоўямі як у царкве, так і ў грамадстве» [8, с.90].
З дакументаў вядомы факт, калі пад уплывам пратэстанцкага прапаведніка Марціна Чаховіца заможны шляхціц Ян Немаеўскі, разам з іншымі шляхціцамі, паспрабавалі каля 1570 года стварыць арыянскую абшчыну на ідэалах ранніх хрысціян: яны прадалі свае маёнткі, грошы раздалі бедным людзям, падаравалі волю сваім прыгонным сялянам, адмовіліся ад усіх дзяржаўных пасад. Разам з тым, як слушна адзначае прафесар В.Ф. Шалькевіч, такі сацыяльны эксперымент не знайшоў шырокай падтрымкі сярод іншых шляхціцаў-арыян [8, с.91].
Кальвінісцкі прапаведнік з Нясвіжа Лаўрэнцій Крышкоўскі напісаў «Прадмову» да кнігі Юсціна Філосафа (100 – 166) «Размова з Трыфанам іўдзеянінам аб ісціне хрысціянскага закону». У «Прадмове» Крышкоўскі пісаў: «Веруючы не павінен жадаць ні багацця, ні дзяржаўных пасад, ні ўлады» [8, с.92]. Ён заклікаў вернікаў да карыснай працы. «Ніхто не можа быць упэўнены ў выратаванні душы, – адзначаў Крышкоўскі, – калі не будзе зарабляць хлеб уласнымі рукамі» [8, с.92]. Крышкоўскі асуджаў войны, бо «Бог стварыў жалеза для таго, каб каваць з яго не мячы і коп’і, а косы, сякеры і лемяшы» [8, с.92].
Такім чынам левыя арыяне прытрымліваліся радыкальных поглядаў: яны выступалі супраць прыгоннага права, прыватнай уласнасці, багацця, ухвалялі, каб кожны чалавек зарабляў хлеб уласнай працай.
Левыя арыяне адмоўна ставіліся да дзяржавы, разглядалі яе як апарат прымусу, бо, на іх погляд, дзяржава не адпавядала запавету Хрыста аб усеагульнай любві. Таму, на іх думку, хрысціяне не могуць служыць у дзяржаўным апараце (у апараце прымусу), ім забараняецца ўдзельнічаць у войнах, выкарыстоўваць працу паднявольных людзей. Разам з тым левыя арыяне лічылі, што хрысціяне павінны плаціць падаткі, бо Хрыстос даў запавет: «Кесарава – кесару, божае – Богу».
На погляд прафесара С.Ф. Сокала, левыя арыяне былі адной з першых плыняў утапізму на Беларусі [10, с.33].
3. Палітычныя і прававыя погляды правых арыян
Найбольш знакавай постаццю правых арыян быў Сымон Будны (каля 1530 – 1595). Нарадзіўся ў вёсцы Буды ў Мазовіі (Польшча) у сям’і дробнага шляхціца. Скончыў факультэт вольных мастацтваў Кракаўскага ўніверсітэта, магчыма, і тэалагічны факультэт Базельскага ўніверсітэта. 3 1588 года выкладаў на беларускай мове катэхізіс у пратэстанцкай школе ў Вільні. З 1560 года кальвінісцкі прапаведнік у Клецку. Палітычныя і прававыя погляды Буднага найлепш адлюстраваны ў яго творах «Аб свецкай уладзе», «Вызнанне хрысціянскага збору Вялікага княства Літоўскага аб уладзе і ўсялякім урадзе, коратка пацверджанае Святым Пісьмом» і інш.
Будны не падзяляў поглядаў левых арыян, якія адмоўна ставіліся да дзяржавы і яе інстытутаў, бо лічылі дзяржаву апаратам прымусу, што супярэчыла запавету Хрыста аб любві. Будны і яго прыхільнікі верылі ў магчымасць выпраўлення феадальнага грамадства і дзяржаўнага ладу шляхам іх рэфармавання на падставе норм раннехрысціянскай маралі. Прафесар С.Ф. Сокал лічыць, што ідэалам для Буднага былі «хрысціянская дзяржава» і «хрысціянскае права», існасць якіх у тым, што яны павінны быць «увасабленнем хрысціянскай маралі» [10, с.34]. На погляд Буднага, дзяржава можа быць тым інструментам, з дапамогай якога хрысціяне могуць стварыць сапраўды справядлівыя грамадства і права. Таму хрысціянам не трэба адмаўляцца ад дзяржаўных і судовых пасад, ад уласнасці, патрэбна толькі іх выкарыстоўваць так, каб палепшыць жыццё іншых людзей. Такім чынам, раннехрысціянская мараль разглядаецца Будным як зыходныя прынцыпы справядлівага грамадства, дзяржавы і права.
Але як пабудаваць «хрысціянскую дзяржаву»?
Шляхі пабудовы « хрысціянскай дзяржавы» Будны вызначыў у сваім творы
«Вызнанне хрысціянскага збору Вялікага княства Літоўскага аб уладзе і ўсялякім урадзе, коратка пацверджанае Святым Пісьмом». Будны вызначыў прынцып: «Хрысціянін кожную рэч павінен разумець паводле слова Божага» [11, с.207]. Гэта азначала, што ў аснову дзяржавы і права павінны быць пакладзены хрысціянскія запаветы, адсюль і назва «хрысціянская дзяржава», «хрысціянскае права».
Будны выказаў свае погляды на сутнасць дзяржаўнай улады, на абавязкі падданых у хрысціянскай дзяржаве. Будны спасылаецца на апостала Паўла, які сцвярджаў, што «няма ўлады не ад Бога; існуючыя ўлады пастаўленыя Богам» [11, с.208]. Адсюль Будны робіць вывад, што «хрысціяне, павінны быць узорнымі падданымі і слухацца найвышэйшага гаспадара – імператара, цара, альбо караля… Супроць іх нельга паўставаць, бунтаваць і дапамагаць бунтаўнікам. Нават калі пан – тыран…, калі ён без віны сільнічае сваіх падданых, забірае маёмасць ці навогул забівае… Заўжды належыць бараніць сваіх гаспадароў ад бунтаўнікоў…» [11, с.208].
Будны выказаў ідэі аб якасцях і абавязках хрысціянскага гасудара. Будны пісаў: «Хрысціянскі кароль мусіць быць богабаязны, справядлівы, міласэрны… Ён павінен бараніць удоў, убогіх і сірот; сачыць, каб судзілі ў адпаведнасці з законамі, заснаванымі на Святом Пісьме. …Хрысціянскі гаспадар павінны кіравацца інтарэсамі ўсяе дзяржавы, усіх абываталяў, а не толькі ўласнай карысцю» [11, с.211]. Разам з тым Будны адзначае, што «Хрысціянскаму гаспадару належыць сачыць за тым, каб непатрэбныя гультаі, якіх поўна ў нашай Сармацыі й безліч ва ўсёй Еўропе, не елі дарам хлеба… Гаспадар абавязаны прымусіць лайдакоў і нядбаўльцаў працаваць, а калі яны пачнуцца хавацца, указаць ім дарогу са сваёй зямлі…» [11, с.212].
Будны прад’яўляў высокія патрабаванні да чыноўнікаў дзяржаўнага апарату – ваяводаў, старастаў і суддзяў. «Ім гэтаксама належыць, – пісаў Будны, – быць богабаязнымі, справядлівамі, сумленнымі і міласэрнымі. Яны мусяць ведаць законы, мець высокую адукацыю, быць акуратнымі і спраўнымі, а галоўнае – не ласымі на чужое і не хцівымі… Каб суддзі судзілі народ судом праведным. Не перакручвай закону, не зважай на асоб і не бяры хабару. Бо хабар слепіць вочы мудрых і перакручвае словы справядлівых» [11, с. 212].
Разам з тым Будны дапускаў выпадкі, калі хрысціянін не павінен слухацца нават караля. «Калі кароль ці іншы ўрадовец, – адзначае Будны, – прымушае чыніць штосьці супраць Бога і Ягонага Слова. Тады лепей быць забітым, чымся слухацца гаспадара, бо Пан Хрыстос вучыў аддаваць кесару не ўсё, а толькі кесарава. Святыя апосталы даводзілі да бязбожных урадаўцаў, што ім належыць слухацца Бога, а не людзей» [11, с.210]. У гэтым выпадку Сымон Будны падрымліваў чэшскага мысліцеля, ідэолага ранняй чэшскай Рэфармацыі Яна Гуса (1371 – 1415), які лічыў, што адзінай і выключнай крыніцай веры з’яўляецца Святое Пісанне, якім павінны кіравацца кожны чалавек. Калі загады ўладаў супярэчаць Святому Пісанню, хрысціянін мае права не выконваць такія загады, бо яны супярэчаць волі Бога.
Будучы арыяніным, Будны разглядаў Хрыста не як Бога, а як чалавека, якому воляй Бога былі адкрыты вялікія ісціны. Заканадаўцам Будны лічыў толькі Бога, а Хрыстос, на яго погляд, быў тлумачальнікам боскіх законаў. Будны пісаў: «Паколькі Святым Пісаннем добра даказваецца, што ёсць толькі адзін закон Божы, які сам Бог праз Маісея даў, то адзначанае само паказвае, што Хрыстос не з’яўляецца заканадаўцам, а быў толькі тлумачальнікам і абаронцам ад усіх» [10, с.35]. Калі Хрыстос тлумачальнік боскага закону, то, на думку Буднага, няма патрэбы ў іншых тлумачальніках «слова божага» – святарах, царкве, у правілах, усталяваных царквою.
Натуральнае права Будны разглядаў у святле палажэнняў Нагорнай Пропаведзі Хрыста. «Натуральны закон вучыць кожнага чалавека, – пісаў Будны, – каб той другому рабіў тое, што сам хоча, каб яму рабілі» [10, с.35].
Левыя арыяне адмаўлялі смяротную кару поўнасцю, кім бы яна не здзяйснялася і якімі бы матывамі не грунтавалася. Іх пазіцыя тлумачылася божым запаветам «Не убій». На гэтае пытанне Будны адказвае так: «Найперш, кожны ўрад, улада і ўсе правіцелі – ад Бога. Незалежна ад таго, які паводле сваёй сутнасці ўрад – добры ці злы…усялякі пастаўлены Богам. Бо сам Госпад Бог гэтак мовіў: “Хто пралье кроў чалавечую, таго кроў пральецца ад рукі чалавека” (1 Майсея 9:6), дазволіўшы, такім чынам, урад, які б караў парушальнікаў Закону» [11, с.207–208].
Будны выказаў думкі аб войнах справядлівых і несправядлівых. Справядлівымі Будны лічыў войны дзеля абароны сваёй Айчыны, таму кожны сумленны грамадзянін павінен абараняць сваю зямлю ад захопнікаў. Несправедлівымі Будны лічыў войны, скіраваныя на захоп чужых гарадоў, княстваў або зямель, на захоп чужых багаццяў. Будны адзначаў, што хрысціянскі гасудар не павінен «распачынаць вайны дзеля пашырэння сваіх уладанняў, а ўступаць у бойку толькі тады, калі вымушаюць абставіны, калі неабходна абараніць падданых» [11, с.211].
Прафесар В.Ф. Шалькевіч адзначыў, што асабісты лёс Сымона Буднага быў пакручастым. Спярша ён набыў вялікую папулярнасць у Рэчы Паспалітай. Але затым погляды Буднага выклікалі нездавальненне ў правячых колах, у 1582 годзе ён быў адлучаны ад пратэстанцкай царквы, яго кнігі спальвалі на кастрах, яго цкавалі як каталікі, так і пратэстанты. Буднага больш матэрыяльна не падтрымлівалі магнаты-апекуны (Радзівілы, Ян Кішка), настаў для яго цяжкі час галечы, блуканняў, пераследаванняў. Памёр Будны на 63-м годзе жыцця ў доме шляхціца-пратэстанта Лявона Маклака ў Вішневе (непадалёк ад Ашмян) [8, с.87]. Зараз у Нясвіжы Буднаму пастаўлены помнік ва ўвесь рост, у левай руцэ Будны трымае Біблію, якую лічыў самым надзейным аўтарытэтам у справе веры і пазнання ісціны.
Прыхільнікам поглядаў Сымона Буднага быў Васіль Цяпінскі (1530-я – 1599 або 1600). Нарадзіўся на Полаччыне ў сям’і гаспадарскага баярына. Удзельнічаў у Лівонскай (Інфлянцкай) вайне 1552 – 1582 гг, служыў у падканцлера ВКЛ А. Валовіча. Магчыма, у сваім радавым маёнтку Цяпіна (цяпер Чашніцкі раён) заснаваў друкарню, дзе каля 1570 года выдаў перакладзеныя ім на беларускую мову евангеллі ад Матфея, Марка і часткова ад Лукі (захоўваюцца ў Расійскай нацыянальнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу). Да выдадзеных ім кніг Цяпінскі напісаў прадмову, у якой адзначыў важнасць «Евангелля», якая «ёсць сума Закона Божага» [11, с.236].
У сваёй працы «Аб свецкай уладзе» Будны характарызаваў В. Цяпінскага як арыгінальнага мысліцеля, які прымаў актыўны ўдзел у выпрацоўцы асноўных палажэнняў ідэалогіі беларускіх арыян. Актыўна ўдзельнічаў В. Цяпінскі ў рэлігійных спрэчках на сінодзіку ў Іўі. Будны пісаў: «Першым выступіў шляхціц Цяпінскі, а затым ужо некаторыя іншыя, сцвярджаючы, што дзяржаўныя пасады не пярэчаць евангельскаму вучэнню, таксама як і валоданне маёнткамі, удзел у войнах, урадах і г.д.» [8, с.88, 89]. Такім чынам, як слушна адзначыў прафесар В.Ф. Шалькевіч, «В. Цяпінскага і С. Буднага звязвалі не толькі асабістае знаёмства, але і агульнасць ідэйных пазіцый у адносінах да маёмасці і дзяржавы» [8, с.89].
Такім чынам, Рэфармацыя на Беларусі адыграла значную ролю ў развіцці грамадска-палітычнай і прававой думкі, беларускай культуры і мовы, у абуджэнні самасвядомасці беларускага народа.