7.2. Перспектыўнае планаванне
Перспектыўнае планаванне выкарыстоўваецца пры вывучэнні манаграфічных тэм або твораў вялікага аб’ёму, на вывучэнне якіх адводзіцца больш чым 3 гадзіны. Перспектыўнае планаванне ажыццяўляецца для таго, каб размеркаваць матэрыял паўрочна, прадугледзець разнастайнасць урокаў, відаў працы настаўніка і вучняў, метадаў і прыёмаў, а таксама размеркаваць вывучаемы матэрыял і хатняе заданне.
На сённяшні дзень ёсць два віды перспектыўнага планавання: тэматычна-паўрочнае, тэматычна-мэтавае.
Пры тэматычна-паўрочным планаванні, акрамя тэмы ўрока, указваюцца змест асноўнай работы настаўніка і вучняў, а таксама метадычныя прыёмы.
Форма такога планавання наступная:
№№ п.п. |
Назва тэмы |
Метадычныя прыёмы і змест |
Заўвагі |
|
|
|
|
У заўвагах указваюцца нагляднасць, старонкі літаратуры, якая можа быць прапанавана для чытання вучням, або назвы распрацовак, якімі можа карыстацца настаўнік.
Пры тэматычна-мэтавым планаванні,акрамя тэмы, вызначаюцца мэты (адукацыйная, развіваючая, выхаваўчая, матывацыйная). Такім чынам знаходзіць сваё адлюстраванне інтэграванасць зместу і навучальных задач.
Форма тэматычна-мэтавага планавання:
№№ п.п. |
Адукацыйная (навучальная) мэта |
Матывацыйная мэта |
Развіваючая мэта |
Выхаваўчая мэта |
|
|
|
|
|
На характар распрацоўкі тэматычнага плана ўплывае спецыфіка твора, які вывучаецца: яго род, жанр, памер, кампазіцыя, наяўнасць адной ці некалькіх сюжэтных ліній, колькасць дзеючых асоб, адметнасці мастацкіх вобразаў і інш. Улічваючы ўсе названыя акалічнасці, настаўнік вызначае спачатку шлях аналізу твора ці тэмы ў цэлым, а затым прыступае да складання сістэмы ўрокаў і тэматычнага планавання. Тэматычны план можа ўваходзіць у склад каляндарнага плана як дадатак.