Тэма 20. ВЫВУЧЭННЕ БАЕК У ШКОЛЕ
^ Вверх

Тэма 20. ВЫВУЧЭННЕ БАЕК У ШКОЛЕ

 

З байкамі вучні знаёмяцца яшчэ ў пачатковых класах. У праграме па літаратуры прадугледжана вывучэнне баек як ліра-эпічнага жанру. Праца над аналізам байкі мае сваю адметную структуру. Яна складаецца з наступных этапаў:

1. Чытанне байкі. Пачынаецца з выразнага чытання яе настаўнікам. Чытаць байку неабходна павольна, каб алегарычныя вобразы былі правільна ўсвядомлены вучнямі. Паколькі ў байцы амаль заўсёды бывае дыялог, то перадаецца ён розным тэмбрам голасу, з эмацыйнай афарбоўкай выразаў. Гэта дапамагае правільнаму ўспрыманню байкі.
2. Праверка першаснага ўспрымання. Праверка першаснага ўспрымання праводзіцца ў форме гутаркі, аналізуюцца асобныя словы і выразы, скіроўваецца ўвага на тое, як вучні ўспрынялі змест і ўявілі сабе герояў.
3. Аналіз сюжэтнай асновы. Паколькі сюжэт байкі – гэта, як правіла, эпізод, падзея, выпадак, мэтазгодна выкарыстоўваць такія прыёмы, як пераказ, тым больш што пераказ з вершаванай мовы развівае маўленне вучняў, і каменціраванне, якое дазваляе вызначыць тэму і праблему байкі.
4. Аналіз вобразаў. Спачатку вобразы аналізуюцца ў прамым значэнні, а затым аналізуецца іх алегарычная сутнасць. Звяртаецца ўвага на выбар аўтарам тых ці іншых алегорый (напрыклад, ліса – хітрасць, заяц – баязлівасць, баран – разумовая абмежаванасць і г.д.).
5. Назіранне над мовай. Патрабуецца ўважлівы аналіз мастацкай мовы байкі, паколькі гэта сродак стварэння яркіх характарыстык герояў і канфлікту, які заўсёды ляжыць у аснове зместу такога твора.
6. Праца над тэарэтычнымі паняццямі. Шляхам даследчых заданняў, эўрыстычнай гутаркі вучні вылучаюць у байцы рысы літаратурных родаў (эпасу і лірыкі) і вылучаюць прыкметы свабоднага верша.
7. Каменціраванне маралі. Заканчваецца вывучэнне байкі разважаннем, каменціраваннем маралі.

Паглыбляе правільнае ўспрыманне байкі і надае цікавасць уроку выкарыстанне такіх прыёмаў, як чытанне па ролях, інсцэніраванне, падрыхтоўка і аналіз ілюстрацый.

 

 

Спіс літаратуры

  1. Восприятие и изучение произведений в их родовой и жанровой специфике // Методика преподавания литературы: в 2 ч. / под ред. О.Ю. Багдановой, В.Г. Маранцмана. – М., 1994. – Ч. 2. – 288 с.
  2. Карухіна, В.А. Урокі беларускай літаратуры ў 8 класе: вучэб.-метад. дапам. для наст. / В.А. Карухіна, П.І. Лявонава, І.М. Слесарава. – Мінск, 2006. – 214 с.
  3. Ляшук, В.Я. Вывучэнне творчасці Кандрата Крапівы ў школе / В.Я. Ляшук, М.У. Яніцкі. – Мінск, 2007. – 192 с.
  4. Мішчанчук, М.І. Вывучэнне творчасці Кандрата Крапівы: Байка “Ганарысты парсюк” 8 клас / М.І. Мішчанчук // Роднае слова. – 2007. – № 2.
  5. Русілка, В.І. Эпас, лірыка, драма: дыферэнцыяцыя метадаў і прыёмаў школьнага аналізу твораў / В.І. Русілка // Літаратурная адукацыя ў Беларусі на сучасным этапе: новыя падыходы і тэндэнцыі: зб. навук. арт. / уклад. А.І. Бельскі; рэдкал.: Г.У. Пальчык [і інш.]. – Мінск, 2008. – С. 171 – 174.