5.2. Патрабаванні да сучаснага ўрока літаратуры, яго структура
Урок літаратуры адлюстроўвае запатрабаванні жыцця, здабыткі развіцця навукова-педагагічнай думкі і школьнай практыкі, але, безумоўна, не сам па сабе, а дзякуючы намаганням настаўнікаў, бо ўрок – гэта творчасць настаўніка. Кожны настаўнік выбірае свой падыход, па-свойму арганізуе навучальную дзейнасць, выкарыстоўваючы разнастайныя метады і прыёмы і ў пэўнай ступені, кіруючыся праграмай, падручнікамі, метадычнымі дапаможнікамі і інш., сваёй логікай, сваім бачаннем спасціжэння літаратурных твораў.
Аднак пры ўсёй непаўторнасці ўрокаў ёсць у іх устойлівае, тое, што вызначаецца самім прадметам, логікай яго пазнання, заканамернасцямі ўзроставай псіхалогіі школьнікаў. Методыка ўрока літаратуры грунтуецца ў першую чаргу на канкрэтызацыі тэмы, выразнай пастаноўцы дыдактычнай мэты, задачы (навучальнай, развіваючай, выхаваўчай), на разнастайнасці метадаў, разлічаных на інтэнсіфікацыю пазнавальнай дзейнасці вучняў і трывалае засваенне матэрыялу.
Эфектыўнасць урока, якасць набытых вучнямі на ім ведаў вызначаецца яго змястоўнай і метадычнай напоўненасцю, узроўнем правядзення, яго атмасферай. Залог поспеху крыецца ў грунтоўнай падрыхтоўцы ўрока.
На аснове праграмы настаўніку неабходна вызначыць месца дадзенага ўрока ў сістэме ўрокаў: паглядзець рэтраспектыўна і перспектыўна (што вядома, што паўтарыць, актуалізаваць, што будзе выкарыстана ў далейшым). Напрыклад, вывучэнне ў 5 класе легенды У. Караткевіча “Лебядзіны скіт”. З гэтым пісьменнікам вучні знаёміліся ў 4 класе, а таксама вывучалі легенды і паданні. Паняцце “сістэма вобразаў” будзе паглыбляцца ў далейшым. З праграмнага артыкула фармулюецца тэма і адукацыйная мэта. На аснове патрабаванняў да навыкаў і ўменняў падаецца развіваючая мэта. Урок літаратуры ўтрымлівае вялікі выхаваўчы патэнцыял, і выхаваўчая мэта фармулюецца са зместу матэрыялу, які вывучаецца. У нашым прыкладзе гэта мэта – захапіць вучняў лепшымі чалавечымі якасцямі, увасобленымі ў вобразе старца.
Асэнсаваўшы і згрупіраваўшы матэрыял, важна выбраць форму ўрока, абсталяванне, а на аснове гэтага – метады і прыёмы працы, наборы заданняў з арыентацыяй на павышаную актыўнасць вучняў, асобасны падыход, віды кантролю. Такім матывацыйным падыходам прадугледжваецца захаванне разнастайнасці навучальнага працэсу.
Яшчэ адзін важны ракурс, якому неабходна надаваць значную ўвагу пры падрыхтоўцы ўрока, – дамашняе заданне, бо самастойная праца вучняў дома замацоўвае вывучанае на ўроку і пераводзіць у доўгатэрміновую памяць.
Распрацоўваючы заданні на дом, настаўніку важна кіравацца наступнымі агульнадыдактычнымі патрабаваннямі. Заданне павінна вынікаць з матэрыялу ўрока, мець з ім непарыўную сувязь. Праца на ўроку павінна даваць ключ, рыхтаваць вучняў да працы дома. Пажадана, каб заданне было больш лёгкае, чым тая праца, якая ажыццяўлялася на ўроку. Калі настаўнік дае вучням заданне не па школьных падручніках, а па іншых крыніцах або заданні даследчага, творчага характару, то прадугледжваецца кансультацыя, даюцца алгарытмы, апоры, схемы, планы, тэзісы і інш.
Методыка ўрока літаратуры: сучасныя патрабаванні да ўрока, узаемасувязь частак урока, выбар метадаў навучання і арганізацыя дзейнасці вучняў; выніковасць, аптымізацыя навучання; фарміраванне асобы вучня, павышэнне маральнага патэнцыялу; змест і формы самастойнай працы вучняў; развіццё навыкаў і ўменняў школьнікаў у дынаміцы вучэбнага працэсу; задачы і мэтавыя ўстаноўкі ўрока; арганізацыя і адбор матэрыялу; узаемасувязь калектыўнай, групавой і індывідуальнай работы вучняў на ўроку; нагляднасць і ТСН; формы правядзення ўрока і педагагічная творчасць настаўніка – гэта праблемы, якія распрацаваны і працягваюць даследавацца ў работах многіх дыдактаў, метадыстаў.
Элементы сучаснага ўрока ўскладніліся і сталі такімі разнастайнымі, што ўзнікла неабходнасць у іншых, больш дакладных вымярэннях. З’явілася новая структурная адзінка ўрока — вучэбная сітуацыя.
Вучэбная сітуацыя можа ўключаць больш дробныя пытанні і заданні, што носяць дапаможны характар.
Патрабаванні да сучаснага ўрока літаратуры:
- Урок павінен быць цэласным (мець свой стыль, сваю канцэпцыю).
- Урок павінен быць звязаным з папярэднім і з наступнымі заняткамі, быць звяном ва ўсёй сістэме ўрокаў па тэме.
- Метады і прыёмы, эмацыйны тон урока павінны адпавядаць прыродзе, характару вывучаемага матэрыялу.
- Працэс засваення павінен рухацца ад простага да складанага, развіваць розныя бакі асобы школьнікаў.
- На ўроку павінны арганічна спалучацца дзейнасць настаўніка, класа, вучня.
- Урок павінен быць эмацыянальным, разнастайным, цікавым, насычаным адукацыйным матэрыялам.
На кожным уроку павінны быць вытрыманы агульнаадукацыйныя прынцыпы:
- вучэбна-арганізацыйны, г. зн., павінны стварацца спрыяльныя ўмовы дзейнасці, абсталёўвацца рабочае месца, рацыянальна планавацца праца на ўроку;
- вучэбна-інфармацыйны — уменне ажыццяўляць бібліяграфічны пошук працаваць з кнігай, даведнікамі і іншымі інфармацыйнымі крыніцамі (слоўнікамі, дадатковай літаратурай і г.д.);
- вучэбна-інтэлектуальны — трэба вучыць матываваць сваю дзейнасць, лагічна ўспрымаць і асэнсоўваць матэрыял, рацыянальна запамінаць, выдзяляць галоўнае, набываць навыкі самастойнага ўспрымання самакантролю;
- вучэбна-камунікатыўны — лагічна будаваць і перабудоўваць свае думкі вусна і пісьмова, пераказваць і сістэматызаваць інфармацыю, сціскаць і пашыраць яе, каменціраваць, рабіць водзывы, валодаць маналагічнай мовай і ўмець весці дыялог.
Аднак наяўнасць усіх элементаў неабавязковая. Яны могуць змяняцца, перамяшчацца ў залежнасці ад дыдактычных мэтаў урока. Акрамя ведання і выкарыстання разнастайных формаў і метадаў урока, яго элементаў, для павышэння эфектыўнасці і прадуктыўнасці ўрока настаўнік павінен ажыццяўляць самааналіз праведзенага ім урока. Для гэтага ён павінен ведаць прыкладную схему аналізу падрыхтаванага ці праведзенага ўрока.
Прыкладная схема аналізу падрыхтаванага ці праведзенага ўрока
І. Педагагічныя задачы
- Якія канкрэтныя задачы былі пастаўлены перад урокам (адукацыйныя, развіццёвыя, выхаваўчыя)?
- Часткаю якой агульнай задачы яны з’яўляліся?
- Ці былі вырашаны ўсе задачы, якія ставіліся перад урокам?
- Ці змяняліся задачы падчас урока? Калі так, то чаму?
ІІ. Педагагічныя сродкі і спосабы
- Ці ўлічваліся асаблівасці класа і канкрэтных вучняў па наступных параметрах:
- узровень іх разумовага і псіхалагічнага развіцця,
- патэнцыяльныя магчымасці,
- веданне прадмета,
- эмацыянальны стан і падрыхтаванасць да ўрока.
Калі асаблівасці класа і канкрэтных вучняў не ўлічваліся, то па якіх прычынах?
- Якія метады і прыёмы выкарыстоўваліся на ўроку?
- Як быў размеркаваны час на ўроку?
- Ці выкарыстоўваўся дадатковы матэрыял для вырашэння педагагічных задач? Калі так, то які? З якой мэтай?
- Ці змяняўся месцамі абавязковы па тэме ўрока матэрыял? Ці дало гэта станоўчы вынік? Калі не, то чаму?
- Ці былі неспадзяваныя сітуацыі на ўроку? Якія? Як яны вырашаліся?
ІІІ. Агульная ацэнка ўрока
- Як працавалі вучні?
- Ці ўдалося стварыць творчую атмасферу?
- Якія цяжкасці і праблемы выявіліся ў асобных вучняў і класа ў цэлым?
- Што атрымалася зрабіць з запланаванага? Што не атрымалася? Чаму?
ІV. Ці атрымаў настаўнік задавальненне ад работы з вучнямі?
V. Ці былі прычыны поспеху або няўдач у правільным ці няправільным выбары сродкаў вырашэння педагагічных задач? Якіх менавіта сродкаў?
VІ. Ці былі цяжкасці на ўроку? Якія? Як вырашаліся падчас правядзення ўрока?
VІІ. Як будзе ўлічаны вопыт дадзенага ўрока ў далейшай працы?
Заданні для абмеркавання на практычных занятках
- Падрыхтуйце вусныя паведамленні на тэму «Прынцыпы класіфікацыі ўрокаў літаратуры».
- Падрыхтуйце аналіз артыкула В.Я. Ляшук «Сучасны ўрок: які ён? Пытанні падрыхтоўкі да ўрока літаратуры і яго правядзення» (Роднае слова, 1993, № 6).
- На аснове ўказанай ніжэй літаратуры падрыхтуйце хрэстаматыі і іх прэзентацыі (заданні для творчых груп):
а) хрэстаматыя «Урокі па вядучаму метаду і прыёму»,
б) хрэстаматыя «Урокі па вядучай форме пазакласнай працы»,
в) хрэстаматыя «Нетрадыцыйныя ўрокі».
Спіс літаратуры
- Выбаранец, А. Урок-прэсканферэнцыя па творчасці П. Панчанкі / А. Выбаранец // Беларуская мова і літаратура ў школе. – 1988. – № 4. – С. 38.
- Голубков, В.В. Методика преподавания литературы / В.В. Голубков. – М., 1962.
- Грыцкевіч, С. Урок-фальклорны марафон / С. Грыцкевіч // Роднае слова. – 1995. – № 9. – С. 84.
- Каяла, У.І. Францыск Скарына (матэрыялы да ўрока-канферэнцыі ў Х класе) / У.І. Каяла // Актуальныя праблемы выкладання мовы і літаратуры ў вышэйшай і сярэдняй школе: Мат. рэсп. навук. канф. 30 кастрычніка 2002 г. / пад рэд. У.І. Каялы, Т.І. Тамашэвіча. – Гродна: ГрДУ, 2003. – С. 33 – 36.
- Крывашэй, Д. Жыццё і побыт беларусаў: Брэйн-рынг для вучняў 6 – 11 класаў па паэме Якуба Коласа «Новая зямля» / Д. Крывашэй // Роднае слова. – 1997. – № 11. – С. 94.
- Кудряшёв, Н.И. Взаимосвязь методов обучения на уроках литературы / Н.И. Кудряшёв. – М., 1981.
- Кульневич, С.В. Современный урок / С.В. Кульневич, Т.П. Лакоценина. // Ростов-н/Дону. – 2005.
- Ляшук, В.Я. Разнастайнасць урокаў у залежнасці ад методыкі іх правядзення / В.Я. Ляшук // Методыка выкладання беларускай літаратуры; Пад рэд. В.Я. Ляшук. – Мінск, 1999. – С. 355 – 374.
- Ляшук, В.Я. Урокі-семінары / В.Я. Ляшук // Роднае слова. – 1993. – № 6.
- Нівяркевіч, С. Урок-кансультацыя ў сістэме літаратурнага навучання (на прыкладзе вывучэння тэмы “Адам Міцкевіч і Беларусь”) / С. Нівяркевіч // Славянскія літаратуры ў кантэксце сусветнай: УІІІ Міжнар. навук. канф., прысвеч. 125-годдзю з дня нарадж. Янкі Купалы і Якуба Коласа, 1 – 3 лістап. 2007 г., Мінск, БДУ: зб. навук. арт. / рэдкал. Т.І. Шамякіна (адк. рэд.) [і інш.]; пад агул. рэд. І.С. Роўды. – Мінск: выд. цэнтр БДУ, 2008. – С. 485 – 490.
- Руцкая, А. Шляхамі Скарыны (урок-падарожжа) / А. Руцкая // Беларуская мова і літаратура ў школе. – 1990. – № 8. – С. 10.
- Сазанкова, В. «Мая Радзіма — Беларусь»: Урок-свята па нарысе У.Караткевіча «Зямля пад беламі крыламі» / В. Сазанкова // Роднае слова. – 1997. – № 10. – С. 86.
- Гл. таксама часопісы «Роднае слова» і «Беларуская мова і літаратура» за апошнія 5 гадоў.