5.1. Тыпы і віды ўрокаў па літаратуры
^ Вверх

5.1. Тыпы і віды ўрокаў па літаратуры

 

Урок – калектыўная форма навучання, якой уласцівы пастаянны састаў навучэнцаў, устойлівыя часавыя рамкі (45 хвілін), загадзя складзены іх расклад і арганізацыя вучэбнай работы над адным і тым жа матэрыялам.

Вучэбная сітуацыя  — гэта заданне, якое мае канкрэтную мэту, пэўны змест і методыку яго выканання;

гэта лагічная і эмацыйная частка ўрока, у якой у адзінстве выступаюць мэта, змест і методыка яго выканання; гэта лагічная і эмацыйная частка ўрока, у якой у адзінстве выступаюць мэта, змест, характар дзейнасці вучняў і спосаб арганізацыі дзейнасці.

Урок заўсёды быў і застаецца галоўнай формай навучальна-выхаваўчага працэсу. Гэта калектыўная форма навучання, якой уласцівы пастаянны састаў навучэнцаў і ўстойлівыя часавыя рамкі (45 хвілін), з загадзя складзеным раскладам і арганізацыяй вучэбнай працы над пэўным матэрыялам. Разам з тым, урок – гэта не проста перадача вучням навучальнага матэрыялу, а вельмі шматгранны і складаны акт, у якім канцэнтруюцца ўсе найважнейшыя асаблівасці навучальна-выхаваўчай дзейнасці. Для яго характэрны арганізацыйныя, педагагічныя, гігіенічныя, метадычныя, а ў нашым выпадку і літаратуразнаўчыя аспекты. Урок літаратуры, як адзначаў акадэмік М.А. Лазарук, “у гэтым сэнсе асаблівы, таму што нясе вучням не толькі агромістую чалавеказнаўчую інфармацыю, але з’яўляецца генератарам духоўнасці, фарміруе эмацыянальную, эстэтычную культуру чалавека, выхоўвае як асобу ў самым шырокім значэнні гэтага слова”[1].

Методыка ўрока літаратуры грунтуецца на выразнай пастаноўцы дыдактычнай мэты, задачы (навучальнай, развіваючай, выхаваўчай), на разнастайнасці і багацці метадаў, разлічаных на інтэнсіфікацыю пазнавальнай дзейнасці вучняў і трывалае засваенне матэрыялу.

Рыхтуючыся да заняткаў, настаўнік

- прадумвае мэты і змест;

- метады і прыемы працы;

- выбудоўвае ўрок. 

Класіфікацыя ўрокаў у залежнасці ад падыходаў:

1. Па дыдактычных мэтах:

  • урок тлумачэння новага матэрыялу,
  • урок абагульнення і сістэматызацыі,
  • урок-паўтарэнне,
  • урок камбінаванай будовы,
  • кантрольны ўрок.

2. Урокі акадэмічнага тыпу

  • урок-лекцыя,
  • урок-семінар,
  • урок-залік.

Урок-лекцыяў залежнасці ад класа можа быць ад 10 да 35 хвілін. Зыходзячы з узроставых асаблівасцей вучняў, урок-лекцыя звычайна праводзіцца ў старэйшых класах. Урок-лекцыю варта выкарыстоўваць, калі бярэцца вялікі аб’ём матэрыялу ці складаны матэрыял (яшчэ незнаёмы вучням ці знаёмы схематычна). Урокі-лекцыі прымяняюцца пры вывучэнні аглядавых тэм, для уступных заняткаў да манаграфічных тэм, пры вывучэнні біяграфіі пісьменніка, у якасці першага ўрока перад вывучэннем вялікага эпічнага твора.

У залежнасці ад месца ў навучальным працэсе і дыдактычнага прызначэння вылучаюцца наступныя віды ўрока-лекцыі:

уводная лекцыя праводзіцца, калі даецца агульная характарыстыка матэрыялу, які будзе вывучацца;

— установачная лекцыя выкарыстоўваецца, калі падаецца асноўны змест і накірункі да паглыблення вывучэння тэмы;

разавая лекцыя абіраецца, калі разглядаецца адно пытанне, пэўны аспект, новы погляд на тэму, якая вывучаецца;

аглядная лекцыя праводзіцца, калі трэба пазнаёміць з асноўнымі вузлавымі пытаннямі вялікага матэрыялу;

падагульняючая лекцыя выкарыстоўваецца пасля вывучэння тэмы ці вялікага твора і мае на мэце сістэматызаваць веды вучняў.

Для лепшага ўспрымання лекцыі настаўнік можа ўключыць у сваё выступленне паведамленне вучня, выкарыстанне нагляднасці, паведамленне ці запіс на дошцы плана лекцыі, а таксама забеспячэнне заданнямі.

Урок-семінарвыбіраецца, калі прадугледжваецца самастойнае асэнсаванне тэмы. Семінары могуць выкарыстоўвацца на ўступных і заключных занятках, пры аналізе мастацкага твора, пры вывучэнні манаграфічных і аглядных тэм, на ўроках пазакласнага чытання.

Урок-семінар абавязкова патрабуе папярэдняй падрыхтоўкі, якая ўключае ў сябе наступныя віды дзейнасці: тлумачэнне тэмы, распрацоўка пытанняў, падрыхтоўка спісаў літаратуры і іншага даведачнага матэрыялу, размеркаванне пытанняў і заданняў сярод вучняў, правядзенне індывідуальных кансультацый, вызначэнне працы класа.

Урок-залік дапамагае праверыць засваенне тэмы ці шэрагу паняццяў, пытанняў. Праводзіцца такі ўрок як пісьмова, так і ў вуснай форме. Адным з варыянтаў урока-заліку можа выступаць тэсціраванне.

Пытанні да заліку даюцца настаўнікам загадзя і тлумачацца. Праводзіцца залік можа як індывідуальна, так і па групах.

3. Віды ўрокаў па вядучым метадзе:

  • урок-гутарка,
  • урок-дыспут,
  • урок-дыскусія
  • урок-даследаванне,
  • урок-доказ,
  • урок-дэманстрацыя.

Урок-гутарка — распаўсюджаны і эфектыўны від урока, неабходны пры аналізе твораў, праверцы ўспрыняцця прачытанага, на заключных занятках, пры актуалізацыі прачытанага. Прадуманыя эўрыстычныя пытанні ўключаюць вучняў у творчы працэс пазнання твора, ствараюць эфект адкрыцця, вучаць абгрунтоўваць думку, надаваць ёй славесную форму, развіваюць уменне слухаць. Слабым бокам урокаў-гутарак з’яўляецца тое, што кароткія, лаканічныя адказы школьнікаў не развіваюць маналагічную мову.

Урок-дыскусія — калектыўнае абмеркаванне пытанняў, якія могуць выклікаць несупадзенне думак. Добра развіваюць мысленне, патрабуюць глыбокага пранікнення ў матэрыял, развіваюць дыялагічную мову. Галоўная задача настаўніка на такіх уроках — прадумаць дыскусійны момант, каб заахвоціць вучняў прыняць удзел у такой працы.

Урок-дыспут па методыцы правядзення падобны да ўрока-дыскусіі. Адрозненне толькі ў тым, што свае погляды на спрэчныя пытанні выказваюць два-тры вучні, а не ўвесь клас, што і з’яўляецца адмоўным у такім відзе ўрока.

Урок-даследаванне грунтуецца на самастойным спасціжэнні нескладанай тэмы, развівае даследчыя здольнасці, вымагае падрыхтоўкі пытанняў-заданняў, алгарытмаў.

Урок-доказ карысны пры абагульненні вывучанага. Ён патрабуе выкарыстання схем, апор, табліц і інш. На ўроку-доказе рэалізуецца вучэбна-інфармацыйны прынцып навучання.

Урок-дэманстрацыя заснаваны на выкарыстанні вучэбных фільмаў, праглядзе тэлеспектакляў, тэлеўрокаў. Але, каб урок не быў успрыняты вучнямі як забава, адпачынак, варта накіроўваць вучняў на асэнсаванне, аналіз, даваць неабходныя каментарыі.

4. Па форме пазакласнай працы:

  • урок-экскурсія (падарожжа),
  • урок-спаборніцтва,
  • урок-турнір,
  • урок-гульня,
  • урок-алімпіяда,
  • урок-канцэрт,
  • урок-кампазіцыя,
  • урок-спектакль,
  • урок-віктарына.

5. Нетрадыцыйныя ўрокі

За аснову тэхналогіі правядзення такіх урокаў бяруцца пэўныя грамадскія з’явы, і іх працэсавы бок напаўняецца літаратурным матэрыялам. Такія ўрокі даюць магчымасць пазбегнуць аднастайнасці, шаблоннасці. Гэта іх станоўчы бок. Адмоўным жа з’яўляецца тое, што нетрадыцыйныя ўрокі ўспрымаюцца вучнямі як гульня, зніжаецца ўспрыняцце, дзеці захапляюцца падзейным бокам і слаба засвойваюць навучальны матэрыял. Існуюць наступныя віды нетрадыцыйных урокаў:

  • урок-суд,
  • урок-прэс-канферэнцыя,
  • урок-прэзентацыя,
  • урок-інтэрв’ю,
  • урокі на ўзор інтэлектуальных тэлегульняў.

 

Заданні для абмеркавання на практычных занятках

  1. Распрацуйце паўрочны план ўрока-суда пры працы над аналізам пэўнага вобраза (на выбар).
  2. Падрыхтуйце абарону праектаў нетрадыцыйных урокаў па наступных відах:
  • урок-кінастудыя (напрыклад, пры вывучэнні аповесці К.Чорнага “Насчечка”),
  • урок-прысвячэнне (да тэмы “Віды лірыкі”),
  • урок-“рэдакцыя” (у выглядзе юбілейнага нумара газеты (пісьменнік на выбар)),
  • урок-вернісаж (урок вывучэння біяграфіі пісьменніка на аснове жывапісных палотнаў),
  • урок-гульня “Лато” (абагульняючы ўрок па шэрагу пытанняў),
  • урок-абарона турыстычных праектаў (“Шляхамі паэтаў і герояў”).


[1] Урок літаратуры ў школе / Пад рэд. М.А. Лазарука. – Мінск, 1995. – С. 4.