3.5. ПАДРУЧНІКІ ПА БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ
Першыя падручнікі па беларускай літаратуры былі створаны ў 20-я гады ХХ стагоддзя. Абнаўляліся яны ў сувязі са зменай зместу адукацыі і зменай праграм. Апошняе пакаленне падручнікаў распрацоўваецца ў сувязі з вяртаннем да 11-гадовай сістэмай навучання.
Для навучання ў сярэдніх класах (4—8 класы) выдадзены падручнікі-хрэстаматыі, якія ўключаюць у сябе крытычныя артыкулы, мастацкія творы ці ўрыўкі з іх, пытанні і заданні. Для старэйшых класаў створаны асобна падручнікі і хрэстаматыі. У падручніках даюцца звесткі пра аўтараў, агульны агляд літаратурнага працэсу, аналіз мастацкіх твораў. У хрэстаматыі змяшчаюцца мастацкія творы ці ўрыўкі з іх, падаюцца пытанні і заданні да прачытаных твораў.
Метадычны апарат падручнікаў пабудаваны такім чынам, каб вучні маглі ажыццяўляць самакантроль, маглі праверыць, як яны запомнілі змест твора, ці добра ўсвядомілі палажэнні артыкула. Шмат пытанняў і заданняў рэалізуюць задачу развіцця вуснай і пісьмовай мовы вучняў, а таксама прадугледжваюць ажыццяўленне ўнутрыпрадметных і міжпрадметных сувязей. Павышэнню агульнай культуры і культуры чытання вучняў садзейнічае слоўнікавы каментарый, які змяшчаецца ў падручніках.
Эфектыўнае выкарыстанне падручнікаў пры вывучэнні літаратуры — адна з надзённых задач настаўніка.
Заданні для абмеркавання на практычных занятках
1. Прааналізуйце школьныя падручнікі па беларускай літаратуры і зрабіце рэцэнзіі на іх па наступнай схеме:
— Як аўтары ўлічваюць узроставыя асаблівасці вучняў?
— Як у падручніку падаецца біяграфія пісьменніка?
— Як пракаменціраваны тэксты літаратурных твораў?
— Што ўяўляюць сабою тэарэтыка-літаратурныя паняцці?
2. Звярніце ўвагу на пытанні і заданні, якія прапануюцца да аналізу твораў.
3. Прадумайце, які б падручнік стварылі вы для сучаснай школы? Чым бы вы кіраваліся пры гэтым?
4. Параўнайце праграмны матэрыял для аднаго класа (на выбар) і адпаведны падручнік.
5. Ці згодны вы з наступным азначэннем тэрміна «падручнік»? Аргументуйце свой адказ: Падручнік — гэта навучальны дапаможнік, які дапамагае вучням вучыцца, а настаўніку — вучыць (Педагогика / Под ред. Н.И. Пидкасистого. — М. — 1995).
Спіс літаратуры
- Абсталяванне кабінета беларускай мовы і яго выкарыстанне ў навучальна-выхаваўчым працэсе. – Мінск, 1980.
- Беларускія пісьменнікі на старонках часопіса “Роднае слова”: бібліягр. паказ. / Бел. асац. “Конкурс”; склад.: А.В. Высоцкая [і інш.]. – Мінск: Бел. асац. “Конкурс”, 2008. – 256 с.
- Бельскі, А.І. Вучэбна-метадычны комплекс па беларускай літаратуры (структура, склад, крытэрыі і паказчыкі ацэнкі якасці) / А.І. Бельскі, І.Л. Шаўлякова-Барзенка // Беларуская мова і літаратура. – 2008. – № 2.
- Бельскі, А.І. Літаратурацэнтрызм: педагагічныя артыкулы, нарысы / Алесь Бельскі. – Мінск: Адукацыя і выхаванне, 2008. – 144 с.
- Лявонава, П.І. Беларуская літаратура ў пытаннях і адказах: 10 клас: дапам. для настаўнікаў агульнаадукацыйных устаноў з 12-гадовым тэрмінам навучання / П.І. Лявонава, М.У. Грынько, М.В. Савіцкі. – Мінск: Універсал-Прэс, 2007. – 384с.
- Ляшук, В.Я. Лабараторныя заняткі па методыцы выкладання беларускай літаратуры / В.Я. Ляшук. – Мінск., 1988.
- Ляшук, В.Я. Вывучэнне творчасці Кандрата Крапівы ў школе / В.Я. Ляшук, М.У. Яніцкі. – Мінск, 2007. – 192 с.
- Методыка выкладання беларускай літаратуры. / Пад рэд. В.Я. Ляшук. – Мінск., 1999.
- Міхайлаў, М.Р. Практыкум па методыцы выкладання беларускай літаратуры / М.Р. Міхайлаў. – Мінск, 1987. – С. 118 – 121.
- Падручнікі па беларускай літаратуры для сярэдняй школы.