10.2. Вывучэнне ўспрымання мастацкага твора вучнямі
^ Вверх

10.2. Вывучэнне ўспрымання мастацкага твора вучнямі

 

Цэнтральным у курсе літаратурнай адукацыі ў школе з’яўляецца вывучэнне мастацкага твора, якое складаецца з чатырох асноўных этапаў: уступныя заняткі, чытанне, аналіз, заключныя заняткі. Кожны этап уключае ў сябе разнастайныя віды дзейнасці навучэнцаў. Аднак гэтыя этапы не з’яўляюцца строга размежаванымі. Наадварот, яны павінны ўзаемадзейнічаць адзін з другім, лагічна пераходзіць з аднаго ў іншы.

Чытанне як этап  вывучэння мастацкага твора займае асноўнае месца ў працы над творам. Таму дзеля паўнавартаснага ўспрыняцця і аналізу мастацкага твора настаўніку-літаратару неабходна асаблівую ўвагу звяртаць на ўспрыманне мастацкага твора вучнямі. Ад таго, наколькі зразумеюць ці не зразумеюць вучні той ці іншы праграмны твор, будзе залежаць і ўся праца над аналізам гэтага твора. Успрыняцце чытачом-школьнікам літаратурнага твора — гэта складаны і творчы працэс, апасродкаваны ўсім жыццёвым, эстэтычным, чытацкім і эмацыйным вопытам вучня. Суаднесенасць працэсу чытання і вывучэння літаратуры не раз адзначаліся ў айчыннай і расійскай метадычнай і псіхалагічнай навуках (даследаванні М.А. Лазарука, В.Я. Ляшук, Л.В. Асташонак, В.В. Галубкова, А.Н. Лявонцьева, П.М. Якабсона і інш.). Настаўніку-літаратару, які з’яўляецца своеасаблівым пасрэднікам паміж пісьменнікам і чытачом, варта не толькі ўлічваць у вучэбным працэсе характар вучнёўскага ўспрыняцця, але і імкнуцца актыўна на яго ўздзейнічаць, выкарыстоўваючы для гэтага разнастайныя аптымальныя варыянты аналізу літаратурнага твора. Разам з тым, ведучы размову пра чытацкае ўспрыняцце твораў мастацтва, неабходна мець на ўвазе “не ўспрыняцце ў гнасеалагічным сэнсе, а, па сутнасці, – асэнсаваць твор, адрозніваючы ўспрыманне першаснае і другаснае, якое з’яўляецца вынікам аналізу”.

Кожны літаратурны твор – гэта твор мастацтва са сваёй асноўнай эстэтычнай функцыяй. Таму вучань павінен ўспрымаць твор, звяртаючы ўвагу на асноўныя эстэтычныя катэгорыі.

На сённяшні дзень існуе некалькі асноўных аспектаў вывучэння ўспрымання вучнем прачытанага:

  • высвятленне папярэдніх уражанняў ад прачытанага;
  • супастаўленне першапачатковых уражанняў з тымі, што фарміруюцца ў працэсе аналізу і на выніковых занятках;
  • хатняе заданне апераджальнага характару;
  • эксперыментальныя зрэзы;
  • сістэматычнае назіранне на працягу навучальнага года ці некалькіх гадоў.

Высвятленне папярэдніх уражанняў. Кожны мастацкі твор вучнямі ўспрымаецца абсалютна арыгінальна, але часам не зусім правільна. Але менавіта ад таго, як успрыняў вучань мастацкі твор на этапе чытання, будзе залежаць і ягоная праца над аналізам твора. Успрыманне мастацкага твора, як слушна заўважае Л.В. Асташонак, — “гэта ацэнкі і перажыванні. Чытаючы, мы заўсёды штосьці ацэньваем, аб чымсьці разважаем, суадносім свае пачуцці і думкі з тымі, якія выяўляюцца ў творы”[1].

Супастаўленне першапачатковых уражанняў з тымі, што фарміруюцца ў працэсе аналізу і на выніковых занятках. Не заўсёды ўспрыманне твора будзе аднолькавым на першасным этапе працы з творам і пасля працы над аналізам твора. Думкі, уражанні, меркаванні школьніка часта могуць мяняцца пад уздзеяннем меркаванняў настаўніка ці іншых вучняў. Калі школьнік не зусім правільна зразумеў сутнасць твора, яго асноўны сэнс, не змог у поўнай меры ацаніць мастацкую вартасць, перад настаўнікам стаіць задача давесці да свядомасці навучэнца той асноўны змест і сэнс, што закладзены ў творы самім аўтарам. Гэта можа ажыццяўляцца праз слова настаўніка ці праз адказы іншых школьнікаў. Але нельга забываць і аб тым, што ўспрыманне любога мастацкага твора (літаратура, музыка, жывапіс, кіно,  тэатр і г.д.) – справа абсалютна суб’ектыўная. Таму нельга “дыктаваць” правільныя адказы на тыя ці іншыя пытанні, якія ставіць перад чытачом аўтар. Праз разнастайныя прыёмы працы на ўроку настаўнік павінен дапамагчы вучню зразумець, што яго першасныя ўяўленні былі не зусім дасканалымі, правільнымі. Толькі праз свядомае ўспрыняцце тэматыкі і праблематыкі будзе свядомае засваення праграмнага матэрыялу.

Хатняе заданне апераджальнага характару. Далёка не кожны мастацкі твор можна прачытаць на ўроку. І калі лірыку, невялічкія апавяданні варта чытаць на ўроку, то з творамі вялікай формы вучням неабходна пазнаёміцца загадзя. У такім выпадку на пачатку працы над гэтымі мастацкімі творамі настаўніку неабходна высветліць, па-першае, узровень і якасць прачытання твора вучнямі, па-другое, асаблівасці ўспрымання твора на першасным этапе працы над ім. Ад гэтага будзе залежаць спецыфіка працы на ўроку. Калі, напрыклад, твор не прачытаны ці прачытаны не ўсімі вучнямі або прачытаны не да канца, то і спецыфіка ўрочнай працы будзе зусім іншай. Праводзячы ўступныя заняткі па вывучэнні твора, настаўніку неабходна ў большай ступені звяртацца да зместу твора. А ад таго, як успрынялі твор вучні, будзе залежаць падача настаўнікам матэрыялу, расстаноўка пэўных акцэнтаў. Для праверкі хатняга чытання апераджальнага характару сучасная метадычная думка прапаноўвае наступныя формы: 

 

Форма

Дзейнасць настаўніка

Гутарка

Настаўнік праз пытанні непасрэдна на ўроку выяўляе чытальніцкую рэакцыю.

Сістэма накіроўваючых пытанняў і заданняў

Настаўнік загадзя распрацоўвае сістэму пытанняў, алгарытмаў, якія дазволяць засяродзіць увагу вучняў на самае важнае і вызначальнае ў мастацкім творы, ахапіць вялікі матэрыял і зарыентавацца ў ім.

Пісьмовая праца

Настаўнік падбірае розныя жанры творчых прац, якія дапамагаюць высветліць дасведчанасць у змесце і індывідуальную пазіцыю вучняў.

Праблемная сітуацыя

Настаўнік на матэрыяле разнастайных трактовак сумежных відаў мастацтва выяўляе ацэнкі, рэакцыю вучняў.

Чытанне кантрастных эпізодаў

Настаўнік выбірае кантрастныя накірункі аўтарскай думкі і тым самым прымушае вучняў адразу ўвайсці ў цэнтральную праблему твора.

Увядзенне пазатэкставага матэрыялу

Настаўнік прапануе для абмеркавання розныя пункты погляду крытыкаў, розныя ацэнкі, матэрыял для параўнання або супастаўлення.

 

Эксперыментальныя зрэзы. Эксперыментальныя даследаванні метадам “зрэзаў” выкарыстоўваюцца тады, калі ад тэмы да тэмы высвятляюцца зрухі ў літаратурным развіцці вучняў, у характары іх непасрэднага чытацкага ўспрымання, у разуменні імі разнастайных твораў, у адносінах да розных кампанентаў твора, на ўзроўнях іх абагульненняў, эмацыянальных і эстэтычных ацэнак;

Сістэматычнае назіранне на працягу навучальнага года ці некалькіх гадоў. Першаснае ўспрыманне твора вучнямі праходзіць пэўную эвалюцыю на працягу літаратурнага навучання. Залежыць гэта ад узроставых асаблівасцей вучняў і ад практыкі чытання мастацкага твора. Успрыманне твора вучнямі канцэнтра сярэдніх класаў (5 – 8) будзе значна адрознівацца ад успрымання старшакласнікамі. Ды і ўзровень чытацкіх магчымасцей вучня можа значна адрознівацца на працягу навучальнага года: павышаецца тэмп, сам працэс чытання становіцца больш удумлівым, з элементамі разважанняў і перажыванняў, паколькі ўспрыманне не з’яўляецца простым фатаграфаваннем, спрошчаным прыёмам інфармацыі, гэта – актыўная дзейнасць, у якой вялікую ролю адыгрывае станоўчая матывацыя, неабходнасць і цікавасць.

Выяўленне чытацкага ўспрымання, незалежна ад таго, якім чынам яно будзе рэалізоўвацца, павінна забяспечваць наступныя мэты:

1) выяўляць сілу эмацыйнай рэакцыі,

2) раскрываць якасць засваення зместу і сэнсу твора,

3) паказваць ступень увагі да мастацкай формы,

4) выяўляць актыўнасць працы ўяўлення.

 



[1] Асташонак Л.В. Вывучэнне чытацкага ўспрымання мастацкага твора школьнікамі // Методыка выкладання беларускай літаратуры / Пад рэд. В.Я. Ляшук. – Мінск, 1999. – С. 153.