10.1. Мэты, віды і методыка правядзення ўступных заняткаў
Поспех вывучэння літаратурнага твора ў школе шмат у чым залежыць ад падрыхтаванасці вучняў да яго ўспрымання. Школьная праграма па літаратуры пабудавана такім чынам, што кожны твор знаходзіцца ў складаных і разнастайных узаемадзеяннях з іншымі, уяўляючы не асобнае звяно, а непарыўны ланцужок. Уступныя заняткі і забяспечваюць такую непарыўнасць. Аднак гэта толькі адзін аспект. Мэты правядзення ўступных заняткаў значна шырэйшыя.
Працягласць уступных заняткаў залежыць ад памеру твора і часу, адведзенага на яго вывучэнне: ад 3—20 хвілін да цэлага ўрока ў старэйшых класах. Настаўнік павінен арыентавацца на задачы, якія стаяць перад ім, і на мастацкую прыроду твора.
Віды правядзення ўступных заняткаў залежаць ад іх зместавага напаўнення. Гэта можа быць:
- гістарычны экскурс (дапамагае накіраваць вучняў на ўспрыманне твораў),
- вызначальная падзея (паведамленне пра тое, што пабудзіла пісьменніка да напісання твора);
- біяграфічная даведка,
- дзённікавыя матэрыялы, мемуары, успаміны,
- гісторыя напісання твора,
- літаратуразнаўчыя звесткі,
- лексічны каментарый,
- зварот да сумежных відаў мастацтва,
- камбінаваны (спалучэнне вышэйназваных).