6. Нарматыўныя акты судовай улады
Акты Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь і пастановы Пленумаў Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь і Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь складаюць самастойны падвід (самастойную падсістэму) крыніц сучаснага беларускага права. Гэтыя нарматыўныя акты асобнага зместу і асобнага прызначэння ў сістэме крыніц права, таму іх можна выдзеліць у самастойную групу нарматыўных актаў у сэнсе Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Іх можна назваць мадыфікаванымі крыніцамі права.
Месца пастаноў Пленумаў Вярхоўнага і Вышэйшага Гаспадарчага Судоў Рэспублікі Беларусь у сістэме крыніц сучаснага беларускага права, а, значыць, і юрыдычная сіла вызначаюцца месцам і юрыдычнай сілай тых крыніц права, адносна дзеяння і прымянення якіх Пленумамі Вярхоўнага і Вышэйшага Гаспадарчага Судоў Рэспублікі Беларусь былі абагульнены судовая практыка і судовая статыстыка. Такім чынам, юрыдычную сілу нарматыўных актаў гэтых органаў судовай улады нельга вызначыць аднастайна, бо яна мае «рухомы характар». У адных выпадках юрыдычная сіла нарматыўных актаў Пленумаў Вяроўнага Суда і Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь можа быць, напрыклад, вызначана праз юрыдычную сілу Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, калі абагульняюцца судовая практыка і судовая статыстыка непасрэднага прымянення судовымі інстанцыямі краіны пэўнай нормы Асноўнага закону краіны. Калі ж, напрыклад, абагульняюцца судовая практыка і судовая статыстыка прымянення дэкрэта і ўказа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, то юрыдычная сіла нарматыўных актаў вышэйшых судовых інстанцый вызначаецца праз юрыдычную сілу дэкрэта і ўказа Прэзідэнта краіны. Юрыдычная сіла нарматыўных актаў вышэйшых судовых інстанцый можа вызначацца і праз юрыдычную сілу іншых крыніц сучаснага беларускага права, напрыклад, праз вызначэнне месца і юрыдычнай сілы ратыфікаванага міжнароднага дагавору Рэспублікі Беларусь у сістэме крыніц права.
На наш погляд, разглядаемыя нарматыўныя акты судовай улады можна лічыць неабходнымі дапаўненнямі да самастойных крыніц сучаснага беларускага права, пэўнай «мадыфікацыяй» існуючых крыніц права, без якіх немагчымы належная рэалізацыя і прымяненне самастойных крыніц сучаснага беларускага права. Разам з тым нельга вырашыць ніводнае юрыдычнае пытанне, спасылаючыся толькі на нарматыўныя акты судовай улады. І больш таго, паколькі ў нарматыўных актах вышэйшых судовых інстанцый інтэрпрэтуюцца як крыніцы нацыянальнага, так міжнароднага права, то іх нельга аднастайна адносіць толькі да ліку крыніц унутрыдзяржаўнага беларускага права і лічыць самастойным падвідам гэтага віду крыніц сучаснага беларускага права.
У юрыдычным механізме рэгулявання грамадскіх адносін яны хутчэй за ўсё складаюць самастойны элемент (звяно) нарматыўнай асновы, і іх галоўным прызначэннем з’яўляецца адаптацыя агульных правілаў паводзін, якія замацаваны ў нормах права, да рэальных грамадскіх адносін без змены ці нарматыўнага тлумачэння дзеючых крыніц права. Але гэта такая адаптацыя, якая адбываецца шляхам (на падставе) абагульнення судовай практыкі і судовай статыстыкі. Правапалажэнні, якія змяшчаюцца ў пастановах Пленумаў Вярхоўнага і Вышэйшага Гаспадарчага Судоў Рэспублікі Беларусь, такім чынам, з’яўляюцца адначасова адаптацыяй норм права да рэальных грамадскіх адносін шляхам абагульнення судовай практыкі і судовай статыстыкі менавіта вышэйшымі судовымі інстанцыямі.
Не сама па сабе судовая практыка складае мадыфікаваную крыніцу права, а замацаваныя ў пастановах Пленумаў вышэйшых судовых інстанцый у форме (відзе) правапалажэнняў вынікі абагульнення судовай практыкі і судовай статыстыкі. Таму памылковымі з’яўляюцца высновы аб аднясенні судовай практыкі да асобнага віду крыніц права. Судовая практыка і судовая статыстыка могуць абагульняцца і іншым чынам, напрыклад, у форме навуковых каментарыяў да дзеючых крыніц права ці асобных норм права. Але такое абагульненне, па-першае, не мае абавязковага (нарматыўнага) характару, па-другое, не выконвае ролі па адаптацыі норм права да рэальных грамадскіх адносін, па-трэцяе, не ажыццяўляецца вышэйшымі судовымі інстанцыямі краіны. Толькі арганічнае спалучэнне трох акрэсленых прымет дае ўяўленне аб прававой прыродзе пастаноў Пленумаў вышэйшых судовых інстанцый і характарызуе іх у якасці мадыфікаванай крыніцы сучаснага беларускага права.
Судовая практыка, безумоўна, можа прывесці да фармавання прававога звычая – нейкага агульнага правіла паводзін прававога характару, якое не знайшло свайго замацавання ў правапалажэннях пастаноў Пленумаў Вярхоўнага Суда і Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь, але выкарыстоўваецца судовымі ўстановамі Рэспублікі Беларусь у якасці агульнаабавязковага правіла. Праўда, такая сітуацыя мае найбольш гіпатэтычны, а не рэальны характар.
Такім чынам, нарматыўныя акты вышэйшых судовых інстанцый Рэспублікі Беларусь «завязваюцца» на іншыя крыніцы дзеючага права, без існавання якіх яны губляюць свой сэнс. Спецыфіка гэтых нарматыўных актаў якраз і зводзіцца да таго, што яны адначасова інтэрпрэтуюць нейкія крыніцы права і абагульняюць судовую практыку і судовую статыстыку. Гэта значыць, што яны выконваюць адначасова дзве неад’емныя для гэтых актаў функцыі – інтэрпрэтацыю іншых крыніц права на падставе абагульнення судовай практыкі і судовай статыстыкі і абагульненне судовай практыкі і судовай статыстыкі шляхам інтэрпрэтацыі іншых крыніц права. Ніводная з гэтых функцый не можа быць ажыццёўлена сама па сабе без выканання другой. Толькі адначасовае іх ажыццяўленне забяспечвае (гарантуе) нарматыўны характар актаў вышэйшых судовых інстанцый, іх абавязковасць для органаў судовай улады, іншых дзяржаўных органаў (службовых асоб) і грамадзян.
Для абазначэння тых нарматыўных палажэнняў, якія фармулююцца ў пастановах Пленумаў Вярхоўнага Суда і Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь, цалкам прымальным можна лічыць паняцце (тэрмін) «правапалажэнне». Правапалажэнне, якое ствараецца Пленумамі вышэйшых судовых інстанцый, у адрозненне ад прэцэдэнта, фармуецца не пры разглядзе канкрэтнай судовай справы, а шляхам аналізу і абагульнення судовай практыкі па шэрагу спраў, судовай статыстыкі і на падставе ўжо дзеючых норм права ў мэтах іх «адаптацыі» да рэчаіснасці шляхам своеасаблівай дэталізацыі і канкрэтызацыі і, як вядома, падзяляе іх лёс пры змене ці адмене норм права. Прычым абагульненне правапрымяняльнай, у тым ліку судовай, практыкі не можа выходзіць за межы дзеяння існуючага пазітыўнага права і робіцца на яго падставе.
Вядома, што Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь забяспечвае вяршэнства Канстытуцыі краіны шляхам ажыццяўлення кантрольных паўнамоцтваў за адпаведнасцю ўсіх нарматыўных актаў Асноўнаму закону краіны. Нарматыўныя акты, якія прызнаюцца Канстытуцыйным Судом не адпавядаючымі Канстытуцыі ці актам, якія валодаюць больш высокай юрыдычнай сілай, лічацца страціўшымі сілу цалкам ці ў вызначанай іх частцы. Натуральна, што размова пры гэтым ідзе не толькі аб нарматыўных прававых актах, але і іншых відах крыніц як нацыянальнага, так і міжнароднага права – прававых звычаях, дагаворах нарматыўнага зместу, прававых прэцэдэнтах і г. д.
Такім чынам, заключэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі, як і пастановы Пленумаў Вярхоўнага і Вышэйшага Гаспадарчага Судоў Рэспублікі Беларусь, «завязваюцца» на ўсе вядомыя крыніцы сучаснага беларускага права і «абслугоўваюць» іх. Праўда, у іншым кірунку, чым гэта робяць акты вышэйшых судовых інстанцый судоў агульнай і гаспадарчай юрысдыкцыі. Калі акты Пленумаў Вярхоўнага і Вышэйшага Гаспадарчага Судоў адаптуюць нормы дзеючага беларускага права да рэальных грамадскіх адносін шляхам абагульнення судовай практыкі і судовай статыстыкі і выдання абавязковых для выканання пастаноў, то заключэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь забяспечваюць адпаведнасць зместу і формы ўсіх крыніц сучаснага беларускага права Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Натуральна, што заключэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь адносяцца да ліку нарматыўных актаў у сэнсе Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і займаюць у сістэме крыніц права прамежкавае становішча паміж Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і тымі відамі крыніц права, якія правяраюцца поўнасцю ці ў нейкай частцы на іх адпаведнасць Канстытуцыі краіны і іншым крыніцам права, якія валодаюць больш высокай юрыдычнай сілай. Толькі ў гэтай «звязцы» заключэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь набываюць юрыдычную значнасць і абавязковасць для ўсіх суб’ектаў права.
У адрозненне ад юрыдычнай сілы пастаноў Пленумаў Вярхоўнага і Вышэйшага Гаспадарчага Судоў Рэспублікі Беларусь, якая з’яўляецца «рухомай», юрыдычная сіла заключэнняў Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь адназначна акрэслена ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Паколькі абсалютна ўсе крыніцы сучаснага беларускага права могуць быць правераны Канстытуцыйным Судом на іх адпаведнасць Асноўнаму закону краіны, то юрыдычная сіла заключэнняў Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь не можа быць меншай за юрыдычную сілу гэтых крыніц права, яна іх пераўзыходзіць, саступаючы толькі юрыдычнай сіле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Галоўная місія заключэнняў Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь у сістэме крыніц сучаснага беларускага права, якая вызначальным чынам уплывае на іх прававую прыроду, зводзіцца да выканання кантрольнай функцыі ў сістэме крыніц права з мэтай забеспечэння іх сістэмнасці і ўзаемаўзгодненасці, падтрымання ўсёй сістэмы крыніц сучаснага беларускага права ў адпаведнасці з Канстытуцыяй краіны.
Усё сказанае прыводзіць да высновы, што заключэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца, як і пастановы Пленумаў Вярхоўнага і Вышэйшага Гаспадарчага Судоў Рэспублікі Беларусь, адной з мадыфікаваных крыніц сучаснага беларускага права. Праўда, функцыі гэтай мадыфікаванай крыніцы права ў сістэме крыніц сучаснага беларускага права адрозніваюцца ад функцый, якія выконваюць пастановы Пленумаў Вярхоўнага Суда і Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь. Улічваючы розніцу ў характары юрыдычнай сілы паміж заключэннямі Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь і пастановамі Пленумаў Вярхоўнага і Вышэйшага Гаспадарчага Судоў Рэспублікі Беларусь, можна зрабіць выснову,, што заключэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, магчыма, і не ўваходзяць у склад самастойнай падсістэмы нарматыўных актаў судовай улады – нарматыўных актаў вышэйшых органаў судовай улады Рэспублікі Беларусь, а складаюць толькі самастойную падгрупу мадыфікаваных крыніц сучаснага беларускага права.