3. Юрыдычная значнасць, юрыдычная сіла
і юрыдычная вага крыніц права
Паколькі ў прававой сістэме Рэспублікі Беларусь выкарыстоўваюцца ўсе віды крыніц права, то, натуральна, узнікае пытанне аб іх суадносінах паміж сабой. Без супарадкавання крыніц права, вызначэння іх важнасці і падначаленасці, іерархіі і субардынацыі паміж сабой нельга кіравацца дзеючымі прававымі нормамі, прымаць правільныя і законныя прававыя рашэнні. Падзел крыніц права на асноўныя (першасныя), дадатковыя (другасныя) і галоўныя, вызначэнне падстаў такога падзелу ствараюць пэўныя тэарэтычныя перадумовы для вызначэння юрыдычнай значнасці, юрыдычнай сілы і юрыдычнай вагі крыніц права – тых юрыдычных канструкцый, крытэрыяў, з дапамогай якіх і адбываюцца сістэматыка сярод крыніц права, іх ранжыраванне, прывядзенне ва ўзаемаўзгодненую і лагічна несупярэчлівую сістэму. А юрыдычная значнасць, юрыдычная сіла і юрыдычная вага крыніц права вызначаюцца і «вымяраюцца», у сваю чаргу, праз вывучэнне ўзаемазалежнасцей і юрыдычна значных сувязей, якія існуюць у сістэме крыніц права.
Адносна проста юрыдычная значнасць, вага і сіла крыніц права вызначаліся ў савецкай прававой сістэме. Кіруючай сілай грамадства і дзяржавы з’яўлялася КПСС, акты якой фактычна і мелі найбольшую юрыдычную значнасць, хаця да ліку крыніц права і не адносіліся. Вядома таксама, што асноўнай і практычна адзінай крыніцай права ва ўмовах савецкай прававой сістэмы быў нарматыўна-прававы акт, які выдаваўся органамі дзяржаўнай улады. Паколькі падзел уладаў паміж органамі ў савецкай сістэме адсутнічаў, а органы ўлады ранжыраваліся строга па вертыкалі, то юрыдычная сіла нарматыўных прававых актаў вызначалася месцам выдаўшага іх органа дзяржаўнай улады ў сістэме органаў дзяржаўнай улады і кіравання. Юрыдычная вага нарматыўных прававых актаў у той час вызначалася наступным чынам. Законы і заканадаўчыя акты ўвогуле мелі малую ўдзельную вагу сярод крыніц права, асноўную іх масу складалі нарматыўна-прававыя акты Урада, міністэрстваў і ведамстваў. Таму пры фармальным абвяшчэнні першынства закону, яго юрыдычнай значнасці і важнасці, вяршэнства закону, фактычна асноўная маса прававых эквівалентаў, асабліва ў сферы вытворчых і сацыяльных адносін, рэгулявалася актамі ўрада. Закон узначальваў піраміду крыніц права, але фактычна асноўная маса і аб’ём дзеючага права знаходзілі сваё ўвасабленне па-за яго межамі, выкладаліся ў іншых крыніцах права.
У практыцы функцыянавання крыніц права савецкай прававой сістэмы выкарыстоўваўся шэраг правілаў, з дапамогай якіх усталёўваліся юрыдычныя залежнасці паміж асобнымі відамі нарматыўных прававых актаў. Яны цалкам прыдатныя для ўсталявання юрыдычна значных залежнасцей, а, адпаведна, і юрыдычнай значнасці, сілы і вагі паміж нарматыўнымі прававымі актам і ў нашай прававой сістэме, праўда, з удакладненнем, што яны прыдатны для тых відаў нарматыўных прававых актаў, якія выдадзены органамі ўлады, што знаходзяцца ў іерархічнай залежнасці. Гэтыя правілы можна сфармуляваць наступным чынам: а) нарматыўныя прававыя акты органаў дзяржаўнай улады, якія ў іерархіі органаў дзяржавы стаяць вышэй, валодаюць большай юрыдычнай сілай у параўнанні з нарматыўнымі прававымі актамі органаў дзяржаўнай улады, якія знаходзяцца на больш нізкіх прыступках іерархічнай лесвіцы; б) апошнія па часу выдання нарматыўныя прававыя акты маюць юрыдычную перавагу над нарматыўнымі прававымі актамі тых самых органаў дзяржаўнай улады, якія былі выдадзены імі раней; в) сярод нарматыўных прававых актаў, якія былі прыняты органамі дзяржавы, што знаходзяцца на адной і той самай прыступцы іерархічнай лесвіцы, большай юрыдычнай сілай валодаюць акты тых органаў дзяржавы, якія маюць спецыяльную кампетэцыю, г. зн. спецыяльна ўпаўнаважаны на рэгуляванне пэўнай сферы грамадскіх адносін.
Але ва ўмовах пабудовы дзяржаўнай улады на прынцыпе яе падзелу на асобныя галіны і пры наяўнасці ў прававой сістэме ўсіх вядомых відаў крыніц права дадзеных правіл недастаткова, каб вызначыць юрыдычную значнасць, сілу і вагу крыніц права, пабудаваць іх адмысловую сістэму. Справа ў тым, што паміж асобнымі галінамі адзінай дзяржаўнай улады існуюць не толькі адналінейныя іерархічныя сувяі (напрыклад, урад – міністэрства), а таксама сувязі каардынацыі (напрыклад, Нацыянальны сход –Прэзідэнт), іншыя ўзаемазалежнасці, а кожная з самастойных галінаў улады стварае ўласцівыя ёй крыніцы права. Акрамя гэтага, існуюць самыя розныя залежнасці паміж унутрыдзяржаўнымі відамі крыніц права і крыніцамі права міжнародна-прававога характару.
У гэтых умовах юрыдычная значнасць, сіла і юрыдычная вага крыніц права вызначаецца, па-першае, месцам і роллю асобных органаў улады ў сістэме самастойных галінаў улады і, па-другое, фармальна-азначанымі і канстытуцыйна замацаванымі палажэннямі. Іншымі словамі, у новых умовах юрыдычная сіла і вага асобных відаў крыніц права вызначаюцца не толькі «матэрыяльнымі» крытэрыямі – месцам выдаўшага іх органа ў сістэме органаў улады, але і «фармальнымі» крытэрыямі – тымі канстытуцыйна-замацаванымі палажэннямі, якія вызначаюцца мноствам сацыяльна-эканамічных і палітычных, унутрыдзяржаўных і міжнародна-прававых фактараў. Гэтыя фактары ўздзейнічаюць на будову дзяржаўнай улады, характар яе падзелу, на аб’ём паўнамоцтваў органаў асобных галінаў улады, узаемаадносіны паміж асобнымі галінамі і органамі, але дакладна матэрыялізаваны быць не могуць. Іх вагу і значнасць для сістэмы крыніц права можна фармалізаваць і замацаваць на ўзроўні Асноўнага закону ці шляхам выдання асобнай крыніцы права, напрыклад, закону (ці кодэкса аб крыніцах права). Усталяванне субардынацыйных залежнасцей паміж крыніцамі права можа адбывацца і натуральным шляхам, «стыхійна», паступова, але такі шлях непажаданы, таму што ён суправаджаецца шматлікімі парушэннямі права.
Для ўсталявання юрыдычна значных сувязей і залежнасцей у сістэме крыніц права трэба вызначыць, па-першае, сувязі і залежнасці, якія складваюцца ў асобных відах крыніц права, па-другое, сувязі і залежнасці, якія існуюць паміж асобнымі відамі крыніц права, і, нарэшце, па-трэцяе, сувязі і залежнасці, якія ўласцівы кожнай з падсістэм крыніц права – унутрыдзяржаўнай і міжнароднай. У навуцы гэтае пытанне звычайна фармулюецца як праблема вяршэнства, г. зн. першынства таго ці іншага віду крыніц права. Прыватным выпадкам гэтай праблемы з’яўляецца пытанне аб вяршэнстве закону сярод нарматыўных прававых актаў і іншых крыніц права. Але вызначэнне ўсяго мноства юрыдычна значных сувязей і залежнасцей у сістэме крыніц права абумоўлівае выкарыстанне і іншых тэрмінаў і паняццяў – «юрыдычная значнасць», «юрыдычная вага» і «юрыдычная сіла».
У залежнасці ад гістарычных умоў фармавання прававых сістэм іх самыя істотныя і самыя фундаментальныя прынцыпы і нормы замацоўваліся ў тых ці іншых відах крыніц права. Менавіта гэтыя віды крыніц права і «перамагалі» сярод усіх відаў крыніц права, вылучаліся на першае месца сярод астатніх відаў крыніц права, набывалі прыярытэт, «вяршэнства», большую юрыдычную значнасць у параўнанні з іншымі крыніцамі права, і, як правіла, менавіта гэтаму віду крыніц права надавалася больш высокая юрыдычная сіла. Такім чынам, больш высокая юрыдычная сіла, як правіла, замацоўваецца за тымі відамі крыніц права, у якіх выкладаліся найбольш значныя па зместу прававыя эквіваленты.
Як вядома, у англасаксонскай прававой сістэме (сям’і агульнага права) з моманту яе фармавання і па сённяшні дзень прыярытэт захоўваецца за прававым прэцэдэнтам, у рамана-германскай (кантынентальнай) перавага аддаецца нарматыўнаму прававому акту (закону), а ў мусульманскай прававой сістэме цэнтральнае месца сярод усіх відаў крыніц права належыць свяшчэннаму пісанню і дактрыне (навуцы). У сваю чаргу, у асяроддзі прэцэдэнтаў, сістэме нарматыўных прававых актаў, сярод тэкстаў свяшчэнных пісанняў і іншых крыніц права ўстанаўліваюцца сувязі падначалення, іерархічнай залежнасці, напрыклад, закон – падзаконныя акты, Каран – Суна – іджма і г. д. Але ранжыраванне паміж крыніцамі права аднаго і таго самага віду адбываецца крыху па іншых падставах, чым паміж рознымі іх відамі.
Юрыдычная значнасць асобных відаў крыніц права вызначаецца не толькі іх юрыдычнай сілай, становішчам, месцам у сістэме крыніц права, але і іх юрыдычнай вагай. Пад юрыдычнай вагай крыніц права трэба разумець іх распаўсюджанасць сярод крыніц права, іх удзельную вагу сярод крыніц права. Юрыдычная вага крыніц права, такім чынам, вызначаецца аб’ёмам і колькасцю норм права, якія «апранаюцца» ў форму дадзенай крыніцы права. Чым больш дзеючых норм знаходзяць сваё ўвасабленне і замацаванне ў тым ці іншым відзе крыніц права, тым большай з’яўляецца яго юрыдычная вага.
Важнае значэнне для пабудовы сістэмы крыніц права мае ўсталяванне залежнасцей паміж крыніцамі ўнутрынацыянальнага і міжнароднага права.
Вядома, нормы права, якія ўтрымліваюцца ў міжнародных дагаворах Рэспублікі Беларусь і якія ўступілі ў сілу, з’яўляюцца складанай часткай дзеючага на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь заканадаўства, падлягаюць непасрэднаму прымяненню і маюць юрыдычную сілу таго нарматыўнага акта, якім дадзена згода Рэспублікі Беларусь на абавязковасць для яе адпаведнага міжнароднага дагавору. Такім чынам, нельга ставіць міжнародны дагавор па юрыдычнай сіле адразу пасля Канстытуцыі дзяржавы. Ён можа мець юрыдычную сілу дэкрэта, указа, закону і г. д.
Аналагічна з вызначэннем юрыдычнай сілы міжнароднага дагавору можна, як уяўляецца, вызначыць юрыдычную сілу і, адпаведна, месца ў іерархіі крыніц права ўнутрыдзяржаўных дагавораў нарматыўнага зместу. Яны могуць мець юрыдычную сілу нарматыўных актаў Урада Рэспублікі Беларусь, калі адным з бакоў дадзенага дагавору з’яўляецца Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь. Такую юрыдычную сілу маюць, напрыклад, пагадненне паміж Беларускай Праваслаўнай Царквой і Рэспублікай Беларусь, а таксама пагадненне, якое заключаецца паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Саюзам Беларускіх Прафсаюзаў.
Такім чынам, юрыдычная сіла нарматыўных прававых актаў і, адпаведна, іх месца ў іерархіі нарматыўных прававых актаў з’яўляюцца тым «нарматыўным каркасам», да якога «прывязваецца» такая крыніца права, як дагавор нарматыўнага зместу (міжнародны і ўнутрыдзяржаўны). Гэта з’яўляецца дадатковай падставай для сцвярджэння аб тым, што нарматыўны прававы акт выступае галоўнай, вядучай крыніцай права ў Рэспубліцы Беларусь, а разам з дагаворам нарматыўнага зместу, як міжнароднага, так і ўнутрыдзяржаўнага характару, ён з’яўляецца асноўнай крыніцай сучаснага беларускага права.
Месца іншых відаў крыніц права і іх юрыдычная значнасць у прававой сістэме Рэспублікі Беларусь таксама вызначаюцца і замацоўваюцца ў нарматыўных прававых актах. Аб гэтым будзе ісці размова пры разглядзе дадатковых крыніц права і крыніц права, якія выдаюцца органамі судовай улады Рэспублікі Беларусь.