5. Дадатковыя ўнутрыдзяржаўныя крыніцы права
^ Вверх

5. Дадатковыя ўнутрыдзяржаўныя крыніцы права

 

Да дадатковых унутрыдзяржаўных крыніц сучаснага беларускага права адносяцца дактрына (навука), свяшчэннае пісанне, прававы прэцэдэнт і прававы звычай.

У прававой сістэме Рэспублікі Беларусь прыкладамі выкарыстання дактрыны (навукі) у якасці самастойнай, хаця і дадатковай крыніцы права, выступаюць разнастайныя канцэпцыі і дактрыны, якія былі зацверджаны законамі ці ўказамі Прэзідэнта краіны, напрыклад, Канцэпцыя ўдасканалення заканадаўства, Ваенная дактрына Рэспублікі Беларусь і г. д. Пры самым першасным аналізе яны ўяўляюць сабой пэўны «сімбіёз» прыметаў нарматыўнага прававога акта і прававой дактрыны. Прычым па знешніх фармальна-прававых прыметах яны набліжаюцца да нарматыўных прававых актаў, а па зместу – да прававой дактрыны.

Гістарычны вопыт развіцця крыніц права сведчыць аб тым, што для дактрыны (навукі) увогуле не існуе нейкіх агульнапрызнаных і агульнаабавязковых формаў. Такімі знешнімі формамі для навукі маглі быць працы знакамітых навукоўцаў-юрыстаў, разважанні аб праве вядомых, аўтарытэтных юрыстаў-практыкаў, разнастайныя каментарыі і тлумачэнні дзеючага права, навуковыя выкладкі філосафаў і нават тэолагаў і г. д. Найважнейшае значэнне для дадзенай крыніцы права мае, уласна кажучы, не форма, у якую «змяшчаюцца» навуковыя выкладкі, а сам факт надання пэўным навуковым выкладкам, разважанням і высновам афіцыйнага стутусу, пацвярджэння іх значнасці і агульнаабавязковасці для ўсіх суб’ектаў права. Прычым такі статус навуковыя палажэнні заўсёды набывалі пасля таго, як іх значнасць і агульнаабавязковасць пацвярджаліся з боку дзяржавы, тых ці іншых яе органаў і ўстаноў альбо іншых афіцыйных прадстаўнікоў супольнасці, якія выконвалі тыя ці іншыя функцыі дзяржаўнай улады.

Адной з дадатковых крыніц сучаснага беларускага права з’яўляецца свяшчэннае пісанне (царкоўныя нормы). Праўда, дадзеная крыніца права выкарыстоўваецца ў вельмі абмежаваных выпадках. У якасці прыкладу можна прывесці выкарыстанне царкоўнай нормы пры вызначэнні канкрэтнай даты непрацоўнага святочнага дня па праваслаўнаму календару – Радаўніцы. Канкрэтная дата непрацоўнага дня, у які адзначаецца Радаўніца, вызначаецца на падставе нормы права, якая сфармулявана ў Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 12 мая 1999 г. № 268 і на падставе царкоўных (кананіч­ных) норм, з дапамогай якіх вызначаецца канкрэтная дата Вялікадня і Радаўніцы. Прычым норма, якая сфармулявана ў Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, з’яўляецца першаснай нормай (асноўнай крыніцай права), а царкоўныя (кананічныя) нормы могуць быць аднесены да другасных (дадатковая крыніца права). Без нормы права, якая сфармулявана ў Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, царкоўныя нормы не маюць агульнаабавязковага значэння. У той самы час без царкоўных норм не можа быць рэалізавана і норма Указа. Дадзеныя нормы дзейнічаюць і рэалізуюцца толькі ў арга­нічнай спалучанасці.

У сучаснай расійскай і беларускай юрыдычнай навуцы ўвагу шырокага кола навукоўцаў прыцягвае такая крыніца права, як прававы прэцэдэнт, у сацыяльным падмурку якога знаходзіцца канкрэтная праява існуючых заканамернасцей, іншымі словамі, канкрэтная жыццёвая справа, сітуацыя, неад’емная праява і форма існавання заканамернасці, вырашэнне ці разгляд якіх адпаведнымі судовымі (іншымі юрысдыкцыйнымі інстанцыямі) прыводзіць да фармавання агульнаабавязковага правіла паводзін як для суб’ектаў разглядаемай справы, так і для іншых суб’ектаў права. І менавіта гэтым вельмі важным момантам прэцэдэнт адрозніваецца ад падобных да яго прававых з’яў.

З прававым прэцэдэнтам у прававой сістэме Рэспублікі Беларусь мы сутыкаемся не пры абагульненні судовай практыкі па асобных аднародных справах і судовай статыстыкі ў той ці іншай форме, не пры фармуляванні правапалажэнняў вышэйшымі судовымі інстанцыямі Рэспублікі Беларусь, не пры тлумачэнні дзеючых норм права і тым больш не пры выказванні меркаванняў прававога характару, нават аўтарытэтнымі дзяржаўнымі структурамі. Аналіз тых прававых сітуацый, якія абумоўліваюць фармуляванне і існаванне правапалажэнняў, што нагадваюць прававы прэцэдэнт – агульны, абстрактны характар норм права; наяўнасць у заканадаўстве ацэначных паняццяў; наяўнасць прабелаў у пазітыўным праве і г. д. прыводзяць да высновы, што прэцэдэнт у яго «класічнай праяве» ў беларускай прававой сістэме можа быць створаны толькі пры наяўнасці прабелаў у дзеючым праве, калі, па-першае, адсутнічаюць патрэбныя нормы пазітыўнага права і судовая ўстанова павінна запаўняць прабел шляхам стварэння патрэбнай нормы права (правапалажэння), па-другое, калі створаная ў такім парадку норма права (правапалажэнне) будзе выкарыстана, запазычана іншай судовай інстанцыяй пры разглядзе аналагічнай справы.

Прычым вельмі важна падкрэсліць тую абставіну, што пры стварэнні прэцэдэнта прынцыповае значэнне мае не толькі рашэнне пэўнай судовай інстанцыі ў форме правапалажэння (нормы права), але і тое, што яно выкарыстоўваецца ў якасці ўзора іншымі судовымі інстанцыямі. Без выкарыстання правапалажэння (нормы права) іншымі судовымі інстанцыямі не можа быць завершаны працэс стварэння прэцэдэнта, не будзе завершаны, вобразна кажучы, прэцэдэнтны працэс. Справа тут у тым, што рашэнне суда, якое прынята ў выпадку наяўнасці прабелаў у пазітыўным праве, можа быць адменена вышэйстаячай судовай інстанцыяй. У дадзеным выпадку рашэнне пэўнай судовай інстанцыі застанецца толькі рашэннем гэтай судовай інстанцыі па канкрэтнай справе, але не бу­дзе з’яўляцца прэцэдэнтам.

Дарэчы, і ў англасаксонскай прававой сям’і новы прэцэдэнт ствараецца тады, калі суд пры разглядзе канкрэтнай справы не знаходзіць у дзеючым праве канкрэтных норм права ў форме раней створаных прэцэдэнтаў, у прававых звычаях, дактрыне ці статутным праве і вымушаны самастойна фармуляваць прававую пазіцыю, на падставе якой ён будзе вырашаць прававы казус.

Паколькі запаўненне прабелаў у праве адбываецца на падставе дзеючага права, яго прынцыпаў ці канкрэтных норм права, то натуральна, што сам па сабе прававы прэцэдэнт дзейнічаць у прававой сістэме Рэспублікі Беларусь не можа. Гэта па-першае. А па-другое, факт існавання прававога прэцэдэнта толькі ў сітуацыях, калі адсутнічаюць патрэбныя для прымянення нормы права, пры наяўнасці прабелаў у дзеючым праве, сведчыць аб часовым характары дадзенай крыніцы права. Ліквідацыя прабелаў адначасова азначае і знікненне прававога прэцэдэнта. Часам свайго дзеяння прававы прэцэдэнт істотна розніцца ад усіх дадатковых крыніц права.

У якасці дадатковай крыніцы права ў сучаснай прававой сістэме Беларусі ў дастаткова абмежаванай сферы выкарыстоўваецца прававы звычай. Найперш гэта сфера таварна-грашовых адносін, дзе паводзіны ўдзельнікаў здзелак па абароту матэрыяльных каштоўнасцей часта прыводзяць да стварэння пэўных нарматываў, правілаў паводзін, так званых «звычаяў дзелавога абароту». Прыкладам дзеяння дадзенай крыніцы права можа быць арт. 193 Грама­дзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, згодна з якім суб’екты грамадзянскіх адносін могуць кіравацца ў сваіх паводзінах звычайна прад’яўляемымі патрабаваннямі. Вось гэтыя звычайна прад’яўляемыя патрабаванні і можна разглядаць як правілы паводзін прававога характару, што склаліся і існуюць незалежна ад дзяржаўнай волі, але іх існаванне дзяржава дапускае і, больш таго, у выпадку іх парушэння будзе абараняць сваёй прымусовай сілай.

Апошняя абставіна яскрава сведчыць аб прававым характары «звычаяў дзелавога абароту». А той факт, што без нормы права, якая сфармулявана ў арт. 193 ГК Рэспублікі Беларусь, звычайна прад’яўляемыя патрабаванні немагчыма выкарыстаць і тым больш абараніць, сведчыць на карысць дадатковасці дадзенай крыніцы права.