3. Суадносіны права і маралі
Акрамя права, у грамадстве дзейнічае яшчэ адна універсальная сістэма сацыяльнага рэгулявання – мараль, а таму ўзаемаадносіны гэтых сацыяльных рэгулятараў уяўляюць найбольшую цікавасць. Права галоўным чынам звернута да знешніх праяў чалавечых паводзін, а мараль – да ўнутраных матываў, да ўнутранага стану чалавека. Праўда, права, яго нормы не могуць дзейнічаць без уплыву на волю і свядомасць удзельнікаў грамадскіх адносін, а мараль, у сваю чаргу, хаця і звернута да ўнутранага стану чалавека, яго волі, сумлення і скіравана на тое, каб перабудаваць яго ўнутраны свет, тым не менш мае на мэце і фармаванне адпаведных маральным запаветам учынкаў і дзеянняў, правамерных паводзін. Такім чынам, нават самы першасны аналіз узаемаадносін паміж правам і мараллю сведчыць аб тым, што па нейкіх параметрах яны перасякаюцца, у нейкіх кропках судакранаюцца.
Факт тоеснасці паміж людзьмі ў першабытным грамадстве дае, на наш погляд, падставы зрабіць выснову аб тым, што ў першабытным грамадстве, па меншай меры, на самых ранніх этапах яго развіцця, не магло існаваць маралі і маральных правіл паводзін. Справа ў тым, што мараль і маральныя правілы паводзін складваюцца ва ўмовах, калі чалавек у стане выдзеліць сябе з нейкага цэлага, асэнсаваць сваю «самасць», усвядоміць сябе ў якасці самастойнага і незалежнага індывіда, як асобу, якая мае свае адметныя, асабістыя інтарэсы, якія не супадаюць з інтарэсамі іншых людзей і інтарэсамі калектыву. Толькі пры супастаўленні гэтых розных па зместу і скіраванасці інтарэсаў у свядомасці і душы чалавека складваюцца ацэнкі інтарэсаў, адбываецца іх субардынацыя, аддаецца перавага тым ці іншым інтарэсам, а паводзіны чалавека ў залежнасці ад перавагі тых ці іншых інтарэсаў ацэньваюцца як справядлівыя ці несправядлівыя, добрыя ці шкодныя, маральныя ці амаральныя.
Адначасова можна канстатаваць наступнае. Толькі пасля фармавання асабістых, непаўторных, індывідуальных інтарэсаў у першабытным грамадстве маглі сфармавацца перадумовы для ўзнікнення індывідуальнай, а затым і прыватнай уласнасці, спачатку спарадычнага, а затым і рэгулярнага тавараабмену. Таму з’ява, а дакладней, працэс трансфармацыі «тоеснага» грамадства ў грамадства «індывідуальнае» патрабуе далейшага пільнага вывучэння. Тут, у гэтым працэсе, як можна з вялікай доляй упэўненасці меркаваць, палягаюць карані маралі і маральнасці, карані прыватнай уласнасці і развіцця права. Адначасова можна выказаць версію аб тым, што індывідуалізацыя грамадства была адной з самых першых і самых істотных прычын (ці перадумоў) дыферэнцыяцыі сістэмы нарматыўнага рэгулявання і фармавання асобных відаў правіл паводзін першабытнага грамадства.
Суадносіны права і маралі былі прадметам шматлікіх і вельмі грунтоўных даследаванняў. Паколькі аўтарам развіваецца ідэя аб эквівалентнай сутнасці права, то менавіта праз прызму тэарэтычных каардынат «эквівалентнасць» (суразмернасць) – «неэквівалентнасць» і разглядаюцца суадносіны права і маралі.
Ідэя эквівалентнасці, суразмернасці таварна-грашовых адносін з’яўляецца першай выключна прававой ідэяй, а наяўнасць эквівалентнасці, суразмернасці ў таварна-грашовых адносінах – першацаглінкай права. Эквівалентны пачатак прававых адносін адрознівае іх ад адносін маральных, у якіх абмен каштоўнасцей на эквівалентных пачатках адсутнічае. Матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці ў маральных адносінах таксама могуць пераходзіць ад аднаго да другога боку, але не на каштоўнасна-эквівалентнай аснове, а як праява любові, міласэрнасці, спачування бліжняму. Больш таго, маральны ўзровень грамадства, акрамя ўсяго іншага, вызначаецца менавіта тым, наколькі распаўсюджаны ў грамадстве працэсы добраахвотнага пераразмеркавання каштоўнасцей на неэквівалентнай аснове. І маральная моц асобы па сутнасці зводзіцца да таго, наколькі развіты ў яе здольнасці да таго, каб перадаць людзям каштоўнасці, якімі яна карыстаецца на неэквівалентнай падставе.
Для прававых па сваёй сутнасці адносін характэрна тое, што яны заснаваны на фармальнай роўнасці бакоў, што працэс іх функцыянавання непазбежна прыводзіць да фармавання фактычнай няроўнасці бакоў, да зацвярджэння заканамернасці, правільнасці і справядлівасці няроўнасці, асвячэння фактычнай няроўнасці правам. Для маральных адносін характэрна зусім іншая заканамернасць. Маральнасць скіравана на ўсталяванне маёмаснай раўнамернасці. Такім чынам, маральны прынцып зводзіцца да таго, каб пазбавіцца маёмаснай няроўнасці сярод людзей. Людзі знаходзяцца ў розных адносінах да ідэалу, але ў адносінах паміж сабой яны павінны быць у маёмасных адносінах як мага больш роўнымі.
Працэсы фармавання фактычнай няроўнасці і, адпаведна, фармавання эквівалентнасці і права, а таксама імкненне грамадства да маёмаснай роўнасці праходзяць, адбываюцца адначасова, перасякаюцца і стымулююць адзін аднаго, але рух маральнасці ў сацыяльнай прасторы мае зусім іншую скіраванасць, чым скіраванасць і прызначэнне права. Права ствараецца (зыходзіць) на падставе фармальнай роўнасці бакоў і зацвярджае ў грамадстве фактычную няроўнасць, а маральнасць жа адштурхоўваецца ад такой няроўнасці і імкнецца ўсталяваць у грамадстве фактычную роўнасць бакоў. Такім чынам, права і мараль дзейнічаюць у адзіным сацыяльным полі, але «полюсы» ў прававога і маральнага поля розныя, нават супрацьлеглыя.
Выснова аб тым, што для маралі і для права ўласціва розная сацыяльная скіраванасць, мае важнае значэнне для нарматворчасці і заканатворчасці, таму што тыя грамадскія адносіны, якія пабудаваны выключна на маральных пачатках, не могуць быць прадметам заканадаўчага ўздзеяння. Не патрэбна казаць і аб тым, што маральныя перакананні людзей, іх ідэалы і мэты не могуць быць падвергнуты заканадаўчаму рэгуляванню. Заканадавец павінен абыходзіць сваёй увагай сферу этыкі. Улада, якая ўмешваецца ў этычную сферу існавання грамадства, пераходзіць межы свайго дзеяння.
Безумоўна, дзяржава не можа пакінуць па-за сваёй увагай адносіны па сацыяльнай абароне насельніцтва, адносіны па міласэрнасці, аказанню сацыяльнай дапамогі і падобныя да іх сацыяльныя сувязі. Справа ў тым, што закон пры гэтым дзейнічае ўсё ж у сферы права. Ён знаходзіцца на мяжы дзеяння і ўзаемадзеяння права і маралі, ён дакладна акрэслівае межы дзеяння права і вызначае тую мяжу, далей за якую права рухацца не можа. У нейкім сэнсе слова такія законы дзейнічаюць супраць права, бо абмяжоўваюць поле яго дзеяння. Яны застаюцца ў сферы дзеяння права, рэгулююць каштоўнасныя адносіны, але робяць гэта хутчэй за ўсё па інерцыі, чым па сутнасці.
На змест такіх законаў уздзейнічаюць і маральныя імператывы. Гэта, аднак, не дае падстаў меркаваць аб тым, што гэта законы маральныя. Маральныя стандарты толькі тады маюць адносіны да права, калі яны знаходзяцца ў межах і ў полі дзеяння права, калі арганічна спалучаны з прававымі адносінамі, з’яўляюцца іх неад’емнай складанай часткай, калі нельга іх адмежаваць ад права.
У права і маралі свае каардынаты, якія не супадаюць і, адпаведна, свая мера і свая шкала справядлівасці. У прававых адносінах справядліва тое, што заснавана на эквівалентных пачатках, на эквівалентных узаемадачыненнях і не парушае іх фармальнай роўнасці. Прычым сістэма эквівалентаў гістарычна пераменчывая і выпрацоўваецца не інакш як пры ўдзеле хаця б двух бакоў грамадскіх адносін. Справядлівасць жа ў маральным сэнсе слова будуецца на неэквівалентнай падставе. Шкала маральнай справядлівасці не абумоўлена кан’юнктурнымі пераменамі, яна з’яўляецца вечнай. Для прававой шкалы справядлівасці важна, каб знешні бок паводзін чалавека цалкам знаходзіўся ў сістэме эквівалентных каардынат, таму што права мае справу са знешнімі дзеяннямі людзей (дзеяннямі ці бяздзеяннямі) па пераразмеркаванню каштоўнасцей. Наадварот, знешні бок паводзін асобы для ацэнкі маральнасці паводзін мае не самае істотнае значэнне. Ён узважваецца на шалях маральнасці толькі ў сувязі з тым, як ён стасуецца з любоўю да бліжняга ці з карыснымі матывамі.