2. Сацыяльныя, тэхнічныя і прававыя нормы
^ Вверх

2. Сацыяльныя, тэхнічныя і прававыя нормы

 

Існаванне грамадства спалучана з актыўным умяшальніцтвам у навакольнае асяроддзе, у прыроду. З прыроднага асяроддзя чалавек атрымліваў неабходныя для свайго існавання і развіцця спажыўныя рэчы. Разнастайныя прыродныя багацці выкарыстоўваюцца пры вытворчасці неабходных сродкаў вытворчасці і сродкаў спажывання. І калі на самых першасных этапах свайго існавання і развіцця чалавек адаптаваўся да навакольнага асяроддзя і ў гэтых мэтах ствараў пэўныя правілы паводзін, якія дазвалялі яму прыстасавацца да навакольнага асяроддзя, то паступова ён вымушаны быў распрацоўваць такія правілы паводзін, якія дазволілі б не толькі прыстасаваць паводзіны да навакольнага асяроддзя, але і найлепшым чынам і з найбольшай выніковасцю ўздзейнічаць на прыроду. Як у першым, так і ў другім выпадку спецыфічныя правілы паводзін, якія ствараў чалавек у сваім узаемадзеянні з прыродай, ахопліваюцца агульным паняццем тэхнічных норм.

Назва «тэхнічныя» мае ўмоўны характар, таму што паміж чалавекам і тэхнікай, паміж чалавекам і прыродай увогуле не можа існаваць ніякіх правіл паводзін. Правілы паводзін існуюць толькі ў грамадстве, складваюцца паміж людзьмі і рэгулююць адносіны паміж людзьмі. У гэтым сэнсе слова выключна тэхнічных норм не існуе. Усе нормы, усе правілы паводзін маюць сацыяльны характар. Але тэрмін «тэхнічныя» падкрэслівае своеасаблівасць гэтага віду правіл паводзін. Ён указвае на тое, што сваім паходжаннем, сваім існаваннем дадзеныя правілы паводзін абумоўлены не толькі нейкімі сацыяльнымі імператывамі, а неабходнасцю выкарыстання прыроднага асяроддзя ў мэтах забеспячэння жыццядзейнасці чалавека. Пад прыродным асяроддзем разумеюцца і сродкі вытворчасці, і разнастайныя механізмы, і тэхналогіі, якія, умоўна кажучы, знаходзяцца паміж людзьмі і без якіх не можа быць ажыццёўлены вытворчасць, размеркаванне і пераразмеркаванне таварна-матэрыяльных каштоўнасцей. І таму цалкам зразумела, што без правіл паводзін, якія рэгламентуюць узаемадачыненні паміж людзьмі ў сувязі з неабходнасцю выкарыстання імі самых розных прыродных фактараў, немагчыма здзейсніць пэўныя вытворчыя, эканамічныя, сацыяльныя дзеянні, дасягнуць пэўных мэт.

Такім чынам, увогуле ўсе сацыяльныя рэгулятары, правілы паводзін нарматыўнага характару можна падзяліць на дзве групы. Першую з іх складаюць тыя нарматыўныя рэгулятары, існаванне якіх выклікана выключна сацыяльнымі патрэбамі, імператывамі сацыяльнага характару. Да іх ліку можна аднесці, напрыклад, правілы этыкету. Другую групу сацыяльных рэгулятараў, правіл паводзін нарматыўнага характару складаюць тыя нарматыўныя рэгулятары, існаванне якіх выклікана прыроднымі ў самым шырокім сэнсе слова фактарамі (прычынамі). Гэтую групу сацыяльных норм можна называць сацыяльна-тэхнічнымі альбо тэхнічнымі.

У сучасным грамадстве назіраецца колькасны рост тэхнічных норм, а таму важна не толькі ведаць іх паходжанне, іх прыроду, але і ўзаемадачыненне з іншымі відамі сацыяльных норм і найперш з правам.

У самым агульным плане можна зрабіць наступную выснову. Тыя тэхнічныя нормы маюць прававую прыроду, з’яўленне і ўзнікненне якіх абумоўлена развіццём таварна-грашовых адносін, якія функцыянуюць на эквівалентных пачатках, а таксама тыя тэхнічныя нормы, якія ўзніклі пад ускосным уздзеяннем эквівалентных па сваёй прыродзе грамадскіх адносін.

Значная частка тэхнічных норм мае прававую прыроду з моманту свайго ўзнікнення, з моманту свайго стварэння. Яны не могуць існаваць без прававой формы. Напрыклад, тыя тэхнічныя правілы, якія звязаны з вытворчасцю таварна-матэрыяльных каштоўнасцей, з іх абменам, размеркаваннем і пераразмеркаваннем на эквівалентных, суразмерных пачатках, маюць прававую прыроду з моманту свайго ўзнікнення, фармулявання. Гэта такія тэхнічныя правілы, якія не могуць існаваць без азначаных працэсаў і па-за межамі азначаных працэсаў. Існуюць і такія тэхнічныя нормы, якія набываюць (ці могуць набыць) прававую афарбоўку ўжо пасля стварэння. Многія правілы выкарыстання тэхнічных прыстасаванняў і механізмаў так званага «хатняга ўжытку» самі па сабе не маюць прававога характару. Яны набываюць прававую афарбоўку пасля таго, як іх неналежнае захаванне і выкананне прыводзіць да негатыўных сацыяльных наступстваў, якія, у сваю чаргу, павінны быць прадугледжаны ў дзеючым праве.

У сучасным грамадстве права пранікае ва ўсе пласты грамадскіх адносін. Заканамернасцю яго развіцця і функцыянавання з’яўляецца шчыльная ўзаемасувязь права з усімі відамі тэхнічных норм і правіл яшчэ да таго часу, калі яны будуць парушаны ці прывядуць да негатыўных сацыяльных наступстваў. Існаванне такіх дзяржаўна-надзорных уладных структур і органаў, як санітарная інспекцыя, органы прамыслова-атамнага нагляду, інспекцый па захаванню правіл і норм выканання пэўных відаў працы, органаў пажарнага нагляду і да іх падобных структур, якія дзейнічаюць на падставе права і сочаць за належным выкананнем тэхнічных, са­нітарна-тэхнічных, прамысловых, пажарных правілаў і г. д., сведчыць аб тым, што стан і выкананне тэхнічных правіл паводзін падвяргаюцца прававой ацэнцы яшчэ да таго, як яны могуць быць парушаны. Тут мы маем справу з прэвентыўным сацыяльна-прававым кантролем за захаваннем тэхнічных правіл і норм. Само права, яго прававыя нормы як бы падпарадкаваны існуючым тэхнічным нормам і правілам. Яны ствараюцца дзеля належнага забеспячэння тэхнічных норм, тэхнічных стандартаў. Не існуе стандартаў, адсутнічаюць тэхнічныя нормы, няма патрэбы і ў прававых нормах, існаванне якіх абумоўлена неабходнасцю захавання і забеспячэння тэхнічных стандартаў і правіл.

Безумоўна, знешнім сведчаннем таго, што тэхнічная норма мае прававы змест і характар, з’яўляецца факт яе замацавання і выражэння ў дзеючых крыніцах права. Аб гэтым можа сведчыць і санкцыянаваная абарона тэхнічных норм з боку дзяржавы ў выпадках, калі тэхнічныя нормы не знайшлі свайго замацавання ў дзеючых крыніцах права. Прыкладам першага віду тэхнічных прававых норм з’яўляюцца самыя розныя дзяржаўныя стандарты, тэхнічныя ўмовы на вырабленыя рэчы, дзяржаўныя стандарты на паслугі і працэсы (напрыклад, адукацыйныя стандарты). Яны фармулююцца, ствараюцца кампетэнтнымі органамі дзяржавы, выдаюцца імі ў форме тых нарматыўных прававых актаў, якія мае права выдаваць кампетэнтны орган дзяржавы ці службовая асоба. Прыкладам другога віду з’яўляецца наступная пасля выдання рэгістрацыя пэўных тэхнічных правіл і стандартаў, выдадзеных пэўным міністэрствам і зарэгістраваных у Нацыянальным рэестры прававых актаў. Па нейкіх прычынах тэхнічныя нормы і правілы могуць быць не зарэгістраваны ў Нацыянальным рэестры і таму не будуць мець прававой прыроды.  

Паколькі ва ўмовах першабытнага грамадства існавала сацыяльная аднароднасць, адсутнічалі сацыяльныя супярэчнасці, якія былі заснаваны на колькаснай і якаснай маёмаснай няроўнасці, то паміж рознымі відамі правіл паводзін нарматыўнага і ненарматыўнага характару не магло існаваць супярэчнасцей у іх сучасным разуменні. Розныя віды сацыяльных рэгулятараў уздзейнічалі на розныя бакі, «пласты» грамадскіх адносін, але дзейнічалі яны пры гэтым узаемаўзгоднена, дапаўняючы адзін аднаго. Яны, умоўна кажучы, размяшчаліся на адной лініі, але па сваёй значнасці і важнасці нагадвалі піраміду, на вяршыні якой знаходзіліся самыя каштоўныя з іх, тыя правілы, якія вызначалі жыццядзейнасць чалавека. У гэтым сэнсе слова правілы паводзін, якія існавалі ў старажытнасці, ужо былі строга ранжыраваны паміж сабой, прычым ранжыраваны незалежна ад віду – былі гэта правілы паводзін, якія былі сфармуляваны ў календары, захоўваліся як міфы ці як табу.

Такім чынам, да моманту ўзнікнення права ў якасці самастойнага віду правіл паводзін грамадства ўжо мела дастаткова грунтоўныя ўяўленні аб важнасці і значнасці правіл паводзін, аб іх ранжыраванасці, узаемазалежнасці і ўзаемадапаўняльнасці, а таксама аб тых формах, у якіх яны замацоўваліся і выкладаліся. У гэтым сэнсе слова тыя ўяўленні аб юрыдычнай сіле, вяршэнстве (першынстве) права над іншымі правіламі паводзін, а таксама аб вяршэнстве асобных крыніц права (напрыклад, закону) над іншымі кры­ніцамі права з’яўляюцца пэўнай мадыфікацыяй тых уяўленняў аб ранжыраванасці норм, якія былі назапашаны яшчэ ў старажытнасці.

Сутнасць яшчэ адной заканамернасці нарматыўнага рэгулявання грамадскіх адносін, якая сфармавалася ў старыжытнасці, на самых ранніх этапах існавання грамадства, зводзіцца да таго, што адначасова і, хутчэй за ўсё, паралельна з утварэннем сістэмы сацыяльнага і перш-наперш нарматыўнага рэгулявання грамадскіх адносін быў сфармуляваны і асобны механізм перадачы правіл паводзін ад аднаго пакалення да другога, які быў заснаваны на звычцы не парушаць вядомыя ўсім людзям правілы паводзін – табу, міфы і правілы календароў.

У падмурак такіх правіл паводзін былі пакладзены спецыфічныя правілы-сродкі, з дапамогай якіх захоўваліся і абараняліся табу, міфы, календары – рытуалы, абрады, нормы этыкета. З дапамогай гэтых правіл паводзін адбывалася рэалізацыя правіл паводзін у паўсядзённым жыцці і адначасова забяспечвалася іх перадача ад пакалення да пакалення, фармавалася ўстаноўка, звычка, а затым і звычай захоўваць і выконваць ад века дадзеныя правілы паводзін. У гэтым сэнсе слова не будзе перабольшаннем сцвярджэнне аб тым, што падзел усіх правіл паводзін на матэрыяльныя і працэсуальныя адбыўся яшчэ ў старажытным грамадстве.

На прыкладзе станаўлення, развіцця і трансфармацыі сістэмы нарматыўнага рэгулявання першабытнага грамадства дакладна прасочваецца і яшчэ адна заканамернасць нарматыўнага рэгулявання грамадскіх адносін, а, дакладней, заканамернасць ва ўзаемаадносінах сістэмы нарматыўнага рэгулявання грамадскіх адносін і сістэмы арганізацыі ўлады і кіравання. Сутнасць яе заключаецца ў наступным. Нам вядома, што правілы паводзін першабытнага грамадства выражалі ў роўнай меры і ступені волю і інтарэсы кожнага суродзіча, а таму ўспрымаліся кожнай асобай у якасці сваіх уласных правіл паводзін і выконваліся добраахвотна. У першабытным грамадстве першапачаткова не існавала асобных органаў улады і кіравання, якія б сачылі за ажыццяўленнем правіл паводзін. Да парушальнікаў прымяняліся выхаваўчыя меры ўздзеяння, а пры неабходнасці прымус, але ўсе меры зыходзілі ад імя ўсёй супольнасці, у іх праяўляліся воля і інтарэсы ўсіх і кожнага суродзіча.

Разам з тым па меры развіцця першабытнага чалавека і ўскладнення сістэмы нарматыўнага рэгулявання грамадскіх адносін, асабліва пасля з’яўлення такога нарматыўнага рэгулятара, як міф, у першабытным грамадстве з’явіліся шаманы, якія спецыяльна займаліся захаваннем правіл паводзін і ўважліва сачылі за тым, каб выконваліся правілы паводзін – рытуалы, абрады, этыкет і г. д. Шаманы мелі вялікі аўтарытэт сярод суродзічаў. Ці не так было пры фармаванні права? Гісторыя мае ўласцівасць паўтарацца. Фармаванне якасна новых правіл паводзін абумовіла фармаванне і адпаведных структур, якія павінны былі захоўваць і абараняць гэтыя правілы паводзін, а далейшая спецыялізацыя сярод правіл паводзін заканамерна абумоўлівала і дыферэнцыяцыю ў сістэме органаў дзяржаўнай улады і кіравання.