1. Сацыяльнае рэгуляванне, яго віды,
заканамернасці і функцыі
Грамадства не можа існаваць без таго, каб не ўздзейнічаць на паводзіны сваіх членаў. Такое ўздзеянне ажыццяўляецца ў мэтах самазахавання і развіцця грамадства. Сродкі ўздзеяння на паводзіны людзей у грамадстве называюцца сацыяльнымі рэгулятарамі. Сацыяльныя рэгулятары адэкватны ўзроўню развіцця грамадства і мэтам, якое яно ставіць перад сабой. Самым першасным сродкам уздзеяння на паводзіны асобы былі разавыя распараджэнні (вяленні), на падставе якіх і ў мэтах выканання якіх ажыццяўляліся пэўныя дзеянні ці адбывалася ўстрыманне ад пэўных дзеянняў. Сваё значэнне, сваю сілу такія распараджэнні (вяленні) страчвалі пасля таго, як праводзіліся ў жыццё.
На пэўным этапе развіцця грамадства, пасля таго, як чалавек быў здатны рабіць абагульненні, з’явіліся правілы паводзін агульнага характару. Агульнасць правіл паводзін (нормаў) зводзіцца да таго, што яны могуць прыкладвацца да пэўных сітуацый не адзін раз, а дакладна не вызначаную колькасць раз. Зразумела, што пры стварэнні агульных правіл паводзін губляюцца індывідуальнасць і непаўторнасць вяленняў, якія ўтрымліваюцца ў правілах паводзінах, яны абстрагуюцца ад тых жыццёвых момантаў, якія маюць індывідуальныя рысы і адлюстроўваюць толькі тое агульнае, што ўласціва жыццёвым сітуацыям аднаго роду і віду. Чым менш прымет жыццёвых сітуацый адлюстроўваецца ў правілах паводзін, тым больш абстрактнымі яны з’яўляюцца. Абстрактнасць правіл паводзін можа надаваць пры пэўных умовах і большую ўстойлівасць, таму што змест правіл паводзін залежыць ад меншай колькасці ўласцівасцей канкрэтных жыццёвых сітуацый. Пасля таго, як у грамадстве побач з індывідуальнымі сацыяльнымі рэгулятарамі склаліся правілы паводзін агульнага характару, паміж імі сфармаваліся пэўныя залежнасці і ўзаемасувязі.
Існаванне індывідуальных рэгулятараў так ці інакш пастаянна завязвацца на правілах паводзін агульнага характару. Разавыя распараджэнні (вяленні) шляхам абагульнення пераўтвараліся ў правілы паводзін агульнага характару. А правілы паводзін агульнага характару пры сваёй рэалізацыі сталі патрабаваць індывідуальных вяленняў (распараджэнняў), з дапамогай якіх яны прыкладваліся да канкрэтных жыццёвых сітуацый. Безумоўна, асобныя вяленні разавага характару ў якасці сацыяльных рэгулятараў працягвалі існаваць і надалей, як, дарэчы, і асобныя правілы паводзін агульнага характару рэалізоўваліся без дапамогі індывідуальных сацыяльных рэгулятараў. Але ўзаемасувязь паміж правіламі паводзін агульнага і індывідуальнага характару сфармавалася ў якасці самастойнай заканамернасці сацыяльнага рэгулявання грамадскіх адносін. Змест яе можна сфармуляваць наступным чынам. Індывідуальныя вяленні (распараджэнні) адносна адных і тых жа, падобных жыццёвых сітуацый прыводзяць да фармавання правіл паводзін агульнага характару, а правілы паводзін агульнага характару пры ўздзеянні на грамадскія адносіны абапіраюцца на індывідуальныя вяленні (распараджэнні), без якіх трансфармавацца ў рэальныя грамадскія адносіны яны, як правіла, не могуць.
Такім чынам, самымі першаснымі формамі (відамі) сацыяльных рэгулятараў з’яўляюцца індывідуальныя вяленні і правілы паводзін агульнага характару – нормы паводзін (нарматыўныя рэгулятары). Правілы паводзін агульнага характару складаюць такую групу сацыяльных рэгулятараў, якая называецца нарматыўнымі рэгулятарамі грамадскіх адносін, а індывідуальныя, разавыя распараджэнні (вяленні) уваходзяць у склад яшчэ адной самастойнай групы сацыяльных рэгулятараў – групы ненарматыўных рэгулятараў.
Па свайму зместу, па сваёй скіраванасці індывідуальныя вяленні (распараджэнні) і правілы паводзін агульнага характару былі рознымі. Вядома, што самымі першаснымі правіламі паводзін першабытнага грамадства былі разнастайныя табу – забароны. Затым узніклі больш складаныя правілы паводзін – міфы. Міф утрымліваў у сабе ўжо не толькі забароны, але і нейкія станоўчыя правілы паводзін, узоры, на якія павінны былі арыентавацца ўсе суб’екты грамадскіх адносін. А каляндар уяўляў сістэму правіл паводзін, у якой адначасова ўтрымліваліся забароны, дазволы (правілы паводзін станоўчага характару) і іншыя арыенціры. Значыць, ва ўмовах існавання табу – забарон і індывідуальныя вяленні (распараджэнні) мелі забараняльны характар.
Ва ўмовах, калі з’явіліся міф і каляндар, трансфармаваліся і індывідуальныя вяленні (распараджэнні). Сказанае азначае, што ва ўзаемаадносінах паміж нарматыўнымі рэгулятарамі і індывідуальнымі вяленнямі (распараджэннямі) дамінуюць правілы паводзін агульнага характару. Перамена ў гэтай форме сацыяльнай рэгуляцыі абумоўлівала перамены ў характары, відах і змесце індывідуальных рэгулятараў. Кожнаму новаму віду правіл паводзін адпавядае якасна новы від індывідуальных вяленняў (распараджэнняў).
Адзначаныя ўзаемасувязі паміж правіламі паводзін агульнага характару (нарматыўнымі рэгулятарамі) і індывідуальнымі вяленнямі можна лічыць адной з заканамернасцей сацыяльнага рэгулявання грамадскіх адносін.
З узнікненнем календара звязана з’яўленне ў сістэме нарматыўнага рэгулявання грамадскіх адносін такога віду правіл паводзін, які мае інтэгратыўны характар. Ускладніўшыяся формы жыццядзейнасці грамадства ва ўмовах вытворчай эканомікі запатрабавалі, па-першае, дыферэнцыяцыі сярод правіл паводзін, а, па-другое, усталявання паміж асобнымі відамі правіл паводзін інтэгратыўных сувязей. У падмурку развіцця інтэгратыўных сувязей паміж відамі нарматыўных рэгулятараў ляжалі, безумоўна, інтэгральныя сувязі асобных відаў чалавечай дзейнасці.
З узнікненнем календара паміж асобнымі нарматыўнымі рэгулятарамі, у іх сістэме хутчэй за ўсё пачынае складвацца адна з заканамернасцей нарматыўнага рэгулявання грамадскіх адносін. Сутнасць яе заключаецца ў тым, што паміж асобнымі відамі правіл паводзін фармуюцца асобныя ўзаемаадносіны, якія затым, пасля ўзнікнення права, сталі праяўляцца ў форме іерархіі, субардынацыі паміж рознымі па зместу і характару нормамі права і іх крыніцамі. Змест дадзенай заканамернасці можна сфармуляваць наступным чынам. Правілы паводзін агульнага характару развіваліся ад простых па свайму зместу і структуры да больш складаных. Пры гэтым сістэма больш складаных правіл паводзін заўсёды імкнулася падпарадкаваць сабе сістэму правіл паводзін больш простых, зрабіць яе залежнай ад сябе альбо адсунуць на перыферыю нарматыўнага рэгулявання.
Паміж сістэмай больш складаных правіл паводзін і сістэмай больш простых правіл паводзін фармаваліся і ўсталёўваліся своеасаблівыя субардынацыйныя ўзаемазалежнасці. Сістэма нарматыўнага рэгулявання, якая сфармавалася раней, працягвала існаваць і рэгуляваць грамадскія адносіны, але пры гэтым яна знаходзілася ў сілавым поле больш складанай сістэмы і вымушана была падпарадкоўвацца тым прынцыпам і тым каштоўнасцям, якія сфармаваліся і замацаваліся ў нарматыўных сістэмах больш высокага ўзроўню.
Паколькі ва ўмовах першабытнага грамадства існавала сацыяльная аднароднасць, адсутнічалі сацыяльныя супярэчнасці, якія былі заснаваны на колькаснай і якаснай маёмаснай няроўнасці, то паміж рознымі відамі правіл паводзін нарматыўнага і ненарматыўнага характару не магло існаваць супярэчнасцей у іх сучасным разуменні. Розныя віды сацыяльных рэгулятараў уздзейнічалі на розныя бакі, «пласты» грамадскіх адносін, але дзейнічалі яны пры гэтым узаемаўзгоднена, дапаўняючы адзін аднаго. Яны, умоўна кажучы, размяшчаліся на адной лініі, але па сваёй значнасці і важнасці нагадвалі піраміду, на вяршыні якой знаходзіліся самыя каштоўныя з іх, тыя правілы, якія вызначалі жыццядзейнасць чалавека. У гэтым сэнсе слова правілы паводзін, якія існавалі ў старажытнасці, ужо былі строга ранжыраваны паміж сабой, прычым ранжыраваны незалежна ад віду – былі гэта правілы паводзін, якія былі сфармуляваны ў календары, захоўваліся як міфы ці як табу.
Такім чынам, да моманту ўзнікнення права ў якасці самастойнага віду правіл паводзін грамадства ўжо мела дастаткова грунтоўныя ўяўленні аб важнасці і значнасці правіл паводзін, аб іх ранжыраванасці, узаемазалежнасці і ўзаемадапаўняльнасці, а таксама аб тых формах, у якіх яны замацоўваліся і выкладаліся. У гэтым сэнсе слова тыя ўяўленні аб юрыдычнай сіле, вяршэнстве (першынстве) права над іншымі правіламі паводзін, а таксама аб вяршэнстве асобных крыніц права (напрыклад, закону) над іншымі крыніцамі права з’яўляюцца пэўнай мадыфікацыяй тых уяўленняў аб ранжыраванасці норм, якія былі назапашаны яшчэ ў старажытнасці.
Сутнасць яшчэ адной заканамернасці нарматыўнага рэгулявання грамадскіх адносін, якая сфармавалася ў старыжытнасці, на самых ранніх этапах існавання грамадства, зводзіцца да таго, што адначасова і, хутчэй за ўсё, паралельна з утварэннем сістэмы сацыяльнага і перш-наперш нарматыўнага рэгулявання грамадскіх адносін быў сфармуляваны і асобны механізм перадачы правіл паводзін ад аднаго пакалення да другога, які быў заснаваны на звычцы не парушаць вядомыя ўсім людзям правілы паводзін – табу, міфы і правілы календароў.
У падмурак такіх правіл паводзін былі пакладзены спецыфічныя правілы-сродкі, з дапамогай якіх захоўваліся і абараняліся табу, міфы, календары – рытуалы, абрады, нормы этыкета. З дапамогай гэтых правіл паводзін адбывалася рэалізацыя правіл паводзін у паўсядзённым жыцці і адначасова забяспечвалася іх перадача ад пакалення да пакалення, фармавалася ўстаноўка, звычка, а затым і звычай захоўваць і выконваць ад века дадзеныя правілы паводзін. У гэтым сэнсе слова не будзе перабольшаннем сцвярджэнне аб тым, што падзел усіх правіл паводзін на матэрыяльныя і працэсуальныя адбыўся яшчэ ў старажытным грамадстве.
На прыкладзе станаўлення, развіцця і трансфармацыі сістэмы нарматыўнага рэгулявання першабытнага грамадства дакладна прасочваецца і яшчэ адна заканамернасць нарматыўнага рэгулявання грамадскіх адносін, а, дакладней, заканамернасць ва ўзаемаадносінах сістэмы нарматыўнага рэгулявання грамадскіх адносін і сістэмы арганізацыі ўлады і кіравання. Сутнасць яе заключаецца ў наступным. Нам вядома, што правілы паводзін першабытнага грамадства выражалі ў роўнай меры і ступені волю і інтарэсы кожнага суродзіча, а таму ўспрымаліся кожнай асобай у якасці сваіх уласных правіл паводзін і выконваліся добраахвотна. У першабытным грамадстве першапачаткова не існавала асобных органаў улады і кіравання, якія б сачылі за ажыццяўленнем правіл паводзін. Да парушальнікаў прымяняліся выхаваўчыя меры ўздзеяння, а пры неабходнасці прымус, але ўсе меры зыходзілі ад імя ўсёй супольнасці, у іх праяўляліся воля і інтарэсы ўсіх і кожнага суродзіча.
Разам з тым па меры развіцця першабытнага чалавека і ўскладнення сістэмы нарматыўнага рэгулявання грамадскіх адносін, асабліва пасля з’яўлення такога нарматыўнага рэгулятара, як міф, у першабытным грамадстве з’явіліся шаманы, якія спецыяльна займаліся захаваннем правіл паводзін і ўважліва сачылі за тым, каб выконваліся правілы паводзін – рытуалы, абрады, этыкет і г. д. Шаманы мелі вялікі аўтарытэт сярод суродзічаў. Ці не так было пры фармаванні права? Гісторыя мае ўласцівасць паўтарацца. Фармаванне якасна новых правіл паводзін абумовіла фармаванне і адпаведных структур, якія павінны былі захоўваць і абараняць гэтыя правілы паводзін, а далейшая спецыялізацыя сярод правіл паводзін заканамерна абумоўлівала і дыферэнцыяцыю ў сістэме органаў дзяржаўнай улады і кіравання.