Верш Я.Купалы «Час!»
Рамантычны стыль гэтага твора і параўнальная аддаленасць часу яго напісання ўскладняюць успрыманне верша не толькі вучнямі. Таму пасля чытання твора трэба пракаменціраваць яго «моўныя цяжкасці».
Каб правільна зразумець асобныя радкі, у прыватнасці тыя, дзе паэт заклікае да паўстання («Гэй, паўстань, народ!»), раіць узбройвацца, «цапы і косы... браць з вышак», трэба найперш ведаць, якія канкрэтныя абставіны выклікалі з’яўленне верша-закліку, напісанага 30 кастрычніка 1918 г.
Прыгадаем у гэтай сувязі другі твор Я. Купалы — трагікамедыю «Тутэйшыя». У першай дзеі п’есы Мікіта Зносак насміхаецца з Янкі Здольніка i яго аднадумцаў, называючы ix «новаспечанымі рэспубліканцамі», «беларусамі», у якіх «нічога не выходзіць»: «Вашы сходкі ці там з’езды раскідаюцца, а caмix на казённы хлеб садзяць. Хэ-хэ-хэ! Раскідаюць во, i ўсё тут». Здольнік адказвае: «Але, раскідаюць, але! Толькі ж думак нашых i люцыпар не раскідае — бо мы служым вялікай ідэівызвалення». Размова, несумненна, ідзепра 1-ы Усебелаpycкi з’езд (кангрэс), скліканы ў снежні 1917 г. патрыятычна настроенымі дзеячамі. На iм было 1872 дэлегаты ад ycix рэгіёнаў Беларусі i палітычных арганізацый. Большасць дэлегатаў дабівалася абвяшчэння незалежнай дзяржаўнасці. Быў створаны часовы вышэйшы орган улады — Усебеларускі Савет. Гэта было не даспадобы бальшавіцкім кіраўнікам тагачаснай Заходняй вобласці (небеларусам Мяснікову, Ландару, Кнорыну i інш.), i яны «пад шырмай абароны савецкай улады ў вобласці i на фронце» 18 снежня 1917 г. сваім рашэннем «распусцілi з’езд i прапанавалі яго прэзідыуму пакінуць межы вобласці i фронту» [76, с. 64]. А многія, як i гаварыў Мікітa Зносак, былі пасаджаны «на казённы хлеб». Дарэчы, пра гэтыя падзеі расказваецца ў апавяданні М. Гарэцкага «Усебеларускі з’езд 1917-га года».
18 лютага 1918 г. нямецкія войскі перайшлі ў наступленне i да 3 сакавіка, калі быў падпісаны Брэсцкі мip, акупавалі амаль усю Беларусь (да лініі Opшa — Магілёў — Гомель). 21 лютага 1918 г., яшчэ да ўступлення немцаў у Мінск, створаны на 1-м Усебеларускім з’ездзе выканаўчы орган, Выканком Савета з’езда, у сваёй 1-ай Устаўной грамаце як звароце да народа аб’явіў сябе ўладай у Беларусі. 2-ая Устаўная грамата (9 сакавіка 1918 г.) абвяшчала аб стварэнні Беларускай Народнай Рэспублікі. 25 сакавіка 1918 г. БНР у 3-яй Устаўной грамаце аб’яўлялася «незалежнай i вольнай дзяржавай».
Рашэнні, абвешчаныя Устаўнымі граматамі, патрэбна было аформіць юрыдычна. Пачалася падрыхтоўка да склікання Устаноўчага сходу Беларусі, але германскія акупанты не дазволілі яго праводзіць, бо, паводле Брэсцкага мірнага дагавору i дадатковага да яго пагаднення, яны абавязаліся не прызнаваць ніякіx новых дзяржаўных утварэнняў на тэрыторыі былой Расійскай імперыі. А між тым незалежнасць БНР i яе урад (Народны сакратарыят на чале з Язэпам Варонкам) за кароткі час прызналі Арменія, Аўстрыя, Грузія, Літва, Латвія, Турцыя, Фінляндыя, Чэхаславакія, Украіна, Эстонія.
Верш-заклік «Час!», паўторым, быў напісаны 30 кастрычніка 1918 г. у Смаленску, дзе паэт, мабілізаваны яшчэ ў студзені 1916 г. у царскую армію, спачатку служыў у дарожна-будаўнічым атрадзе, а з ліпеня 1918 г. працаваў агентам забеспячэння ў харчовым камітэце Заходняй вобласці. Знаходзячыся з канца 1917 i ўвесь 1918 г. у Смаленску, Я. Купала пільна сачыў за ўciм, што адбывалася на Бацькаўшчыне, i балюча перажываў усе трагічныя весткі адтуль. Пачатковыя радкі верша («Час склікаці ўжо грамаду на вялікую нараду, на вялікі сход!»), як i канцоўка («Йдзі, народ, на сход!»), па-першае, маглі, з улікам тагачаснай палітычнай сітуацыі, успрымацца з прамым значэннем слоў, звязаным са скліканнем памянёнага Устаноўчага сходу Беларусі. Па-другое, гэтыя радкі можна ўсведамляць i з метафарычным сэнсам ’час самім, самому народу вырашаць (справу будавання нацыянальнай дзяржавы, Бацькаўшчыны)’.
Гэты матыў «на сход» i вобраз-сімвал сходу знаходзім у некалькіх Купалавых творах. Напрыклад, у п’есе «Раскіданае гняздо» Незнаёмы, рэвалюцыянер-агітатар, кліча людзей: «На вялікі сход! Па Бацькаўшчыну!» У канцы п’есы гэтыя словы паўтарае Сымон, становячыся ў рады барацьбітоў за народную справу. Ёсць гэты вобраз і ў вершы «На сход», напісаным таксама ў кастрычніку 1918 г.: «На сход на ўсенародны, грозны, бурны ідзі, аграблены, закованы народ!».
Цэласнае значэнне разгорнутай метафары склікаці ўжо грамаду[1] на вялікую нараду, на вялікі сход не выцякае з паасобных значэнняў слоў, а ўзнікае ў выніку супастаўлення з канкрэтнай з’явай — з тымі далёкімі часамі вольніцы, калі ўся грамада, г. зн. народ, абшчына, склікалася для вырашэння важных спраў ці калі, кажучы словамі верша «Свайму народу», напісанага, дарэчы, на адзін дзень раней, чым «Час!», «звон вéчавы сход склікаваў народны». Прыгадаем, напрыклад, веча — агульны сход палачан — у Полацкім княстве Х—ХІІІ стагоддзяў.
Перад намі адна са шматлікіх у мастацкіх творах з’яў, калі слова, «супадаючы па сваёй знешняй форме са словам адпаведнай нацыянальна-моўнай сістэмы і апіраючыся на яго значэнне, звернута не толькі да агульнанароднай мовы..., але і да таго свету мастацкай рэчаіснасці, які ствараецца ў мастацкім творы. Яно з’яўляецца будаўнічым матэрыялам для яго пабудовы і суаднесена з другімі элементамі яго канструкцыі ці кампазіцыі. Таму яно двухпланавае па сваёй сэнсавай накіраванасці і, значыць, вобразнае. Яго сэнсавая структура пашыраецца і ўзбагачаецца тымі мастацка-выяўленчымі «прырашчэннямі» сэнсу, якія развіваюцца ў сістэме цэлага эстэтычнага аб’екта» [11, с. 92-93].
Варта коратка пералічыць далейшыя гістарычныя падзеі: адступленне нямецкага войска ў снежні 1918 г. пасля лістападаўскай рэвалюцыі ў Германіі, вяртанне бальшавікоў i тэрміновае стварэнне iмi 1 студзеня 1919 г. Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь (ССРБ), перадача (праз паўтара месяца) Віцебскай, Смаленскай i Магілёўскай губерняў у склад РСФСР, аб’яднанне астатняй часткі Беларусі з Літвой i ўтварэнне Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Літвы i Беларусі (урад узначальваў Міцкявічус-Капсукас), прыход на Беларусь «новых акупантаў» (Я. Купала) — палякаў (з 8.08.1919 па 10.07.1920 г.), выгнанне польскіх акупантаў савецкімі войскамі i аднаўленне ССРБ (31 ліпеня 1920 г.).
Я. Купала пераехаў са Смаленска ў Мінск 21 студзеня 1919 г. У сталіцы, дзе гаспадарылі бальшавікі, нельга было i думаць пра публікацыю верша «Час!» з ягонымі заклікамі «Гэй, паўстань, народ!», «Йдзі, народ, на сход!» Напісаны, як ужо гаварылася, 30 кастрычніка 1918 г., ён упершыню ўбачыў свет толькі праз год, у часе польскай акупацыі, спачатку ў газеце «Звон» (21.09.1919), а пазней у газеце «Беларусь» (21.11.1919). Верш быў актуальным i тады, калі ствараўся, i пасля, калі адна акупацыя змянялася другой.
Для правільнага ўразумення гэтага верша i яго нястрачанай надзённасці звернемся да ўрыўка з артыкула Я. Купалы «Больш самачыннасці» (1919): «Рэвалюцыя змяла ў сваім ходзе цара, панясліся ў свет новыя воклікі будавання новага незалежнага жыцця ўciм народам. А мы як бы нішто i нi ў чым. Пасля царскіх чыноў прыйшлі бальшавіцкія чыны не горш ад свaix папярэднікаў, прыйшлі i павялі сваю гаспадарку ў нас, а мы глядзелі i чакалі, што нехта прыйдзе ды бальшавікоў прагоніць. I прычакалі.
Прыйшлі немцы, бальшавікі ўцяклі, мы асталіся. Немец гаспадарыў, як сам хацеў, над намі, над нашым дабром — не горай нават ад царскіх i бальшавіцкіх гаспадароў, а мы што рабілі? Мы сядзелі i чакалі, злажыўшы pyкi, i чакалі нейкага цуду, які з’явіцца i забярэ нашае ліха. I дачакалі...
Прыйшлі iзноў бальшавікі, а немцы ўцяклі, толькі мы сядзім на месцы. Бальшавікі навялі свае парадкі i гаспадарку, нягледзячы на тое, ці смачна нам гэта, ці не смачна. Пайшлі саветы, камітэты, выбары, перавыбары i г.д. А ў рэзультаце што ж? Пастаўленыя намі (як нам гаварылі) нашы саветы пачалі нешта такое разводзіць, што нам цяжка было дыхаць. I мы стагналі, уздыхалі i чакалі.
Прыйшлі палякі, уцяклі саветы, камітэты i чразвычайка, а мы ізноў сабе сядзім i чакаем. Праўда, мы, як гаспадары гэтай зямлі, мyciм сядзець на ёй. Але як мы гаспадарым на ёй?
Ці не час ужо пакінуць благую прывычку сядзець i сядзець, чакаць i чакаць?..
Самы найлепшы прыяцель, самы найлепшы збаўца наш ад нашага ліхалецця — гэта мы самі. I калі не хочам загінуць, калі не хочам быць вечнымі рабамі, — павінны пакінуць мы благую прывычку думаць, што нехта прыйдзе i выратуе нас з нашай бяды, з нашай няволі. Гэта ж не можа быць, каб нехта быў лепшым прыхільнікам да нас, як мы самі для сябе.
Не, браты, гэтакім ладам мы далёка не заедзем. Час праявіць нам i свае сілы ў будаванні новага жыцця для сваёй бацькаўшчыны, для cвaix сяліб i хат, для нашага падрастаючага пакалення! Пройдуць гады, падраступь сыны i ўнукі нашы i спытаюць нас тады: «Што зрабілі вы ў той бурны i векапомны час для свaix патомкаў, для свайго краю?»
Для верша «Час!», напісанага ў рамантычным стылі, характэрны тыя ж асаблівасці, якімі вылучаюцца многія ранейшыя творы Я. Купалы. «Рамантычная «абагульненасць», маштабнасць мыслення паэта кладзе свой адбітак на яго стылістыку, на сістэму вобразных сродкаў, інтанацыйна-музыкальны лад... Амаль паўсюдна знойдзем мы неканкрэтную «размытасць контураў» у бачанні навакольнага свету — яна ідзе як ад фальклорнага рамантызму, так і ад эстэтычнай устаноўкі самога паэта...» [74, с. 36].
Вось дзве страфы з верша:
Доўга людзі ўдзень блудзілі.
Крыўду, слёзы, кроў пладзілі,
Усё не ўмелі жыць, —
А сягоння ўжо не тое, —
Ўсходзе сонца залатое
Роўна ўсім свяціць.
Ходзіць ходырам свет цэлы,
Смела ў бітву йдзе нясмелы,
Ў бой за лепшы час.
Дык і нам цапы і косы .
Час браць з вышак, покі росы.
Воч не згрызлі ў нас.
Тут удала ўзаемадзейнічае рэалістычная плынь («Усё не ўмелі жыць», «смела ў бітву йдзе нясмелы, ў бой за лепшы час») і рамантычная. Але пераважаюць рамантычныя матывы, вобразы. Ёсць тут і традыцыйная фальклорная сімволіка, да якой паэт звяртаўся ў сваіх ранейшых творах і варыяцыі якой можна сустрэць у вершах пазнейшага часу (параўн., напрыклад, у вершах «Час!» і «Арлянятам»: «нам цапы і косы час браць з вышак» і «вам сярпы і косы... далі буры, завірухі»). Асобныя сімвалы народнай творчасці, напрыклад вобраз сонца[2], пераасэнсоўваюцца, напаўняюцца канкрэтным зместам.
У гэтых радках многія моўныя з’явы патрабуюць вытлумачэння. Як вынік асацыятыўнага мыслення вобразамі з’яўляюцца такія метафары: удзень блудзілі– ‘блыталіся ў самым простым’; цапы і косы браць з вышак —‘узбройвацца, змагацца’; покі росы воч не згрызлі—‘пакуль не позна, пакуль яшчэ жывыя’. За метафарамі «ўсходзе сонца...» і «покі росы воч не згрызлі» адчуваюцца творча выкарыстаныя элементы прыказкі «Пакуль сонца ўзыдзе, раса вочы выесць».
Пры аналізе гэтых строф нельга не звярнуць увагі на сэнс выразу хадзіць ходырам – ‘бурліць, кіпець’, на антытэзнае супрацьпастаўленне ў радку Смела ў бітву йдзе нясмелы, на выкарыстанне слова час са значэннем ‘будучыня’ («У бой за лепшы час») і ‘пара’ («Час браць з вышак...»), на сінанімію слоў бітва і бой. Як сведчыць аўтограф, у пачатковым варыянце верша двойчы паўтаралася слова бой, замененае пасля ў першым радку словам бітва:
Смела ў бой ідзе нясмелы,
Ў бой за лепшы час.
Як бачым, Я. Купала пайшоў на версіфікацыйную «паэтычную вольнасць» (йдзе замест ідзе), але палічыў за лепшае не паўтараць таго самага слова.
Традыцыйныя вобразы сімвалічнага гучання сустракаем і ў першых радках верша:
Час склікаці ўжо грамаду
На вялікую нараду,
На вялікі сход!
Параўн. таксама заключныя радкі:
За сябе сам пастаяці
I за Бацькаўшчыну-маці
Йдзі, народ, на сход!
Што да разгорнутай метафары ўсходзе сонца залатое роўна ўсім свяціць, то яна не мае ніякага дачынення да Кастрычніцкай рэвалюцыі, хоць менавіта пра такую сувязь нярэдка пісалі ў літаратуразнаўчых працах. Гэта метафара змыкаецца з суседнімі радкамі ходзіць ходырам свет цэлы, смела ў бітвy йдзе нясмелы, ў бой за лепшы час. Маецца на ўвазе ўсеагульная барацьба былых каланіяльных народаў царскай Pacii за сваё нацыянальнае вызваленне: вырваліся з «турмы народаў» Польшча, Фінляндыя, абвясцілі незалежнасць Украіна, Літва, Эстонія, Латвія, Арменія, Грузія. А пра Кастрычніцкую рэвалюцыю, слушна называючы яе «бальшавіцкім пераваротам у Pacii», Я. Купала крыху пазней, у артыкуле «Справа незалежнасці Беларусі за мінулы год» (1920), піcaў: «Сацыяльная рэвалюцыя, якая загарэлася крывавым пажарам на ўсходзе Еўропы — у Pacii — i цяпер яшчэ палае ўсё паядаючым полымем, стараецца ў сваім пабедным паходзе ніштожыць усялякія нацыянальныя перагародкі i злучыць пад чырвоным знаменем усе народы ўсяго свету. Наколькі ёй гэта ўдасца, пакажа будучыня, але пакуль што ўсе дзяржавы, апрача, разумеецца, Велікapyci, yciмi сіламі стараюцца адхрысціцца ад гэтага раю».
Верш «Час!» у савецкі перыяд стаў хрэстаматыйным, вывучаўся ў школе, але заўсёды падаваўся ў своеасаблівай інтэрпрэтацыі, як гімн Кастрычніцкай рэвалюцыі, якая «прынесла беларускаму народу вызваленне ад уціску i заняволення», i як заклік да барацьбы з кайзераўскімі акупантамі.
У шматлікіх біяграфічных i іншых даведніках не так i даўняга часу гаворыцца, што Я. Купала «сустрэў Вялікі Кастрычнік» у Смаленску. Чытаючы такое, можна падумаць, што сустрэў з найвялікшай i доўгачаканай радасцю. А ў дваццатыя — саракавыя гады i нават пазней пра Я. Купалу пісалі, што ён «не зразумеў сацыялістычнай сутнасці Кастрычніцкай рэвалюцыі» i таму дапускаў «памылкі i ідэйныя зрывы». На самай жа справе гэты апостал беларускай нацыі ўсё выдатна разумеў i прадбачыў, таму не прыняў i не мог прыняць гэту рэвалюцыю.
У 4–12-м радках, дзе называюцца надзённыя пытанні, якія павінен вырашыць «сам народ», перавага аддаецца рэалістычнай плыні:
Хай рассудзіць, хай разважа,
Слова цвёрдае хай скажа,
Скажа сам народ!
Як жыць мае, пажываці
Ў родным краю, ў роднай хаце,
Як заводзіць лад:
Ці жыць далей у няволі,
Ці разжыцца новай доляй,
Новы ўзнесць пасад.
Пры аналізе гэтых радкоў патрэбна адзначыць, што мнагазначная лексічная адзінка слова тут мае сэнс ‘рашэнне, думка, меркаванне’, слова лад рэалізуе значэнне ‘парадак’.
Што да слова пасад, то яго выкарыстанне ў гэтым кантэксце арыгінальнае. У беларускай мове гэта слова цяпер устарэлае. Адно з яго значэнняў – ‘разасланыя на таку снапы (пры малацьбе)’, напрыклад, у «Новай зямлі» Я. Коласа: «– Ну, хлопцы: зараз дамо жару! Саб’ем пасадаў яшчэ з пару.– Снапы ў радочкі палажылі, так і дзяды яшчэ вучылі, каб каласы ды з каласамі, а да пярылаў гузырамі». У творах Я. Купалы слова пасад выкарыстоўваецца ў складзе фразеалагізма на пасад садзіць –’аддаваць замуж’ (у паэме «Курган»: «На пасад дачку княжну садзілі»), а таксама з індывідуальна-аўтарскім значэннем ‘месца’: «Занімай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі!..» («Маладая Беларусь»). Гэта значэнне асацыіруецца з даўнейшым, цяпер ужо забытым сэнсам слова пасад – ‘дзяжа, накрытая кажухом, на якую садзілі нявесту ў час вясельнага абраду[3]. Купалаўскі сімвал пасад як вобраз маладой Беларусі, роўнай сярод роўных, адчуваецца і ў вершы «Час!». Да гэтага ж вобраза паэт вернецца зноў у паэме «Безназоўнае» (1924):
Беларусь у куце
Ў хаце сваёй села,–
Чарка мёду ў руцэ,
Пазірае смела.
Сэнс спалучэння новы ўзнесць пасад можна перадаць словамі ‘заняць іншае месца’, ‘завесці новы парадак’, хоць гэта будуць і збедненыя эквіваленты, якія не выклікаюць дадатковых асадыяцый. У вершы ж Я. Купалы гэта спалучэнне, кажучы словамі I. Навуменкі, «дае волю думцы і фантазіі чытача». Дарэчы, перш чым з’явіўся радок Новы ўзнесць пасад, Я. Купала перабраў такія варыянты: Новы ўвесці лад; Новы ўзвесць пасад.
I яшчэ тры радкі з верша «Час!»:
Хай званы зазвоняць з жарам,
Хай музыка ў струны ўдара! –
Гэй, паўстань, народ!
Вобраз-сімвал званоў як кліч да барацьбы выкарыстоўваўся і ў ранейшых творах Я. Купалы (напрыклад, у вершы «Там...»: «I ўдарце ў згоды гучны звон і сабярыцесь грамадой!»). Першапачатковы варыянт трэцяга радка Знай, устаў народ падкрэсліваў выніковае значэнне, а затым быў заменены на Гэй, паўстань, народ!, што ўзмацняла ідэю закліку. Гэтым жа абумоўліваецца замена апошніх радкоў верша. Паэт закрэсліў першапачатковае Маці-бацькаўшчына кліча на вялікі сход! і падаў інакш: І за Бацькаўшчыну-маці йдзі, народ, на сход!
Адзначым яшчэ наступныя варыянты аўтографа. У 9-м радку замест Які весці лад стала: Як заводзіць лад. У 22–23-м радках замест Час і нам цапы і косы Браць у рукі, покі росы... стала: Дык і нам цапы і косы Час браць з вышак, покі росы... Паэт апусціў спалучэнне у рукі, замяніўшы яго двухскладовым з вышак, і пераставіў з аднаго радка ў другі слова час, а замест яго ўвёў злучнік дык, каб лепш звязаць гэтыя радкі з папярэднімі (Ходзіць ходырам свет цэлы).
Аналізуючы верш, трэба бачыць версіфікацыйныя варыянты слоў. Адны з іх абумоўлены неабходнасцю захаваць рытм: склікаці, узнесць, йдзе, йдзі, дáлей, а таксама неаднаразовае ўжыванне ў пасля знакаў прыпынку. Другія паэтычныя вольнасці выклікаюцца рыфмоўкай: разважа (рыфма скажа), удара (рыфма з жарам), пастаяці (рыфма маці), пажываці (рыфма ў хаце). Звяртаецца ўвага і на форму краю (ў родным краю) – пры сучаснай норме краі. Дарэчы, паралельныя формы дзеясловаў 3-й асобы адзіночнага ліку (удара, усходзе, разважа, ходзіць, скажаць) — гэта асаблівасць родных паэту гаворак, якая не стала нормай літаратурнай мовы.
Слова час мнагазначнае. Загаловак верша-закліку мае значэнне ‘пара’.
Я. Купала надаваў выключнае значэнне гукавой арганізацыі верша, музыкальнаму боку паэзіі. У радку Хай званы зазвоняць з жарам алітэрацыя (паўтарэнне з, ж) нібы імітуе гучанне званоў. Ёсць у вершы і асананс (паўтарэнне о), што робіць радкі мілагучнымі, лёгкімі для вымаўлення, прыемнымі для слыху:
А сягоння ўжо не тое,–
Ўсходзе сонца залатое
Роўна ўсім свяціць.
Ходзіць ходырам свет цэлы...
У радках «Доўга людзі удзень блудзілі, крыўду, слёзы, кроў пладзілі» бачым стылістычны прыём узыходнай градацыі пры размяшчэнні дапаўненняў.
Знітаванасць формы і зместу забяспечыла вершу даўгавечнае жыццё, зрабіла яго хрэстаматыйным творам.