П’еса К. Крапівы «Партызаны»
Драма «Партызаны», як зазначае I. Навуменка, «дасканалая па мастацкай форме. Мастацтва, майстэрства тут такой высокай пробы, што яго як быццам не заўважаеш» [73, с. 179]. Яно ва ўсім: у вастрыні канфлікту, напружаным драматызме сюжэта, яркасці характараў і ў мове. Адна з задач лінгвістычнага аналізу п’есы — «заўважыць», выявіць і паказаць моўнае майстэрства драматурга, у прыватнасці некаторыя асаблівасці выкарыстання лексічных і фразеалагічных сродкаў.
М. Горкі называў драматургію «самай цяжкай формай літаратуры» і адзначаў, што ў драматычным творы персанажы ствараюцца не апісальна, а «толькі іх мовай» і што п’еса патрабуе, «каб кожная дзеючая асоба характарызавалася і словам, і справай «самасільна», без падказаў з боку аўтара» [24, с. 411]. Пра выключна важнае значэнне слова ў драматычным творы піша і К. Крапіва: «Слова ў п’есе служыць не толькі сродкам выказвання пачуццяў і думак дзеючых асоб, яно нясе на сабе і канструктыўную нагрузку. Таму яно павінна быць у вышэйшай меры мэтанакіраваным... У п’есе не павінна быць выпадковых рэплік... Лішні слоўны матэрыял у п’есе гэтак жа перашкаджае развіццю дзеяння, як пясок, які трапіў у машыну, перашкаджае яе правільнай і безадмоўнай рабоце» [45, с. 218].
Мэтанакіраванасць слова, яго ролю ў раскрыцці аўтарскага замыслу можна бачыць нават на эпізадычным персанажу, якім з’яўляецца, напрыклад, пан Шмігельскі. Адна невялічкая сцэна, у якой дзейнічае гэты ганарысты пажылы шляхціц, што мае «велькі інтэрас... да панны Катажыны», выразна і пераканальна паказвае яго пагардлівыя адносіны да «мужыкоў», нікчэмнасць, духоўнае і маральнае ўбоства. Вось ён падыходзіць да хлопцаў і дзяўчат. На ім фрэнч колеру хакі, сіняя шляхецкая шапка і бліскучыя боты. Шмігельскі вітаецца толькі з Кацярынай, «не зважаючы на іншых». Далейшы, не прадбачаны панам удзел моладзі ў размове пабудаваны ў камічным плане, рэплікі прысутных іранічныя і мнагазначныя:
У с е (з перабольшанай ветлівасцю). Добры дзень, пане Шмігельскі!
П а н Ш м і г е л ь с к і. Як маецеся? (Цалуе Кацярыне руку.)
У с е. Як самі тэпаеце?[1]
Ш м і г е л ь с к і (з пагардай агледзеўшы прысутных). Кампанія ў панны Катажыны хоць не вельмі ганаровая, але затое вясёлая.
Пашкадаваўшы, чаму Кацярына не была на фэсце, Шмігельскі гаворыць: «Там бы панна Катажына знайшла кампанію больш пожондную». I затым расказвае пра кірмаш, захапляецца свіннямі, выхваляецца сваім кныром, кабылай: «Кірмаш вялікі быў. Свінні ладныя былі, хоць не дужа шмат. Пан Заруба кныра вывез — ах, каб пані бачыла, што гэта за кныр! Пудоў на пятнасце, калі не венцэй. Майго панна Катажына бачыла? Дык амаль што такі самы. Пан Халяўскі з маладою жонкай да касцёла прыязджаў. Таксама кабыла важная. Праўда, крышачку ніжэйшая за маю, але таксама фармальная і спераду і ззаду. Ойца вашага бачыў, словам перакінуўся. Маю велькі інтэрас да яго.(З намёкам.) I да панны Катажыны тым часам. Гэтымі днямі завітаю. Давідзэнечка! [Цалуе Кацярыне руку і, ні на каго не гледзячы, адыходзіць. Усе, апрача Кацярыны, праводзяць яго насмешлівым поглядам.)»
Маналог пабудаваны так, што ў ім адчуваецца сатырычны падтэкст, накіраваны на самога пана Шмігельскага і іншых паноў і паненак з яго кірмашовай «пожонднай» кампаніі. Важную ролю адыгрывае слова таксама, якім Шмігельскі недарэчна звязвае два сказы: «Пан Халяўскі з маладою жонкай да касцёла прыязджаў. Таксама кабыла важная». Узнікае двухсэнсавасць, словы кабыла і свіння выклікаюць асацыяцыю з іх пераноснымі значэннямі ‘здаровая рослая жанчына’ і ‘некультурны, з нізкімі схільнасцямі чалавек’. Стварэнню камізму служаць і польскія словы ў мове шляхціца: пожондны — ‘прыстойны’, венцэй — ‘больш’, ойцец — ‘бацька’, велькі — ‘вялікі’, давідзэнечка — ‘да пабачэння’, панна—‘паненка’, а таксама пятнасце, Катажына.
Дадатковую характарыстыку персанаж атрымлівае праз выказванні іншых герояў п’есы. Заключным акордам сцэны гучаць услед Шмігельскаму з’едлівыя рыфмаваныя рэплікі:
Б а т у р а (ківае галавой у бок Шмігельскага, нібы гаворачы:«Бачылі, што за ён!»). Пан Шмігельскі!
К а с т у с ь. Фрэнч ангельскі!
Н а с т у л я. Парфума ды мыла!
Р ы г о р. I сам — дурніла!
Яшчэ задоўга да з’яўлення Шмігельскага ў згаданай сцэне пра яго ўпамінае Кацярына, якая хоча знайсці такога жаніха, каб ён падабаўся гэтак, як Рыгор, і «быў багаты, ну... хаця, як Шмігельскі». Рыгор адказвае: «Я-то яшчэ багатым магу быць, а Шмігельскі прыгожым — трасцу з хваробаю». Параўн. яшчэ ў рэпліцы Кацярыны: «Цяпер мне не прыйдзецца ісці за нялюбага, за няўклюду, — за гэтага пана Шмігельскага»; у рэпліцы Рыгора: «Я ніколі не дапушчу, каб гэта брыда, каб гэты стары слімак цалаваў цябе». I толькі для ксяндза Шмігельскі — «добры жаніх», «чалавек сталы і гаспадарлівы».
У п’есе «Партызаны» каля 250 фразеалагізмаў і прыказак. Пры гэтым амаль усе яны ўжыты толькі аднойчы. Паўтарэнні асобных адзінак, як правіла, матываваныя, Так, асобныя фразеалагізмы выступаюць маўленчай прыналежнасцю пэўнага персанажа: у маўленні Рыгора паўтараецца к чорту, у маўленні Маргуна — і пальцам не крануць. Паўтараецца і фразеалагізм свет пераварочваць: першы раз яго ўжывае Даніла ў гутарцы з Рыгорам («Укляпаўся чорт ведае ў што. Людзі свет пераварочваюць, а яму бабская спадніца ўсё засланіла»), а пасля і сам Рыгор, на якога пачынаюць дзейнічаць сябравы словы («Людзі праўды шукаюць, людзі свет пераварочваюць. Ты мне свет засланіла. Праз цябе я нічога не бачу»).
Функцыянальная роля фразеалагізмаў самая разнастайная. Напрыклад, у маўленні дзеда Бадыля яны выконваюць эмацыянальна-экспрэсіўную функцыю («Здзекуюцца [паны], крыўдзяць, не дай бог!»), функцыю вобразнага адлюстравання («Схвасталі, сынок, усяго, жывога месца не пакінулі»), з’яўляюцца сродкам лаканізацыі маўлення («Даніла маладзец, не спіць у шапку»). Адначасова фразеалагізмы ў п’есе — важны сродак маўленчай характарыстыкі. Наяўнасць ці адсутнасць фразеалагізмаў у маўленні таго ці іншага персанажа гавораць пра многае пры характарыстыцы пэўнага вобраза. Так, фразеалагізмы амаль знікаюць у пазбаўленым нацыянальнага каларыту маўленні ксяндза, пані і пана Яндрыхоўскіх, а калі зрэдку і выкарыстоўваюцца, то гэта пераважна выразы «рэлігійнага характару», якія падкрэсліваюць знешнюю набожнасць персанажаў: бог прынёс, браць грэх на душу, нячыстая сіла сядзіць у кім, д’яблы прынеслі, як перад богам, мець у сэрцы бога. Затое ў маўленні дзеда Бадыля, прыкладна роўным па сваім аб’ёме з маўленнем трох названых персанажаў, фразеалагізмаў аж 43, разнастайных зместам і дасціпна выкарыстаных. Пра маўленне дзеда Бадыля сапраўды можна сказаць, што яно перасыпана агульнанароднымі фразеалагізмамі і прыказкамі. Вось адна з яго рэплік (адказ на пытанне Скібы: «То, мусіць, з вашай вёскі не адзін гэты Дрыль у лес пайшоў?»): «Дзе бачылі!.. Усяго і злосці ў нашага чалавека, што скляне ад шчырага сэрца, зачыніўшыся ў хаце. Дык каму гэта баліць? Як тая прыказка кажа – пана кляні, а пан тлусцее. Бальшавікі былі – о, гэта баявы народ! З тымі да трох не гавары!»
Некаторыя фразеалагізмы ў п’есе абыгрываюцца, становячыся дзейсным сродкам стварэння розных стылістычных эфектаў.
Каламбурнае сутыкненне фразеалагізма і сугучнага з яго кампанентам слова назіраем у маўленні Данілы Дрыля. Фразеалагізм сукін сын (асуджальны выраз са значэннем ‘нягоднік’) удакладняе, паясняе назоўнік сын, даючы належную характарыстыку сыну пані Яндрыхоўскай: «У лапах вашага сына знаходзяцца тры мае партызаны. Іх чакае расстрэл. Дык напішыце сыну свайму, гэтаму сукінаму сыну, начальніку павета, пану Яндрыхоўскаму, каб ён іх зараз жа выпусціў».
Іншы раз у маўленні Батуры знарок сутыкаюцца аднакаранёвыя словы (свабоднага ўжывання і часткі фразеалагізма). Трапнасць мовы, досціп Батуры характарызуюцца, напрыклад, такім каламбурам, створаным, каб пакпіць з кулака Маргуна, які прадаўся польскім акупантам: «Добры дзень, пане стараста! Вы, здаецца, у гміне сягоння былі? Што чуваць на белапольскім... цьфу, каб на яго ліха!.. на белым свеце?»
У п’есе часта суседнічае драматычнае і камічнае, і падчас гэта камічнае ствараецца абыгрываннем фразеалагізма. Так, наўмысным пераводам фразеалагічных кампанентаў у словы з намінатыўным значэннем Рыгор часова разраджае драматычную напружанасць у сцэне, калі да яго прыйшла Кацярына, каб выведаць, дзе хаваецца партызанскі камандзір Даніла Дрыль, і раптам убачыла, што той, замаскіраваны кучай лахманоў, спіць у Рыгоравай хаце. Кацярына страшэнна перапалохалася і гэты свой страх выказала фразеалагізмам сэрца як не выскачыць, на што Рыгор, абнімаючы яе, зрэагаваў жартам: «Я патрымаю, каб не выскачыла».
Скіба, звяртаючыся да сялян, гаворыць: «Чырвоная Армія б’е пана ў лоб, а вы біце яго ў патыліцу». Тут побач з фразеалагізмам у лоб, што значыць ‘непасрэдна перад сабой, на фронце’, знаходзіцца свабоднае структурна-аднатыпнае спалучэнне ў патыліцу, якое пад уплывам папярэдняга фразеалагізма набывае цэласнае значэнне ‘з тылу’. Такое «незаконнае» суіснаванне фразеалагізма і свабоднага словазлучэння заўсёды прыцягвае ўвагу чытача незвычайнасцю выказвання. Фразеалагізм пры гэтым не змяняе сваёй семантыкі, але вобразнасць яго ажыўляецца ад суседства з аднолькавым па структуры спалучэннем.
Блізкі да гэтага сінтаксічны паралелізм назіраецца ў размове паміж ксяндзом і панам Яндрыхоўскім:
К с ё н д з. Як пан Болесь маецца? Ці надоўга бог прынёс сюды?
П а н Я н д р ы х о ў с к і. Не бог прынёс, ойча, а чырвоныя д’яблы прыгналі.
Супрацьпастаўленне фразеалагізма бог прынёс іструктурна-аднатыпнага словазлучэння чырвоныя д’яблы прыгналі выяўляе роспач пана ад няўдач на фронце («Бальшавікі прарвалі фронт каля Гневані і маюць намер зайсці ў тыл нашай дывізіі») і ўзмацняе іранічны паказ выхвальнага ваякі.
Творча выкарыстоўваюцца і некаторыя прыказкі. Прыказка сарока на хвасце прынесла ўжываецца як уніклівы адказ на пытанне пра крыніцу навін, чутак. У п’есе «Партызаны» канкрэтызуюцца, апрадмечваюцца кампаненты гэтай прыказкі, у выніку ўзнікае камічнае ўражанне. Батура расказвае хлопцам і дзяўчатам, як пану Яндрыхоўскаму была дастаўлена напісаная рукой яго маці запіска, каб ён неадкладна выпусціў трох палонных партызан, і як пан узлаваўся, чытаючы запіску. Затым ідзе:
Н а с т у л я. А далей што?
Б а тур а. Вось назола! Адкуль я ведаю, што далей?
Н а с т у л я. Адкуль жа дзядзька гэта ведае, што расказваў?
Б а т у р а. Сарока на хвасце прынесла.
Н а с т у л я. То няхай бы яна ўсё прынесла.
Б а т у р а. Хвост малы, усё не змясцілася. Як прыляціць другі раз, то будзеш ведаць.
Апрадмечаныя прыказкавыя кампаненты выкарыстоўваюцца яшчэ раз, калі Батура, сустрэўшы сваю сувязную, «жанчыну з клункам», пытаецца ў яе: «Ну, што сарока прынесла?»
Своеасабліва выкарыстана прыказка Гадка з’есці і шкада кінуць — выказ з глухім намёкам на матывацыю яго семантыкі, якім, пры неабходнасці зрабіць пэўны выбар, характарызуюць штосьці нявыгаднае, але звыклае. Прыхаваны вобраз гэтай прыказкі ажыўляецца параўнальным зваротам, прыказка становіцца разгорнутым дапаўненнем да параўнання і ўдакладняе яго сэнс. Размова ідзе паміж Данілам і Рыгорам, якому яго сябар спрабуе адкрыць вочы на Кацярыну: «I гэта каханая твая паглядзіць на цябе, галетніка, ды нос адверне. Яна толькі забаўляецца з табою, як кошка з жабай, — гадка з’есці і шкада кінуць». Дарэчы, Рыгор, застаўшыся адзін, знаходзіцца пад уражаннем пачутага, асэнсоўвае ацэначныя словы параўнання: «Як кошка з жабай... Выходзіць, што я — жаба... Трэба з ёй сур’ёзна пагаварыць. Калі я — жаба, дык пайшла яна к чорту!»
Аналізуючы мову п’есы, нельга абмінуць ёмістыя выразы, падобныя да народных прыказак. Некаторыя з гэтых аўтарскіх выразаў, упершыню ўжытых на старонках «Партызан», ужо ўключаюцца ў зборнікі беларускіх прыказак. Так, у зборнік Ф. Янкоўскага [7, с. 208] ўвайшла як народная прыказка рэпліка дзеда Бадыля Варонай не будзь, дык і сарока не падвядзе — дасціпная рэакцыя дзеда на словы Скібы, які нібыта адстаў ад палка, бо «Сарокін, расцяпа, падвёў». Некаторыя крапівоўскія выслоўі, нават з кампанентам — уласным імем, створаныя спецыяльна для канкрэтнага выпадку і сітуацыйна абумоўленыя толькі ў пэўным творы, таксама ідуць у народ і, здараецца, атрымліваюць крыху іншае слоўнае афармленне. Напрыклад, Батура, звяртаючыся да Рыгора, які разам з іншымі хлопцамі і дзяўчатамі асмейваў пана Шмігельскага, чым і пакрыўдзіў Кацярыну, кажа: «Бедны Рыгорка, будзе табе горка. Цяпер цэлы тыдзень будзеш перапрошваць». У Глускім раёне і на Гродзеншчыне запісаны такія варыянты гэтага выслоўя: Бедны Рыгорка, стала табе горка; Браце Рыгорка, стане і праціўню твайму горка; Прыйдзе Рыгорка, будзе табе горка [114, с. 153; 93, с. 606].
I яшчэ адзін наватвор укладваецца ў вусны Батуры, які, дарэчы, вельмі часта гаворыць у рыфму: «Па вёсках хаджу, людзям праўду кажу, дзе прыпеўкаю, дзе жартам з дзеўкаю»; «Радзіўся я ў Брэсце, каб торбамі трэсці»; «Гэта не так проста, пане староста». Або адказ на пытанне Данілы, як маецца Рыгор: «Як жа маецца... За спадніцу трымаецца». Кулак Маргун пытаецца ў Батуры, які «таксама занепакоіўся», пачуўшы, што вось-вось павінны ўступіць у вёску палякі: «А табе ж чаго баяцца? Гэта ж вашы... Ты ж паляк, здаецца?» Батура адказвае, «загадкава падміргваючы», іранічнай прыказкай-неалагізмам: «Не пазналі сваіх нашы, бярозавай далі кашы». Створана яна з двух выказаў. Першы — крыху зменены варыянт старадаўняй прыказкі з евангельскага тэксту: своя своих не познаша[2]. Другая частка прыказкі — фразеалагізм (даць) бярозавай кашы.
К. Крапіва надзвычай чуткі да слова і з вялікай вынаходлівасцю выкарыстоўвае яго магчымасці. У драме «Партызаны» знаходзім дзесяткі трапных досціпаў, заснаваных на мнагазначнасці слова, сугуччы слоў, пераасэнсаванні і г. д. Часам у дзвюх-трох суседніх рэпліках сустракаем адразу некалькі дасціпных моўных з’яў, якія ствараюць жарт, кпіны, насмешку, «працуюць» на вобраз, на ідэю п’есы.
Вось Даніла «прыпісвае ад сябе» да таго, што напісала пані Яндрыхоўская свайму сыну. I далей:
Д а н і л а (да Батуры). Вось якую ноту я яму напісаў. (Чытае.) «Пане Яндрыхоўскі! Калі ты, сабачая твая душа, заўтра ж не выпусціш маіх трох хлопцаў і ўсіх сялян, дык мамашы тваёй будзе капут. А табе самому я ўсё роўна прадрылюю некалі дзірку ў лобе. Гэта піша табе Даніла Дрыль». (Да Батуры.) Хопіць?
Б а т у р а. Дзіркі ў лобе? Хопіць аднае.
Д а н і л а. Пісаць ці хопіць?
Б а т у р а. Па-мойму — ясна.
Тут у слова нота ўкладваецца незвычайнае, іранічнае значэнне ‘пагрозлівае патрабаванне’. Прадрыліць дзірку ў лобе — разгорнутая метафара са значэннем ‘застрэліць’, у якой наватвор прадрыліць (прасвідраваць) каламбурна асацыіруецца з прозвішчам Дрыль. Непаўната Данілавага пытання Хопіць? выклікае непаразуменне паміж суразмоўнікамі і дазваляе Батуру аднесці пытанне не да пісаць, а да дзіркі ў лобе.
Прыкладна гэтак жа выкарыстоўваецца магчымасць па-рознаму ўспрымаць прадметную накіраванасць дзеяслова знайсці. Дзед Бадыль расказвае, як ён прабіраўся дрыгвяністым балотам да чырвонага войска:
Д з е д Б а д ы л ь. Лагчына там, ды такая ж паскудная!Што ні ступіш, дык навылёт і навылёт. Ледзь я там і з душой не загінуў і лапаць згубіў у гразі. Цэлую ноч ля агню сушыўся потым.
Н а ч д ы ў. Ну і што ж?
Д з е д Б а д ы л ь. Знайшоў назаўтра.
Н а ч д ы ў. Лапаць знайшоў?
Д з е д Б а д ы л ь. Мясціну знайшоў, дзе прайсці можна.
У гэтай жа, сёмай карціне ёсць драматычная, а разам з тым камічная сцэна, пабудаваная на неадназначным разуменні таго, хто з’яўляецца носьбітам дзеяння, выражанага дзеясловам пакрыўдзіць. Дзед Бадыль, прыйшоўшы ў палявы штаб дывізіі, шукае «самага большага начальніка» і на пытанне начдыва: «А што, цябе пакрыўдзілі?» — адказвае: «Яшчэ і як пакрыўдзілі, каб ім бог не дапамог. Парсючка з’елі, жыта забралі, самога схвасталі». Начдыў абураецца, бо думае, што гаворка ідзе пра чырвоных байцоў. Хутка высвятляецца, што дзед Бадыль прыйшоў з-за фронту і скардзіцца не на чырвонаармейцаў, а на акупантаў, «паноў жандараў».
Зусім іншае назіраецца ў сцэне допыту дзеда Бадыля паняй Яндрыхоўскай. Тут стылістычны эфект будуецца на ўяўным непаразуменні паміж суразмоўнікамі. Дзед Бадыль добра ведае, пра што пытаецца пані, што значыць, у яе разуменні, «маладых навучаць» і хто навучыў дзеда панскую зямлю араць. У іранічных дзедавых адказах — пачуццё чалавечай годнасці і адвечная непрымірымасць паміж сялянамі і панамі:
П а н і Я н д р ы х о ў с к а я (глядзіць у спіс). Чаму ты маю зямлю араў?
Д з е д Б а д ы л ь. Бо свае не меў.
П а н і Я н д р ы х о ў с к а я. Хто цябе навучыў гэта рабіць?
Д з е д Б а д ы л ь. Зямлю араць? (Горка засмяяўшыся.) Калі яшчэ падлеткам быў, дык свёкар твой на стайні лазой вучыў. А потым і сама пані вучыла. А як пані да Аршавы выехала, то я і падумаў: дай паспрабую, можа, як і без вучыцеляў патраплю сабе хлеба нарабіць.
П а н і Я н д р ы х о ў с к а я. Ты, стары пёс, павінен бы маладых навучаць.
Д з е д Б а д ы л ь. Навучаў, як умеў. Што вы, блазнота, сабе думаеце, — казаў я ім. — Гэта ж грэх, каб зямля пуставала. Яна павінна хлеб людзям даваць.
У маўленні дзеда Бадыля іншы раз адначасова рэалізуюцца два значэнні мнагазначнага слова. Так, калі Батура прывёў у лес дзеда Бадыля і адрэкамендаваў яго як ваяку, то адзін з партызан іранічна параіў: «Ляжаў бы ты, дзед, лепш на печы». Стары адказвае: «Ляжаў, сынок, ды прыпякло вельмі, не ўлежаў». Тут прыпякло — ‘моцна прыгрэла (на печы)’ і ‘крута прыйшлося, склаліся цяжкія, нязносныя абставіны’; не ўлежаў — ‘не змог ляжаць (на печы)’ і ‘не вытрываў цяжкіх умоў’.
Часам дзед Бадыль паўтарае слова з папярэдняй рэплікі і, як бы разважаючы, надае яму іншае значэнне. Выказванні дзеда ў такіх выпадках набываюць абагульняльны характар, выяўляюць народную мудрасць. Скіба, выступаючы ў ролі свата, запрашае дзеда сесці. Далей:
Д з е д Б а д ы л ь. I рад бы, чалавеча, сесці, ды не магу.
С к і б а (спагадліва). Ага... Застудзіліся недзе. Гэтыя ж скулы як апануюць, дык няма горшага ліха.
Д з е д Б а д ы л ь. Скулы, чалавеча, скулы... Не трэба горшай скулы на мужыцкае цела, як пан.
А н т о н. Дык гэта вас...
Д з е д Б а д ы л ь. Схвасталі, сынок,усяго, жывога месца не пакінулі.
Слова скула абазначае ‘нарыў, фурункул’ і набывае кантэкстуальнае значэнне ‘ліха, бяда, няшчасце’. Або параўн. два значэнні назоўніка жменька –пераноснае ‘нязначная колькасць, зусім мала (людзей)’ і прамое ‘колькасць чаго-небудзь, што змяшчаецца ў далоні пры сціснутых пальцах’:
Х а л і м о н. ...армія — гэта вялікая сіла, а нас тут — жменька. Паспрабуй сунуцца супраць паноў.
Д з е д Б а ды л ь. Жменька... Вазьмі жменьку ды сыпні у вочы, як той Даніла.
Назіраючы, як Халімон пырскае вадой у твар абамлелай пані Яндрыхоўскай, дзед Бадыль, калі тая ачуняла, гаворыць, пераасэнсоўваючы дзеяслоў папырскаць: «Папырскаць бы яе, гадаўку, як яна нас пырскала». Некаторыя неадушаўлёныя назоўнікі, выкарыстаныя са сваім звычайным значэннем, пераасэнсоўваюцца ў наступнай рэпліцы і выступаюць як зразумелыя для абодвух суразмоўнікаў назвы асоб. Так, паўторанае Данілам слова прычына абазначае Кацярыну: «Прычына... гэта даўганосая такая, чарнявая?» У вуснах Кацярыны патрэба абазначае Данілу:
К а ц я р ы н а. Я не так сабе прыйшла, патрэба ёсць.
Р ы г о р. Я ж ведаю, што гуляць бы не прыйшла. Ды ліха яе бяры з патрэбаю. У лес не збяжыць.
К а ц я р ы н а. Гэта якраз такая патрэба, што можа ў лес збегчы.
Дарэчы, у рэпліцы Кацярыны словазлучэнне ў лес збегчы мае прамы сэнс, а ў рэпліцы Рыгора ў лес не збяжыць абазначае ‘паспеецца, не трэба спяшацца’ генетычна — як частка прыказкі Работа не воўк, у лес не збяжыць. Даніла, перад тым як заснуць у Рыгоравай хаце, папракае Рыгора за бяздзейнасць, за тое, што ён праз Кацярыну «ад сяброў адрокся», асуджае за нявер’е ў хуткую перамогу над панамі і на Рыгорава Пажывём — пабачым адказвае: «Паспім, кажаш? Давай паспім, можа, паразумнеем». У слове паспім — сэнсавая двухпланавасць: яно адначасова мае прамое значэнне (Даніла тут жа кладзецца слаць) і пераноснае ’папасіўнічаем’, іранічнае і асуджальнае ў дачыненні да Рыгора.
Абыгрываюцца ў п’есе і яшчэ некаторыя словы: шчасце, багацце (у шостай карціне), брахаць (у дзевятай карціне) і інш. Трапнае выкарыстанне сэнсавай структуры мнагазначных слоў галава і свіння знаходзім у глыбока драматычнай сцэне, калі старасцянка Кацярына, аслепленая прагай да багацця, прымушае Рыгора забіць соннага Данілу, за галаву якога акупанты абяцаюць «пятнаццаць тысяч, як лёду». Кацярына дае Рыгору нож, сама кладзецца на ложак, прапануючы выбар: «Хто табе мілей — я ці ён, палацы ці твой гэты свінушнік». Рыгор не можа стаць на шлях подласці і здрады. Перад тым як сказаць Дык здохні ж лепей ты, гадаўка!, ён змагаецца з самім сабой, напружана думае, разважае:
Р ы г о р (трымаючы нож). Гэтак, можа, будзе лягчэй! Намерыцца, заплюшчыць вочы і... (Падыходзіць да Данілы.) Цяпер ты, Данілка, нічога на мяне не скажаш... Заўтра пан Яндрыхоўскі возьме тваю галаву і адлічыць мне пятнаццаць тысяч марак... I я паеду купляць ангельскіх свіней... Сябраву галаву аддаць за свінню — ці не занадта дорага будзе?
К а ц я р ы н а (з ложка). Я табе не свіння.
Р ы г о р (не зважаючы на яе). Залатую галаву. Гэта галава думала і за сябе, і за такіх дурняў, як я... Усе паны ўздыхнуць з палёгкаю, што я ім долю бядняцкую прадаў.
Пісьменнік дасягае гумарыстычнага эфекту, абыгрываючы ў маўленні дзеда Бадыля прозвішча Скіба збліжэннем двух агульных назоўнікаў-сінонімаў луста і скіба:
Д з е д Б а д ы л ь (да начдыва). А вы, таварыш, казалі, што ў вас Лусты няма.
Н а ч д ы ў. Гэта наш камісар, таварыш Скіба.
Д з е д Б а д ы л ь (сканфужана). Цьфу, каб ты спрахла!Сапраўды ж Скіба! А я ўсё Луста ды Луста. Не гневайся, таварыш камісар. Луста ці Скіба — усё роўна... чалавеку на спажытак.
У п’есе нямала разгорнутых метафар. Яны ўзнікаюць у выніку таго, што адно метафарычнае слова як бы цягне за сабой другое. Так, Батура пытае ў раненага партызана: «Дзе вашы сокалы?» Ужытая замест слова партызаны метафара выклікае метафарычны кантэкст: «Паляцелі сокалы на здабычу». Скіба называе правадніка Бадыля вокам палка, таму вынікае і адпаведнае выбіць: «Ды глядзі, беражы старога, Сяргей Міхайлавіч. Гэта наша вока, каб нам яго не выбілі». Калі пані Яндрыхоўская назвала сялян «быдлам драпежным, якому ўдалося на момант загарадку разламаць», Даніла Дрыль з абурэннем кідае ў натоўп, акружаны жаўнерамі: «Чуеце, людзі! Вы не людзі! Вы — быдла. Пані выпусціла ўжо на вас сваіх сабак, якія загоняць вас у стайню». Кулак Маргун, бачачы, як усе сяляне разбягаюцца, пачуўшы пра набліжэнне ворага, злараднічае: «А, пашыліся мышы ў норы».
Асобныя выказванні ў п’есе патрабуюць рэальна-гістарычнага каментарыя. Так, ксёндз ухваляе злачынны ўчынак пана Яндрыхоўскага, які аддаў загад «пусціць з дымам... да бога» хату, набітую сялянамі. Ксёндз апраўдвае гэта: «Пан бог бачыць тую вялікую мэту, дзеля якой гэта робіцца. Сама царква каталіцкая ачышчала сябе агнём». У апошнім сказе — намёк, які, аднак, не апраўдвае, а выкрывае каталіцкую царкву: на працягу стагоддзяў яна крывава распраўлялася з народнымі паўстаннямі, агнём і мячом знішчала ерэтыкоў, іншаверцаў і атэістаў. У параўнанні дзеда Бадыля як Курапаткін маецца на ўвазе галоўнакамандуючы рускай арміі ў перыяд вайны з японцамі (1904—1905).
Відаць, ёсць патрэба растлумачыць сэнс выразу тры аршыны, якім Даніла іранічна дапаўняе рэпліку Рыгора: «Кажуць, што і палякі зямлю будуць даваць». Тры аршыны—перыфраза са значэннем ’на магілу, на пахаванне’. Гутарковае слова камітэтчык («Як даведаюцца, што камітэтчыкам быў...») — ‘член валаснога камітэта Саветаў’. Буракс («I бураксам труціў, і што ні рабіў — не памагае») — ‘хімічнае рэчыва, борнакіслы натрый’. Царкоўнае слова імша («Пані Разалія хацела, здаецца, імшу адслужыць») — ‘каталіцкая абедня, набажэнства раніцай або днём’. Фэст («Чаму пані на фэсце не была?») — ‘гулянне на царкоўна-рэлігійнае свята’.
У маўленні персанажаў-палякаў сустракаюцца польскія словы. Але ўводзяцца яны абмежавана і асцярожна, бо п’еса разлічана на беларускага гледача. Нават у сцэнах, дзе дзейнічаюць адны палякі, якія, зразумела, гавораць паміж сабой (у жыцці, а не на сцэне) па-польску, польскіх слоў няшмат. Пераважаюць больш-менш вядомыя паланізмы або блізкія гучаннем да нашых слоў, ды і выступаюць яны ў акружэнні зразумелых слоў: «Дай мне спокуй, чалавеча»; «...хай грымне пёрун». Толькі зрэдку трапляюцца сказы, што складаюцца цалкам ці амаль цалкам з польскіх слоў: «В іме ойца і сына і свентэго духа, амэн» (у маўленні пані Яндрыхоўскай), «Пакідаю пад апеку свентэго ойца матку свою» (у маўленні пана Яндрыхоўскага). Яшчэ польскія словы і спалучэнні: покаж (пакажы); засмучона (засмучаная); млода (маладая); мільч (маўчы); айчызна (айчына); гміна (воласць); маш (бяры, трымай); довідзэня (да пабачэння); хлоп (мужык — са зневажальным адценнем); ойча (форма звароту да ксяндза са значэннем ‘бацюшка’); дзецко мое (дзіця маё); найсвентша матка боска (найсвяцейшая маці божая); як пані здрове (як ваша здароўе). Усё гэта паланізмы стылістычнага ўжывання, іх функцыя — маўленчая характарыстыка дзеючых асоб. У маўленні персанажаў-непалякаў польскія словы ствараюць камізм. Так, Халімон, атрымаўшы загад класці пані Яндрыхоўскую спаць, кажа ёй: «Проша, пані, у люлю бай». Або ў мове Кацярыны, калі яна марыць пра «панскую» гаспадарку: «А якую гаспадарку мы завядзём! Кароў галандэрскіх, свіней ангельскіх». Тут проша — ‘калі ласка, прашу’, галандэрскі — ‘галандскі’, ангельскі – ‘англійскі’.
Характэрна, што ў першых выданнях п’есы «Партызаны» паланізмаў было больш. Пісьменнік, напрыклад, замяніў ўчорай, ойчэ, быдло на ўчора, ойча, быдла. Заадно адзначым, што аўтар апусціў некаторыя рэплікі пана Яндрыхоўскага і ксяндза: іх экскурсы ў гісторыю («Тры стагоддзі таму назад пры падобных акалічнасцях Крэмль ужо бачыў пад сваімі сценамі польскае войска...»), супастаўленні («Б’е нас на гэты раз не князь Пажарскі, а звычайны вахмістр [Будзённы]»), размову пра «свайго чалавека», з якім пасля адступлення палякаў «ойча павінен будзе пазнаёміцца». Ёсць і іншыя скарачэнні; напрыклад, апушчана песня «З Кракова, з Варшавы ехалі маршалы...», якую Батура «сам выдумаў».
Што да маўлення паляка-бежанца Батуры, то ён ужывае польскія словы, дакладней, гаворыць па-польску толькі ў адной сцэне, калі польскія жандары правяраюць дакументы ў падпольшчыка Скібы, які пад выглядам свата завітаў у хату дзеда Бадыля. Батура своечасова ўмешваецца ў справу, закідае слова за «пана свата» і пераконвае «пана сяржанта», што гэта «свуй чловек». Некаторыя польскія словы і спалучэнні з гэтай сцэны патрабуюць перакладу: гжэчны — шчыры, взенлэм — узяў, вруціл се — вярнуўся, тутай — сюды, пшэце ж цо кольвек слышалэм о намярах— сёе-тое ж чуў пра намеры.
Драма «Партызаны» адлюстроўвае падзеі, якія былі больш як паўстагоддзя назад. Таму ў ёй ёсць устарэлыя словы. Яны былі ўстарэлымі і ў 1937 г., калі стваралася п’еса. Значыць, гэта гістарызмы і архаізмы стылістычнага ўжывання.
Гістарызмы: чэрнь (у рэпліцы ксяндза: «Чэрнь узбуджана і разбэшчана...») – пагардлівая назва людзей з найніжэйшых пластоў грамадства; войт —’кіраўнік гміны (воласці)’; стражнік — ’паліцэйскі чын, падначалены ўрадніку’; фальварк — ‘невялікі маёнтак’; шляхціц — ‘дробнапамесны дваранін’; валока — ‘мера зямлі (каля 20 га)’; дзесяціна —’мера зямлі (1,09 га)’; павет — ‘адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка (большая за сучасны раён)’; шляхетны («свой шляхетны гонар і славу...») — ‘варты шляхціца’.
Архаізмы: жаўнер — ‘польскі салдат’; фармальны («Кабыла... фармальная і спераду і ззаду») —’самы сапраўдны, такі, які павінен быць’. Апошні архаізм семантычны, бо слова фармальны ва ўсіх іншых значэннях — актыўная моўная адзінка.
Ёсць у п’есе чатыры дыялектныя словы: дзікалон (адэкалон) і выпрудзіцца (спруцянець, абамлець, выпруціцца) — у маўленні Халімона («Міхаль, давай дзікалону, пані выпрудзілася»); кудэю (куды, у якім кірунку) — у маўленні Данілы («Раскажаш, кудэю ты ішоў»); сюдэю (тут, у гэтым кірунку) — у маўленні дзеда Бадыля («Дык гэта бальшавіцкае войска будзе ісці сюдэю?»).
Пры чытанні шостай карціны, асабліва той часткі, дзе Даніла і Рыгор размаўляюць пра Кацярыну, варта высветліць, якую ролю ў гэтай сцэне адыгрывае мастацкая дэталь – лапаць. Тут слова лапаць, паўтараючыся неаднаразова, сімвалізуе сабой беднасць. Прыгадаем, як Рыгор пакручвае лапаць у руцэ і з горкім смехам кажа: «Няшчасце ты маё! Няўжо мяне доля з табой навек пажаніла? (Кідае лапаць аб падлогу.) Хоць бы раз абуць такія бліскучыя боты, як у пана Шмігельскага. Ці хаця б дзёгцем вымазаныя, як у Маргуна». Калі затым Рыгор, паказваючы на лапаць, гаворыць Данілу, што Кацярына «вось гэтай штукі баіцца», то ён атаясамлівае лапаць са сваёй беднасцю. I, нарэшце, мара Рыгора «з лапцей у боты перабрацца» — гэта мара разбагацець. Але пры панскай уладзе Рыгору не выйсці з галечы, з лапцей. Пра гэта Даніла і гаворыць яму, заклікаючы «паразумнець» і пачаць барацьбу з панамі-акупантамі.
У многіх выданнях драмы змешчана ілюстрацыя да шостай карціны. Аднак трэба мець на ўвазе, што гэты малюнак не зусім дакладна перадае тое, аб чым гаворыцца ў п’есе. Прачытаем уважліва аўтарскія рэмаркі: «Бедная сялянская хата. Уздоўж задняй сцяны, бліжэй да дзвярэй, — палок, далей — ложак»; Даніла «бярэ пад галаву лахман і, апранены, кладзецца на пол»; Рыгор «падыходзіць да пола, прыслухоўваецца, як дыша Даніла», «бярэ пад лаваю начоўкі і ставіць на край пола», «ідзе да пола, асцярожна бярэ начоўкі і ставіць на пол, каб не заміналі»; Кацярына, раненая ў грудзі, «падае на падлогу», пасля «насілу ўстае і садзіцца на падлозе». Мастак ілюстрацыі ўклаў Данілу не на пол, а на падлогу, відаць, пераблытаўшы значэнні слова пол у беларускай і рускай мовах. Як вядома, пол або палок у беларускай мове — гэта ‘нары ў сялянскай хаце, насціл з дошак, на якім спяць ці, дакладней, спалі раней’, а пол у рускай мове — гэта тое, што ў нас мае назву падлога.
[1] Гэта пытанне пра здароўе пры сустрэчы з кім-небудзь звычайна адрасуецца старому, слабаму чалавеку.
[2] У зборніку В. З. Аўсянікава «Литературная речь» (М., 1933, с. 241) яна запісана ў такой форме: Своя своих не познаша (своя своих побиваша); параўн. у «Зборніку беларускіх прыказак» I. Насовіча (СПб., 1874, с. 147): Свой свойго познав, да й на почестку позвав. — Насмешка над потерпевшим от своего приятеля побои.