Байка К. Крапівы «Дыпламаваны Баран»
^ Вверх

 Байка К.Крапівы «Дыпламаваны Баран»

 

Гэта байка даўно ўжо набыла шырокую папулярнасць, стала хрэстаматыйным творам, завучваецца ў школе на памяць. На першы погляд здаецца, што ў ёй усё простае і не патрабуе лінгвістычнага аналізу. Да таго ж сам байкапісец, з першых крокаў літаратурнай дзейнасці арыентуючыся на масавага чытача, слушна пісаў, што стыль сатырычных твораў павінен імкнуцца да адноснай прастаты, а мова — набліжацца да народнай як сваім слоўным складам, так і фразеалогіяй. «Аднак, — зазначае К. Крапіва ў «Думках пра сатыру», — прастату стылю я ні ў якім разе не разумею як спрашчэнне, г. зн. зніжэнне яго мастацкай вартасці. Я мыслю якраз наадварот».

За знешняй прастатой пры ўдумлівым чытанні байкі і пры параўнанні яе розных рэдакцый выяўляюцца выключнае майстэрства таленавітага мастака, індывідуальна-аўтарская самабытнасць, яго плённыя лінгвістычныя пошукі.

Сталую і ўстойлівую цікавасць да фальклору К. Крапіва ўзвёў у творчы прынцып. Вусная народная паэзія ўвайшла ў творчасць сатырыка ўсімі сваімі асаблівасцямі, шматлікімі мастацкімі прыёмамі. Вось, напрыклад, як пісьменнік, не цураючыся пераробак, імкнуўся прывесці пачатак байкі ў адпаведнасць з фальклорнымі, асабліва казачнымі, традыцыямі. Параўн.:

У публікацыі 1928 г. (Байкі. — Мінск, с. 73):

 

Надоечы ў знаёмых быў я хутаран,

Дык там здаровы ёсць Баран.

 

У публікацыі 1934 г. (Творы. — Мінск, т. 1, с. 202):

 

У кулакоў адных, у хутаран,

Здаровы быў рагач Баран.

 

У наступных выданнях пачатак байкі загучаў па-народнаму проста, у стылі казачных зачынаў, а ўстаўная канструкцыя не важна дзе надала яму дасціпнасць, гумарыстычнасць:

 

У адным сяле (не важна — дзе)

Хадзіў Баран у чарадзе[1].

 

Вядома, што ў фальклорных сатырычных творах пры абмалёўцы адмоўных вобразаў уся ўвага акцэнтуецца пераважна на адной рысе героя, якая завастраецца да незвычайнай ступені. Так і ў крапівоўскай байцы: кожная дэталь, кожнае слова працуюць на падкрэсліванне дурасці персанажа, удзельнічаюць у стварэнні камічнага вобраза абмежаванай, самазадаволенай тупасці, фарміруюць адносіны чытача да гэтага вобраза — носьбіта пэўнай адмоўнай з’явы. Зазначыўшы, што «разумных бараноў наогул жа нямнога, а гэты дык дурней дурнога», сатырык канкрэтызуе сказанае: «не пазнае сваіх варот». У словах пра Барана, які «не пазнае сваіх варот», адчуваецца вобраз і элементы творча выкарыстанага фразеалагізма як баран на новыя вароты, а слова сваіх яшчэ больш падкрэслівае тупасць персанажа: нават сваіх, прывычных варот не пазнае, не кажучы ўжо пра новыя.

Затым чытаем: «Відаць, што галава слабая». Семантыка апошняга словазлучэння (прэдыкатыўнага) роўная суме пераносных значэнняў двух слоў: ‘розум кепскі’ (у кагосьці), ці, інакш, ‘дурны’ (хтосьці). На гэтай мнагазначнасці слоў і будуецца каламбур з вялікім зарадам смеху: услед за радком «Відаць, што галава слабая» ідзе «А лоб дык вось наадварот». Пастаўленыя побач два словазлучэнні (галава слабая — са значэннем ‘дурны’ і лоб наадварот, г. зн. ‘лоб моцны’) супастаўляюцца, нават супрацьстаўляюцца, у выніку чаго першае словазлучэнне, трапіўшы ў такое слоўнае акружэнне, пачынае ўспрымацца двухпланава — з пераносным значэннем і з прамым (галава як ‘частка цела’, слабая як ‘фізічна нямоцная’). Адначасова словазлучэнне лоб наадварот (=лоб моцны), па асацыяцыі з пераносным значэннем словазлучэння галава слабая, успрымаецца і як ‘мацналобы’ (=тупы). Як вынік, узнікае камічны эфект, высмейваецца тупасць, цвердалобасць, а побач з тым фанабэрыстасць, самаўпэўненасць такіх людзей, якія «ні бэ, ні мя, а любяць гучнае імя».

Камізм узмацняецца, калі аўтар нібы захапляецца надзвычайным барановым лобам, іранічна выкарыстоўвае слова разумнік у дачыненні да таго самага Барана і паказвае свайго героя ў дзеянні:

 

Такога не страчаў ніколі лбая:

Калі няма разумніка другога,

Пабіцца каб удвух,

Дык ён разгоніцца ды ў сцену — бух!

У іншага дык выскачыў бы й дух,

А ён – нічога.

 

Перад намі гіпербалізаваны вобраз: сапраўды Баран — «дурней дурнога». Перш чым перайсці да паказу далейшых учынкаў персанажа, аўтар, нібы ў заключэнне гаворкі пра асноўную рысу Барана, называе яе яшчэ раз: «I вось за дурасць гэту яго вучоным раз празвалі нейк на смех». Дарэчы, у першай публікацыі байкі замест празвалі было назвалі; гэта замена ўзмацняе іронію ў абмалёўцы героя.

Вернемся зноў да працытаваных радкоў пра разумніка Барана. У семантычнай структуры слова разумнік сумяшчаюцца супрацьлеглыя, антанімічныя значэнні: ‘разумны, разважлівы’ i ‘які любіць разумнічаць, мудраваць, лічыць сябе разумнейшым за іншых’. Такая з’ява называецца энантыясеміяй.

Што да астатніх лексічных сродкаў, незвычайна выкарыстаных у байцы, дык большасць з іх кідаецца ў вочы нават пры беглым чытанні.

Гэта, па-першае, страчаў («Такога не страчаў ніколі лба я»), нейк («яго вучоным раз празвалі нейк на смех»). Абодва словы занатаваны ў «Беларуска-рускім слоўніку» (1962) як варыянты з адсылкай да іншых слоў, прычым першае падаецца як раўнапраўнае са словам сустракаць, хоць і рэдкаўжывальнае, а другое — разнавіднасць слова неяк, якая хоць і сустракаецца ў літаратуры, аднак знаходзіцца за межамі літаратурнай мовы. У байцы гэтыя словы ніякіх спецыяльных стылістычных функцый не выконваюць, іх з’яўленне ў тэксце абумоўліваецца толькі рытмічнымі прычынамі. У ТСБМ абодва словы пададзены без абмежавальных памет.

Па-другое, байка пачынаецца з нескладовага ў («Ў адным сяле...»), замест часціцы і выкарыстоўваецца й («У іншага дык выскачыў бы й дух»). Абодва выпадкі – дапушчальная ў вершаваным маўленні паэтычная вольнасць, выкліканая зноў-такі патрабаваннямі версіфікацыі – ямбічным памерам байкі. У наступных радках прыметнік слабая (пры рыфме лба я) чытаецца з націскам на другім складзе:

 

Відаць, што галава слабая.

А лоб дык вось наадварот

Такога не страчаў ніколі лба я.

 

Калі стваралася байка (1926), у гэтым прыметніку дапускаўся дваякі націск. Сёння ж — гэта адхіленне ад нормы.

Версіфікацыйным варыянтам, праўда, ужо не ў аўтарскай мове, а ў маўленні персанажа, выступае прыслоўе трошка замест трошкі, прыцягненае з мэтай рыфмоўкі са словам Кошка:

 

Аб гэтым лепей памаўчы,–

Сказала яму Кошка.–

Каб ты быў разумнейшы трошка...

 

Між іншым, дзеяслоў першага з працытаваных радкоў у публікацыях 1928 і 1934 гг. быў у іншай форме – памаўчым. Замена памаўчым на памаўчы (загадны лад!) хоць і зрабіла рыфмоўку са словамі няма чым менш дакладнай, затое ліквідавала двухсэнсавасць, бо незразумела было, ці то Кошка (у процівагу ганарыстаму Барану, які ў кароткім выказванні тройчы ўжыў займеннік я ў розных склонавых формах, падкрэсліваючы гэтым сваё «я») па сціпласці выкарыстоўвае форму множнага ліку замест адзіночнага памаўчу, ці то памаўчым выражала сумеснасць дзеяння-стану абодвух персанажаў. Гэтай заменай была ліквідавана і яўная супярэчнасць: то Кошка абяцае памаўчаць, то раптам тут жа адчытвае дыпламаванага Барана.

Як сродак характарыстыкі Барана выступае не толькі выхвальнае яканне, але і іншыя моўныя асаблівасці. Так, сястрыца, з’яўляючыся памяншальна-пяшчотнай формай да слова сястра, у вуснах самаўпэўненага дурня мае паблажліва-пагардлівае, іранічнае адценне:

 

– А што ж ты думала, сястрыца!

Хіба мне пахваліцца няма чым?

Дыплом я заслужыў, здаецца ж, галавою,

I не раўнуйся ты са мною.

 

У пададзеным урыўку бачым рытарычнае пытанне (другі радок), акцэнтуацыйны варыянт-дублет слова хіба.

Як вядома, персаніфікацыя з’яўляецца адным з пастаянных прыёмаў у байцы. Яго сутнасць у тым, што жывёлы як баечныя персанажы надзяляюцца чалавечымі здольнасцямі: дарам маўлення, пачуццямі i думкамі.

Назіраючы за байкамі К. Крапівы, можна заўважыць адну ix цікавую асаблівасць. Умоўна назавём яе «персаніфікацыяй у маўленні баечных персанажаў». У байках К. Крапівы персанажы-жывёлы нярэдка ўступаюць у адносіны, уласцівыя толькі чалавеку, называюць адзін аднаго словамі, якія ўваходзяць у тэматычную групу тэрмінаў роднасці, сваяцтва. Так, у байцы «Ганарысты Парсюк» адзін персанаж (Падсвінак) кажа другому (Парсюку):

 

— Дзядзечка, твой лыч у брудзе!

Нязграбна гэта й між свіней,

А што ж, калі заўважаць людзі?

 

Як бачым з прыведзенага ўрыўка, размова вядзецца паміж свіннямі. Калі б яны нават i ўмелі гаварыць, слова дзядзечка для ix непрымальнае. У байцы яно выконвае падвойную функцыю: па-першае, гэта ўмоўны сігнал, які напамінае чытачу, што тут адначасова i «жывёлы», i людзі, што ў апісаных вобразах жывёл увасоблены пэўныя рысы характару i паводзін чалавека; па-другое, гэта дадатковы i вельмі істотны сродак стварэння гумару.

Прыкладна тое самае назіраем у байцы «Дыпламаваны Баран». Тут галоўны персанаж, звяртаючыся да Кошкі, таксама называе яе тэрмінам роднасці («А што ж ты думала, сястрыца! »).

Падобнае ёсць i ў шмат якіх іншых крапівоўскіх байках: браток («Старшыня»), братка («Кормны i Надворны»), цёця («Сваяўство»), сябар («Вол і Авадзень»), таварыш («Вараны»), сястрыца («Сава, Асёл ды Сонца» i «Варона-мітынгоўшчыца»).

Слова баран ужыта ў байцы пяць разоў, прычым тройчы пададзена з вялікай літары, а двойчы — з малой. А чаму так? У сказах «Хадзіў Баран у чарадзе» i «Што гэта за «дыплом», Баран — нi «мя», ні «бэ» назоўнік Баран, як i прынята ў алегарычных творах-байках, пішацца з вялікай літары, абазначаючы назву персанажа. У сказе «Разумных бараноў наогул жа нямнога, а гэты дык дурней дурнога» слова баран мае першаснае, зыходнае значэнне ’свойская жвачная жывёліна, самец авечкі’. Байка заканчваецца мараллю: «Другі баран — нi «бэ», ні «мя», а любіць гучнае імя». Тут ужо баран абазначае ’тупы, абмежаваны, някемлівы чалавек’. У загалоўку ж байкі яно ў спалучэнні з прыметнікам набывае падвойны змест. Гэта найперш - ’невук з апломбам’, а таксама ’жывёліна, якой далі «дыплом»-мету’.

Адбор слоўнага матэрыялу абумоўлены зместам, ідэйным сэнсам байкі. У творы нямала слоў з сялянскага побыту: сяло, Баран, чарада, вароты, дворі інш. На фоне нейтральнай і гутарковай лексікі выкарыстоўваюцца толькі два кніжныя словы, ды і тыя не са сваім звычайным значэннем: дыплом — гэта мета, прывязаная на шыю Барану; вучоны—з іранічным сэнсам у такім слоўным акружэнні: «Яго вучоным раз празвалі нейк на смех».

Яшчэ адна асаблівасць крапівоўскай байкі — рэдкаснасць ужывання адных і тых жа слоў. У байцы 171 слова. Амаль усе яны маюць частотнасць 1. Выключэнне складаюць службовыя словы і займеннікі, без паўтарэння якіх нельга абысціся ў любым тэксце. Са слоўзнамінатыўнай функцыяй паўторна ўжываюцца толькі асобныя назоўнікі, якімі абазначаны дзеючыя асобы (Баран, Кошка) або якія выконваюць у байцы важную ідэйную ці канструктыўную ролю (дыплом, галава, лоб). Паўтараецца і дзеяслоў заслужыў, але ў дзвюх суседніх рэпліках разам з іншымі паўторанымі словамі (дыплом, галава, лоб) як рэакцыя Кошкі на папярэдняе выказванне Барана. Двойчы ўжытыя мнагазначныя словы няма і другі рэалізуюць у байцы свае розныя значэнні: «Калі няма разумніка другога...»; «Хіба мне пахваліцца няма чым?»; «Другі баран — ні «бэ», ні «мя»...» Такое рэдкаснае выкарыстанне адных і тых слоў як не трэба лепш стасуецца з вядомым законам пра павелічэнне інфармацыйнай каштоўнасці знака з памяншэннем яго частотнасці.

Асобай увагі пры лінгвістычным аналізе заслугоўваюць фразеалагізмы, тым больш што амаль усе яны ў байцы К. Крапівы падпалі пад тыя ці іншыя змяненні і выяўляюцца толькі пры ўдумлівым чытанні. Ужо гаварылася, як праз тканіну мовы «праглядае» выраз як баран на новыя вароты. Абнаўляецца і выраз розумам раскінуць: у яго формулу ўключаецца прыметнік, які служыць сродкам іранічнай канкрэтызацыі, удакладнення фразеалагізма; пры дапамозе атрыбута авечым падкрэсліваецца адзінкавае, заключанае ў цэласным значэнні выразу розумам раскінуць:

 

— Каб ты быў разумнейшы трошка

Ды розумам раскінуць мог авечым,

То ўбачыў бы, што ганарыцца нечым,

Бо заслужыў ты свой дыплом

Не галавой, а лбом.

 

Некаторыя фанетычныя змены ўносяцца і ў фразеалагізм ні бэ ні мэ. Яны выклікаюцца неабходнасцю зрыфмаваць фразеалагізм са словам імя і ні семантычна, ні стылістычна не ўплываюць на змест гэтага выразу:

 

Другі баран — ні «бэ», ні «мя»,

А любіць гучнае імя.

 

Аўтарскі варыянт гэтага фразеалагізма ўжываецца ў байцы і яшчэ раз — толькі з перастаноўкай кампанентаў месцамі (каб зрыфмаваць са словам табе):

 

— Вось, — кажуць, — і дыплом табе.

Што гэта за «дыплом», Баран ні «мя», ні «бэ»…

 

Здавалася б, у гэтым выпадку можна было захаваць кампанент у замацаванай за ім форме, аднак пісьменнік гэтага не зрабіў. Можна меркаваць, што, раней чым першы радок байкі паклаўся на паперу, у думках сатырыка склалася, выкрышталізавалася сваёй афарыстычнасцю мараль «Другі баран ні «бэ», ні «мя», а любіць гучнае імя», дзе ў сувязі з патрабаваннямі рыфмы неабходны былі адпаведныя змены: мэ мя. Таму і ў сярэдзіне байкі аўтарскі варыянт быў захаваны ў той самай форме (толькі з інверсіяй). I гэта ўжо стылістычна апраўдана неабходнасцю адзінства. Дарэчы, прыгаданы варыянт з індывідуальна-аўтарскага становіцца агульнамоўным: ён, напрыклад, выкарыстоўваецца з сатырычнай мэтай Я. Брылём і нясе з сабой «сферу вобразаў і ідэй з творчасці пісьменніка, якога цытуюць» (В. У. Вінаградаў), у выніку чаго адчуваецца глыбокі падтэкст – выразны намёк на вобраз «дыпламаванага барана»: [Стыляга]« высакамерна і грэбліва прапаведуе і мне, і вам, і ўсім сумленным людзям нешта вельмі моднае, вельмі высокае, вельмі заходнееўрапейскае, і яшчэ далей, у чым, дарэчы, сам ён, бедненькі, часцей за ўсё — ні бэ, ні мя». Яшчэ прыклад: «Калісьці мамы свaix дзяцей (найлепшых самых!), займеўшы там, дзе трэба, «руку», сілком упхнулі у навуку. Ды тыя ў ёй — ні бэ нi мя; чаго няма, таго няма!» (К. Цвірка).

Байка, паводле К. Крапівы, «жывое, цікавае, фабульнае апавяданне, напісанае афарыстычнай [курсіў мой.– І. Л.] мовай». Што гэта так, паказвае разгляд байкі «Дыпламаваны Баран». Выключнай мастацкай адшліфаванасцю вызначаецца не толькі баечная канцоўка абагульненага характару, але і ўся моўная тканіна твора. Таму так і просяцца ў побыт, у прыказку шмат якія радкі з байкі (яны і ўключаны ў зборнік Ф. Янкоўскага «Крылатыя словы і афарызмы»): «Разумных бараноў наогул жа нямнога»; «Дыплом я заслужыў, здаецца ж, галавою»; «Другі баран – ні «бэ», ні «мя», а любіць гучнае імя». Зробленыя пад прыказку, яны з лёгкай рукі іх аўтара самі сталі сапраўды народнымі прыказкамі. Асаблівую крылатасць набыла канцоўка-мараль «Другі баран – ні «бэ», ні «мя», а любіць гучнае імя» і падзяліла лёс прыказак: яна падаецца ўжо ў зборніках беларускіх прыказак і прымавак (гл., напрыклад, зборнікі Я. Рапановіча, А. Янголь) без паметкі пра яе аўтарства. Фразеалагізаваўся, набыўшы цэласнае значэнне ‘невук з апломбам’, і загаловак байкі — назоўніка-прыметнікавая канструкцыя дыпламаваны баран, пабудаваная на прыёме спалучэння рознастылёвых слоў, неаднародных сваімі эмацыянальна-экспрэсіўнымі якасцямі, лагічна неспалучальных: «Існуючая сістэма ўступных экзаменаў не з’яўляецца тым мудрамерам, які стаў бы адначасова бар’ерам для патэнцыяльных дыпламаваных бараноў, i брамай, у якую бесперашкодна пройдуць, абавязкова пройдуць самыя дастойныя» (Настаўн. газ. 1998. 28 кастр.).

Коратка разглядаючы мову байкі з сінтаксічнага боку, можна адзначыць, што, як і ў лексіцы, у сінтаксісе байкі пераважаюць асаблівасці гутарковага стылю: складаназалежных сказаў толькі чатыры, астатнія — простыя, складаназлучаныя або бяззлучнікавыя; парадак слоў, як правіла, звычайны; у ролі выказніка выкарыстоўваюцца неспрагальныя дзеясловы імгненнага дзеяння (...разгоніцца ды ў сцену бух!), прыслоўі (А ённічога); зусім адсутнічаюць дзеепрыслоўныя і дзеепрыметнікавыя словазлучэнні і г. д.

Варта сказаць і пра такую сінтаксічную асаблівасць. У байцы два персанажы названыя (Баран і Кошка), але ёсць і безыменныя, пра дзеянні якіх гаворыцца няпэўна-асабовымі сказамі: «I вось за дурасць гэту яго вучоным раз празвалі нейк на смех, а каб двара не перабег, на шыю прывязалі мету». Каб не ўскладняць байку і не адцягваць увагі на другарадныя вобразы, пісьменнік абыходзіцца без назвы гэтых персанажаў нават і ў словах аўтара, якія суправаджаюць простую мову: «Вось, — кажуць, — і дыплом табе».

Як бачым, ідэйнаму сэнсу байкі падпарадкаваны і яе лексіка-фразеалагічны склад, і сінтаксічны лад.



[1] М. В. Абабурка ў кніжцы «Тэарэтычныя асновы беларускай лінгвістычнай тэксталогіі» (2003) часам прыводзіць прыклады тэксталагічных назіранняў, але не самастойна здабытыя, а запазычаныя з іншых крыніц (без спасылкі на іх), і робіць беспадстаўныя высновы. Так, паводле Абабуркі [2, с. 31], варыянт байкі «Дыпламаваны Баран» Ў адным сяле (не важна дзе) Хадзіў баран у чарадзе з’явіўся не пасля 1934 г., а быў першапачатковым, да якога «потым байкапісец вярнуўся».

Дарэчы, гэты варыянт вельмі блізкі да першых радкоў (з той самай рыфмай дзе – чарадзе) другой крапівоўскай байкі «Казёл»:

Не помню дзе,

Ў адной авечай чарадзе

Павадыром хадзіў Казёл.

Яна напісана ў 1925 г., калі пачынаў набіраць сілу зламысны бальшавіцкі наступ на Беларушчыну, і друкавалася ў зборніках-перавыданнях яшчэ толькі тройчы — у 1927, 1928 і 1932 гадах. А пасля ўжо друкаваць яе было немагчыма, бо «казлы» ўзялі верх.  Разумеючы гэта, К. Крапіва, магчыма, скарыстаў першыя радкі «Казла» для байкі «Дыпламаваны Баран».  Пра «Казла» я апублікаваў нататку «Дарэмна забытая байка» ў штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва» (1995. 3 лістап.). У 1997 г.нарэшце байка зноў пабачыла свет — у 1-м томе шасцітомнага Збору твораў К. Крапівы.