Верш Р. Барадуліна «Чакалі»
(з дадатковымі матэрыяламі для самастойнага лінгвістычнага аналізу)
Наўрад ці кожнага чалавека з філалагічнай адукацыяй можна з поўнай падставай называць філолагам у першасным значэнні гэтага слова. У Старажытнай Грэцыі слова філалогія (phileo+logos) абазначала ‘люблю слова’. Сапраўдны філолаг — гэта той, хто любіць, цэніць, тонка адчувае слова, выраз, прыказку ва ўcix ix адценнях i сувязях з іншымі словамі, хто многа чытае i глыбока разумее прачытанае, каго хвалююць надзённыя пытанні філалогіі — i мовы, i літаратуры.
Як ужо адзначалася раней, у добрым мастацкім творы кожны эпізод, дэталь, асобны штрых, пейзажны малюнак i інш. — усё гэта неабходныя часткі адзінага цэлага. У такім творы няма i не павінна быць нічога лішняга, не звязанага з ідэйнай і мастацкай задумай пісьменніка.
Таму нельга чытаць мастацкія творы па дыяганалі, сочачы толькі за асноўнай сюжэтнай лініяй. Ix трэба чытаць пад «павелічальным шклом» уважлівасці. Пры «нефілалагачным», павярхоўным, не зусім удумлівым чытанні застаюцца незаўважанымі, незразумелымі асобныя моманты, іншы раз досыць істотныя. Гэта можна паясніць хоць бы такім прыкладам.
Пра аповесць В. Быкава «Пакахай мяне, салдацік» (1996) было апублікавана некалькі рэцэнзій. Але ў ix ахоплены не ўсе бакi гэтага шматграннага твора. Хоць дзеянне тут адбываецца ў апошні дзень вайны, аднак наўрад ці можна разглядаць гэты твор у рэчышчы ранейшай быкаўскай «лейтэнанцкай прозы». Тут гаворыцца ўжо не пра гераізм, не пра пакутнікаў вайны i не пра яе вялікае бязладдзе, а зусім пра іншае, раней, ва ўмовах цэнзуры i самацэнзуры, амаль не чапанае. У гэтым творы, як сказаў сам аўтар у гутарцы з карэспандэнтам украінскай газеты, гаворка ідзе «пра адну з першых сутычак расійскага камунізму з заходняй дэмакратыяй» [23]. Спынімся толькі на адным з многіx момантаў, невыразна асветленых у рэцэнзіях (падрабязна пра гэта можна прачытаць [54, с. 236—242]).
Шмат якія аповесці В. Быкава, у адпаведнасці з яго творчай манерай, маюць цьмяную варыянтную канцоўку. Яна заінтрыгоўвае чытача, ён — у роздуме. Прыгадаем, напрыклад, «Круглянскі мост», дзе герой аповесці, арыштаваны i пасаджаны ў яму, яшчэ спадзяецца, што яго незайздросны лёс будзе станоўча вырашаны з прыездам «справядлівага камicapa». Двухварыянтны фінал маюць i «Воўчая зграя», «Пайсці i не вярнуцца». Нечаканая i на першы погляд таямнічая канцоўка i ў аповесці «Пакахай мяне, салдацік»: сюды, да Франінай магілы, «я [лейтэнант Барэйка] павінен быў вярнуцца. Я меў цвёрды намер на тое. I — не вярнуўся ніколі». У рэцэнзіях гаворыцца, што гэты апошні сказ аповесці застаўся без якіх-небудзь каментарыяў. Аднак пры ўважлівым чытанні, супастаўленні i з’яднанні асобных мясцін твора ўсведамляеш, што тут канцоўка ўсё ж адназначная, хоць i не выказаная маленькім дадаткам-сказам, чаму «не вярнуўся». Гэты «дадатак» трагічна гучыць на адной з папярэдніх старонак аповесці, дзе гаворыцца, што «пасля вайны з твайго жыцця могуць зрабіць пекла. Калі не захочацца i жыць». Менавіта такі лёс, безумоўна, напаткаў i Барэйку.
У эсэ В. Быкава «Вайна i перамога» чытаем: «Упаўнаважаныя «смерша» валодалі магутнай нябачнай сілай, ад ix прыхільнасці залежалі лёс i службовая кар’ера камандзіраў». З гэтай «магутнай нябачнай сілай» адзінаццаць разоў сустракаемся на старонках аповесці. Знешне нібыта прыцягальныя, «лагодны», «усмешысты» маёр i «вялікі аматар спеваў», «заўсёды жвавы капітан» пагрозліва навісаюць над yciмi i ўciм. Яны «ўсё нешта шчыруюць, уведваюць, мабыць, нешта камусь рыхтуюць». I лейтэнант Барэйка ў полі ix зроку.
У свой час ён трапіў у «харкаўскае акружэнне» i хоць выйшаў адтуль не адзін, а з групай, але заведзеная на яго «справа» наўрад ці здадзена ў apxiў. Яшчэ адна «пляма»: Барэйкавы бацькі пражывалі на акупаванай тэрыторыі, партызанілі, а пасля недзе прапалі пад Ушачай. Да таго ж асабісту ўжо вядома, што лейтэнант «знюхаўся з зямлячкай» i некалькі гадзін прабыў у доме таго самага прафесара Шарфа, якога нядаўна дапытвалі «смершаўцы». Пакуль iшла вайна, лейтэнант патрэбны быў як яшчэ адна «баявая адзінка», а цяпер, калі для «гэтых нястомных барацьбітоў са шпіёнамі» наступіла зорная гадзіна, яго можна i трэба пакараць, ізаляваць i доўга-доўга перавыхоўваць на вялікіх будоўлях камунізму. А тут яшчэ, нi ў кога не пытаючыся, лейтэнант пакінуў полк i паўдня прабыў «у самавольнай адлучцы». Чужое ж каханне асабістам грош цана. I над галавой Барэйкі неадступна згусціліся хмары. Таму пра яшчэ адзін жахлівы фінал у аповесці хоць i не гаворыцца, але ён відавочны i непазбежны ва ўмовах таталітарызму.
А цяпер звернемся да верша Р. Барадуліна «Чакалі». У iм усяго тры страфы, але яны вельмі ж ёмістыя. Тут у мастацкіх вобразах змяшчаецца багацейшая інфармацыя пра драматычны лёс Янкі Купалы пры сталінскім таталітарным рэжыме:
Харон глядзеў
туманна з-пад рукі:
Каго ў Ляўкі,
Каго на Салаўкі...
Душаловы чакалі,
Kалі заляціць
Птах,
Якога засватала неба.
I палын саладзіць,
I руку залаціць
Служкі д’яблавы ўмеюць
Што трэба.
Як Тарасу,
Нашэптваў Дняпро: не пішы...
Kпілa з келіхаў
Поўня, як кварта...
Краты промняў на шыбінах,
Ноч на душы.
Дрэвы й цені —
Падвойная варта.
I сціскаліся марна
Радкоў кулакі.
I баялася восені лета.
Палявалі ваўкі...
Балявалі Ляўкі —
Залачоная клетка Паэта...
Верш прапануецца для самастойнага каменціравання.
Спачатку трэба не спяшаючыся, удумліва прачытаць верш, пасля — змешчаныя на наступных старонках празаічныя ўрыўкі з розных крыніц, а затым, паўторна чытаючы верш, рабіць сінхроннае гэтаму чытанню лінгвістычнае каменціраванне.
Амаль кожны радок гэтага твора патрабуе лінгвістычнага аналізу ў цеснай сувязі з літаратуразнаўчым. Трэба растлумачыць сэнс разгорнутых метафар: «заляціць птах, якога засватала неба», «палын саладзіць», «баялася восені лета», «палявалі ваўкі», «залачоная клетка».
Фразеалагізм залаціць руку мае два слоўнікавыя значэнні: ‘даваць грошы за варажбу’ i ‘даваць хабар’. Якое сэнсавае прырашчэнне атрымаў гэты выраз у вершы «Чакалі»?
Харон — паводле грэчаскай міфалогіі, перавозчык, які на чоўне перапраўляў праз рэкі падземнага царства душы нябожчыкаў i браў за гэта плату (дробную манету, укладзеную памерламу у рот). Якое іншае значэнне наслоілася ў вершы «Чакалі» на слова Харон?
Што абазначае аўтарскі неалагізм душаловы? Па аналогіі з якім словам ён створаны i як кантактуе з суседнімі радкамі пра «птаха» i са словам Харон?
«Кпіла з келіхаў поўня, як кварта», «балявалі Ляўкі». Што маецца на ўвазе?
Чаму ў словазлучэнні «залачоная клетка Паэта» апошняе слова пададзена з вялікай літары?
Як працуюць на адзінства вобраза «залачонай клеткі» радкі «Краты промняў на шыбінах. Ноч на душы. Дрэвы й цені — падвойная варта»?
«I сціскаліся марна радкоў кулакі». Асацыяцыю з якім фразеалагізмам выклікаюць гэтыя словы?
«Як Тарасу, нашэптваў Дняпро: не пішы...» Пра што ідзе гаворка?
У якіх радках ёсць гукапіс і ўнутраная рыфма?
Чаму першыя радкі верша, змешчаныя справа — з водступам, напісаны пяцістопным ямбам, а ўсе астатнія — чатырохстопным анапестам?
У вершы 71 слова (разам з загаловачным). Паўтараюцца службовыя словы: i (4), на (3), як (2). 3 паўназначных слоў паўтораны чакалі (у загалоўку i ў тэксце), каго («Каго ў Ляўкі, каго на Салаўкі») — як прыём сінтаксічнага паралелізму, а таксама Ляўкі. Які сэнс укладваецца ў слова Ляўкі ў радках «Каго ў Ляўкі, каго на Салаўкі»? А ў радку «Балявалі Ляўкі»? Якую выснову можна зрабіць пры разглядзе гэтага верша з боку частотнасці слоў i багацця маўлення? Дарэчы, яшчэ да верша «Чакалі» Р. Барадулін у вершаванай навеле «Як я быў агітатарам» (1989) пicaў, што ранейшая хадзячая руская прыпеўка «Соловки, вы, Соловки, дальняя дорога, сердце ноет от тоски, на сердце тревога» выклікала ў яго, школьніка-камсамольца, такую рэакцыю: «А ў рыфму caмi просяцца радкі: каго ў Ляўкі, каго на Салаўкі». Тут яшчэ юнак наўрад ці атаясамліваў Салаўкі з «бізуном» — турмой або знішчэннем, а Ляўкі — з «пернікам» — подкупам i запалохваннем.
Ляўкі — вёска ў Аршанскім раёне, недалёка ад старажытнага гарадка Копысь. За паўкіламетра ад вёскі на левым беразе Дняпра, між чатырох высачэзных соснаў, была дача Я.Купалы — аднапавярховы драўляны дом з дзвюма надбудаванымі верандамі, адкрытай i закрытай. У закрытай верандзе паэт сустракаўся са шматлікімі гасцямі, што прыязджалі з Мінска, Кіева, Масквы i іншыx гарадоў. Побач з дачай быў домік шафёра, гараж, гаспадарчыя пабудовы.
Глыбей зразумець верш «Чакалі» дапамогуць змешчаныя далей урыўкі з розных крыніц.
1. З apxiўнaгa дакумента з грыфам «Совершенно секретно», падпісанага намеснікам начальніка следчага аддзела УДБ НКУС БССР: «У 1930 г. Купала быў выкліканы ў б. ПП ГПУ у Мінску i ўласнаручна 15.X.1930 г. напісаў паказанне, у якім свой удзел у контррэвалюцыйнай нацдэмаўскай арганізацыі i контррэвалюцыйную работу катэгарычна адмаўляў. Пасля гэтага, з-за боязі быць выкрытым, у сябе на кватэры 20.XI.1930 г. зpaбiў спробу самагубства, у выніку нажом нанёс сабе рану ў жывот, напісаў перад гэтым перадсмяротны ліст на імя б. Старшынi ЦВК БССР Чарвякова... Пасля гэтага «самазабойчага» ранення, праляжаўшы некалькі дзён у бальніцы, Купала прыйшоў у зусім здаровы стан, i ў сувязі з тым, што буржуазны друк Польшчы падняў лямант пра яго самагубства, яму было прапанавана напісаць адказ фашысцкім паклёпнікам аб тым, што ён жывы i ніколі самагубствам не канчаў, што ім i было зроблена» (Крыніца. 1994. №8. С. 111).
2. 3 «перадсмяротнага» ліста Я. Купалы ад 20 лістапада 1930 г. А. Чарвякову: «Таварыш старшыня! Яшчэ раз, перад смерцю, заяўляю, што я ў ніякай контррэвалюцыйнай арганізацыі не быў i не збіраўся быць... Быў толькі паэтам, які думаў аб шчасці Беларусі... Уміраю, прымаючы тое, што лепей смерць фізічная, чым незаслужаная смерць палітычная. Відаць, такая доля паэтаў. Павесіўся Ясенін, застрэліўся Маякоўскі, ну i мне туды з iмi дарога...» (Купала Я. Жыве Беларусь. — Мінск, 1993. — С. 432—433).
3. Пасля згаданых падзей 1930 года не толькі айчынныя літаратуразнаўцы лічаць, што «Купала быў ужо канчаткова зломлены», але i некаторыя беларускія эмігранты выказвалі думку, што датай духоўнай смерці паэта трэба лічыць восень 1930 года (Полымя. 1999. №1. С. 197).
4. На нашым полi, полі калгасным,
Дзянькі праходзяць весела, ясна...
Болей не знаем сох на загонах, —
Трактар нам цягне плугі, бароны.
Так пісаў Купала ў 33-м.
Справа [арыштаванага] Кузьмы Чорнага, ліст 46 (26 кастрычніка 1938 г.): «Разгром нацдэмаў да гэтага часу Купалам перажываецца як «разгром беларускага народа», як «вечная несправядлівасць».
Так Купала ў 33-м думаў. I раней. I ў 38-м.
«Гэта я сам шмат разоў чуў ад жонкі Купалы, якая з’яўляецца дакладным рупарам самога Купалы...»
Дзякуй Кузьме Чорнаму — ён здолеў гэткім чынам нас узброіць Праўдай пра Купалу (Полымя. 1994. №10. С. 161).
5. 3 сакрэтнага дакумента НКУС БССР: «Купала выкрываецца паказаннямі 41 выяўленага намі ўдзельніка антысавецкага падполля ў Беларусі як актыўны нацфашыст i польскі шпіён. У выніку праведзенага разгрому антысавецкага падполля ў Беларусі, Купала i іншыя значныя беларускія пісьменнікі, што засталіся на волі, знешне нібыта змянілі сваё аблічча i нaкipyнак сваёй літаратурнай дзейнасці дастасавалі да духу сучаснасці, але агентурныя матэрыялы, якія паступілі да нас апошнім часам, сведчаць аб тым, што яны не толькі не спынілі сваёй антысавецкай дзейнасці, а яшчэ глыбей пайшлі ў падполле i вакол ix групуюцца ўсе нацдэмаўскія кадры, што засталіся на волі (Полымя. 1994. №10. С. 176).
6. За турэмнымі кратамі i ў далёкім Калымскім краі знікалі адзін за адным амаль усе сябры-заўсёднікі Купалавага дому. А ён, народны паэт, адчуваў усёй істотай ледзяны холад падрыхтаваных для яго кайданоў. На што толькі не даводзілася яму згаджацца, каб выжыць (Полымя. 1998. №12. С. 137).
7. У кнізе Л. Маракова «Валеры Маракоў: Лёс, хроніка, кантэкст» (Мінск, 1999) змешчана «мноства раней недаступных дакументаў — ордэраў на арышт, анкет, пратаколаў жахлівых допытаў i крывавых прысудаў больш за 200 рэпрэсаваных, а потым рэабілітаваных таленавітых беларускіх пісьменнікаў i інтэлектуалаў: «Дураков мы не берем...» (Народная воля. 1999. 16 ліп.).
8. У канцы трыццатых гадоў з ycix беларускіх пісьменнікаў, што актыўна выяўлялі сябе ў 20-я — першай палавіне 30-х гадоў (а гэта некалькі сот чалавек), на волі заставаліся ўсяго чатырнаццаць творцаў (Полымя. 1992. №7. С. 203).
9. У час, калі... усе беларускія культурныя дзеячы — навукоўцы, пісьменнікі, акцёры — былі за кратамі, Купала з Коласам не толькі засталіся на волі, але яшчэ i атрымліваюць дзяржаўныя ўзнагароды, персанальныя аўтамабілі, дачы... Усё гэта былі добра прадуманыя i адрэжысаваныя акты дыскрэдытацыі i маральнага, псіхалагічнага тэрору ў адносінах да вялікіх песняроў (Полымя. 1999. №1. С. 205).
10. У сярэдзіне i другой палове 30-х гадоў на Янку Купалу абрынула цэлая лавіна ўзнагарод, прывілеяў, матэрыяльных даброт, што значна аддаліла яго ад рэальных народных клопатаў. Урад БССР падараваў паэту машыну, дачу ў Ляўках, ён стаў членам ЦВК БССР, дэпутатам Мінскага гарадскога, а пасля — i Вярхоўнага Савета БССР, членам праўлення СП БССР i СП СССР, удзельнічаў у рабоце з’ездаў Саветаў БССР i СССР, у шыкоўных прапагандысцкіх ваяжах (на Днепрагэс, Беламорска-Балтыйскі канал)... Палітыка «бізуна і перніка» прымянялася тады спаўна (Полымя. 1992. №7. С. 203).
11. Падпісаў у 1935 годзе Галадзед урадавую пастанову «ўзнагародзіць народнага паэта рэспублікі т. Янку Купалу легкавым аўтамабілем» (за «каштоўнасць яго апошніх твораў, у прыватнасці паэмы «Над ракой Арэсай») i ў тым самым годзе — пастанову «Аб прыняцці на ўтрыманне за кошт дзяржавы дома i аўтамашыны i аб пабудове дачы для народнага паэта Янкі Купалы», — паспрабуй адмовіцца... (Крыніца. 1994. №8. С. 103).
12. У Ляўках была Купалава дача. Тут ён сустракаўся з калгаснікамі — пчалярамі, пастухамі, брыгадзірамi. Хадзіў да ix у госці i запрашаў да сябе. Тут наведвалі яго сябры з Масквы i Мінска. З салькі дачы не раз ён любаваўся ўсходам сонца разам са сваім другам Якубам Коласам... Слова «Ляўкі» можна прачытаць пад многімі творамі Янкі Купалы. Асабліва вялікі плён паэзіі Янкі Купалы прынесла ляўкоўскае лета 1935 года. Яно вядома ў гісторыі беларускай літаратуры не менш за пушкінскую «Болдзінскую восень». Улетку 1935 года Янка Купала напіcaў у Ляўках такія свае вершы, як «Алеся», «Вечарынка», «Госці», «Дарогі», «Лён», «Старыя акопы» i інш. Яны з’явіліся новай вяршыняй у творчасці самога Янкі Купалы i былі выдатнай падзеяй для беларускай літаратуры (Беларуская літаратура: Падручнік для 9 класа. — Мінск, 1997. — С. 35).
13. Ляўкоўскі цыкл прынцыпова важны для творчасці Купалы i ўсёй беларускай літаратуры, далейшы кірунак якой ён у пэўнай меры вызначыў (Янка Купала: Энцыкл. даведнік. — Мінск, 1986. — С. 367).
14. Купалу чакала беднасць мастацкай палітры i амплуа юбілейнага паэта... Яго ўтаймаваны i неўтаймоўны дух, хутчэй за ўсё, перажываў магутныя ўнутраныя зpyxi. Вымушаны быў стрымліваць свае парывы, шукаць суладнасці там, дзе яе недарэчна было знайсці... Трагедыя Купалы 30-х гадоў — гэта трагедыя пазбаўленага магчымасці выказацца прарока, які, унутрана застаючыся прарокам, павінен быў выконваць ролю блазна (Багдановіч І. Э. Янка Купала i рамантызм. — Мінск, 1989. — С. 212).
15. [У 30-я гады i пазнейшыя часы] у Беларусі амаль беспраблемна сапхнулі нацыянальную культуру на абочыну грамадскае анахранічнасці, а яе творчыя асяроддзі часткова зніштожаны фізічна, каб паказную рэшту ўтрымліваць у якасці своеасаблівага i відовішчнага акварыума, рыхтуючы паступова татальную музеефікацыю ўсяму беларускаму... Купала заціх на ўсе трыццатыя гады. Смяротна стомлены, ён час-часом пicaў макулатурныя творы, прамаўляў не сваім голасам, запіваў i дзеравянеў. Напэўна, згас як паэт, але не выстыў у iм прарок. I пра гэта ведалі, дзе трэба [у «органах»] (Яновіч Сакрат. Янка Купала i спроба адраджэння беларускасці // Міжнародныя Купалаўскія чытанні. — Гродна, 1999. — С. 52).
16. [Тэма крыўды] раптоўна знікла. I разам з яе знікненнем рэзка зніжаецца мастацкі ўзровень купалаўскай паэзіі... Янка Купала быў змушаны аддаваць даніну ўслаўлення новаму ладу. У другой палове 30-х гадоў, асабліва ў вершах гэтак званага «Ляўкоўскага цыкла», ідэалізацыя i прыхарошванне савецкай рэчаіснасці займае ў творчасці паэта асноўнае месца... Таталітарная сістэма не магла пакінуць паэта ў спакоі. Яна змушала плаціць ёй даніну хаця б двума-трыма вершамі на год (Полымя. 1999. №1. С. 187, 200, 192).
17. Нядаўна выйшаў пяты том Поўнага збору твораў Янкі Купалы. У ім — вершы 1930—1942 гг. Тут і вершаў тых усяго 116 за 13 гадоў творчасці (у 1930 г. — тры, у 1933 — адзін, у 1936 — шэсць...). Супастаўляеш гэты том з ранейшымі і бачыш Купалавы песні з турмы. Тут Сталін паўтараецца 60 разоў, Варашылаў — 19, Чырвоная Армія — 17. Купала, як і іншыя з ацалелых пасля фільтрацыі, мусіў стаяць з дзяжурнай одай ля чырвоных дат календара, а то і задаваў тон. Першамай і Кастрычнік ужываюцца дзесяткі разоў (ЛіМ. 1999. 31 снеж).
18. В. Адамчык у «Чорным адбітку на белай сцяне» піша, як зайшоў у мінскую кнігарню: «І раптам паўстаў з мёртвых наш Купала... А можа, лепш было б яго бачыць, чым чытаць яго вершы чалавечага ўпадку — асабліва аб Сталіне-сейбіту?.. Таму, зняўшы з паліцы кнігарні, толькі пагартаў купалаўскі пяты том жаўтлява-рабаваты, як сталінскі пабіты воспаю твар (О страшнае супадзенне!), танкаваты том і ... не выкупіў».
19. Купалава самазабойства i Купалава забойства ўладай не раптоўна пачаліся i не раптам завяршыліся, i справа тут не толькі ў хваласпевах Сталіну альбо ў нянавісці да Сталіна, як гэта выстаўляюць сёння некаторыя даследчыкі, i не ў праблеме «выжывання любым «коштам».
Ён не быў прарокам. Ён не быў святым. Ён быў паэтам — геніяльным i ўжо зламаным. Канчатковы «злом» адбыўся ў 1935 годзе. Больш — ранейшага Купалы не было. Было — падзенне(Крыніца. 1994. №10. С. 106).
20. Сачылі за Купалам не толькі спецыяльна прыстаўленыя да яго штатныя супрацоўнікі НКВД, але змушаны былі даносіць на паэта нават свае, блізкія паводле духу калегі пісьменнікi. [Сачыў i ўласны шафёр, якога Я. Купала прагнаў са службы толькі на пачатку 1942 г.] Прозвішча [гэтага] прыдзеленага Янку Купалу асабістага шафёра Яртыміка, мусіць, зусім невыпадкова сустракаецца ў пераліку тых вадзіцеляў-супрацоўнікаў НКВД, што вазілі зняволеных з Мінскай турмы на расстрэл у Курапаты (Полымя. 1999. №1. С. 199).
21. Даверліва распавядаў Броўка, як падчас агрэсіі, якую пазней па-савецку сарамліва назвалі канфліктам на фінскай мяжы, Янка Купала хваліў Фінляндыю, фінскі народ, як абураўся ганебнай вайной. Значыць, давяраў Пятруську (так пад добры настрой называў маладога сябра), бо за такія размовы абодва маглі апынуцца далёка на поўначы. Праўда, я не спытаўся пра лесніка Шыманоўскага, які быў у купалаўскіх Ляўках, а ў вайну сустрэў Броўка гэтага яўна «мастацтвазнаўцу у цывільным» у Маскве (Р. Барадулін. Зямляк).
22. 3 ліста сталінскага стаўленіка ў Мінску Першага сакратара ЦК КП(б) Беларусі П. К. Панамарэнкі «бацьку» Сталіну: «...маюцца шматлікія паказанні выкрытых i арыштаваных ворагаў, якія абвінавачваюць ix [Купалу i Коласа] аж да сувязей з польскай дэфензівай. У дачыненні да Янкі Купалы ёсць 41 паказанне... Янка Купала нядаўна сказаў: «Усе нашы карты біты, лепшыя людзі вынішчаны, трэба самому рабіць харакіры». (Ён ужо спрабаваў аднойчы пакончыць з сабой.) У другі раз ён пачаў скардзіцца (у сваім асяроддзі) на нястрымную тугу, на тое, што ніякай Беларусі ён не бачыць вакол сябе, што ён хутка памрэ з такім жа смуткам аб Беларусі, з якім пачынаў сваё жыццё ў маладосці... Сярод ix пануе разгубленасць i азлабленне. Пачалі дзіка піць — заліваць віном смутак аб «вольнай Беларусі»... Янка Купала гаворыць, што тое, што ён пicaў пры Савецкай уладзе, не творчасць, а дрындушкі[1]. Яны гавораць, што цяпер літаратура зведзена да ролі прыдатка, растлумачальнага ці ўсхваляльнага, што гэта не творчасць, а ілюстрацыя. У літаратуры нельга нічога ставіць або вырашаць, бо партыя ўсё ўжо вырашыла на шмат гадоў наперад, план складзены i ілюструй тое, што прайшло (ЛіM. 1993. 15 кастр.).
23. У тым самым лісце (ад 21 лістапада 1938 г.) П. К. Панамарэнка просіць рады ў Сталіна: «Ix [Я.Купалу i Я.Коласа] трэба або арыштаваць, або, улічваючы абставіны, прыняць, пагаварыць шчыра, паказаць, што нам вядомыя ўсе ix «памылкі», калі гэта дапушчальна так назваць, сказаць, што яны могуць выкупіць сваю віну перад Савецкай уладай, заклікаць ix да сумленнай працы, паглядзець, як яны будуць рэагаваць, i калі ў якойсьці меры пойдуць на гэта, то скарыстаць гэта ў мэтах разлажэння групы, адрыву найбольш сумленнага i ліквідацыі рэшткаў нацдэмаўшчыны» (ЛіМ. 1993. 15 кастр.).
24. 28 чэрвеня 1942 года Янкі Купалы не стала. I ўжо на наступны дзень старшыні Дзяржаўнага камітэта абароны, наркому абароны, Вярхоўнаму галоўнакамандуючаму Сталіну быў адасланы наступны, мяркуючы паводле ступені сакрэтнасці i колькасці далучаных да таямніцы асоб, дзяржаўнай важнасці дакумент: «...Спецпаведамленне. 28 чэрвеня ў 22 гадзіны 30 мінут у гасцініцы «Масква» ўпаў у лесвічную клетку i разбіўся насмерць паэт Беларусі Луцкевіч [так у тэксце] Іван Дамінікавіч, 1882 года нараджэння, літаратурны псеўданім Янка Купала... Здарэнню папярэднічалі наступныя акалічнасці...»
На фоне гэтага спецпаведамлення гаварыць пра загадку Купалавай смерці неяк не выпадае, як, дарэчы, i задаваць рытарычныя пытанні наконт таго, хто быў забойцам. Xiбa мае хоць нейкае icтотнae значэнне, хто быў, кажучы сучаснай мовай, кілерам, калі дакладна вядома, хто спланаваў i замовіў злачынства?! (Полымя. 1999. №1. С. 216 —217.)
25. У гады, калі толькі пачыналася наша ненапісаная кніга ўспамінаў, Л. П. Александроўская была старшынёй Беларускага тэатральнага аб’яднання... Аднойчы з Уладзімірам Іскрыкам мы ў прысутнасці Ларысы Пампееўны завялі спрэчку (якраз у дачыненні да Купалы) пра аднаго літаратара ... ну, назавём яго В.Б.Г. Гэта першыя літары нават не прозвішча, а мянушкі чалавека, пра якога Александроўская, перапыняючы маю з Іскрыкам спрэчку, раптам сказала: «Ён Купалу і забіў...».
Ашаломлены, я вырашыў, што гэты самы В.Б.Г.браўу знішчэнні Купалы непасрэдны, фізічны ўдзел — і стаў угаворваць Ларысу Пампееўну, каб яна засведчыла ягонае імя на паперы. Ну, калі мы ўжо пішам кнігу ўспамінаў... Быў пачатак сямідзесятых — і жанчына сталінскіх часоў паглядзела на мяне, як пазіраюць звычайна на тых, пра каго кажуць: дурны, як сабака да году. Праз паўзу, нібы шкадуючы пра тое, што слова — не верабей, дагаварыла: «Ён напісаў данос, праз які Купалы не стала...».
... Аркадзь Куляшоў быў перакананы, што Купалу забілі. Месца ў гатэлі «Масква» паказваў: «Вось тут з ім і расправіліся».
П. Глебка, хоць і асцярожна, але сцвярджаў тое ж.
Пімен Панчанка запісаў у дзённіку: «Забілі Купалу — заб’юць і мяне». (У. Някляеў. Шлях).
26. Сваёй ахвярнай пагібеллю ён нязмерна ўзвысіўся ў часе i стаў недасяжны. Цяпер мы ведаем: ён не прыняў зло. Ён не мог адолець яго, але не мог i скарыцца яму. Можа, сапраўды лепей было памерці — ці самахоць, ці ад спрактыкаванай pyкi спецыялістаў. Каб не множыць бальшавіцкае зло, не спяваць акафісты злачыннаму рэжыму, якi тады схапіўся ў смяротнай бойцы з другім не меней злачынным рэжымам. Падобна, Купала зpaбiў свой выбар — самы жахлівы, але з часоў Icyca Хрыста i самы чалавечны выбар.
Будзем жа верныя ягонае светлае памяці. Возьмем да сэрца яго пранікнёныя словы пра бeлapycкi шлях i лёс Беларусі. У ягонае творчасці — ягоныя запаветы. Песні з волі, але не песні з турмы. Тыя, хто з турмы, — не песні... (Быкаў В. З цемры — да святла // 3б. тв.: У 6 т. Т.6. — Мінск, 1994. — С. 520-521).
[1] Параўн. у Купалавай «Паўлінцы», дзе Альжбета кажа: «Заместа кніжак ды набажэнства — чытаюць нейкія дрындушкі». Г.Колас у артыкуле «Лёс Купалы — міфы i рэальнасць» (Полымя. 1994. №4. С. 191) прыводзіць прыклад Купалавай «сапраўды дрындушкі»: «Слава нашаму Яжову, з Ленінграда родам, што расправіўся, як следна, з дыверсанцкім збродам». А такіх «дрындушак» ёсць нямала, напрыклад: «Слава сокалу, што родам з-пад каўказскіх скалаў, што з Крамля праменні сее з юнацкім запалам», «Я — калгасніца маладая, жыву весела, ані дбаю. Мае дзетачкі позна-рана i накормлены, i прыбраны», «Будуць рады татка, мама, калі падрасту я, i за Сталіна таксама я прагаласую», «Мала ix павесіць на сухой асіне, бо нават acінa ад сябе адкіне». У апошняй «дрындушцы» гаворка ідзе, не давядзі божа, не пра Сталіна i яго хеўру, а пра Пятакова, Радэка, Троцкага i іншых з так званай «банды трацкістаў-дыверсантаў».