§ 96. PARTICIPIUM FUTŪRI ACTĪVI
(ДЗЕЕПРЫМЕТНІК БУДУЧАГА ЧАСУ
НЕЗАЛЕЖНАГА СТАНУ)
Дзеепрыметнік будучага часу незалежнага стану ўтвараецца ад асновы супіна пры дапамозе суфікса -ūr- і родавых канчаткаў us, a, um. Скланяецца ён па I-II скланенні, мае значэнне мэты або намеру і ўказвае на дзеянне, якое адбываецца пасля дзеяння кіруючага дзеяслова. Напрыклад:
parat-ūr-us, a, um - той, які мае намер рыхтаваць (падрыхтаваць)
doct-ūr-us, a, um - той, які мае намер навучаць (навучыць)
lect-ūr-us, a, um - той, які мае намер чытаць (прачытаць)
struct-ūr-us, a, um - той, які мае намер будаваць (пабудаваць)
capt-ūr-us, a, um - той, які мае намер захапляць (захапіць)
audit-ūr-us, a, um - той, які мае намер слухаць (выслухаць)
У сказе part. fut. act. выступае як прыметнік, а часам - як назоўнік. Напрыклад: Legāti pacem petitūri venērunt. - Паслы прыйшлі прасіць міру (дакл.: паслы, якія маюць намер прасіць міру). Ave, Caesar, moritūri te salutant! - Будзь здаровы, Цэзар, тыя, што ідуць на смерць (дакл.: тыя, што маюць намер памерці), вітаюць цябе!