§ 2. ГАЛОСНЫЯ І СПАЛУЧЭННІ ГАЛОСНЫХ
Гукі падзяляюцца на галосныя (vocāles) і зычныя (consonantes).
Галосныя a, o, e, u па вымаўленню адпавядаюць беларускім гукам а, о, э, у: cáput (кáпут), rotúndus (ротýндус), téndere (тэндэрэ), méns (мэнс);
і вымаўляецца як бел. і, але ў пачатку слова перад галосным ці ў сярэдзіне паміж галоснымі вымаўляецца як бел. й: Ianuárius (януáріус), iécur (éкур), iúbeo (юбэо), máior (мáёр);
y сустракаецца толькі ў словах грэчаскага паходжання і адпавядае беларускаму і: mýrtus (мíртус), systēma (сістэма), papўrus (папíрус).
Некаторыя галосныя гукі могуць злучацца па два і ўтвараць дыфтонгі: ae, oe, au, eu, якія ў слове пазначаюць адзін склад.
Дыфтонгі au, eu вымаўляюцца як бел. аў, эў: aúrum (áўрум), neúter (нэўтэр), traúma (трáўма), Eurōpa (Эўрóпа).
Дыфтонгі ae, oe з’яўляюцца, па сутнасці, манафтонгамі[1], таму што абазначаюць адзін гук, які адпавядае беларускаму э: saépe (сэпэ), praéda (прэда), foédus (фэдус), poéna (пэна).
Калі ж ae, oe пазначаюць два асобныя гукі, над другім галосным ставяцца дзве кропкі або знак працягласці ( ¯ ): áёr (áэр), poéta (поэта), poéma (поэма).