§ 124. Даданыя ўмоўныя сказы
^ Вверх

§ 124. ДАДАНЫЯ ЎМОЎНЫЯ СКАЗЫ

 

Даданыя ўмоўныя сказы ўводзяцца злучнікамі si - калі(б), nisi, ni, si non (у тым выпадку, калі адмоўе адносіцца не да асобнага слова) - калі(б) не і разам з галоўным сказам утвараюць так званы ўмоўны перыяд. Пры гэтым даданы сказ выражае ўмову, ад якой залежыць здзяйсненне дзеяння ў галоўным сказе, і называецца протасіс (папярэднік), а галоўны - вынік і называеца аподасіс (наступнік).

Умоўны перыяд у залежнасці ад адносінаў умовы протасіса да рэчаіснасці падзяляецца на тры віды.

1. Modusreālis (рэальны). Умова і яе вынік выказваюцца без суб'ектыўнай ацэнкі таго, хто гаворыць. У галоўным і даданым сказах ужываецца indicatīvus. Аднак у аподасісе могуць таксама ўжывацца imperatīvus, coniunctīvus adhortatīvus, coniunctīvus prohibitīvus і інш. віды, што ўжываюцца ў галоўным сказе.

 

Si id dicis, erras.

Si id dicēbas, errābas.

Si id dices (dixeris), errābis.

Калі ты гэта гаворыш, ты памыляешся.

Калі ты гэта гаварыў, ты памыляўся.

Калі ты гэта скажаш, ты памылішся.

 

2. Moduspotentiālis(магчымы). Умова адносіцца да будучага, а яе вынік гаворачы выказвае суб'ектыўна, прычым у скрытым выглядзе дае зразумець, што ён не чакае выканання пастаўленай умовы ў рэчаіснасці. Выказнік галоўнага і даданага сказаў ставіцца ў praesens coniunctīvi для абазначэння дзеяння як незакончанага, так і закончанага трывання. Радзей ужываецца perfectum coniunctīvi, які выражае дзеянне закончанага трывання, пры гэтым бывае такое, што яно папярэднічае дзеянню, выражанаму праз praesens coniunctīvi.

Si id dicas, erres.

Калі б ты гэта гаварыў (сказаў), ты б памыляўся (памыліўся).

Si id dixeris, erraveris. 

Калі б ты гэта сказаў, ты б памыліўся.

 

У падобных сказах ужываецца coniunctīvus potentiālis.

3. Modusirreālis (немагчымы, нерэальны). Гаворачы падае ўмову і яе вынік як такія, што супярэчаць рэчаіснасці. Пры гэтым imperfectum coniunctīvi ў протасісе і аподасісе абазначае дзеянне незакончанага трывання альбо такое, што паўтараецца, немагчымае цяпер, а plusquamperfectum coniunctīvi - дзеянне закончанага трывання, немагчымае ў мінулым.

 

Si id diceres, errāres.

Si id dixisses, erravisses.

Калі б ты гэта гаварыў (цяпер),   ты б  памыляўся.

Калі б ты гэта сказаў (тады), ты б памыліўся.

     

4. Аднак бываюць выпадкі, калі ў протасісе адзін від умоўнага перыяду, а ў аподасісе - іншы.

Напрыклад: Dic mihi: si fias leo, quālis eris? Скажы мне: калі б ты зрабіўся львом, якім ты будзеш?