§ 121. ДАДАНЫЯ СКАЗЫ ВЫНІКУ
Даданыя сказы выніку ўказваюць на вынік дзеяння галоўнага сказа і ўводзяцца злучнікамі ut (consecutīvum) - што, каб, utnon - што не, каб не, neque - і што не. У галоўным сказе пераважна стаяць словы tantus - такі вялікі, talis, is - такі, sic, ita - так, adeo - настолькі і інш. Але такія словы могуць і адсутнічаць у кіруючым сказе і толькі падразумявацца. У гэтым выпадку ut перакладаецца так што, так каб.
Часы ў даданых сказах выніку ўжываюцца паводле consecutio temporum. Прычым perfectum, plusquamperfectum i coniugatio periphrastica actīva сустракаюцца вельмі рэдка, звычайнымі часамі ў гэтых сказах з’яўляюцца praesens i imperfectum. Напрыклад: Ita vivere oportet, ut homines tibi credant. - Неабходна жыць так, каб людзі табе верылі. Tantus in curia clamor factus est, ut populus concurreret (Cic.). - У курыі ўзняўся такі гвалт, што збегся народ. Arboribus consita Italia est, ut tota pomarium videātur. - Італія засаджана дрэвамі, так што здаецца фруктовым садам. Non erat illi ferreum pectus, ut haec pati posset aequo animo (Quint.). - Не была ў яго душа цвёрдай так, каб мог гэта цярпліва зносіць.
У некаторых выпадках у даданых сказах выніку ўжываецца coniunctīvus perfecti пасля гістарычнага часу ў галоўным сказе, калі дзеянне даданага сказа разглядаецца толькі як мінулае і незалежнае ад іншага. У гэтым выпадку, калі б даданы сказ быў незалежным, ён меў бы perfectum praesens. Напрыклад: Romāni fortiter pugnavērunt, ut vincerint. - Рымляне змагаліся храбра, так што перамаглі.