5.Станаўленне гістарыяграфіі...
^ Вверх
5. Станаўленне гістарыяграфіі гісторыі Беларусі як навукі.

Гістарыяграфія гісторыі Беларусі як навука пачынае афармляцца ў 20-я гг. ХХ ст. паралельна з арганізацыяй першых вучэбна-навуковых і навуковых цэнтраў у Беларусі – БДУ і  Інбелкульта. Адным з заснавальнікаў гістарыяграфічнай навукі лічыцца першы рэктар БДУ, акадэмік У.І.Пічэта.
Уладзімір Іванавіч Пічэта (1878 – 1947 гг.) нарадзіўся ў г. Палтаве. У 1901 г. скончыў Маскоўскі універсітэт. Вучань М.К.Любаўскага. У 1918 г. абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Аграрная рэформа Сігізмунда-Аўгуста ў Літоўска-Рускай дзяржаве». Паралельна ўзначальваў Беларускае навукова-культурнае таварыства ў Маскве, чытаў курс лекцыяў «Гісторыя беларускага народа» у Беларускім народным універсітэце (Масква). Па прапанове ўрада БССР узначаліў маскоўскую камісію па арганізацыі БДУ. Рэктар БДУ з 1921 па 1930 г. У 1926 г. атрымаў званне заслужанага прафесара БССР, а ў 1929 г. быў абраны акадэмікам АН БССР. Апублікаваў каля 150 працаў па гісторыі, гістарыяграфіі, археалогіі і г.д. У 1930 г. арыштаваны па справе акадэміка Платонава.
У 1921 г. у часопісе «Вестник Наркомпроса Белоруссии» ён апублікаваў артыкул «Новые работы по истории Белоруссии», у якім зрабіў гістарыяграфічны аналіз працаў польскіх гісторыкаў (С.Кутшэбы, Л.Калянкоўскага і інш.). Ён высока ацаніў факталагічны бок даследаванняў, вызначыў іх прыналежнасць да гісторыка-юрыдычнай школы, але адзначыў непрымальнасць іх метадалагічнага падыхода – вялікапольскага шавінізму.
У 1922 г. у Маскве Пічэта выдаў манаграфію «Введение в русскую историю (Источники и историография)», якая складаецца з трох раздзелаў: 1) «Собирание и издание источников. Белоруссия»; 2) «Источники Белоруссии»; 3) «Историография Белоруссии». Аўтар узняў пытанне гістарыяграфічнага вывучэння Беларусі ў ХІХ – пачатку ХХ ст. Ён прааналізаваў стан крыніцавай базы айчыннай гісторыі, параўнаў канцэптуальныя падыходы расійскіх і польскіх даследчыкаў да гісторыі Беларусі на прыкладзе чатырох гістарычных (Кіеў, Пецярбург, Масква, Вільня) і археаграфічных цэнтраў (Вільня, Кіеў, Пецярбург і Віцебск). Пічэта адзначыў уплыў украінскай школы У.Б.Антановіча («пионер в деле изучения литовско-белорусского государства»), маруднае развіццё ўласна беларускай гістарыяграфіі, яе арыентацыю на крыніцазнаўчыя даследаванні, яе сувязь з польскім нацыянальна-вызваленчым рухам. Праўда, аўтар манаграфіі перабольшваў заслугі свайго настаўніка М.К.Любаўскага – лічыў, што яго канцэпцыя «остается неопровержимой по своей отчетливости и убедительности», не даў ацэнку гістарыяграфіі як з’явы грамадскай думкі.
У артыкуле «Формы нацыянальнага і апазіцыйнага руху на Беларусі» («Полымя», 1924 г., №2), прысвечанаму беларускаму нацыянальна-вызваленчаму руху канца ХІХ – пачатка ХХ ст., Пічэта паспрабаваў даць характарыстыку айчыннай гістарыяграфіі ў кантэксце развіцця нацыянальна-рэвалюцыйнага руху. Таксама ўвага даследчыка была звернута да гістарыяграфіі літоўска-беларускага права ХVXVI стст.: у 1926 г. ён  апублікаваў артыкул «Распрацоўка гісторыі літоўска-беларускага права ХVXVI стст. у гістарыяграфіі». Значны ўклад Пічэта ўнёс у распрацоўку «Скарыніяны». У зборніку «400-лецце беларускага друку, 1525 – 1925» (1924 г.) ён зрабіў гістарыяграфічны агляд публікацыяў, прысвечаных дзейнасці беларускага першадрукара, якія выйшлі ў перыяд з 70-х гг. ХVІІІ ст. па 20-я гг. ХХ ст.
Акрамя Пічэты, да распрацоўкі асобных аспектаў гістарыяграфіі гісторыі Беларусі ў 20-я гг. ХХ ст. звярнуліся В.Д.Дружчыц (гістарыяграфія беларускага феадальнага горада), У.М.Ігнатоўскі (гістарыяграфія Кастрычніцкай рэвалюцыі). У 1929 г. выйшла манаграфія А.І.Цвікевіча «Заходнерусізм»: Нарысы з гісторыі грамадскай мыслі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ ст.», у якой аўтар разглядаў заходнерусізм найперш як плынь грамадска-палітычнай думкі і, у другую чаргу, як гістарыяграфічны феномен.
Выклікае цікавасць праца навуковага сакратара Цэнтральнага бюро краязнаўства пры Інбелкульце М.І.Каспяровіча «Краязнаўства (Нарысы)», выдадзеная ў 1929 г. У ёй аналізуюцца тры плыні краязнаўчага вывучэння Беларусі: польская, руская і беларуская. Да апошняй аўтар адносіў «Нашу Ніву», беларускі навукова-літаратурны гурток студэнтаў Санкт-Пецярбургскага універсітэта, студэнцкі гурток па вывучэнні Беларусі і Літвы.
Гэта былі першыя гістарыяграфічныя работы ў беларускай савецкай гістарычнай навуцы, напісаныя ва ўмовах, калі ішло фармаванне арганізацыйных асноў навукі, пачыналася даследаванне праблем менавіта гісторыі Беларусі, падрыхтоўка спецыялістаў-гісторыкаў. З другога боку, грамадска-палітычная актыўнасць даследчыкаў і навуковы плюралізм 20-х гг. паступова змяняюцца аднадумствам і насаджэннем марксісцка-ленінскай метадалогіі.
Першая гістарыяграфічная праца 30-х гг. ХХ ст. – «Класавая барацьба і гістарычная навука на Беларусі» (1934 г.) В.К.Шчарбакова, якая стала здабыткам не толькі беларускай, але і агульнасавецкай гістарыяграфіі.
Васіль Карпавіч Шчарбакоў (1898 – 1938) нарадзіўся ў в.Дуброўка Аршанскага павета. Доктар гістарычных навук (1934 г.). Скончыў Рагачоўскую настаўніцкую семінарыю, Харкаўскую вышэйшую партыйную школу. Удзельнік грамадзянскай вайны. З 1930 г. загадчык сектара навукі і асветы пры ЦК КП(б)Б. У 1931 – 1935 гг. віцэ-прэзідэнт, у 1935 – 1937 гг. неадменны сакратар АН БССР. У 1931 – 1937 гг. намеснік дырэктара, дырэктар Інстытута гісторыі АН БССР. Прафесар Мінскага педагагічнага інстытута і БДУ. Першы дэкан гістарычнага факультэта БДУ. Рэпрэсаваны ў 1938 г. 
Манаграфія ўвабрала ў сябе шматлікае кола гістарычных даследаванняў таго часу, але ў асноўным змяшчала крытыку публікацый 20-х гг. Яна складаецца з шасці раздзелаў. Першы – «Гістарычная навука і яе палітычнае значэнне» – носіць тэарэтычны характар. У ім былі акрэслены новыя задачы, якія паставіла Камуністычная партыя перад гістарычнай навукай у СССР. Шчарбакоў зыходзіў з таго, што ва ўсе перыяды гісторыя выкарыстоўвалася пануючымі класамі для ўмацавання свайго становішча, таму ніколі не была аб’ектыўнай. Асаблівую актуальнасць гэта з’ява набыла ў найноўшы перыяд, калі абвастрылася класавая барацьба. Аўтар адзначыў, што «…Марксісцкая гістарычная навука ў рэвалюцыйнай барацьбе пролетарыята, у нашым сацыялістычным будаўніцтве, у барацьбе з класава-варожымі нам вылазкамі ў СССР і БССР, у выхаванні працоўных мас у духу пролетарскага інтэрнацыяналізма, – ва ўсіх гэтых галінах адыгрывае вельмі вялікую ролю». «…Тэарэтычны фронт, фронт навукі», на яго думку, «толькі адзін з участкаў класавай барацьбы», «…Якую б тогу аб’ектыўнасці ні надзяваў вучоны, ён заўсёды ў сваіх працах адказвае на актуальныя пытанні палітычнай сучаснасці». «…У класавым грамадстве», працягвае, «не можа быць някласавай навукі».
У гісторыі Беларусі марксісцкая метадалогія патрабавала звярнуць увагу на «распрацоўку гісторыі Кастрычніцкай рэвалюцыі, грамадзянскай вайны, гісторыі фабрык і заводаў і гісторыі пролетарыяту Беларусі». Паколькі з перамогай Кастрычніцкай рэвалюцыі гісторыя набыла пралетарскі характар, то даследчыкам неабходна «…паказаць рост пролетарыята на Беларусі ў сувязі з развіццём капіталізма, яго склад, эксплуатацыю, ускрыць формы пролетарскай барацьбы, яго гераічны ўдзел у рэвалюцыі 1905 г., Кастрычніцкай рэволюцыі…». У дадатак Шчарбакоў адзначыў, што «…Беларускія гісторыкі-нацыяналісты, … стараліся ўсяляк абыходзіць пытанне аб пролетарыяце на Беларусі…». Некалькі лепш, на думку аўтара, абстаіць справа з вывучэннем сялянскага руху на Беларусі. Аднак і тут няма суцэльнай карціны яго развіцця, пры даследаванні гэтага пытання належыць паказаць, што «…толькі пад кіраўніцтвам пролетарыята і яго большэвіцкай партыі сялянства пакончыла са сваім цяжкім мінулым у Кастрычніцкую рэвалюцыю».
 Новая метадалогія прадугледжвала крытыку гістарыяграфічных кірункаў немарксісцкага характару. Другі раздзел «Чарнасоценцы-русіфікатары аб гістарычным развіцці Беларусі» і трэці раздзел «Схема гістарычнага развіцця Беларусі рускіх буржуазных гісторыкаў-вялікадзяржаўнікаў» прысвечаны расійскай дакастрычніцкай гістарыяграфіі, а чацвёрты «Вялікадзяржаўна-нацыяналістычныя ўстаноўкі гісторыкаў польскай шляхты і буржуазіі на гістарычнае развіццё Беларусі» – польскай  гістарыяграфіі. Згодна з аўтарам, расійскія дарэвалюцыйныя гісторыкі абгрунтоўвалі права Расіі на Беларусь, у той час як «гісторыкі імперыялістычнай фашысцкай Польшчы» даказывалі свае правы на «ўсходнія крэсы».
Асобнае месца займае крытыка нацыянал-дэмакратычнай плыні. Ёй аўтар прысвяціў пяты раздзел «Схема гістарычнага развіцця Беларусі контррэвалюцыйных беларускіх нацыянал-дэмакратаў». У паняцце «нацдэмаўшчына» даследчык укладвае адмоўны сэнс: «…Нацдэмаўская схема гістарычнага развіцця Беларусі – гэта схема беларускай буржуазіі і кулацтва». Першыя пачаткі поглядаў нацдэмаў Шчарбакоў адшукаў у 80-х гг. ХІХ ст., у прыватнасці, у газеце «Гоман». Першым нацдэмаўскім гісторыкам ён называе В.Ластоўскага, першай нацдэмаўскай гісторыяй «Кароткую гісторыю Беларусі». Аўтару не спадабалася стаўленне Ластоўскага да беларускай інтэлігенцыі, якую, па яго словах, ён «…узносіць на небывалую вышыню…». Гэта было выклікана тым, што інтэлігенцыя паходзіла з асяроддзя буржуазіі, шляхты і кулацтва, з’яўлялася распрацоўшчыкам і рупарам беларускай нацыянальнай ідэі, выступала супраць сусветнай сацыялістычнай рэвалюцыі. Даследчык абураецца, што гісторыя В.Ластоўскага не змяшчае ні слова аб развіцці капіталізму на Беларусі, аб пралетарыяце і яго ўдзеле ў рэвалюцыі 1905 г., аб сялянскіх паўстаннях і дыферэнцыяцыі сялянства. Яшчэ адным асяродкам беларускага нацыяналізму Шчарбакоў называе газету «Наша Ніва»: «…З номера ў номер газета «Наша Ніва» фарміруе ідэалогію беларускіх нацыяналістаў, развівае буржуазна-нацыяналістычныя погляды на гісторыю Беларусі, фальсіфікуючы падзеі гістарычнага развіцця яе».
Але, нягледзячы на гэтыя здабыткі, нацдэмаўская гістарычная школа, на думку аўтара, не змагла ў дасавецкі перыяд сфармаваць сваіх уласных гісторыкаў. Шчарбакоў тлумачыць гэта ростам пралетарскага рэвалюцыйнага руху і нерашучасцю «нацыяналістаў» гучна казаць аб сваіх патрабаваннях. Буржуазныя па сваёй сутнасці, яны з самага пачатку выступілі супраць сацыялістычнай рэвалюцыі, мабілізаваўшы ўсе сілы і сродкі для барацьбы з пралетарыятам. Пасля абвяшчэння БНР пачынаецца дыскусія аб беларускай дзяржаўнасці: «…Дзеячы БНР гатовы былі ў гэты перыяд прызнаць за навуковы аўтарытэт каго ўгодна, толькі б ён сваімі выказваннямі дапамог унушыць масам аб неабходнасці перамогі буржуазнай дэмакратыі».
Такім чынам, праца В.К.Шчарбакова – гэта водападзел паміж лібералізмам 20-х і ідэалагічнай аднабаковасцю 30-х гадоў. Яна адлюстравала тыя змены, якія адбываліся ў грамадска-палітычным жыцці савецкіх рэспублік па меры ўмацавання культу асобы Сталіна.
Першы абагульняльны гістарыяграфічны агляд працаў па гісторыі Беларусі прапанаваў У.І.Пічэта ў кнізе «25 лет исторической науке в СССР» (1942 г.). Ён апублікаваў артыкул «История Белоруссии в советской историографии», які сведчыў аб імкненні аўтара раскрыць пазітыўны ўклад беларускіх савецкіх гісторыкаў у распрацоўку праблемаў гісторыі Беларусі. На думку Пічэты, уся гісторыя Беларусі пасля 1569 г. і да перамогі Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. была зусім не вывучанай. Таму савецкія гісторыкі павінны вырашыць гэтую задачу. У.І.Пічэта прааналізаваў дасягненні беларускай савецкай археалогіі, працы па аграрнай гісторыі ХVI ст. і даследаванні сваіх вучняў Д.А.Дудкова і К.І.Кернажыцкага. Ён прытрымліваўся метаду каштоўнаснага падыхода: разглядаў працы даследчыкаў у адпаведнасці са ступенню выкарыстання імі марксісцкай метадалогіі.
Аўтар звярнуў увагу на адсутнасць манаграфічных працаў па гісторыі Беларусі: «…построение синтетической истории Белоруссии на основе марксистско-ленинской методологии можно выполнить только на базе монографических исследований. Такие монографические исследования должны были дать тот конкретный материал, который бы позволил восстановить историю Белоруссии».
Вядома, што Пічэта ў гады Вялікай Айчыннай вайны працаваў над рукапісам сінтэтычнай «Гісторыі БССР» са старажытных часоў да адмены прыгоннага права. Гэты рукапіс сёння захоўваецца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь. З 990 старонак тэксту 664 напісаў сам аўтар. Пяцьдзесят з іх складаюць гістарыяграфічны агляд.
Далейшы агляд развіцця беларускай савецкай гістарыяграфіі быў прадстаўлены А.П.П’янковым у зборніку «Наука в БССР за 30 лет» (1949 г.).
Аляксей пятровіч П’янкоў (1901 – 1987) – беларускі гісторык. Доктар гістарычных навук (1949 г.), прафесар (1950 г.). Скончыў Пермскі універсітэт. У 1937 – 1941 гг., 1945 – 1950 гг. загадчык кафедры, дэкан гістарычнага факультэта, прарэктар па навуковай рабоце БДУ, загадчык сектара Інстытута гісторыі АН БССР. З 1950 г. працаваў у Магілёўскім, у 1954 – 1978 гг. у Мінскім педагагічным інстытуце імя М.Горкага.
У артыкуле «Основные этапы в развитии белорусской историографии» вучоны ўпершыню ў беларускай гістарычнай навуцы ўзняў праблему перыядызацыі беларускай савецкай гістарыяграфіі. Пры гэтым аўтар паўтарыў пазіцыю, выказаную Пічэтай, што да Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. гісторыя Беларусі не з’яўлялася самастойным прадметам навуковага вывучэння. П’янкоў рэзка крытыкаваў тэорыю «залатога веку», школу М.М.Пакроўскага, абвінаваціў Інбелкульт у нацыяналістычным скажэнні гісторыі, даў станоўчую ацэнку працам У.І.Пічэты, Д.А.Дудкова, А.М.Ясінскага, І.Ф.Лочмеля.
Амаль праз дзесяць гадоў у зборніку «Навука ў Беларускай ССР за 40 год» (1958 г.) выйшаў калектыўны артыкул «Гістарычная навука за 40 год», падрыхтаваны У.М.Перцавым, І.С.Краўчанкам і З.Ю.Капыскім. Аўтары зрабілі сціплы агляд развіцця гістарычнай навукі ў савецкай Беларусі, акцэнтаваўшы ўвагу на метадалагічных памылках даследчыкаў 20 – 30-х гг.
Паколькі ў другой палове 50-х – 60-я гг. ХХ ст. Камісія па гісторыі гістарычнай навукі АН СССР рыхтавала выданне «Очерков истории исторической науки в СССР» у 7 тамах, то з БССР для напісання адпаведных артыкулаў былі запрошаны У.М.Перцаў, З.Ю.Капыскі і Я.М.Карпачоў.
Асобны раздзел, прысвечаны гістарыяграфіі гісторыі Беларусі, прадстаўлены ў брашуры А.П.Ігнаценкі «Введение в историю БССР» (1965 г.).
Аляксандр Пятровіч Ігнаценка (нарадзіўся ў 1932 г.) – беларускі гісторык. Доктар гістарычных навук (1978 г.), прафесар (1980 г.). Скончыў БДУ. Выкладчык, намеснік дэкана завочнага і гістарычнага факультэтаў (1966 – 1978 гг.), загадчык кафедры гісторыі Беларусі (1990 – 1994 гг.), прафесар БДУ.
Аўтар адным з першых у пасляваенны час звярнуўся да дасавецкага перыяду ў вывучэні гісторыі Беларусі: прапанаваў аналіз рускай дваранскай і буржуазнай гістарыяграфіі, польскай гістарыяграфіі, вылучыў аспект «фальсіфікацыя гісторыі Беларусі беларускімі буржуазнымі нацыяналістамі».
У зборніку «Навука БССР за 50 год» (1968 г.) быў надрукаваны калектыўны артыкул З.Ю.Капыскага, Я.М.Карпачова, І.С.Краўчанкі, І.Я.Марчанкі, А.Р.Мітрафанава «Беларуская гістарычная навука». Аўтары вызначылі тры этапы ў развіцці беларускай савецкай гістарыяграфіі. Першы этап (1919 – сярэдзіна 30-х гг.) – гэта перыяд станаўлення гістарычнай навукі Беларусі на падставе марксісцка-ленінскай метадалогіі. Другі этап (сярэдзіна 30 – сярэдзіна 50-х гг.) характарызуецца разгортваннем даследаванняў гісторыі класавай і нацыянальна-вызваленчай барацьбы ў эпоху феадалізму і капіталізму, вывучэннем савецкай гісторыі. На трэцім этапе (сярэдзіна 50-х – 60-я гг.) вядучае месца займае гісторыя савецкага грамадства, гісторыка-партыйная тэматыка, патрыятычны подзвіг беларускага народу ў Вялікай Айчыннай вайне.
У 70-я гг. ХХ ст. убачылі свет два юбілейныя гістарыяграфічныя зборнікі, якія падагульнялі развіццё гістарычнай навукі ў БССР. Першы з іх выйшаў у 1970 г. пад рэдакцыяй І.С.Краўчанкі і З.Ю.Капыскага «Достижения исторической науки в БССР за 50 лет (1919 – 1969 гг.)». Калектыў аўтараў, які падрыхтаваў гэтае выданне (В.Д.Будзько, А.Р.Мітрафанаў, Г.В.Штыхаў, І.Я.Марчанка, І.С.Краўчанка, З.Ю.Капыскі), зыходзіў з фармацыйнай перыядызацыі гісторыі Беларусі. Таму развіццё гістарычнай навукі ў БССР прадстаўлена па тэмам даследаванняў: археалогія Беларусі, гісторыя Беларусі перыяду феадалізму, перыяда капіталізму, перыяду Кастрычніцкай рэвалюцыі і перамогі сацыялізма, перыяда Вялікай Айчыннай вайны, перыяда завяршэння будаўніцтва сацыялізму і перахода да камунізму. Асобны артыкул быў прысвечаны навуковым установам гістарычнага профілю ў БССР і падрыхтоўцы кадраў гісторыкаў.
Зборнік «Достижения исторической науки в БССР за 60 лет» (1979 г.) быў складзены новым аўтарскім калектывам (З.Ю.Капыскі, П.Ц.Петрыкаў, Л.Д.Побаль, М.В.Біч, П.А.Селіванаў, В.А.Палуян, Э.Ф.Языковіч, А.П.Купрэева і інш.). Сціплы аналіз прац даследчыкаў прапанаваны па чатыром кірункам: археалогія Беларусі, гісторыя Беларусі феадальнага перыяду, капіталістычнага перыяду, савецкага перыяду.
Відавочна, што вышэйназваныя зборнікі носяць схематычны і бібліяграфічны характар. Аўтары акцэнтавалі ўвагу толькі на пазітыўным характары даследчыцкіх працаў і не закраналі недахопаў і нявырашаных праблемаў.
70-я гг. ХХ ст. вызначаюцца пачаткам падрыхтоўкі спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі па спецыяльнасці 07.00.09 – гістарыяграфія і крыніцазнаўства. У 1974 г. была абаронена дысертацыя на суісканне вучонай ступені кандыдата гістарычных навук «В.И.Пичета как историк социально-экономического развития Белоруссии в эпоху феодализма (XV – первая половина XVII вв.)» Э.Р.Іофэ. Ён у далейшым працягваў вывучэнне гэтай праблематыкі і выдаў манаграфію «Из истории белорусской деревни: (Советская историография социально-экономического развития белорусской деревни середины XVII – первой половины ХІХ в.)» (1990 г.).
У.М.Міхнюк у 1975 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю «Историография социально-экономического развития белорусской деревни в 1917 – 1929 гг.», а ў 1987 г. – доктарскую дысертацыю, якая грунтавалася на манаграфіі «Становление и развитие исторической науки Советской Белоруссии (1919 – 1941 гг.)» (1985 г.).
Уладзімір Мікалаевіч Міхнюк (1947 – 2004) – беларускі гісторык. Доктар гістарычных навук (1987 г.), прафесар (1991 г.). Скончыў Гродзенскі педагагічны інстытут. З 1973 г. выкладчык Гродзенскага педагагічнага інстытута, з 1975 г. супрацоўнік Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ. У 1982 – 1987 гг., 1991 г. супрацоўнік Інстытута гісторыі АН Беларусі. У 1987 – 1991 гг. выкладчык Мінскай ВПШ (з 1990 г. Інстытут паліталогіі і сацыяльнага ўпраўлення КПБ). З 1992 г. дырэктар Беларускага навукова-даследчага інстытута дакументазнаўства і архіўнай справы. У 1997 – 1998 гг. загадчык аддзела Камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу РБ. З 1998 г. прафесар кафедры гісторыі Беларусі БДУ.
Даследаванне Міхнюка стала абагульненнем даваеннага перыяду развіцця беларускай савецкай гістарыяграфіі. Аўтар раскрыў фармаванне інстытутаў гістарычнай навукі ў БССР, працэс падрыхтоўкі гістарычных кадраў, у тым ліку і вышэйшай кваліфікацыі, прааналізаваў тэматыку даследаванняў і іх публікацыю, паказаў устанаўленне марксісцка-ленінскай метадалогіі праз барацьбу з яўрэйскай марксісцкай і беларускай нацыянальнай плынямі. Зразумела, што ацэнка шэрагу працаў і іх аўтараў носіць палітызаваны характар, але трэба ўлічвасць час, грамадска-палітычную сітуацыю, у якой знаходзіўся і працаваў аўтар.
У.М.Міхнюк і П.Ц.Петрыкаў у 1987 г. выдалі абагульняльную працу «Историческая наука БССР, 80-е годы», у якой прааналізавалі арганізацыйнае развіццё гістарычнай навукі рэспублікі за 80-я гады ХХ ст. і падвялі вынікі навуковага вывучэння гісторыі БССР і гісторыі Камуністычнай партыі Беларусі.
Пётр Ціханавіч Петрыкаў (нарадзіўся ў 1927 г.) – беларускі гісторык. Член-карэспандэнт НАНБ (1977 г.). Доктар гістарычных навук (1973 г.), прафесар (1978 г.). Скончыў БДУ. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. З 1961 г. у Інстытуце гісторыі АН БССР, з 1962 г. вучоны сакратар, з 1968 г. намеснік дырэктара па навуковай працы. У 1975 – 1988 гг. дырэктар Інстытута гісторыі АН БССР, у 1984 – 1990 гг. загадчык аддзела гісторыі навукі. З 1991 г. дырэктар музея НАНБ, адначасова з 1996 г. першы намеснік галоўнага рэдактара выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя» імя П.Броўкі. 
У 70-я – першай палове 80-х гг. пачынаецца гістарыяграфічная распрацоўка шэрагу кірункаў і тэмаў айчыннай гістарычнай навукі. Праблемы беларускага крыніцазнаўства плённа даследаваў М.М.Улашчык, што знайшло адлюстраванне ў дзвюх манаграфіях: «Очерки по археографии и источниковедению истории Беларуси феодального периода» (1975 г.), «Введение в изучение белорусско-литовского летописания» (1985 г.). Адным з першых даследчыкаў гістарычнай думкі на Беларусі ў XVI – ХІХ стст. стаў Г.А.Каханоўскі, праца якога «Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI – ХІХ стст.» (1984 г.) не страціла сваёй актуальнасці па сённяшні дзень.
Але асноўная ўвага даследчыкаў была накіравана на вывучэнне гістарыяграфічных праблемаў гісторыі савецкага часу. У прыватнасці, можна адзначыць даследаванне гістарыяграфіі беларускага савецкага сялянства У.М.Міхнюком, гістарыяграфіі КПЗБ і Заходняй Беларусі – І.П.Хаўратовічам, гістарыяграфіі Кастрычніцкай рэвалюцыі – Н.І.Стужынскай і інш.
Шэраг прац неслі на сабе адбітак ідэалагічнага супрацьстаяння на міжнароднай арэне. У 1975 г. выйшлі манаграфіі М.Г.Жаркова «Против буржуазной фальсификации истории Октября», В.Ф.Раманоўскага «Против фальсификации истории Белоруссии периода Великой Отечественной войны», а ў 1987 г. І.А.Брадко «Критика буржуазных фальсификаций истории образования БССР». Аўтары ва ўмовах гістарычнага аднадумства і метадалагічнага манапалізму крытыкавалі замежных гісторыкаў за іх падыходы да савецкага перыяду гісторыі. З другога боку, гэтыя працы давалі шырокаму колу айчынных даследчыкаў магчымасць азнаёміцца з гістарычнымі даследаваннямі і канцэптуальнымі палажэннямі замежнай гістарыяграфіі.
У другой палове 80-х гг., калі ў савецкім грамадстве актыўна разгарнуліся «перабудовачныя» працэсы, набыла актуальнасць праблема развіцця гістарычнай навукі БССР у пасляваенны перыяд. Яна была вырашана ў кандыдацкіх дысертацыях В.Ц.Леанаўца «Организация и развитие исторической науки в БССР (1961 – 1970 гг.)» (1987 г.), Л.П.Храпко «Развитие исторической науки в БССР (1945 – конец 1950-х годов)» (1989 г.), І.І.Шаўчука «Развитие исторических наук в БССР (70-е годы)» (1989 г.). Гэтыя даследаванні змяшчаюць грунтоўны і крытычны аналіз развіцця гістарычнай навукі (устаноў гістарычнага профілю, падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў, крыніцазнаўчай базы і метадалагічнай асновы даследаванняў, перыядычных выданняў і выдавецкай базы і г.д.) з улікам уплыву грамадска-палітычнай сітуацыі.
У 1996 г. пад рэдакцыяй П.Ц.Петрыкава выйшла калектыўная праца «Очерки истории науки и культуры Беларуси IX – начала XX вв.»,  у якой упершыню вучоныя Беларусі і Украіны вывучылі асноўныя тэндэнцыі і этапы развіцця гуманітарных і прыродазнаўчых навук у Беларусі.
З вучэбных дапаможнікаў па гістарыяграфіі гісторыі Беларусі прадстаўлена праца З.Ю.Капыскага і В.У.Чапко «Историография БССР (эпоха феодализма): Учеб. пособие» (1986 г.). Аўтары раскрылі вывучэнне феадальнага перыяду гісторыі Беларусі ад летапісання па савецкі час. Пры гэтым крытычныя заўвагі былі накіраваны ў адрас гістарыяграфіі ХІХ – пачатка ХХ стст. і поўнасцю станоўчая ацэнка даецца працам савецкіх даследчыкаў.  У дапаможніку часам замест аналізу прадстаўлены прамы пераказ тэксту і не акцэнтуецца ўвага на нявырашаных праблемах.
З пачатку 90-х гг. у РБ пачалася падрыхтоўка спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі па спецыяльнасці 07.00.09 – гістарыяграфія, крыніцазнаўства і метады гістарычнага даследавання. За 1991 – 2003 гг. было абаронена 5 доктарскіх і 25 кандыдацкіх дысертацыяў. Цікавасць вучоных абумоўлена развіццём навуковых гістарычных даследаванняў, пашырэннем іх крыніцавай базы, развіццём метадалогіі гісторыі.
Вывучэннем дасавецкага перыяду развіцця беларускай гістарыяграфіі плённа займаецца Д.У.Караў.
Дзмітрый Уладзіміравіч Караў (нарадзіўся ў 1949 г.) – беларускі гісторык. Доктар гістарычных навук (1996 г.), прафесар (1997 г.). Скончыў Маскоўскі дзяржаўны гісторыка-архіўны інстытут. У 1973 – 1979 гг. працаваў у Інстытуце гісторыі, археалогіі і этнаграфіі народаў Далёкага Усходу Далёкаўсходняга навуковага цэнтра АН СССР, у Далёкаўсходнім дзяржаўным універсітэце. З 1979 г. выкладчык, загадчык кафедры эканамічнай тэорыі Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы.
У 1996 г. ён абараніў дысертацыю на суісканне вучонай ступені доктара гістарычных навук «Белорусская историография в конце XVIII – начале ХХ вв.», у якой прапанаваў уласнае бачанне вытокаў і этапаў развіцця беларускай гістарычнай думкі. Пад кіраўніцтвам Д.У.Карава пачалася распрацоўка асобных аспектаў дасавецкай гістарыяграфіі Беларусі: гістарыяграфія шляхты ВКЛ (Н.У.Казлоўская), гістарыяграфія заходнерусізма (А.У.Літвінскі). У 1988 і 1990 гг. Д.У.Караў арганізаваў дзве першыя навуковыя канферэнцыі па пытаннях гістарычнага краязнаўства і генеалогіі Беларусі. Іх вынікам стаў выпуск серыі публікацый «Наш радавод» (6 тамоў).
Гісторыю гістарычнай думкі Беларусі і Расіі ў ХІХ – пачатку ХХ ст. даследуе А.М.Нечухрын.
Аляксандр Мікалаевіч Нечухрын (нарадзіўся ў 1952 г.) – беларускі гісторык. Доктар гістарычных навук (1993 г.), прафесар (1995 г.). Скончыў Томскі універсітэт. З 1979 г. працуе ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Я.Купалы. З 1984 г. загадчык кафедры ўсеагульнай гісторыі, з 2001 г. дэкан гістарычнага факультэта, з 2006 г. першы прарэктар Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы.
У 1989 г. ён выдаў кнігу «Историки Гродненщины», у якой адлюстраваны ўклад гісторыкаў – ураджэнцаў Гродзенскай губерні ў развіццё айчыннай гістарычнай навукі. Пад яго навуковым кіраўніцтвам у 2002 г. была падрыхтавана і абаронена кандыдацкая дысертацыя А.І.Мялешкі, прысвечаная гістарычным поглядам П.В.Баброўскага.
Пад кіраўніцтвам прафесара Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы І.І.Коўкеля былі падрыхтаваны і абаронены кандыдацкія дысертацыі С.А.Сіткевіча па гістарыяграфіі польскага падполля (2002 г.), І.Р.Кулевіч па гістарыяграфіі беларускага нацыянальнага руху (2004 г.).
У 2005 г. выйшла манаграфія доктара гістарычных навук, прафесара В.П.Панюціча «Историография аграрной истории Беларуси 1861 – 1917 гг.». Аўтар прааналізаваў дасягненні і недахопы беларускай гісторыка-эканамічнай літаратуры ў асвятленні адмены прыгоннага права, пазямельных адносінаў, капіталістычнай эвалюцыі сельскай гаспадаркі і сялянства, фармавання сельскагаспадарчага пралетарыяту і іншых аспектаў.
З апошніх працаў замежных даследчыкаў, прысвечаных гістарыяграфіі гісторыі Беларусі, уяўляе цікавасць кніга нямецкага гісторыка Р.Лінднэра «Гісторыкі і ўлада: нацыятворчы працэс і гістарычная палітыка ў Беларусі ХІХ – ХХ ст.» (2003 г.). Даследаванне нямецкага вучонага прысвечана суадносінам гістарычнай навукі і палітыкі ў Беларусі. Аўтар прасочвае працэс станаўлення беларускай нацыі і нацыянальнай гісторыі ў апошні перыяд Расійскай імперыі, у 1921 – 1944 гг., у перыяд паміж Другой сусветнай вайной і «адлігай», у «позне- і постсавецкую эпоху».