1. Прадмет курса «Гістарыяграфія гісторыі Беларусі».
Гістарычная навука Беларусі прайшла складаны і супярэчлівы шлях развіцця, асабліва ў савецкі час. Склалася сістэма ўстановаў гістарычнага профілю, падрыхтаваны кваліфікаваныя кадры даследчыкаў, назапашаны вялікі аб’ём гістарычных ведаў. Гістарычная навука не можа развівацца без аналіза набытых звестак, вызначэння ўкладу асобных вучоных і калектываў у вырашэнне навуковых праблемаў. Яна мае патрэбу ў ацэнцы выкарыстаных вучонымі крыніцаў і іх інтэрпрэтацыі, вызначэння метадалогіі даследавання, дакладнасці вынікаў, новага ўкладу ў развіццё навукі. Усё гэта вызначае высокую ролю гістарыяграфіі гісторыі Беларусі сярод іншых гістарычных дысцыплінаў.
Гістарычная навука Беларусі прайшла складаны і супярэчлівы шлях развіцця, асабліва ў савецкі час. Склалася сістэма ўстановаў гістарычнага профілю, падрыхтаваны кваліфікаваныя кадры даследчыкаў, назапашаны вялікі аб’ём гістарычных ведаў. Гістарычная навука не можа развівацца без аналіза набытых звестак, вызначэння ўкладу асобных вучоных і калектываў у вырашэнне навуковых праблемаў. Яна мае патрэбу ў ацэнцы выкарыстаных вучонымі крыніцаў і іх інтэрпрэтацыі, вызначэння метадалогіі даследавання, дакладнасці вынікаў, новага ўкладу ў развіццё навукі. Усё гэта вызначае высокую ролю гістарыяграфіі гісторыі Беларусі сярод іншых гістарычных дысцыплінаў.
Тэрмін «гістарыяграфія» мае грэчаскае паходжанне і складаецца з двух словаў: «гісторыя», што азначае «апавяданне аб мінулым», і «графо» - «пішу». Такім чынам, у прамым сэнсе «гістарыяграфія» азначае «апісанне чаго-небудзь», «пісьмовае апавяданне аб мінулым». Гэтае значэнне тэрміна захавалася да ХХ ст., а тых, хто займаўся гісторыяй, называлі «гістарыёграфамі». Напрыклад, у дарэвалюцыйнай Расіі існавала званне прыдворнага гістарыёграфа. Яно прысвойвалася вядомым вучоным і пісьменнікам (Г.Ф.Мілеру, М.М.Шчарбатаву, М.М.Карамзіну). Пасада давала ім вялікі грашовы аклад і доступ у архівы. Такую ж пасаду займаў і нямецкі гісторык Л.Ранке.
У ХХ ст. значэнне тэрміна «гістарыяграфія» змянілася. Пад ёю сталі звычайна разумець сукупнасць гістарычных работ, прысвечаных той ці іншай праблеме або сукупнасць даследаванняў, аб’яднаных агульнымі рысамі: нацыянальнымі (беларуская, расійская, амерыканская гістарыяграфія), тэарэтычнымі (ліберальная, дваранска-манархічная, марксісцкая гістарыяграфія), тэматычнымі (гістарыяграфія ВКЛ, гістарыяграфія аграрнай гісторыі), храналагічнымі (гістарыяграфія 20 – сярэдзіны 50-х гг., гістарыяграфія сярэдзіны 50 – 80-х гг. ХХ ст.).
Не адразу зацвердзілася вызначэнне гістарыяграфіі як гісторыі гістарычнай навукі, якое стала ўжывацца з пачатку ХХ ст. Паколькі гісторыя гістарычнай навукі – гэта працэс развіцця навукі і яе падсістэм, то гістарыяграфія – гэта навуковая дысцыпліна, якая вывучае гэты працэс. Гістарыяграфія – гэта навука, якая вывучае працэс накаплення ведаў аб развіцці чалавечага грамадства і пераўтварэння іх у навуку, характарызуе розныя погляды на гістарычныя з’явы, разглядае працэс удасканалення метадаў гістарычнага даследавання. Прадметам гістарыяграфіі гісторыі Беларусі з’яўляецца гісторыя вывучэння айчыннай гісторыі ў гістарычнай навуцы Беларусі.
Паколькі прадмет даследавання цесна звязаны з паняццем «гістарычная навука», гістарыяграфія ўключае ў сябе два кірункі: 1) арганізацыя навукі (структура навуковых і вучэбна-навуковых установаў, падрыхтоўка кваліфікаваных кадраў, крыніцазнаўчая база навукі, метадалагічная аснова даследаванняў, перыядычныя выданні і выдавецкая база і інш.); 2) дасягненні гістарычнай навукі (абагульняльныя калектыўныя працы, манаграфіі, артыкулы, дакументальныя публікацыі і інш.).
Таму гістарыяграфія гісторыі Беларусі вывучае арганізацыю гістарычнай навукі, даследчыцкую праблематыку (паказвае развіццё навуковага пазнання гістарычнага мінулага), тэарэтычную базу даследаванняў (выяўляе, якім чынам тыя ці іншыя тэарэтычныя канцэпцыі выкарыстоўваюцца ў працы даследчыка, уплываюць на фарміраванне навуковых школаў, плыняў), паказывае ўплыў палітычнай сітуацыі на канцэптуальную пазіцыю даследчыка.
Крытэрыяў вызначэння гістарыяграфіі як самастойнай гістарычнай дысцыпліны – пяць: значныя дасягненні ў галіне тэорыі і метадалогіі гістарычных даследаванняў, фармаванне цэнтраў па распрацоўцы гістарычных праблемаў, падрыхтоўка кадраў гісторыкаў, якія прафесійна займаюцца мінулым сваёй навукі, стварэнне навуковых даследаванняў, якія асвятляюць працэс развіцця гістарычнай навукі, фармаванне асаблівай навуковай лексікі.