3. Прынцыпы і метады...
^ Вверх
3. Прынцыпы і метады гістарыяграфічнага пазнання.

Вывучэнне гістарыяграфіі гісторыі Беларусі прадугледжвае выкарыстанне шэрагу прынцыпаў навуковага пазнання. Першым з іх ёсць прынцып гістарызму. Ён вызначае аналіз любой гістарыяграфічнай з’явы (канцэпцыі вучонага, навуковага кірунку і г.д.) у развіцці і ў сувязі з фактарамі, якія яе абумовілі. Разглядаючы той ці іншы гістарыяграфічны факт, неабходна ўлічваць узровень развіцця тагачаснай гістарычнай навукі, каб не было неабгрунтаваных заўваг да сваіх папярэднікаў.
Другі прынцып – прынцып сістэмнасці. Ён арыентуе даследчыка на вывучэнне перыядаў і кірункаў гісторыі гістарычнай навукі як сістэмы.
Трэці прынцып – прынцып каштоўнаснага падыходу, які прадугледжвае вылучэнне тых ідэяў і з’яваў мінулага, якія маюць значэнне для сучаснага этапа развіцця гістарычнай навукі.
Вылучаецца шэсць асноўных метадаў гістарыяграфічнага пазнання: 1) параўнальна-гістарычны метад (параўнанне розных гістарычных канцэпцыяў з мэтай вызначэння іх агульных рысаў, асаблівасцяў, ступеняў параўнання), 2) храналагічны метад(аналіз эвалюцыі навуковай думкі, змены канцэпцыяў, ідэяў у храналагічнай паслядоўнасці), 3) праблемна-храналагічны метад(дзяленне шырокай тэмы на шэраг вузкіх праблемаў, кожная з якіх разглядаецца ў храналагічнай паслядоўнасці), 4) метад перыядызацыі(вылучэнне асобных этапаў у развіцці гістарычнай навукі з мэтай вызначэння вядучых кірункаў навуковай думкі), 5) метад рэтраспектыўнага аналізу (вывучэнне развіцця гістарычнай думкі ад сучаснасці да мінулага), 6) метад перспектыўнага аналізу(вызначэнне перспектывы будучых даследаванняў, тэмаў, праблемаў).
У сучаснай гістарыяграфіі гістарыяграфічным фактам прынята лічыць канцэпцыю вучонага, прадстаўленую ў навуковых працах. Гістарыяграфічная крыніца – гэта працы гісторыкаў (манаграфіі, артыкулы, даклады, рукапісы і г.д.), дакументацыя навукова-даследчых устаноў (пратаколы з’ездаў, канферэнцыяў, «круглых» сталоў, стэнаграмы дыскусіяў і г.д.), рэцэнзіі на гістарычныя даследаванні.