4. Ідэйна-палітычная барацьба з беларускімі нацыянальнымі гісторыкамі ў 20-я – пач. 30-х гг.
Ужо ў першыя гады пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі выходзяць з друку брашуры, у якіх аналізуюцца гісторыя рэвалюцыйнага руху ў Беларусі і пытанне нацыянальнага самавызначэння. Вялікая ўвага надавалася абгрунтаванню легітымнасці БНР. Адным з першых аб гэтым пісаў Аляксандр Цвікевіч.
Ужо ў першыя гады пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі выходзяць з друку брашуры, у якіх аналізуюцца гісторыя рэвалюцыйнага руху ў Беларусі і пытанне нацыянальнага самавызначэння. Вялікая ўвага надавалася абгрунтаванню легітымнасці БНР. Адным з першых аб гэтым пісаў Аляксандр Цвікевіч.
Яго праца «Краткий очерк возникновения Белорусской Народной Республики» (1918 г.) пабудавана такім чынам, каб паказаць пераемнасць традыцыяў беларускай дзяржаўнасці. У абвяшчэнні БНР ён вылучае два этапы: пачатковы – Першы Усебеларускі з’езд, другі – прыняцце Устаўных грамат. Даследчык сцвярджаў, што Беларусь была абвешчана рэспублікай яшчэ 17 снежня 1917 г. на Усебеларускім з’ездзе. З прычыны разгону з’езд не паспеў скончыць сваю працу. Завяршэнне неабходна было зрабіць у форме выпрацоўкі юрыдычных актаў. Цвікевіч тлумачыў неабходнасць аддзялення Беларусі ад Расіі асаблівасцямі міжнароднага заканадаўства: Беларусь, з’яўляючыся часткай Расіі, павінна была падпарадкоўвацца Брэсцкаму мірнаму дагавору. Рада БНР была пастаўлена перад выбарам: «или пренебречь заветом Всебелорусского Съезда, подвергнуться разделу, второй раз политически умереть, …или отмежевавшись отъ Великоросіи и ея безумнаго правительства, объявить себя самостоятельным государством и тем самым спасти будущее единаго белорусского народа». Вось чаму была прынята Трэцяя Устаўная Грамата, якая аб’вясціла незалежнасць Беларусі. А пераемнасць Устаўных Грамат з І-м Усебеларускім з’ездам, на думку аўтара, робіць абвяшчэнне БНР волевыяўленнем беларускага народа.
Цікавасць да дадзенай праблематыкі праявіў Мітрафан Доўнар-Запольскі, які актыўна ўключыўся ў дзейнасць БНР, садзейнічаў наладжванню кантактаў паміж кіраўніцтвам БНР і Радай беларускіх арганізацыяў ва Украіне. Ён цесна супрацоўнічаў з газетамі «Белорусское слово», «Белорусское эхо», «Вольная Беларусь». Шмат увагі надаў Доўнар-Запольскі стварэнню беларускага універсітэта, рашэнне аб адкрыцці якога было прынята Народным сакратарыятам БНР. 28 красавіка 1918 г. ён узначаліў спецыяльную камісію пры Народным сакратарыяце асветы, зрабіў канкрэтныя прапановы па структуры універсітэта. Аднак гэтая ідэя не была рэалізавана.
Падчас удзелу ў беларуска-ўкраінскіх перамовах у Кіеве М.В.Доўнар-Запольскі зразумеў, што Германію, Украіну і Савецкую Расію лёс беларускай дзяржаўнасці цікавіць толькі ў той ступені, у якой гэта адпавядае іх уласным інтарэсам, што неабходна ставіць беларускае пытанне на абмеркаванне Парыжскай мірнай канферэнцыі. Таму ў канцы 1918 г. ён працуе над тым, каб сфармуляваць погляды беларусаў на праблему іх дзяржаўнага самавызначэння. Ён скарыстоўвае ўласныя этнаграфічныя матэрыялы, публіцыстычныя артыкулы.
У брашуры «Асновы дзяржаўнасці Беларусі», якая была выдадзена ў 1919 г. на беларускай, рускай, польскай, французскай, нямецкай мовах, а ў 1920 г. на англійскай, М.В.Доўнар-Запольскі з навуковых пазіцыяў абгрунтаваў гістарычныя заканамернасці дзяржаўнага самавызначэння беларускага народа. Ён адзначыў: «Цяпер прыходзіць пара паправіць гістарычныя абмылкі Мінуўшчыны – тым больш што беларуская нацыя апіраецца на крэпкіх фундаментах дзяржаунасці, на шырокіх дэмакратычных асновах і мае трывалыя асобеннасці адметнай гістарычнай культуры. Гэтыя асобеннасці чырвонай ніткай праходзяць цераз усю мінуўшчыну беларусаў і цераз іх сучасны быт».
Міністэрства замежных справаў БНР разаслала брашуру ўрадам еўрапейскіх краінаў са спадзяваннем, што гэта паспрыяе прызнанню БНР. Аднак беларускае пытанне на Парыжскай канферэнцыі не абмяркоўвалася.
У 1925 г., пасля самароспуску Рады БНР у Берліне, у выніку амністыі ўрада БССР дзеячы беларускага нацыянальнага руху пачалі вяртацца на радзіму і ўключацца ў працэс беларусізацыі.
Прадстаўнікі беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі ў сваіх працах зыходзілі з наступных канцэптуальных палажэнняў: тэорыя «адзінага патока» (беларускі народ уяўляе сацыяльна-аднароднае грамадства, якое пасля Люблінскай уніі апынулася пад прыгнётам польскіх, а з канца ХVІІІ ст. – рускіх феадалаў); тэорыя недасканаласці класавых супярэчнасцяў у беларускай нацыі (адзіны, непадзелены на класы этнас з невялікай доляй кулацтва); тэорыя «двухкарэннасці» КП(б)Б (Камуністычная партыя (бальшавікоў) Беларусі сфармавалася з бальшавіцкіх арганізацыяў і БСГ); вядучая роля інтэлігенцыі ў рэвалюцыйных працэсах на тэрыторыі Беларусі; галоўны фактар гістарычнага працэсу – нацыянальная самасвядомасць народа; тэорыя «чатырох грамадскіх групаў» (беларускае грамадства складалася з чатырох грамадскіх групаў: беларусы – сяляне, палякі – памешчыкі, яўрэі – гандляры, рускія – чыноўнікі).
Яны знайшлі адлюстраванне ў артыкулах Я.Лёсіка, А.Смоліча, А.Бурбіса ў зборніку «Беларусь: Нарысы гісторыі, эканомікі, культурнага і рэвалюцыйнага руху», які быў выдадзены ў 1924 г. ў Мінску. Доўнар-Запольскі ў манаграфіі «Народная гаспадарка Беларусі. 1861 – 1914 гг.» (1926 г.) упершыню закрануў праблему генезіса капіталізму ў Беларусі. Аўтар, зыходзячы з народніцкіх пазіцыяў, прыніжаў узровень развіцця буржуазных адносінаў у эканоміцы парэформеннага перыяду, пісаў пра ўстойлівасць сялянскай гаспадаркі і адсутнасць сацыяльнай дыферэнцыяцыі. Даследчык упершыню выкарыстаў новую методыку падлікаў – «сярэднія лічбы».
Раней выйшла кніга Фёдара Фёдаравіча Турука «Белорусское движение: Очерк истории национального и революционного движения белорусов» (1923 г.). Гэта даследаванне было першай спробай навуковага аналізу беларускага нацыянальнага руху як суцэльнай з’явы грамадска-палітычнага жыцця Беларусі другой паловы ХІХ – першай чвэрці ХХ ст. Аўтар сцісла і лаканічна, але па сутнасці, ахарактарызаваў карані беларускага нацыянальнага руху, яго першыя этапы падчас рэвалюцыі 1905 – 1907 гг., Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцыяў 1917 г., у перыяд нямецкай і польскай акупацыі. Турук раскрыў дзейнасць беларускіх нацыянальных палітычных партыяў, вызначыў перадумовы абвяшчэння БССР, вылучыў асобным пытаннем камуністычны рух сярод беларусаў, паказаў беспадстаўнасць супрацоўніцтва з польскімі акупантамі.
У 1925 г. Павел Віктаравіч Трамповіч у артыкуле «Шляхі беларускай інтэлігенцыі» («Савецкая Беларусь», 21 кастр.) паставіў пытанне аб супрацоўніцтве беларускай інтэлігенцыі з Камуністычнай партыяй (бальшавікоў) Беларусі. На яго думку, старая беларуская інтэлігенцыя, якая сфармавалася ў перыяд «Нашай Нівы» і пачала беларускі адраджэнцкі рух, заклала асновы беларускай дзяржаўнасці і культуры, павінна кіраваць БССР.
Вядучую ролю ў даследаванні беларускіх нацыянальных гісторыкаў адыгрывала публіцыстыка. Напрыклад, часопіс «Полымя» (выдаваўся са снежня 1922 г.), «Вперед», з 1927 г. перайменаваны ў «Бальшавік Беларусі». Дзейнасць БСГ падчас першай рускай рэвалюцыі даследаваў А.Шлюбскі, акцэнтуючы ўвагу на супрацоўніцтве БСГ з газетай «Наша Ніва». М.Мялешка паглыбіў гэтую тэматыку праз вывучэнне зямельнай праграмы Грамады. 1905-му году прысвечаны ўспаміны А.В.Бонч-Асмалоўскага. Пытанні нацыянальнай палітыкі закраналі А.І.Цвікевіч і У.І.Пічэта. Апошні даследчык таксама займаўся вывучэннем польска-савецкіх адносінаў і Рыжскага мірнага дагавору.
Большасць артыкулаў З.Жылуновіча была прысвечана станаўленню беларускай дзяржаўнасці. На старонках часопіса «Полымя» ён змясціў шэраг артыкулаў, прысвечаных гэтай тэматыцы: «Уступамі да Акцябра», «Aрганізацыя сіл», «Гістарычны момант», «Беларускія сэкцыі РКП і стварэнне Беларускай Савецкай Рэспублікі».
У канцы 20-х гг. у адносінах да нацыянальнай інтэлігенцыі сталі ўжывацца рэпрэсіўныя меры. Пачынаецца кампанія па барацьбе з «нацдэмаўшчынай». Адным з першых у яе ўключыўся С.Х.Агурскі. У лютым 1929 г. ён выступіў на ХІІ з'ездзе КП(б)Б супраць ацэнкі У.М.Ігнатоўскім паўстання 1863 г., а К.Каліноўскага назваў міфічным героем. Агурскі спрабаваў даказаць, што паўстанне мела рэакцыйны памешчыцка-клерыкальны характар. Артыкул «Нацыянал-дэмакратычныя тэндэнцыі на гістарычным фронце Беларусі» («Пралетарская рэвалюцыя», №8) быў накіраваны супраць поглядаў Ігнатоўскага і .Жылуновіча, якіх аўтар прадставіў нацыяналістычнымі. Доказам сталі цытаты з заключэння камісіі У.П.Затонскага і публічнае раскайванне Ігнатоўскага ў сваіх памылках.
Першарадная роля ў барацьбе з «нацыянал-дэмакратызмам» на гістарычным фронце належыла часопісу «Бальшавік Беларусі». У 1928 г. быў апублікаваны артыкул А.Кіржніца «У няволі буржуазнага нацыяналізму». У прадмове аўтар акрэсліў сваё стаўленне да беларускага нацыянальнага руху – «нацыяналістычны рух», «згодніцкая інтэлігенцыя». На яго думку, «…гэты рух, які маскіраваўся звычайна «агульнанацыянальнымі» інтарэсамі і ідэаламі, у сапраўднасці быў накіраваны галоўным сваім астрыём супроць савецкай улады». Беларускі нацыянальны рух ён разглядзеў на прыкладах Кастрычніцкай рэвалюцыі, падрыхтоўкі і правядзення І-га Усебеларускага з’езда. Заканчэнне з’езда, якое ў аўтара названа «роспускам», адбылося з прычыны яго нацыянальнай платформы. А гэта супярэчыла класаваму прынцыпу Кастрычніцкай рэвалюцыі, што ў сваю чаргу прывяло беларускі нацыянальны рух да «…яго ўзурпацыі дробна-буржуазнай згодніцкай інтэлігенцыяй, рэакцыйным чыноўніцтвам і палёно-фільскай шляхтай».
У гэтым жа часопісе за 1929 г. былі змешчаны два артыкулы: «Аб вытоках беларускага нацыянал-дэмакратызму і нацыянал-фашызму» А.Сталевіча і «Беларускі нацыянал-фашызм і яго сабрат беларускі нацыянал-дэмократызм» А.Некрашэвіча. У першым артыкуле аўтар адзначыў, што сацыяльная база, эканамічныя і палітычныя прычыны беларускага нацыянал-дэмакратызму даследаваны поўна, чаго не скажаш пра карані і вытокі. Гэтаму ён прысвяціў сваё даследаванне. Вытокамі сталі БСГ і газета «Наша Ніва».
А.Некрашэвіч больш смела і адкрыта паставіў на адну прыступку «…польскі фашызм і беларускі нацыянал-фашызм». Распрацоўшчыкам апошняга ён лічыў А.Луцкевіча, яго вытокамі – той факт, што беларускі нацыянальны рух узнік не на класавай, а на нацыянальнай глебе. Фактарам, які актывізаваў нацыянал-дэмакратызм у Савецкай Беларусі, была названа палітыка Наркамзема. Аўтар засяродзіў увагу над яго асноўнымі палажэннямі, сярод якіх яму асабліва не падабалася адмаўленне класавай барацьбы ў вёсцы і гаворка пра самабытнасць Беларусі. Але найбольш плённа гэтыя ўстаноўкі распрацаваны ў брашуры А.Зюзькова «Крывавы шлях беларускай нацдэмакратыі» (1931 г.).
На ХІІ з’ездзе КП(б)Б, які адбыўся ў лютым 1929 г., было заяўлена, што беларуская нацыянальная інтэлігенцыя праводзіць нацыяналістычны курс і расце за лік кулацтва. Прадстаўнікі беларускага нацыянальнага руху вымушаны былі падвергнуць сябе самакрытыцы. З.Жылуновіч накіраваў у бюро ЦК КП(б)Б ліст «Мае памылкі і іх карані» (1929 г.), у якім назваў БСГ «неаформленай і палітычна нявызначанай паўсектанцкай групоўкай», а Першы Усебеларускі з’езд – «варожай дэманстрацыяй да рабоча-сялянскай улады». Гісторык абвінаваціў сябе ў невыкарыстанні класавага прынцыпу.
Тое ж зрабіў У.М.Ігнатоўскі. Выступаючы на ХІ з’ездзе КП(б)Б, ён ахарактарызаваў свае погляды як памылковыя. Пры гэтым БСГ і Бунд назваў «згаджальніцкімі нацыяналістычнымі партыямі», указаў на неабходнасць класавага падыходу ў ацэнцы нацыянальна-культурнага будаўніцтва. А.Р.Чарвякоў вымушаны быў асудзіць свае погляды ў артыкуле «Большевистской самокритикой вскроем свои ошибки и еще более закалим свои ряды для борьбы за социализм» (Звязда, 27 снеж.).