2. Падрыхтоўка гістарычных кадраў у даваенны перыяд.
Пачатак падрыхтоўкі кадраў гісторыкаў у БССР звязаны з Беларускім дзяржаўным універсітэтам, які быў заснаваны ў 1921 г. Дарэчы, першая лекцыя, якую прачытаў ва універсітэце гісторык Дзмітрый Пятровіч Канчалоўскі, называлася «Пра сусветную гісторыю», а першым рэктарам стаў У.І.Пічэта.
Пачатак падрыхтоўкі кадраў гісторыкаў у БССР звязаны з Беларускім дзяржаўным універсітэтам, які быў заснаваны ў 1921 г. Дарэчы, першая лекцыя, якую прачытаў ва універсітэце гісторык Дзмітрый Пятровіч Канчалоўскі, называлася «Пра сусветную гісторыю», а першым рэктарам стаў У.І.Пічэта.
Першапачаткова падрыхтоўка гістарычных кадраў ажыццяўлялася на грамадска-педагагічным аддзяленні факультэта грамадскіх навук (першы дэкан У.М.Ігнатоўскі). Сама ідэя падобных факультэтаў была прапанавана старшынёй Камісіі ВНУ пры Наркамаце асветы РСФСР М.М.Пакроўскім. Выкладанне там вялося з пазіцыяў марксізму-ленінізму, а сярод педагагічных работнікаў і студэнтаў пераважалі камуністы.
У 1922 г. грамадска-педагагічнае аддзяленне было рэарганізавана ў сацыяльна-гістарычнае і ўвайшло ў склад педагагічнага факультэта універсітэта. На яго сацыяльна-гістарычным аддзяленні (1 – 2 курсы) у 1922/1923 навучальным годзе займаліся 357 студэнтаў ва ўзросце ад 18 да 65 гадоў. Кафедры ў той час існавалі ўмоўна. Часам яны складаліся з аднаго прафесара. Але тэрмін «гісторыя» гучаў у назвах кафедраў: гісторыі заходнееўрапейскай літаратуры, усеагульнай гісторыі, гісторыі рэлігіі і Старажытнага Ўсходу, гісторыі Беларусі, рускай гісторыі і інш. Пад уплывам беларусізацыі 65 % навучальных курсаў выкладалася на беларускай мове, 20 % – на рускай, 15 % – на яўрэйскай. Усе экзамены і залікі сдаваліся на беларускай мове.
Дзякуючы намаганням прафесара Пічэты ва універсітэцкай адукацыі пачэснае месца занялі такія дысцыпліны, як гісторыя Беларусі, гісторыя народнай гаспадаркі БССР, гісторыя рускага і беларускага права. У цэнтры гэтай працы стаялі М.В.Доўнар-Запольскі, У.М.Ігнатоўскі, Ф.Ф.Турук, Д.А.Дудкоў, К.І.Кернажыцкі, В.Д.Дружчыц, М.М.Шчакаціхін, пра якіх з удзячнасцю ўспаміналі першыя студэнты сацыяльна-гістарычнага аддзялення педагагічнага факультэта.
Для ўмацавання выкладчыцкіх кадраў у БДУ Наркамат асветы РСФСР накіраваў туды групу вучоных-гісторыкаў – У.М.Дз’якава, Д.А.Жарынава, М.М.Нікольскага, У.М.Перцава, А.А.Савіча. Таксама СНК РСФСР у 1921 г. прыняў спецыяльны дэкрэт аб адкліканні з установаў Расійскай федэрацыі ўраджэнцаў Беларусі.
7 ліпеня 1931 г. на базе педагагічнага факультэта БДУ была створана самастойная навучальная ўстанова – Вышэйшы педагагічны інстытут. Ён складаўся з трох факультэтаў, у тым ліку сацыяльна-эканамічнага. У ім на пачатак 1931/1932 навучальнага года вучыліся 160 студэнтаў. Факультэт складаўся з гістарычнага і эканамічнага аддзяленняў. У 1933 г. на сацыяльна-эканамічным факультэце была створана кафедра гісторыі СССР і БССР пад кіраўніцтвам акадэміка В.К.Шчарбакова.
16 мая 1934 г. выйшла пастанова СНК СССР і ЦК ВКП(б) «Аб выкладанні грамадзянскай гісторыі ў школах СССР». На яе падставе сацыяльна-эканамічны факультэт быў падзелены на гістарычны і геаграфічны факультэты. Першы набор на гістарычны факультэт у 1934/1935 навучальным годзе складаў 175 чалавек, з іх на гістарычнае аддзяленне – 100 студэнтаў. Дэканам быў прызначаны акадэмік В.К.Шчарбакоў. На факультэце былі арганізаваны кафедры гісторыі ВКП(б), гісторыі старажытнага часу і сярэдніх вякоў, гісторыі СССР і БССР, новай і найноўшай гісторыі. Працавалі 18 выкладчыкаў.
Кафедра гісторыі СССР і БССР вылучылася з кафедры ўсеагульнай гісторыі ў 1936 г. На ёй працавалі А.П.П'янкоў, Д.А.Дудкоў, Ц.С.Гарбуноў. Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы, у 1940 г. была створана першая універсітэцкая праграма курсу «Гісторыя Беларусі», выкладчыкі прынялі ўдзел у падрыхтоўцы дапаможніка «Гісторыя Беларусі ў дакументах і матэрыялах». У 1939 г. на гістфаку адбылася абарона першай кандыдацкай дысертацыі.
Часткова кадры для гістарычнай навукі рыхтавалі ў камуністычных ВНУ. У кастрычніку 1925 г. на базе Цэнтральнай савецкай партыйнай школы г.Мінска быў адчынены Камуністычны універсітэт Беларусі імя У.І.Леніна (існаваў да верасня 1932 г.). Гэта была вышэйшая партыйная навучальная ўстанова, якая рыхтавала кіруючыя кадры партыйных і савецкіх работнікаў. Працэс навучання ажыццяўляўся на наступных аддзяленнях: партыйным, савецкім, прапагандысцкім, газетным, народнай адукацыі. Тэрмін навучання складаў тры гады. За 1930 – 1932 гг. у гэтай ВНУ адукацыю атрымалі 2 352 чалавекі.
Таксама ў Маскве ў 1924 г. пры Камуністычным універсітэце нацыянальных меншасцяў Захаду імя Ю.Ю.Мархлеўскага быў створаны беларускі сектар, на які прынялі 48 студэнтаў. Ужо ў 1926/1927 навучальным годзе вучыліся 85 студэнтаў з БССР, а ў 1931/1932 навучальным годзе – 116.
Штогод партыйная арганізацыя рэспублікі накіроўвала найбольш падрыхтаваныя тэарэтычна кадры ў інстытуты чырвонай прафесуры (1923 г. – 25 чалавек, 1931 г. – 18, 1932 г. – 21, 1934 г. – 30. З іх, як правіла, тры-пяць слухачоў спецыялізаваліся па гісторыі і па гісторыі партыі.
Нягледзячы на тое, што ў БССР у другой палове 20-х гг. былі створаны ўмовы для падрыхтоўкі навукова-педагагічных работнікаў, спецыялістаў-гісторыкаў вышэйшай кваліфікацыі не хапала. У 1930 г. іх колькасць у БССР складала 25 чалавек, а вакансіяў у навуковых гістарычных установах і на кафедрах ВНУ рэспублікі налічвалася 15.
З другой паловы 20-х гг. асноўнай формай падрыхтоўкі спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі становіцца аспірантура. 6 жніўня 1927 г. СНК БССР зацвердзіў «Палажэнне аб навуковых работніках вышэйшых навучальных установаў і навуковых установаў БССР». На падставе гэтага дакумента была адчынена аспірантура ў БДУ і Інбелкульте, а з 1930 г. – у Інстытуте гісторыі партыі пры ЦК КП(б)Б. У ліку першых аспірантаў БДУ былі вучні У.І.Пічэты – А.Бурдзейка, Ф.Забела, К.Кернажыцкі.
У аспірантуру маглі паступаць асобы, якія мелі вышэйшую гістарычную адукацыю. У адпаведнасці з палажэннем аб арганізацыі аспірантуры не менш чым палову аспірантаў павінны былі складаць выхадцы з рабочых і сялян ва ўзросце да 37 гадоў. Першапачаткова паступаючыя прадстаўлялі рэферат па гісторыі і праходзілі субяседаванне па асноўных грамадскіх дысцыплінах (дыялектычнаму матэрыялізму, палітычнай эканоміі, ленінізму, гісторыі класавай барацьбы, гісторыі партыі). Пры гэтым суіскальнікі аспірантуры Інстытута гісторыі партыі павінны былі мець пяць гадоў партыйнага стажу і тры гады партыйнай работы. Пазней былі ўведзены ўступныя экзамены па грамадскіх навуках і гісторыі.
Тэрмін навучання для аспірантаў складаў тры гады. У першы год навучання вывучалі дыялектычны і гістарычны матэрыялізм, ленінізм і гісторыю ВКП(б). Другі год адводзіўся на вывучэнне гісторыі КП(б)Б і рэвалюцыйнага руху ў Беларусі. Трэці год аспіранты самастойна распрацоўвалі навуковую гістарычную праблему і прымалі ўдзел у навукова-даследчай дзейнасці. Ужо з другога курсу ўсе аспіранты абавязкова павінны былі займацца выкладчыцкай дзейнасцю.
Паколькі ў БССР не хапала навуковых кадраў, ЦК КП(б)Б у снежні 1930 г. прыняў пастанову, у якой вызначыў меры па ўдасканаленні іх падрыхтоўкі. У Акадэміі навук БССР быў створаны Інстытут аспірантуры. Ён увабраў аспірантаў усіх навукова-даследчых установаў. Для аспірантаў-гісторыкаў працаваў метадалагічны семінар «Асноўныя праблемы гісторыі ХІХ і ХХ стст. у асвятленні У.І.Леніна». Яны заслухалі даклады: «Праблема прамысловага перавароту ў пастаноўцы У.І.Леніна», «У.І.Ленін аб Парыжскай камуне», «Праблемы перарастання буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі ў сацыялістычную паводле У.І.Леніна» і інш.
Такая форма навучання будучых навуковых і выкладчыцкіх работнікаў, калі адначасова займаліся 300 чалавек, сябе не апраўдала. Таму ў верасні 1932 г. Інстытут аспірантуры быў рэарганізаваны. Працэс падрыхтоўкі кадраў вышэйшай кваліфікацыі зноў быў перанесены ў навукова-даследчыцкія ўстановы і ВНУ.
Паляпшэнню падрыхтоўкі кадраў гісторыкаў садзейнічала пастановы СНК СССР (студзень 1934 г.) «Аб падрыхтоўцы навуковых і навукова-педагагічных кадраў», «Аб вучоных ступенях і званнях». Уводзіліся навуковыя ступені (кандыдат і доктар навук) і вучоныя званні (асістэнт, дацэнт, прафесар (у ВНУ), малодшы і старэйшы навуковы супрацоўнік і сапраўдны член (у навукова-даследчых установах)).
Для атрымання вучоных ступеняў кандыдата і доктара навук уводзілася публічная абарона дысертацыяў. Аднак ступень доктара навук магла прысуджацца і без абароны вучоным, вядомым сваім укладам у развіццё навукі. Таксама ступень доктара навук аўтаматычна прысвойвалася акадэмікам саюзных і рэспубліканскіх Акадэміяў навук. На гэтай падставе ступень доктара гістарычных навук без абароны дысертацыі была прысуджана М.М.Нікольскаму, У.М.Перцаву, С.Ю.Матулайцісу, П.В.Горыну, В.К.Шчарбакову, В.А.Сербенце.
З 1934 г. аспірантура замацоўвалася толькі ў ВНУ з моцнай навучальна-навуковай базай. У лік аспірантаў прымаліся асобы, якія мелі закончаную вышэйшую адукацыю і стаж працы па выбранай спецыяльнасці не менш за два гады. Аспірант займаўся па індывідуальным плане. Асноўным яго зместам з’яўлялася самастойная даследчыцкая праца, якая завяршалася абаронай кандыдацкай дысертацыі. У сакавіку 1939 г. СНК СССР зацвердзіў новае палажэнне аб аспірантуры. З гэтага часу яна стала адзінай формай падрыхтоўкі кадраў вышэйшай кваліфікацыі ў СССР.
У сакавіку 1937 г. у БДУ быў створаны Вучоны савет па абароне доктарскіх і кандыдацкіх дысертацыяў па гістарычных навуках. Яго праца садзейнічала росту нацыянальных навуковых кадраў. Ужо ў даваенныя гады ў БДУ абаранілі кандыдацкія дысертацыі Д.А.Дудкоў, А.І.Зюськоў, К.І.Кернажыцкі, Г.М.Ліўшыц, І.Ф.Лочмель, А.П.П’янкоў. Усяго ў БДУ навуковыя ступені кандыдата гістарычных навук былі прысуджаны 10 суіскальнікам.
У пачатку 1935 г. у БССР налічвалася 92 гісторыка вышэйшай кваліфікацыі, уключаючы археолагаў, этнографаў і аспірантаў. Гісторыяй партыі займаліся 27 чалавек, новай і найноўшай гісторыяй – 19, гісторыяй Беларусі – 15, гісторыяй народаў СССР – 14, гісторыяй старажытнага свету – 4. Акадэмікаў і прафесароў было 9, дацэнтаў – 19, малодшых навуковых супрацоўнікаў і асістэнтаў – 29. У аспірантуры займаліся 35 чалавек.
Але спецыялістаў не хапала, асабліва па сусветнай гісторыі. Некаторыя кафедры ўзначальвалі дацэнты і нават асістэнты. Так, у 1936 г. у БССР не было ніводнага прафесара па гісторыі СССР, хоць такія кафедры былі адкрытыя ў пяці ВНУ.
Улічваючы гэтыя абставіны, на Бюро ЦК КП(б)Б у чэрвені 1937 г. было разгледжана пытанне «Аб падрыхтоўцы аспірантаў па сацыяльна-эканамічным дысцыплінах, мове і літаратуры». Кіраўніцтву АН БССР, БДУ, Мінскага педінстытута прапанавалі пад асабістую адказнасць палепшыць падрыхтоўку аспірантаў. Назіраецца павялічэнне колькасці аспірантаў па грамадзянскай гісторыі. З другога боку, выхад «Кароткага курсу гісторыі ВКП(б)» паставіў задачу ўзмацнення партыйнай прапаганды. Таму ў ВНУ рэспублікі былі створаны кафедры марксізму-ленінізму і адкрыта аспірантура па спецыяльнасці «гісторыі партыі» ў АН БССР.
Такім чынам, у даваенны перыяд у БССР склалася адзіная сістэма падрыхтоўкі кадраў гісторыкаў, якая праводзілася на падставе марксісцка-ленінскай метадалогіі.