3. Укараненне марксісцка-ленінскай метадалогіі. Ідэйна-палітычная барацьба з яўрэйскімі гісторыкамі-марксістамі ў 20-я – пач. 30-х гг.
У 20-я гг. у гістарычнай навуцы СССР склалася гістарычная «школа М.М.Пакроўскага». Большасць сучасных даследчыкаў у гэты тэрмін укладвае грамадска-палітычны, а не навуковы змест. Для гэтай школы былі характэрны тыповыя рысы савецкай гістарыяграфіі: манапалізацыя ісціны, ідэйная манаполія, лінейнае разуменне грамадскага прагрэсу, манапалізм думкі і інш.
У 20-я гг. у гістарычнай навуцы СССР склалася гістарычная «школа М.М.Пакроўскага». Большасць сучасных даследчыкаў у гэты тэрмін укладвае грамадска-палітычны, а не навуковы змест. Для гэтай школы былі характэрны тыповыя рысы савецкай гістарыяграфіі: манапалізацыя ісціны, ідэйная манаполія, лінейнае разуменне грамадскага прагрэсу, манапалізм думкі і інш.
Памёр М.М.Пакроўскі ў 1932 г., а ўжо ў другой палове 30-х гг. разгарнулася хваля крытыкі яго поглядаў. У 1936 г. цэнтральныя газеты краіны апублікавалі заўвагі кіраўнікоў краіны (І.Сталіна, С.Жданава, С.Кірава) на канспекты падручнікаў па гісторыі СССР і новай гісторыі. На іх думку, памылкі аўтараў былі абумоўлены антымарксісцкімі, антыленінскімі, ліквідатарскімі і антынавуковымі поглядамі Пакроўскага. З жорсткай іх крытыкай выступілі К.Радэк і М.Бухарын. Радэк заявіў, што Пакроўскі не мог быць марксісцкім гісторыкам, бо сфармаваўся як спецыяліст, не будучы членам партыі бальшавікоў. М.І.Бухарын не згаджаўся з тэзісам пра неаб’ектыўнасць класавай барацьбы. Пралетарская гісторыя – праўдзівая ў сваёй аснове, бо заснавана на марксізме. Ужо ў 1939 г. выйшаў зборнік навуковых працаў вучняў гісторыка «Против исторической концепции М.М.Покровского», а ў 1940 г. – «Против антимарксистской концепции М.М.Покровского».
Відавочна, што прычынаў для навуковай крытыкі Пакроўскага не існавала, а вось палітычныя былі – яго погляды на савецкую гісторыю не супадалі з поглядамі кіраўніцтва СССР:
Погляды М.М.Пакроўскага |
Пазіцыя І.В.Сталіна |
Крытыка рускіх гісторыкаў дзяржаўна-прававой школы |
Прызнанне вызначальнай ролі дзяржавы ў грамадскім жыцці |
Высокія тэмпы эканамічнага росту Расіі ў пачатку ХХ ст. садзейнічалі паскоранаму развіццю капіталізму і абвастрэнню класавай барацьбы |
Адсталасць Расійскай імперыі прадвызначыла нарастанне сацыяльнай рэвалюцыі |
Падабенства рускага і заходнееўрапейскага шляхоў гістарычнага развіцця |
Нацыянальнае паходжанне рускай рэвалюцыі |
Адмаўленне ролі асобы ў гісторыі |
Зварот да вялікіх асобаў з мэтай выхавання патрыятызму |
Зразумела, што погляды М.М.Пакроўскага перасталі адпавядаць палітычным і ідэалагічным патрабаванням часу.
Развіццё гістарычнай навукі БССР у гэты перыяд праходзіла ў складаных умовах. На гістарычныя даследаванні наклала адбітак камандна-адміністрацыйныя сістэма. Вострая барацьба вакол пытанняў гісторыі Беларусі найчасцей завяршалася палітычнымі абвінавачваннямі, што мела негатыўныя наступствы для самой гістарычнай навукі.
Устанаўленне марксісцка-ленінскай метадалогіі ажыццяўлялася ў форме барацьбы з яўрэйскімі гісторыкамі-марксістамі і беларускімі гісторыкамі нацыянальнай арыентацыі. Да таго ж 40 % рэспубліканскага і 25 % акруговага партыйнага актыву рэспублікі былі выхадцамі з небальшавіцкіх партыяў.
Яўрэйскіх гісторыкаў сталі абвінавачваць у бундызме – г.зн. прыхільнасці да ідэалогіі Бунда («Усеагульнага яўрэйскага рабочага саюза ў Літве, Польшчы і Расіі»), а таксама ў сіянізме. Дарэчы старшыня ЦВК БССР А.Р.Чарвякоў у дакладзе «Сучаснае становішча Савецкай Беларусі» (1926 г.) адзначыў, што «асноўнымі контррэвалюцыйнымі сіламі ў Беларусі з’яўляюцца духавенства, а затым сіяністы».
Яўрэйская інтэлігенцыя ў 20-я гг. выказывала незадаволенасць палітыкай беларусізацыі і карэнізацыяй, бачыла ў гэтых працэсах прымусовае абеларусванне і ігнараванне культурных патрэбаў яўрэйскай нацыянальнай меншасці ў БССР. Яўрэйскія гісторыкі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. сталі прапагандаваць ідэю «культурна-нацыянальнай аўтаноміі» для савецкіх яўрэяў. Партыйнае кіраўніцтва лічыла падобныя погляды нацыяналістычнымі.
Дацэнт БДУ І.Славін у артыкуле «Национал-демократизм и правая опасность», які быў апублікаваны ў часопісе «Революция и культура» (1929, №2), сцвярджаў, што ў гарадах Беларусі яўрэйскія рабочыя не займаюць адказных пасадаў у органах дыктатуры пралетарыята. А паколькі ў БССР яўрэйскі пралетарыят мае большасць, то палітыка беларусізацыі вядзе да паслаблення дыктатуры пралетарыята і ўзмацнення ролі сялянства.
Яўрэйскія гісторыкі, як правіла, гэта былыя члены Бунда («самаліквідацыя» гэтай партыі адбылася ў сакавіку 1921 г.), у сваіх поглядах зыходзілі з наступных канцэптуальных палажэнняў: яўрэйскі нацыяналізм – гэта адказ на антысемітызм (бальшавікі лічылі вынікам класавай барацьбы); «канцэпцыя адзінай прыгнечанай і гнанай яўрэйскай нацыі»; кіруючая роля Бунда ў рэвалюцыйным руху на тэрыторыі Беларусі; «двухкарэннасць» утварэння КП(б)Б: з Бунда і бальшавіцкіх арганізацыяў. Практычнае ўвасабленне гэтыя палажэнні атрымалі ў працах Бухбіндэра, Вайнштэйна, Кіржніца, Крэмера, Літвакова, Рафеса і інш.
Ю.Н.Майзель, М.І.Шапавалаў у «Кароткім нарысе гісторыі КП(б)Б» (1929 г.) сцвярджалі, што ў Беларусі ў пачатку ХХ ст. дамінавала рамесная вытворчасць, таму не існавала пралетарскай глебы для распаўсюджання бальшавізму, але меліся сацыяльная і нацыянальная база для дзейнасці Бунда. Аўтары лічылі, што партыйныя арганізацыі бальшавікоў узніклі на Беларусі ў 1917 г. і не адыгралі кіруючай ролі ў Кастрычніцкай рэвалюцыі.
Б.Олікер, Л.Розенблюм у «Нарысах гісторыі камсамола ў Беларусі» (1927 г.) таксама не прызнавалі дзейнасць бальшавіцкіх арганізацыяў у Беларусі да лютага 1917 г. На іх думку, да гэтага часу кіруючай сілай у рэвалюцыйным руху былі Бунд і меншавікі.
Адзін з заснавальнікаў Бунда Аляксандр Крэмер у артыкуле «Основание Бунда», надрукаваным у часопісе «Пролетарская революция» (1929, №11) даказваў, што І-ы з’езд РСДРП быў скліканы паводле ініцыятывы Бунда.
Аб кіруючай ролі Бунда ў рэвалюцыйных працэсах канца ХІХ – пачатку ХХ ст. у савецкай гістарыяграфіі 20-х гг. пісалі М.Рафес («Очерки по истории еврейского рабочего движения» (1929 г.); «Очерки по истории Бунда» (1923 г.)), Н.А.Бухбіндэр («Материалы по истории еврейского рабочего движения в России» (1923 г.); «История еврейского рабочего движения в России: (По неизд. материалам)» (1925 г.)), А.Д.Кіржніц («В годы империалистической войны: Очерки рабочего движения в России» (1924 г.); «Еврейский рабочий» (1927 г.)).
Найбольш выразна погляды яўрэйскіх гісторыкаў-марксістаў прасочваюцца ў працах старшыні гістарычнай секцыі Інстытута яўрэйскай культуры АН БССР І.Я.Чарняўскага, напісаных на ідыш («Кастрычніцкая рэвалюцыя і разлажэнне яўрэйскіх дробнабуржуазных партыяў» (1932 г.), «Яўрэйскі рабочы напачатку рабочага руху» (1932 г.)). Аўтар сцвярджаў, што рускія рабочыя знаходзіліся ў лепшых сацыяльна-эканамічных умовах чым яўрэйскі пралетарыят. Гэта прадвызначыла ізаляцыю яўрэйскага пралетарыяту. Замкнёнасць яўрэйскага рабочага руху патрабавала самастойнай яўрэйскай партыі, якой стаў Бунд.
Чарняўскі даказваў, што яўрэйская буржуазія, з’яўляючыся буржуазіяй прыгнечанай нацыі, была прагрэсіўнай сілай і чакала рэвалюцыю ў Расіі. На яго думку, рэвалюцыйны выбух павінен быў даць ёй раўнапраўнае становішча на рынку. Прызнанне рэвалюцыйнасці яўрэйскай буржуазіі выклікала тэзіс аб рэвалюцыйным характары сіянісцкіх партыяў і арганізацыяў.
На аб’яднаным Пленуме ЦК і ЦКК КП(б)Б (люты 1933 г.), бюро ЦК КП(б)Б, ХV з’ездзе КП(б)Б (студзень 1934 г.) погляды Чарняўскага былі кваліфікаваны як буржуазна-нацыяналістычныя, а яго выключылі з партыі.
Адным з першых, хто распачаў крытыку яўрэйскіх гісторыкаў-марксістаў, быў Самуіл Агурскі.
Самуіл Хаімавіч Агурскі (1884 – 1947 гг.) – член-карэспандэнт АН БССР, удзельнік рэвалюцыйнага руху, былы член Бунда. У 1906 – 1917 гг. знаходзіўся ў эміграцыі. У Савецкай Беларусі загадваў Гістпартам, а з 1934 г. – Інстытутам яўрэйскай пралетарскай культуры АН БССР. Быў арыштаваны ў 1938 г. і высланы ў Казахстан на пяць гадоў.
У сваёй першай буйнай працы, напісанай на ідыш, а затым на рускай мове, «Еврейский рабочий в коммунистическом движении» (1926 г.), Агурскі заявіў, што нельга поўнасцю атаясамляць Бунд з пазіцыяй усяго яўрэйскага пралетарыята. Тым самым аўтар узняў праблему сацыяльнай базы Бунда і выказаў сваю нязгоду з тэзісам, што менавіта Бунд прывёў яўрэйскі пралетарыят у ВКП(б).
У абагульняльнай манаграфіі «Революционное движение в Белоруссии (1863 – 1917 гг.)» (1928 г.) С.Х.Агурскі нанёс новы ўдар па пазіцыях яўрэйскіх гісторыкаў-марксістаў. Праўда, гэтая праца была падвергнута крытыцы з боку ЦК КП(б)Б за беднасць факталагічнай асновы, за спрошчаны схематычны аналіз падзеяў, за адсутнасць навукова абгрунтаванай перыядызацыі рэвалюцыйнага руху. Пры гэтым аўтар адмаўляў наяўнасць капіталістычнай прамысловасці ў Беларусі да пачатку ХХ ст., лічыў яўрэйскі пралетарыят вядучай сілай у рэвалюцыйным руху. Цікава, што ў дадатку манаграфіі ўпершыню былі апублікаваны сем нумароў «Мужыцкай праўды».
Супраць бундызму актыўна выступаў Інстытут гісторыі партыі пры ЦК КП(б)Б, які ў 1934 г. выдаў брашуру І.П.Ашэровіча «Супраць бундаўскага скажэння гісторыі бальшавізма».
Справа дайшла да скажэння гістарычнай праўды. Былы член Бунда Майсей Абрамавіч Поташ (1892 – 1955 гг.), які ў 1931 – 1936 гг. займаў пасаду намесніка дырэктара Інстытута гісторыі партыі, у манаграфіі «Бальшавізм і дробнабуржуазныя партыі ў рэвалюцыі 1905 г. у Беларусі» (1931 г.) аднёс Бунд да ліку дробнабуржуазных партыяў. Аўтар назваў Бунд «нацыяналістычнай арганізацыяй», якая не мела нічога агульнага з марксісцкай партыяй рэвалюцыйнага пралетарыяту.
З сярэдзіны 30-х гг. у гістарычнай навуцы было пастаўлена пытанне аб сувязі Бунда з сіянісцкім рухам, што стала фактычна апошнім ударам па пазіцыях яўрэйскіх гісторыкаў-марксістаў.
Неабходна адзначыць і тое, што яўрэйскія гісторыкі негатыўна ставіліся да беларускага нацыянальна-вызваленчага руху. Яны надавалі яму рэакцыйны характар. С.Х.Агурскі пісаў аб нязначнай ролі беларускіх палітычных сілаў у падзеях Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. Ён нават адмаўляў існаванне Беларускай камуністычнай арганізацыі і яе кіраўніцтва партызанскім рухам супраць польскай акупацыі ў 1919 – 1920 гг. Францыска Скарыну яўрэйскія гісторыкі-марксісты лічылі «сярэднявечным манахам» з «феадальна-папоўскай ідэалогіяй». А святкаванне 400-годдзя беларускага кнігадрукавання назвалі «шумной националистической кампанией».