3. Ліберальны кірунак у расійскай, украінскай і беларускай гістарыяграфіі.
Пад уплывам пазітывізму ў другой палове ХІХ ст. у расійскай гістарыяграфіі сфармавалася дзяржаўная або дзяржаўна-прававая школа, ля вытокаў якой знаходзіліся К.Д.Кавелін, Б.М.Чычэрын, С.М.Салаўёў. Гісторыкі праяўлялі зацікаўленасць да філасофіі гісторыі Гегеля, яго дыялектычнага метаду, сфармулявалі канцэпцыю гістарычнага развіцця расійскай дзяржаўнасці, яе інстытутаў і прававых нормаў. Дзяржава разглядалася імі як суб’ект і рухавік гістарычнага прагрэсу.
Пад уплывам пазітывізму ў другой палове ХІХ ст. у расійскай гістарыяграфіі сфармавалася дзяржаўная або дзяржаўна-прававая школа, ля вытокаў якой знаходзіліся К.Д.Кавелін, Б.М.Чычэрын, С.М.Салаўёў. Гісторыкі праяўлялі зацікаўленасць да філасофіі гісторыі Гегеля, яго дыялектычнага метаду, сфармулявалі канцэпцыю гістарычнага развіцця расійскай дзяржаўнасці, яе інстытутаў і прававых нормаў. Дзяржава разглядалася імі як суб’ект і рухавік гістарычнага прагрэсу.
Да другога пакалення прадстаўнікоў дзяржаўна-прававой школы адносяцца Міхаіл Уладзімірскі-Буданаў, Федар Леантовіч.
Міхаіл Флягонтавіч Уладзімірскі-Буданаў (1838 – 1916 гг.) скончыў Тульскую духоўную семінарыю, Кіеўскі універсітэт. У 1869 – 1874 гг. выкладаў гісторыю рускага права ў Дзямідаўскім ліцэі Яраслаўля, з 1875 г. прафесар Кіеўскага універсітэта. Займаў пасаду галоўнага рэдактара кіеўскай Часовай камісіі для разбору старажытных актаў, старшыні гістарычнага таварыства Нестара-летапісца. Вывучаў гісторыю права Расіі, Украіны, Беларусі, Літвы і Польшчы.
У сваіх працах («Немецкое право в Польше и Литве» (1868 г.), «Население Юго-Западной России от пол. ХIII до пол. ХVIII в.» (1886 г.)) Уладзімірскі-Буданаў аснову гістарычнага развіцця Вялікага княства Літоўскага бачыў у развіцці заканадаўчых нормаў краіны. Праўда, крыніцы і інстытуты права ён лічыў рускімі. Пагаршэнне становішча сялян тлумачыў тым, што нормы звычаёвага права былі выцеснены дзяржаўным правам, напрыклад «Уставай на валокі» Жыгімонта ІІ Аўгуста.
Уладзімірскі-Буданаў распрацаваў тэорыю «абшчыннага права» як «поўнага, вечнага і спадчыннага ўладання землямі нараўне з зямянамі і баярамі ў ХVІ ст.», якая пазней была абвергнута М.К.Любаўскім.
Зыходзячы з пазіцыяў прававога ідэалізму, даследчык лічыў, што магдэбургскае права, прынесенае ў ВКЛ з Польшчы разам з феадалізмам, стала прычынай заняпаду не толькі гарадоў Рэчы Паспалітай, але і краіны ў цэлым. Адзначым панславянскую пазіцыю Уладзімірскага-Буданава, які выступаў з ідэяй аб'яднання славянскіх народаў пад эгідай Расіі.
Фёдар Іванавіч Леантовіч (1833 – 1910 гг.) скончыў Кіеўскі універсітэт. Пасля працаваў там прыват-дацэнтам, а з 1865 г. у Новарасійскім універсітэце (г.Адеса): да 1884 гг. прафесар, рэктар, дэкан юрыдычнага факультэта, прарэктар. У 1892 – 1902 гг. чытаў курс рускага права ў Варшаўскім універсітэце. Даследаваў гісторыю дзяржаўных установаў і права Старажытнай Русі. Лаўрэат Увараўскай прэміі (1895 г.).
У манаграфіях «Очерки истории литовско-русского права» (1894 г.), «Сословный тип территориально-административного состава Литовского государства и его причины» (1895 г.) Леантовіч прааналізаваў працэс утварэння ВКЛ (аўтар сфармуляваў тэзіс аб добраахвотным аб’яднанні Русі з Літвой дзеля вызвалення ад татара-мангольскага іга), ахарактарызаваў сацыяльны стан беларускіх земляў у складзе гэтай краіны, прававое становішча розных катэгорыяў сялянства ВКЛ, класіфікаваў сялянскія павіннасці. Даследчык развіваў тэорыю абшчыннага паходжання Рускай дзяржавы.
Аўтарам шырокага гістарычнага сінтэзу, складзенага на падставе лекцыйнага курсу ў Маскоўскім універсітэце, стаў выдатны прадстаўнік ліберальнай гістарыяграфіі рускі гісторык Мацей Любаўскі.
Мацей Кузьміч Любаўскі (1860 – 1934 гг.) скончыў Разанскую духоўную семінарыю і гісторыка-філалагічны факультэт Маскоўскага універсітэта. Вучань В.В.Ключэўскага. Абараніў у 1894 г. магістарскую дысертацыю «Абласны падзел і мясцовае кіраванне Літоўска-Рускай дзяржавы да часу выдання першага Літоўскага статута», у 1901 г. – доктарскую дысертацыю «Літоўска-рускі сейм». З 1894 г. прыват-дацэнт, з 1901 г. прафесар, у 1911 – 1917 гг. рэктар Маскоўскага універсітэта, у 1913 – 1929 гг. старшыня Маскоўскага таварыства гісторыі і старажытнасцяў расійскіх. Пасля «Платонаўскай справы» у 1930 г. высланы ў Уфу, дзе працаваў навуковым супрацоўнікам Башкірскага навукова-даследчага інстытута нацыянальнай культуры
На працягу трох дзесяцігоддзяў Любаўскі чытаў у Маскоўскім універсітэце спецкурс па гісторыі Вялікага княства Літоўскага, вёў семінары па крыніцазнаўстве ВКЛ. Але рукапісы і матэрыялы даследчыка дайшлі да нас у нязначнай колькасці – у аб’ёме каля 200 старонак.
Найбольш значная абагульняльная праца па гісторыі ВКЛ – «Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно» (1910 г.). Выданне падобнай сінтэзнай працы аўтар растлумачыў адсутнасцю даступных абагульняльных дапаможнікаў, а ў навуковым сэнсе – вывучэннем парадаксальна розных шляхоў гістарычнага равіцця «Літоўскай і Паўночна-Усходняй Русі» і тым самым для лепшага разумення станаўлення і эвалюцыі апошняй. Любаўскі стаў пачынальнікам тыпалагічна-параўнальнага метаду ў вывучэнні гісторыі ВКЛ. У гістарыяграфіі традыцыйна залічваюць аўтара ў групу пазітывістаў-гісторыкаў дзяржаўна-прававой школы, што патрабуе значнай карэкціроўкі. Ён імкнуўся да шырокага асвятлення гісторыі ВКЛ, і толькі недахоп сур’ёзных культуралагічных і сацыяльна-эканамічных працаў перашкодзіў у ажыццяўленні ягоных планаў.
Манаграфія стала абагульненнем магістарскай і доктарскай дысертацыяў аўтара. На падставе папярэдняй гістарыяграфічнай традыцыі Любаўскі раскрыў сацыяльна-палітычную эвалюцыю ВКЛ у ХІІІ – ХVІ ст. Даследчык прыйшоў да новых высноў: 1) ВКЛ – легітымная дзяржава – спадкаемца Кіеўскай Русі; 2) ВКЛ – дэмакратычная альтэрнатыва Маскве; 3) феадальнае грамадства ВКЛ ідэнтычнае заходнееўрапейскаму.
Значная ўвага надавалася характарыстыцы дзяржаўнага ладу, зменам дзяржаўна-адміністрацыйнай сістэмы, развіццю сацыяльна-палітычных рухаў, цэнтральнаму і мясцоваму кіраванню, прывілегіям пануючага саслоўя, землеўладанню, становішчу сялянства і мяшчанства. Прычынамі своеасаблівай палітычнай эвалюцыі ВКЛ і збліжэння з Польшчай у ХІV – ХVІ ст. аўтар лічыў слабую цэнтралізацыю дзяржаўнага ладу, што часткова тлумачыцца даволі працяглым захаваннем палітычнай спадчыны з часоў Кіеўскай Русі, супярэчнасцямі паміж Літвой і «літоўскай Руссю» з яе неагляднай тэрыторыяй, насельніцтвам, гаспадарчымі і ваенна-палітычнымі магчымасцямі, ўласныя інтарэсы магнатаў і шляхты, ціскам з боку Тэўтонскага ордэна, а з канца ХV ст. Маскоўскай Русі і Польшчы. Люблінскую унію 1596 г. аўтар ацаніў як канец самастойнай гісторыі ВКЛ.
Навуковай падставай для Любаўскага служылі яго ўласныя папярэднія працы («Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства ко времени издания первого Литовского статута» (1892 г.), «Литовско-Русский сейм» (1900 г.), «К вопросу об удельных князьях и местном самоуправлении в Литовско-Русском государстве» (1894 г.), «О распределении владений и об отношениях между великими и другими князьями Гедиминова рода» (1896 г.)), а таксама «Гісторыя Украіны-Русі» М.С.Грушэўскага, работы польскага гісторыка права С.Кутшэбы і інш. У дадатку да кнігі аўтар змясціў тэксты асноўных агульназемскіх і абласных прывілеяў.
Прычынай своеасаблівасці дзяржаўнага ладу ВКЛ, яго палітычнай слабасці аўтар лічыў старажытную карнявую аселасць мясцовога насельніцтва Літвы і Заходняй Русі, – ад сялян, што спакон вякоў жылі тут «племяннымі гнёздамі», да князёў, паноў і баяр, якія стагоддзямі захоўвалі свае ўладанні. Гэта «вячыстая» устойлівая землеўласнасць мясцовых баяр (у адрозненне ад маскоўскіх, што жылі гасударавым «жалаваннем») разам з такімі ж старадаўнімі «вячыстымі» гарадамі забяспечылі (нехарактэрную для Маскоўскай дзяржавы) устойлівасць мясцовых саюзаў землеўласнікаў, гараджан, сялян, палітычных аб'яднанняў. Над усім гэтым моцна арганізаваным грамадствам можна было б надстроіць уплывовую цэнтральную ўладу, калі б вялікія князі праяўлялі «больш творчай волі і разума», а не абмяжоўваліся нязначнымі зменамі і рэформамі па прынцыпе «мы старыны не рушым, а навін не ўводзім».
Другой галоўнай прычынай аўтар лічыў уплыў Польшчы. Ужо першая унія дала землеўласнікам польскія правы і вольнасці, асабліва важнае права выбіраць вялікага князя, садзейнічала пашырэнню саслоўных і палітычных набыткаў землеўласнікаў (што яшчэ больш абмяжоўвала вярхоўную ўладу), развіццю феадалізму, які разлажыў дзяржаву і прывёў да росту абласнога і вотчыннага патрыятызму замест агульнадзяржаўнага.
Высновы Любаўскага заслугоўваюць увагі, але яны далёка не поўныя, да таго ж недакладныя. Перабольшана не толькі ступень аселасці насельніцтва (бо ўжо з ХІІІ ст. на яе ўздзейнічала масавая міграцыя з поўдня пад уплывам мангола-татарскага нашэсця і татарскіх набегаў, войны, перасяленні сялян у гарады, каланізацыйныя працэсы), але і рэальныя магчымасці вярхоўнай улады. Пры тым раскладзе дэмаграфічных, матэрыяльных і іншых рэсурсаў у Літве і «літоўскай Русі» варыянт абсалютнай манархіі (аналагічнай маскоўскаму самаўладдзю) быў немагчымы. Спрэчнай з’яўляецца і трактоўка працэсу ўзнікнення буйной зямельнай уласнасці ў «літоўскай Русі», які быў звязаны не толькі са шматпакаленнай аселасцю баярства, але і з асаблівасцямі фармавання шляхецкага саслоў’я ў ХV – ХVІ стст., інтарэсамі і палітыкай вярхоўнай улады і пануючага асяроддзя.
Аб высокім узроўні рускай гістарыяграфіі гісторыі ВКЛ у пачатку ХХ ст. сведчыць праца прафесара Пецярбургскага універсітэта А.Е.Праснякова «Лекции по русской истории (читанные автором в 1908—1910 гг.)» (1939 г.), які фактычна стаяў на глебе эканамічнага матэрыялізму. Сацыяльна-эканамічныя інтарэсы вярхоўнай улады, мясцовых князёў з іх вотчынамі, розных іншых пластоў насельніцтва знаходзяцца ў цэнтры яго абагульняльнай працы пры апісанні ўсіх унутраных і знешнепалітычных працэсаў і сацыяльна-палітычных рухаў. Храналагічна курс лекцыяў ахоплівае перыяд ад часоў Кіеўскай Русі да Люблінскай уніі і панавання Стэфана Баторыя. Упершыню ў навуковых і дыдактычных працах такога ўзроўню гісторыя Заходняй Русі – Беларусі і Украіны – прадстаўлена самастойным аб’ектам даследавання і ў пэўнай ступені суб’ектам уласнай гісторыі і тэматычна выдзелена з агульнай гісторыі «Літоўска-Рускай» дзяржавы. Нямала месца адведзена характарыстыцы нацыянальна-канфесійных адносінаў, дзяржаўнага ладу, палітычнай кансалідацыі шляхты, запрыгоньванню сялянства.
Праснякоў сфармуляваў дзве новыя канцэпцыі, якім была суджана доўгая дыскутыўная гісторыя ў пазнейшай гістарыяграфіі: 1) Кіеўская Русь, на яго думку, стала асновай зараджэння трох народнасцяў – беларускай, украінскай і рускай; 2) у адрозненне ад Любаўскага, задоўга да манаграфіі І.І.Лапы, аўтар прыйшоў да высновы, што дзяржаўнасць ВКЛ захоўвалася і пасля Люблінскай уніі. Лекцыі Праснякова былі апублікаваны толькі ў 1939 г., а ў пачатку ХХ ст. былі вядомы толькі абмежаванаму колу студэнцкай моладзі.
У другой палове ХІХ ст. фармуецца ліберальная плынь ва ўкраінскай гістарыяграфіі, прадстаўленая «кіеўскай школай» У.Б.Антановіча. Погляды яе прадстаўнікоў на «літоўскі» перыяд у развіцці ўкраінскіх і беларускіх земляў былі прынцыпова рознымі, але падыходы і метадалогія даследавання насілі дэмакратычны характар. Яны не прымалі пазіцыю расійскай афіцыйнай гістарыяграфіі аб супадзенні дзяржаўнай і народнай гісторыі. У працах Антановіча і яго навуковага апанента М.П.Дашкевіча падкрэсліваўся пераважна мірны характар фармавання ВКЛ у ХІІІ – ХІV стст., захаванне традыцыяў старога палітычнага ладу, узаемадзеянне дзвюх пануючых этнаграфічных і культурна-бытавых стыхіяў. У адрозненне ад Антановіча, які лічыў, што саперніцтва літоўскай і «рускай» народнасцяў у палітычным і духоўным жыцці ВКЛ мела драматычныя вынікі ўжо на ранніх этапах яго гісторыі, Дашкевіч меркаваў, што гэты працэс пачаўся пасля уніі з Польшчай у 1386 г. Абодва даследчыкі адзначалі вялікі ўплыў «рускіх» дзяржаўных інстытутаў, матэрыяльных і дэмаграфічных рэсурсаў, духоўнай і пісьмовай культуры на Літву, прычым, паводле слушнай заўвагі У.Ц.Пашуты, Дашкевіч у працы «Заметки по истории Литовско-Русского государства» (1885 г.) першым паставіў пытанне аб сінтэзе некаторых літоўскіх і рускіх элементаў у грамадскіх, палітычных і культурных адносінах ВКЛ.
Сярод даследчыкаў «кіеўскай школы» вылучаецца арганізатар акадэмічнай гістарычнай навукі ва Украіне Міхаіл Грушэўскі.
Міхаіл Сяргеевіч Грушэўскі (1866 – 1934 гг.) скончыў Тыфліскую гімназію, гісторыка-філалагічны факультэт Кіеўскага уніве гісторыі Львоўскага універсітэта. Рэарганізатар і кіраўнік Навуковага таварыства імя Шаўчэнкі ў Львове. Дэпутат І-й Дзяржаўнай думы, старшыня Украінскай Цэнтральнай Рады, прэзідэнт УНР. З 1919 г. у эміграцыі. У 1924 г. вярнуўся ў Кіеў. Арыштаваны ў 1931 г. па справе «Украінскага нацыянальнага цэнтра». Вызвалены з правам жыць і працаваць у Маскве. Памёр у Кіславодску.рсітэта. Вучань У.Б.Антановіча. У 1894 – 1914 гг. узначальваў кафедру ўсеагульнай
Грушэўскі ўпершыню ва ўкраінскай гістарыяграфіі напісаў абагульняльную 10-томавую працу «Історія України-Руси» (1898 – 1936 гг.). Некалькі кніг (т. ІV – «ХІV – ХVІ віки – відносини політічни», т. V – грамадска-палітычна эвалюцыя украінскіх земляў «під литовським і польским режімом (ХІV – ХVІІ вік.)»; т. VІ – эканамічнае жыццё, культурныя і нацыянальныя адносіны) асвятляюць перыяд станаўлення і развіцця ВКЛ.
Як ідэолаг самастойнасці ўкраінскага народа, асобнай яго гісторыі, Грушэўскі адмаўляў пазіцыю, што гісторыя ўкраінскага народа з’яўляецца часткай агульнарасійскай гісторыі. Ён лічыў «агульнарускую народнасць» і «агульнарускую» гісторыю міфам. На яго думку, ад «украінска-рускай» народнасці пайшла Кіеўская Русь, а ад «вялікарускай» – Уладзіміра-Маскоўскае княства. Аўтар не бачыў гістарычнай сувязі апошняга са Старажытнарускай дзяржавай. У метадалагічным плане для працаў Грушэўскага характэрны этнацэнтрызм – падыход, згодна з ім гісторыю кожнага народа неабходна вывучаць паасобна. Ён прытрымліваўся комплекснага падыходу да ацэнкі гістарычных з’яваў і падзеяў. Нацыянальную гісторыю даследчык трактаваў як гісторыю ўсіх пластоў народа (княжацкіх дынастыяў, паноў, шляхты, магнатаў, сялянства, мяшчанства, казацтва). Шмат увагі ён надаваў дзяржаўна-палітычнаму ладу, сацыяльным аспектам, царкоўна-рэлігійным адносінам, «культурна-нацыянальным» рухам.
У гісторыі ВКЛ даследчык галоўнае месца адводзіў пастаяннай барацьбе да сярэдзіны ХV ст. паміж літоўскімі каталіцкімі і рускімі (украінска-беларускімі) магнатамі і шляхтай. На яго думку, літоўская народнасць трапіла пад уплыў славянскіх дзяржаўных і грамадскіх формаў, рэлігіі, побыту, пісьменнасці, беларуская мова мела дзяржаўны статус. Таму літоўская дынастыя абрусела і частка князёў прыняла праваслаўе.
Гісторыя Беларусі закранаецца ў творах М.С.Грушэўскага галоўным чынам пры даследаванні агульнагістарычных працэсаў, што развіваліся ў ВКЛ, або асобна аб’ядноўвалі ўкраінскія і беларускія землі (грамадска-палітычныя традыцыі, духоўнае жыццё, царква, брацтвы і інш.). Аўтар вызначыў асобную ролю беларускіх земляў у палітычным і духоўным развіцці ВКЛ, абгрунтоўваў гэта іх геапалітычным становішчам і больш доўгім знаходжаннем у яго складзе.
Даследчык неправамерна лічыў украінскімі па характары Берасцейскую зямлю, Турава-Пінскае Палессе, творы Ф.Скарыны. Ён шкадаваў, што «слава і заслуга ўкраінскага народа не раскрыта перад еўрапейскай гісторыяй».
Сугучна М.С.Грушэўскаму пазіцыя яго брата, вядомага ўкраінскага гісторыка, прафесара Аляксандра Сяргеевіча Грушэўскага (1877 – 1943 гг.). У першай частцы кнігі «Пинское Полесье» (1901 г.) ён раскрыў летапісныя звесткі пра гарады і князёў Турава-Пінскай зямлі, іх сувязі з Кіевам. Даследчык паказаў гаспадарчае і сацыяльнае становішча насельніцтва, прааналізаваў працэс хрысціянізацыі Турава, развіцця культуры. У другой частцы (1903 г.) на падставе матэрыялаў Літоўскай Метрыкі гісторык разгледзеў мінулае гэтага рэгіёну ў складзе ВКЛ.
Таксама А.С.Грушэўскі займаўся вывучэннем гісторыі гарадоў Вялікага княства Літоўскага. У 1918 г. ён выдаў манаграфію «Города Великого княжества Литовского в ХIV – ХVI вв.: Старина и борьба за старину», у якой паўтарыў канцэпцыю Уладзімірскага-Буданава аб негатыўным уплыве магдэбургскага права на гарады ВКЛ. Аўтар лічыў, што асновай развіцця гарадскіх паселішчаў з’яўлялася адзінства горада і воласці. А.С.Грушэўскі раскрыў сутнасць гарадскога кіравання, сацыяльнае жыццё мяшчан, падатковую сістэму, параўноўваў становішча дзяржаўных і прыватных гарадоў.
Да гісторыі цэхавой арганізацыі ў гарадах Беларусі і Літвы звяртаўся Ф.В.Кліменка. У кнізе «Западнорусские цехи ХVI – ХVIII вв.» ён прааналізаваў праблему развіцця рамеснай вытворчасці і яе арганізацыі ў гарадскіх паселішчах ВКЛ. Даследчык лічыў, што ўзнікненне цэхаў было выклікана ўнутранымі сацыяльна-эканамічнымі зменамі, а не знешнім фактарам (уніямі з Польшчай). Гэтая пазіцыя аддзяляла аўтара ад заходнерусістаў, якія разглядалі цэхі як форму царкоўна-рэлігійнага саюза. Праўда, Кліменка не раскрыў прычыны іх з'яўлення, механічна пераносіў рысы арганізацыі цэхаў ХVІІІ ст. на ХV – ХVІІ стст., а нормы цэхаў г.Вільні – на усе гарады Беларусі.
Ліберальная традыцыя ў вывучэнні гісторыі Беларусі ў беларускай гістарыяграфіі звязана з прозвішчамі Яўхіма Карскага, Івана Лапы, Арсена Турцэвіча, якія зыходзілі з самабытнага характару беларускай гісторыі.
Яўхім Фёдаравіч Карскі (1861 – 1931 гг.) нарадзіўся ў в.Лаша Гродзенскага павета. Скончыў Мінскую духоўную семінарыю, Нежынскі гісторыка-філалагічны інстытут. Выкладаў у Віленскай гімназіі, у Варшаўскім, Растоўскім-на-Доне універсітэтах. З 1917 г. прафесар Петраградскага універсітэта, з 1918 г. прафесар Мінскага педагагічнага інстытута. Аўтар больш за 700 навуковых працаў па славістыцы, беларусістыцы і русістыцы. Узнагароджаны вялікім Залатым медалём Рускага геаграфічнага таварыства (1894 г.) за працы па беларусазнаўстве, малой Ламаносаўскай прэміяй (1901 г.) за працы ў галіне палеаграфіі. Член Археаграфічнай камісіі Маскоўскага археалагічнага таварыства, Таварыства аматараў старажытнага пісьменства. Акадэмік Пецярбургскай АН, Чэшскай АН.
«Энцыклапедыяй беларусазнаўства» стала фундаментальная праца Карскага «Беларусы», якая выйшла ў сямі выпусках (трох тамах) з 1903 па 1922 гг. На падставе комплекснага параўнальна-гістарычнага абагульнення разнастайных пісьмовых і этнаграфічных крыніцаў даследчык абгрунтаваў нацыянальную самабытнасць беларусаў як самастойнага славянскага народа, які мае сваю багатую і арыгінальную культуру, старажытныя традыцыі.
У першым томе «Уводзіны да вывучэння мовы і народнай славеснасці» аўтар даследаваў паходжанне беларускага народа. Прарадзімай славян Карскі лічыў Палессе (басейн Прыпяці, верхняга Нёмана і ніжняй Бярэзіны), вызначыў час фармавання беларускай народнасці – у ХІІІ – ХV стст. Гісторык сцвярджаў, што аснову беларускай народнасці склалі плямёны дрыгавічоў, радзімічаў і крывічоў, прыйшоў да высновы аб іх аўтахтоннасці на тэрыторыі Беларусі. У навуковым артыкуле, апублікаваным у «Магілёўскіх губернскіх ведамасцях» (1902 г.), Карскі вызначыў тэрытарыяльныя межы распаўсюджвання беларускай мовы. Карта была надрукавана ў 1917 г.
З крыніцазнаўчых працаў Карскага можна вызначыць «Два памятника старого западнорусского наречия: 1) «Лютеранский катехезис 1562 г.» и 2) «Католический катехезис» 1585 г.» (1893 г.), «О языке так называемых литовских летописей» (1894 г.), «Западнорусские переводы псалтыря в ХV – ХVII вв.» (1896 г.). Да 1908 г. яго даследаванні ў галіне палеаграфіі былі адзінымі вучэбнымі работамі («Из лекций по славянской кириллической палеографии», «Образцы славянского кирилловского письма с Х по ХVIII вв.», «Очерк славянской кирилловской палеографии»).
Навуковая спадчына Карскага не страціла сваёй значнасці па сённяшні дзень і з’яўляецца асновай для далейшай распрацоўкі беларусазнаўства.
Іван Іванавіч Лапа (1869 – 1944 гг.) нарадзіўся ў Віцебскай губерні. Скончыў Пецярбургскі універсітэт. У 1905 – 1919 гг. прафесар Юр’еўскага універсітэта. З 1921 г. працаваў у Празе, з 1933 г. прафесар Каўнаскага, у 1941 г. Вільнюскага універсітэтаў.
Асноўныя працы Лапы прысвечаны сацыяльна-палітычнай гісторыі ВКЛ у ХVI ст.: «Великое княжество Литовское за время от заключения Люблинской унии до смерти Стефана Батория (1569 – 1586). Опыт исследования политического и общественного строя» (1901 г.), «Великое княжество Литовское во второй половине ХVI ст. Литовско-русский повет и его сеймик» (1911 г.), «Западная Россия и ее соединение с Польшей в их историческом прошлом: Исторические очерки» (1924 г.).
Лапа ў сваіх даследаваннях прыйшоў да высновы аб федэратыўнай пабудове Рэчы Паспалітай. Ён лічыў, што пасля Люблінскай уніі 1569 г. ВКЛ захоўвала дзяржаўную самастойнасць ад Польшчы. Гісторык глыбока вывучыў асаблівасці сацыяльна-палітычнай структуры ВКЛ на двух узроўнях: макраструктуры (сацыяльныя і палітычныя інстытуты ВКЛ) і мікраструктуры (мясцовыя органы ўлады і «рэгіянальны» воблік шляхты). Відавочна блізкасць аўтара да гісторыкаў дзяржаўна-прававой школы.
Арсен Восіпавіч Турцэвіч (1848 – 1915 гг.) нарадзіўся ў сям’і праваслаўнага святара Мінскай губерні. Скончыў Пецярбургскі універсітэт. Выкладаў у сярэдніх навучальных установах Літвы (Шаўлі, Вільня), а з 1901 г. працаваў у Віленскай археаграфічнай камісіі.
Турцэвіч уяўляе сабою прыклад эвалюцыі ў гістарыяграфіі: ад кансерватыўнай да ліберальнай пазіцыі. Даследчык напісаў падручнік «Руская гісторыя (у сувязі з гісторыяй Вялікага княства Літоўскага)» для гімназіяў, які меў 13 перавыданняў. Раздзелы падручніка, дзе раскрывалася гісторыя ВКЛ, лічыліся неабавязковымі для настаўнікаў. Але Турцэвіч настойліва рэкамендаваў сваім калегам не ігнараваць іх, паколькі «заходнеруская» гісторыя мае такое ж вялікае значэнне, як і «паўночнаруская» гісторыя.
У кнізе маюцца 26 тэмаў, тры з іх цалкам прысвечаны гісторыі Заходняга краю («Вялікае княства Літоўскае», «Заходняя Русь у XVI – першай палове XVIIст.», «Уз’яднанне Заходняй Русі»). У некаторых тэмах таксама змешчаны звесткі па заходнерускай гісторыі.
Падручнік А.В.Турцэвіча быў забяспечаны метадычным апаратам: у ім меліся пытанні для паўтарэння, радаслоўная і храналагічная табліцы, каляровыя гістарычныя карты, а таксама ілюстрацыі. Тэкст падручніка падзяляўся на асноўны і дадатковы. Дадатковы матэрыял, на думку аўтара, меў другароднае значэнне, аднак ён раіў выкладчыкам звяртаць увагу на гэты матэрыял пры вывучэнні тэмаў па заходнерускай гісторыі. Варта адзначыць, што падручнік напісаны даступнай, вобразнай моваю.
Турцэвіч акрамя падручніка, стаў складальнікам і навучальнага дапаможніка «Хрэстаматыя па гісторыі Заходняй Расіі». У хрэстаматыі, якая ўбачыла свет у 1892 г., былі падабраны артыкулы вядомых гісторыкаў таго часу, прысвечаныя некаторым праблемам гісторыі Паўночна-Заходняга краю. Навучальны дапаможнік прызначаўся для навучэнцаў сярэдніх класаў мужчынскіх і жаночых навучальных установаў.
Пасля 1905 г. погляды гісторыка набываюць ліберальны характар. У манаграфіі «Русские крестьяне под владычеством Литвы и Польши» (1911 г.) аўтар прыйшоў да «скандальнай» высновы аб пагаршэнні становішча сялян пасля ўваходжання Беларусі ў склад Расіі.
Неабходна канстатаваць, што ўплыў беларускіх гісторыкаў ліберальнага кірунку быў нязначным у параўнанні з уплывам рускіх і ўкраінскіх даследчыкаў.