2. «Заходнерусізм»...
^ Вверх
2. «Заходнерусізм» і яго прадстаўнікі ў расійскай гістарыяграфіі.

Заходнерусізм – гэта канцэпцыя, якая адмаўляла гістарычнасць беларусаў як самастойнай і самабытнай этнічнай адзінкі, атаясамлівала іх з вялікарускім этнасам. У заходнерусізме вылучаліся дзве плыні: кансерватыўная (К.А.Гаворскі) і ліберальная (М.В.Каяловіч). Прадстаўнікі першага кірунку лічылі, што этнічныя асаблівасці беларусаў з’яўляюцца вынікам уплыву польска-каталіцкай экспансіі, таму заходняму краю неабходна вярнуць рускі характар. Прадстаўнікі ліберальнай плыні прызнавалі пэўную гісторыка-этнічную адметнасць Беларусі, але выключалі магчымасць яе нацыянальна-культурнага самавызначэння.
А.У.Літвінскі вызначыў два перыяды ў развіцці заходнерусізму. Першы перыяд (60 – 80-я гг. ХІХ ст.) падзяляецца на тры этапы: 60-я гг. – час актывізацыі публіцыстаў і гісторыкаў заходнерускай плыні з мэтай выкрыцця «польскай інтрыгі»; 70-я гг. – аслабленне заходнерускай тэндэнцыі ў сувязі з «патапаўшчынай» (курс віленскага генерал-губернатара А.Л.Патапава, накіраваны на замірэнне царызма з польскім дваранствам), смерцю Гаворскага і пераходам Каяловіча да грунтоўнай навуковай дзейнасці; 80-я гг. – пашырэнне цікавасці да заходнерусізму з боку ўрада (Аляксандра ІІ, Сінода і інш.).
Другі перыяд ахоплівае 90-я гг. ХІХ ст. – да 1917 г. Ён падзяляецца на два этапы: першы (90-я гг. ХІХ ст. – 1905 г.) – аслабленне заходнерускай тэндэнцыі ў гістарыяграфіі з прычыны афармлення ліберальнай плыні ў развіцці гістарычнай думкі і смерці Каяловіча; другі (1905 – 1917 гг.) – барацьба з польскім і беларускім нацыянальным рухам, калі заходнерусізм не атрымаў навуковага акадэмічнага кірунку, а меў публіцыстычны характар. 
Канцэпцыя заходнерусізму была выклікана актывізацыяй польскага нацыянальна-вызваленчага руху ў першай палове ХІХ ст. Менавіта тады ўзнікла патрэба стварыць супрацьвагу для шляхецкай ідэалогіі, якая ставіла на мэце аднавіць Рэч Паспалітую ў межах 1772 г. Паўстанне 1863 г. стала тым штуршком, які вымусіў урад зрабіць заходнерусізм галоўным ідэалагічным кірункам афіцыйнай палітыкі ў заходніх губернях краіны.
Ідэйна заходнерусізм узыходзіць да славянафільства – філасофскай дактрыны, якая сфарміравалася ў адказ на нямецкую класічную філасофію і часткова нямецкую гістарычную думку з місіяй абароны славянскага свету. Прадстаўнікі расійскага славянафільства зыходзілі з трох асноўных пастулатаў: 1) праваслаўны Усход супрацьстаіць каталіцкаму Захаду; 2) праваслаўе мае духоўную перавагу над каталіцызмам; 3) Расія – лідэр славянству і перашкода на шляху сацыялізму і рэвалюцыяў, якія маюць заходняе паходжанне. Заходнерусісты поўнасцю падзялялі гэтыя погляды. М.В.Каяловіч пісаў: «…Я находил такой русский субъективизм, который и больше всех других обнимает фактическую часть русской истории, и лучше других освещает действительные и существенные его стороны. Такой русский субъективизм я находил и нахожу в сочинениях… славянофилов. Он лучше других и в народном и в научном смысле…».
Афармленне заходнерусізма як гістарыяграфічнага кірунку было немагчымым без дзейнасці мясцовых даследчыкаў, г.зн. гісторыкаў Беларусі і Літвы, якія гуртаваліся вакол Віленскага універсітэта, а пазней вакол віленскіх перыядычных выданняў. Яны заклалі крыніцазнаўчую аснову ў вывучэнні мінулага рэгіёна, паставілі пытанне аб рухальных сілах мясцовай гісторыі, стварылі атмасферу навуковага пошуку. Арганізацыйнае афармленне гэтага кірунка адбылося ў Пецярбургскай духоўнай акадэміі, а гістарыяграфічнае афармленне заходнерусізму звязана з працамі Міхаіла Каяловіча. Ён пашырыў і ў значнай ступені ўдакладніў гістарычныя погляды М.Г.Устралава. Яго канцэпцыя была панрасійскай, славянафільскай і антыпольскай.
Міхаіл Восіпавіч Каяловіч (1828 – 1891 гг.) нарадзіўся ў м.Кузніца Сакольскага павета Гродзенскай губерні ў сям’і уніяцкага святара. Скончыў Супрасльскае духоўнае вучылішча, Літоўскую духоўную семінарыю ў Вільні, Пецярбургскую духоўную акадэмію. Выкладаў у Рыжскай і Пецярбургскай семінарыях. Меў выдатныя здольнасці да навукі і ў 31 год стаў прафесарам Духоўнай акадэміі (1862 г.). З 1869 г. загадчык кафедры рускай гісторыі. Ганаровы член Пецярбургскага славянскага дабрачыннага таварыства, Гродзенскага царкоўна-археалагічнага камітэта, Археаграфічнай камісіі.
Свае метадалагічныя погляды Каяловіч раскрыў у кнізе «История русского самосознания» (1884 г.), якая стала буйной гістарыяграфічнай падзеяй – першай абагульнай гістарыяграфічнай працай у Расіі. Даследчык прааналізаваў шырокае кола пытанняў па гісторыі гістарычнай навукі ад рускага летапісання па сучасныя яму працы.
Гісторык лічыў, што гістарычнае даследаванне не можа быць аб’ектыўным, таму вучоны павінен адмовіцца ад пошуку абсалютнай ісціны праз выбар прымальнай для яго пазіцыі. Сам М.В.Каяловіч выбраў для сябе т.зв. «рускі» суб’ектывізм славянафільскага характару. Аднак даследчык выступаў супраць адвольнага выкарыстання гістарычных крыніцаў, указваў на неабходнасць ацэнкі іх аб’ектыўных звестак. Ён размяжоўваў навуковы і літаратурны падыходы да гісторыі, не прызнаваў гістарычнай белетрыстыкі. Каяловіч адмоўна ацаніў крыніцазнаўчую дзейнасць Даніловіча і Нарбута, таму што яны друкавалі летапісы лацінскім шрыфтам, а не аўтэнтычнай кірыліцай.
Сам гісторык абапіраўся на традыцыі расійскай дваранскай гістарыяграфіі, спасылаўся на працы М.М.Бантыш-Каменскага, М.М.Карамзіна, М.Г.Устралава, М.В.Без-Карніловіча і інш. Але адзначым, што да Каяловіча гісторыя ВКЛ і Рэчы Паспалітай не з’яўлялася прадметам асобнага даследавання для расійскіх гісторыкаў.
Асноўныя працы прысвечаны гісторыі Беларусі, Польшчы і Расіі. У магістарскай дысертацыі «Литовская церковная уния»(апублікавана ў 1859 – 1861 гг.) і доктарскай дысертацыі «История воссоединения западнорусских униатов старых времен (до 1800 г.)»(апублікавана ў 1873 г.) М.В.Каяловіч звярнуўся да вывучэння праблемы Берасцейскай царкоўнай уніі. Аўтар адным з першых звярнуў увагу на працэс лацінізацыі уніі праз дзейнасць базыльянскага ордэна, рашэнні Замойскага сабора, паставіў пытанне аб крызісе уніяцкай царквы.
З сінтэтычных абагульняльных працаў, якія атрымалі грамадскае гучанне, можна назваць «Лекции по русской истории» (1862 – 1864 гг.), якія мелі чатыры выданні, і «Чтения по истории Западной России» (1884 г.). У іх Каяловіч прапанаваў уласную гістарычную канцэпцыю гісторыі Заходняй Расіі. Ён зыходзіў з вяршэнства праваслаўя ў гістарычным мінулым Беларусі, адзінства інтарэсаў мясцовага насельніцтва з рускай арыстакратыяй. Гісторыю Беларусі аўтар зводзіў да нацыянальна-канфесійнага пытання, а сацыяльна-эканамічныя праблемы не закранаў.
Гістарыяграфічны падыход Каяловіча грунтаваўся на пазіцыі, што Заходняя Расія – гэта «западная Русь», якая ахоплівала «Белоруссию, западную Малороссию, или т.н. Украину, и Литву в собственном смысле слова». Дзяржаўнасць спачатку сфармавалася ў межах рускага арэалу «заходняй Русі», а потым пад ціскам перасяленцкіх працэсаў была ўспрынята суседнімі літоўцамі. Да гэтага аб’яднальнага працэсу пад пагрозай крыжакоў з часам далучыліся жэмайты, якія ўжо ў ХІІІ ст. мелі свае дзяржаўныя формы.
Фактарам гістарычнага развіцця ён лічыў барацьбу «дзвюх сілаў»: рускай і польскай. Гісторыя Заходняй Русі да канца ХVІІІ ст., сцвярджаў Каяловіч, была прасякнута барацьбой польска-каталіцкай і рускай праваслаўнай цывілізацыяў. Задача даследчыка заключаецца ў вывучэнні крыніцаў і прычынаў «польскага трыумфу». Польскі ўплыў сапсаваў заходнерускае грамадства, садзейнічаў яго расколу. Каяловіч адзначаў, што «польская, езуіцкая» цывілізацыя – «вельмі дурная цывілізацыя», якая не прынесла народам Заходняй Расіі нічога карыснага (нават прыгоннае права прыйшло адтуль), бо палякі былі прасякнуты «духам лацінства», абсалютна не прымальнага славянамі. Збліжэнне з Польшчай, Люблінская і Берасцейская уніі дэфармавалі духоўнае жыццё у ВКЛ, апалячылі, акаталічылі значную частку заходнерускай шляхты, але асноўныя пласты народа нязменна цягнуліся да Расіі, бо адчувалі з ёю сваё племянное, культурнае, моўнае і рэлігійнае адзінства. Асноўнай апорай Русі з часоў фармавання маскоўскага самадзяржаўя з яго земскімі саборамі, народным прызнаннем і праваслаўем аўтар лічыў цэнтральныя землі Расіі, якія захоўвалі сваю аб’яднаўчую, матэрыяльную, духоўна-цывілізацыйную і абарончую ролю і ў сярэдзіне ХІХ ст. Гісторык адзначаў безальтэрнатыўнасць і прадвызначанасць гістарычнага лёсу Рэчы Паспалітай, падзелы гэтай краіны садзейнічалі ўз’яднанню заходнерускіх земляў з Расіяй, іх духоўнаму адраджэнню.
Свае меркаванні Каяловіч падмацоўваў прыкладамі і характарыстыкай шырокага кола гістарычных крыніцаў. У яго  публікацыях выкарыстоўваліся і некаторыя іншыя аргументы: прэтэнзіі Польшчы на землі Беларусі і Украіны ў межах 1772 г. не мелі пад сабой падставаў; само разуменне народа сярод прыхільнікаў тэорыі афіцыйнай народнасці (з галоўнай апорай на сялянства) прыкметна адрознівалася ад поглядаў апазіцыйнай польскай гістарыяграфіі з яе акцэнтацыяй на палітычную роль шляхты.
У гісторыі Заходняй Расіі Каяловіч вылучаў пяць этапаў на падставе знешнепалітычнага становішча края: 1) падзел рускага народа на дзве часткі і спробы Заходняй Расіі ўтварыць свой цэнтр; 2) злучэнне Заходняй Расіі з Літвой; 3) злучэнне Літоўска-Заходнерускага княства з Польшчай праз знешні саюз; 4) зліццё Заходняй Расіі з Польшчай і распад Руска-Польскай дзяржавы; 5) анамальнае развіццё руска-польскага пытання (у складзе Расійскай імперыі).
Даследчык займаўся і гісторыка-этнаграфічным вывучэннем Беларусі, аб чым сведчаць працы «О расселении племен Западного края России», «Об этнографическом атласе западных губерний», «Об этнографической границе между Западной Россией и Польшей» і інш. Каяловіч лічыў, што беларуская народнасць склалася ў Х – ХІ ст. з плямён крывічоў і дрыгавічоў і раднілася па веры, мове і традыцыях з рускімі і ўкраінцамі. Пэўную розніцу паміж заходнімі і ўсходнімі беларусамі гісторык выводзіў ад міжэтнічных кантактаў з літоўцамі і палякамі ў ХІV – ХVІІІ ст., а таксама палітыкі паланізацыі і акаталічвання ў Рэчы Паспалітай.
Вядомы ўклад М.В.Каяловіча ў выданне крыніцаў па гісторыі Беларусі. Па даручэнні археаграфічнай камісіі ў 1865 г. ён апублікаваў «Документы, объясняющие историю Западной России и ее отношение к Восточной России и Польше», у 1867 г. – «Летопись осады Пскова Стефаном Баторием», «Дневник последнего похода Стефана Батория», у 1869 г. – «Дневник Люблинского сейма 1569 г.».
Канцэпцыя Каяловіча ўпісалася ў афіцыйную расійскую гістарыяграфію і публіцыстыку. На спрошчаным узроўні яна была размножана ў шматлікіх вучэбных, асветніцкіх і палемічных публікацыях.  Кантрасная, выключна адмоўная ацэнка яго поглядаў была дадзена з боку дэмакратычнай ліберальнай грамадскасці другой паловы ХІХ ст. і панегірычная – з боку афіцыйных і царкоўных колаў. У найноўшай гістарыяграфіі погляды Каяловіча былі раскрытыкаваны У.І.Пічэтам («прекрасный показатель того, как не нужно изучать исторические явления»), а таксама адным з заснавальнікаў савецкай канцэпцыі ўтварэння ВКЛ У.Ц.Пашутам, М.М.Улашчыкам, Д.У.Каравым і інш.
У Пецярбургскай духоўнай акадэміі М.В.Каяловіч стварыў заходнерускую гістарычную школу, заснаваную на ідэях вялікадзяржаўнасці і манархізму. Але яе прадстаўнікі ўлічвалі ўплыў ліберальнай гістарыяграфіі, таму большую ўвагу сталі надаваць сацыяльнаму кантэксту ў гісторыі канфесійных адносінаў.
Адным з вядомых прадстаўнікоў заходнерускай гістарычнай плыні і вучняў Каяловіча з'яўляўся Платон Жуковіч.
Платон Мікалаевіч Жуковіч (1857 – 1919 гг.) нарадзіўся ў м.Пружаны ў сям'і праваслаўнага святара. Скончыў Пецярбургскую духоўную акадэмію. Выкладаў у Полацкім духоўным вучылішчы, навучальных установах Вільні, а з 1891 г. у Пецярбургскай духоўнай акадэміі. Прафесар (1894 г.), доктар царкоўнай гісторыі (1901 г.). Пасля закрыцця Акадэміі працаваў у Дзяржаўнай публічнай бібліятэцы імя М.Я.Салтыкова-Шчадрына.
Жуковіч стаў вядомы пасля выхаду ў 1892 г. працы «Кардинал Гозий и польская церковь его времени». Даследчык пасля М.В.Каяловіча працягваў вывучэнне гісторыі рэлігійных адносінаў у Рэчы Паспалітай. Цэнтральнае месца па-ранейшаму займала царкоўная унія, аб чым гавораць наступныя працы: «Борьба против унии на современных ей польско-литовских сеймах (1595 – 1660 гг.)» (1897 г.), «Сеймовая борьба православного западнорусского дворянства с церковной унией» (1901 – 1912 гг.).
Жуковіч, як і Каяловіч, лічыў Берасцейскую царкоўную унію большым злом для насельніцтва Заходняй Расіі, чым Люблінскую. Прычыну царкоўнай уніі ён бачыў у імкненні праваслаўных іерархаў устанавіць кантроль над праваслаўнымі брацтвамі, у імкненні папскай курыі пашырыць свой уплыў на Усходзе за кошт Маскоўскай дзяржавы і інш. Даследчык указаў на адсутнасць падтрымкі уніі з боку насельніцтва і яе накіраванасці ў бок каталіцкай царквы. Праўда, у адрозненне ад Каяловіча, Жуковіч займаў больш стрыманую пазіцыю ў ацэнцы сквапнасці праваслаўных іерархаў ВКЛ, паказаў альтэрнатывы развіцця канфесійнага пытання ў Рэчы Паспалітай. Новым падыходам можна назваць раскрыццё ўнутрыпалітычных падзеяў у Рэчы Паспалітай на шырокім міжнародным фоне.
Жуковіч з'яўляецца адзіным прадстаўніком заходнерускай гістарыяграфіі, які звярнуўся да пытанняў сацыяльна-эканамічнай гісторыі, найперш аграрнай гісторыі Беларусі канца ХVІІІ – сярэдзіны ХІХ ст. У 1895 г. ён выдаў працу «О русском землевладении в Северо-Западном крае от времени присоединения его к России». З аднаго боку, аўтар зыходзіў з канонаў заходнерусізму і ўсхваляў працэс уз’яднання «Заходняга краю» з Расіяй. З другога боку, ён заўважыў, што на тэрыторыі Беларусі дазвалялася прадаваць сялян без зямлі, што раздача дзяржаўных маёнткаў рускім памешчыкам праводзілася не на падставе ідэалагічных матываў, што ў гісторыі Заходняй Расіі былі дзве важныя падзеі: 1839 г. (рэформа П.Д.Кісялёва) і 1861 г. (адмена прыгоннага права). Аўтар пісаў аб заслугах віленскага генерал-губернатара М.М.Мураўёва  перад мясцовымі сялянамі – у арганізацыі рускіх пасяленняў.
Напрыканцы жыцця Жуковіч звярнуўся да аналізу саслоўнага складу насельніцтва Заходняй Расіі ў перыяд Кацярыны ІІ. Раскрываючы стан рэгіёна пры Паўле І, даследчык вызначыў у якасці галоўнага не уніяцкае, а аграрнае пытанне. Гэта сведчыла аб пэўнай эвалюцыі поглядаў аўтара ў ліберальным кірунку.
Да старэйшых выкладчыкаў школы Каяловіча адносіцца Канстанцін Харламповіч.
Канстанцін Васілевіч Харламповіч (1870 – 1932 гг.) нарадзіўся ў в.Рагачы Брэсцкага павета ў сям’і праваслаўнага святара. Скончыў Віленскае духоўнае вучылішча, Літоўскую духоўную семінарыю, Пецярбургскую духоўную акадэмію. З 1909 г. прафесар Казанскага універсітэта. Член-карэспандэнт Петраградскай АН (1916 г.), акадэмік АН Украіны (1919 г.).
Навуковыя працы Харламповіча прысвечаны культуралагічнай праблематыцы ў кантэксце гісторыі праваслаўнай царквы: «К истории западнорусского просвещения. Виленская братская школа в первые полвека своего существования» (1897 г.), «Острожская православная школа» (1897 г.), «Западнорусские церковные братства и их просветительская деятельность в конце ХVI и начале ХVII в.» (1899 г.). Галоўнай працай яго жыцця стала кніга «Западнорусские православные школы ХVI и начале ХVII в. …»  (1899 г.), за якую ён атрымаў Увараўскую і Карпаўскую прэміі. Аўтар упершыню разглядзеў рэлігійныя адносіны ў ВКЛ з пазіцыяў ліберальнай гістарыяграфіі, увёў у навуковы зварот значны і каштоўны факталагічны матэрыял. Харламповіч вельмі падрабязна, а гэта асаблівасць ягонага стылю, параўноўваў каталіцкую, праваслаўную і пратэстанцкую сістэмы навучання, раскрыў уплыў польскай культуры на заходнерускае насельніцтва.
Яскравым прадстаўніком заходнерускай гістарыяграфіі з’яўляецца рускі гісторык- славянафіл, археограф Іван Бяляеў.
Іван Дзмітрыевіч Бяляеў (1810 – 1873 гг.) скончыў Маскоўскі універсітэт. Працаваў у Маскоўскай канторы Сінода, затым – у архівах. З 1858 г. прафесар Маскоўскага універсітэта. Сакратар Маскоўскага і член Адескага таварыстваў гісторыі і старажытнасцяў расійскіх,  Археаграфічнай камісіі. Адным з першых у расійскай гістарыяграфіі пачаў вывучаць гісторыю сялянства.
Бяляеў даследаваў гісторыю Беларусі да сярэдзіны ХVІ ст. У працы «Очерк истории Северо-Западного края России» (1867 г.) ён прасачыў гістарычнае развіццё Беларусі са старажытнасці да Крэўскай уніі 1385 г. Як і Каяловіч, разглядаў мінулае праз прызму барацьбы праваслаўнага насельніцтва супраць «націску лацінства і Нямеччыны». Аўтар падкрэсліваў, што яго кніга павінна «способствовать развитию у учащихся верных понятий в исконном господстве православия и русской народности…».
У «Истории Полотска или Северо-Западной Руси от древнейших времен до Люблинской унии», якая была надрукавана ў 1872 г., Бяляеў прааналізаваў сацыяльны і нацыянальны склад насельніцтва, гісторыю царквы, адміністрацыі Кіеўскай Русі і ВКЛ. Па сутнасці, аўтар паспрабаваў стварыць этнічную мадэль Полацкай зямлі. Вучоны лічыў, што тэрыторыя паміж Прыпяццю і Заходняй Дзвіной, Дняпром і Нёманам, Літва, землі суседніх прыбалтыйскіх плямён былі аб’яднаны ў працэсе славянскай каланізацыі ў адну Полацкую дзяржаву. Увесь разгляд гісторыі Полаччыны ў яго пабудаваны на прынцыпе аналогіі сацыяльнага жыцця Полацка і Ноўгарада (вечавыя сходы гараджан, арганізацыя купецтва і інш.) як вынік славянскай каланізацыі Полацка з Ноўгарада. Даследчык выказаў ідэю бесканфліктнай садружнасці ўлады і народа, першы з рускіх гісторыкаў зрабіў этнаграфічнае апісанне беларусаў, якіх лічыў крывічамі.
Найбольш выразна заходнеруская гістарыяграфічная пазіцыя прасочваецца ў працах рускага гісторыка Паўла Бранцава.
Павел Дзмітрыевіч Бранцаў (1845 – ?) працаваў выкладчыкам мужчынскай гімназіі ў Сімферопалі, затым выкладаў гісторыю і геаграфію ў Віленскім рэальным вучылішчы, да 1906 г. дырэктар народных вучылішчаў Курляндскай губерні. У 90-я гг. ХІХ ст. супрацоўнічаў у «Виленском календаре» і «Виленском вестнике».
Кнігі Бранцава («История Литовского государства с древнейших времен» (1889 г.), «Польский мятеж 1863 г.» (1891 г.), «Очерк древней Литвы и Западной России» (1896 г.) і інш.) паказывалі добратворны ўплыў на лёс «Заходняга краю» усяго праваслаўнага і рускага і адмоўны ўплыў усяго каталіцкага і польскага: «…после Люблинской унии было реализовано усиленное стремление поляков к окончательному уничтожению… самостоятельности Литовского государства». На яго думку, заслугай беларускіх князёў з'яўлялася іх барацьба за абарону праваслаўя. Рускія цары вызвалілі беларусаў ад літоўскай і польскай асіміляцыі. Аўтар станоўча ацэньваў дзейнасць віленскага генерал-губернатара М.М.Мураўёва, накіраваную на ліквідацыю паўстання 1863 г.
Адным з першых выкарыстаў тэрмін «Заходняя Русь» прадстаўнік позняга заходнерусізму І.П.Філевіч, які ў 1896 г. апублікаваў «Историю древней Руси». У сваім даследаванні аўтар паказаў негатыўны ўплыў Ягайлы на лёс Беларусі, раскрыў складванне мясцовай спецыфікі пад уплывам каталіцызму і нямецкага права, што прывяло да гістарычнай несамастойнасці Заходняй Русі ў параўнанні з Масквой, патрабаваў уніфікаваць «рускае» жыццё рэгіёна па маскоўскім узоры.
Прапагандысцка-публіцыстычны кірунак у заходнерускай гістарыяграфіі прадстаўляў Іван Карнілаў.
Іван Пятровіч Карнілаў (1811 – 1901 гг.) у 1864 – 1868 гг. займаў пасаду папячыцеля Віленскай навучальнай акругі. Заснаваў у Вільні Паўночна-Заходняе аддзяленне Рускага геаграфічнага таварыства. Кіраваў дзейнасцю Віленскай археаграфічнай камісіі. Цесна супрацоўнічаў з М.М.Мураўёвым у справе русіфікацыі Беларусі і Літвы.
У 1901 г. Карнілаў выдаў «Русское дело в Северо-Западном крае: Материалы для истории Виленского учебного округа преимущественно в муравьевскую эпоху». Аўтар у прадмове раскрыў свой погляд на гісторыю Беларусі і Літвы, найперш у ХІХ ст. Ён лічыў, што «Западный край, это наша древнейшая коренная страна, оплот православия и русской народности…». Аўтар ухваляў дзейнасць віленскага генерал-губернатара Мураўёва па знішчэнні польскага ўплыву ў гэтым рэгіёне, крытыкаваў пазіцыю А.Патапава, называў рускіх лібералаў ворагамі Заходняй Расіі.
Працы Карнілава, нягледзячы на іх нізкі навуковы ўзровень і суб’ектывізм, цікавы тым, што абвяргаюць тэзіс аб выключнай аўтаномнасці заходнерусізму як грамадска-палітычнай і навукова-гістарычнай думкі. Яны сведчаць аб зацікаўленасці ўрадавых колаў у яго развіцці.
Прыхільнікі заходнерусізму з русафільскіх і палонафобскіх пазіцыяў вялі барацьбу з беларускім нацыянальна-культурным рухам, лічылі яго «польскай інтрыгай», а дзеячоў называлі «белаляхамі». З другога боку, заходнерусісты супрацьстаялі польскаму ўплыву на Беларусі, які стаў узмацняцца пасля рэвалюцыі 1905 – 1907 гг.