Асноўныя паняцці:
Лексіка (ад грэч. lexikos – які адносіцца да слова) – гэта сукупнасць усіх слоў пэўнай мовы, яе слоўнікавы склад.
Лексікалогія (ад грэч. lexikós – які адносіцца да слова і logos – вучэнне) – раздзел мовазнаўства, які вывучае слоўнікавы, лексічны склад мовы.
Слова – гэта фанетычна і граматычна аформленая адзінка мовы, якая мае пэўны сэнс і аднолькава разумеецца калектывам людзей, аб’яднаных як адзін этнас.
Лексічнае значэнне слова – гэта яго сэнсавае, семантычнае напаўненне, якое гістарычна замацавалася за пэўным гукавым комплексам і з’яўляецца адлюстраваннем аб’ектыўнай рэальнасці.
Граматычныя значэнні слова – гэта абстрактныя значэнні, што выяўляюцца ў прыналежнасці слова да пэўнага класа і выражаюцца фармальнымі сродкамі (канчаткамі, суфіксамі, прыстаўкамі, націскам).
Мнагазначнасць або полісемія (ад грэч. poly – многа, sēma – знак) – уласцівасць слова мець некалькі лексічных значэнняў.
Метафара (ад грэч. metaphora – перанясенне) – выкарыстанне слова ў пераносным значэнні, якое развіваецца на аснове падабенства двух прадметаў або з’яў у выніку ўвасаблення, апрадмечвання, абстрагавання.
Метанімія (ад грэч. metonymia – перайменаванне) – перанос назвы на іншы прадмет ці з’яву на падставе знешняй ці ўнутранай сувязі паміж імі.
Сінекдаха (ад грэч. synekdoche – суаднясенне, суперайманне) – перанос назвы, замена аднаго паняцця другім на аснове колькасных прымет.